
Даўно вядома, што амбасады Расейскай Федэрацыі ў розных краінах сьвету, асабліва ў краінах колішняга СРСР зьяўляюцца скарбніцай нелегальных агентурных апэрацыяў. Таксама яны ёсьць крыніцай рэалізацыі апэрацыяў “мяккай сілы” і гібрыднага распаўсюду “русского мира”.
Скарыстаўшыся новымі палітычнымі магчымасьцямі ў 2021 годзе Расея рэзка ўзмацніла ціск на Беларусь м вырашыла фарсаваць працэс гібрыднага паглынаньня і зьнішчыць нават фармальную незалежнасьць нашай дзяржавы. На тле гэтых працэсаў варта паглядзець, якія зьмены адбыліся цягам 2021 года ў складзе амбасады РФ у Беларусі, хто гэтыя “новыя людзі” ды чым яны вядомыя (вэб-архіў).
Дзеля параўнаньня можна выкарыстаць матар’ялы расьледваньняў у газэце “Новы Час” за 2019-2020 гады, якія публікаваў рэдактар беларускай вэрсыі сайта InformNapalm, беларускі журналіст Дзяніс Івашын (з 12 сакавіка незаконна арыштаваны рэжымам Лукашэнкі і дагэтуль знаходзіцца ў турме, прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітвязьнем). Публікацыі дасяжныя на беларускай мове:
- Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура (2019)
- Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура. Частка 2 (2019)
- Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура. Частка 3 (2020)
- Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура. Частка 4 (2020)
Ігар Ёлкін
Ігар Ёлкін, вайсковы і ваенна-паветраны аташэ РФ у Беларусі. Ён замяніў на гэтай пасадзе Кірыла Калючкіна, які з красавіка 2014 года зьяўляецца persona non grata ва Украіне за дзейнасьць, несумяшчальную з статусам дыплямата. Калючкін занесены ў “Чысьцец” сайта “Міратворац”. Як і Калючкін, Ёлкін мае вайсковы чын капітана 1 рангу.
Цікава, што ані пра факт прызначэньня Ёлкіна, ані пра факт звальненьня Калючкіна расейскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі публічна не паведамляла. Аднак вядома, што Ігар Ёлкін у якасьці вайсковага аташэ зьявіўся 25 ліпеня 2021 года ў Менску на мерапрыемстве, прысьвечаным дню ваенна-марскога флёту (вэб-архіў).
А ў лістападзе 2021 ён узяў удзел ва ўручэньні ад МА РФ абсталяваньня для беларускага клінічнага шпіталя.
Як удалася высьвятліць, раней Ігар Ёлкін займаў пасады памочніка ваенна-марскога аташэ РФ у ЗША і Вялікай Брытаніі.
Ён указаны ў сьпісе дыпляматаў амбасадаў, якія знаходзяцца ў ЗША, станам на студзень 2008 года (вэб-архіў).
Што датычыць Вялікай Брытаніі, то маюцца дадзеныя пра ягонае знаходжаньне на згаданай пасадзе ў пэрыяд з 2013 і да 2017 года. Ёлкін быў уключаны ў сьпіс дыпляматаў амбасадаў, якія знаходзяцца ў Вялікай Брытаніі, станам на сьнежань 2013 года (вэб-архіў). А зь інфармацыі, якая зьмяшчаецца ў артыкуле выданьня Jersey Evening Post, бачна, што Ігар Ёлкін у якасьці вайсковага прадстаўніка расейскае амбасады ўдзельнічаў у цырымоніях ускладаньня вянкоў да мэмарыяла ваеннапалонным у 2015-2017 гадах (вэб-архіў).
Эдуард Крусткалн
Эдуард Крусткалн, раднік амбасады Расеі ў Беларусі, і па сумяшчаньні кіраўнік адзьдзяленьня “Россотрудничества” ў Беларусі, а таксама “Русского дома” ў Менску (вэб-архіў). Да таго, як ён у 2020 годзе ўзначаліў “Россотрудничество” ў Беларусі, Крусткалн прадстаўляў гэтае расейскае дзяржаўнае ведамства ў Кыргызстане (спасылка, вэб-архіў).
Эдуард Крусткалн – чыноўнік, які працаваў яшчэ ў апараце ЦК КПСС, а потым у прэс-службах некалькіх расейскіх высокапасадоўцаў. У структуры “Россотрудничества” ён увайшоў у 2014 годзе (вэб-архіў 1; вэб-архіў 2).
Пра тое, што ягонай мэтай ёсьць так званая “ўніфікацыя” беларускае гісторыі і беларускае адукацыі шляхам фактычнае замены яе расейскай гісторыяй і расейскімі адукацыйнымі стандартамі, Эдуард Крусткалн адкрыта заявіў у верасьні 2020 года падчас “Форума рэгіёнаў Расеі і Беларусі” (вэб-архіў).
Уладзімір Кірдзянаў
Уладзімір Кірдзянаў, старэйшы раднік амбасады Расеі ў Беларусі. Ягонае прозьвішча сустракаецца ў артыкуле расейскага выданьня “Тема дня” (папярэдніка “Newsru.com”) ад 23 сакавіка 2001 года ў сьпісе супрацоўнікаў амбасады Расеі ў ЗША. Аўтар згаданага артыкула разважаў, хто зь пералічаных дыпляматаў можа патрапіць пад рашэньне ЗША пра высылку 50 супрацоўнікаў расейскае амбасады ў сувязі зь дзейнасьцю, несумяшчальнай з статусам дыплямата (вэб-архіў).
Інфармацыі пра Уладзіміра Кірдзянава ў сеціве настолькі мала, што нават выявы ягонага твару знайсьці не ўдалася.
Антон Куніцкі
Антон Куніцкі, другі сакратар амбасады Расеі ў Беларусі. Гэты малады дыплямат мае адукацыю эканаміста, на старонцы расейскага інстытута МДІМА ён указаны як выкладчык катэдры эканомікі (вэб-архіў).
Зьвяртае на сябе ўвагу тэма ягонае дысэртацыі: “Механізм зьліцьця і паглынаньня як інструмант забясьпечаньня эканамічнае бясьпекі прадпрыемстваў у пэрыяд эканамічнага крызісу” (рас. “Механизм слияний и поглощений как инструмент обеспечения экономической безопасности предприятий в период экономического кризиса”) (вэб-архіў).
Магчыма плянуецца, што ён будзе кураваць працэсы паглынаньня беларускіх прадпрыемстваў расейскімі ва ўмовах штучна створанага Расеяй эканамічнага крызісу.
Варта дадаць яшчэ адну цікавую дэталь: з афіцыйнага сьпісу супрацоўнікаў расейскае амбасады ў Беларусі зьнік і другі, пасьля Калючкіна, “кліент” сайта “Міратворац”, а менавіта Канстантын Гусеў.
Да пачатку расейскае агрэсыі супроць Украіны ён займаў пасаду першага сакратара амбасады Расеі ва Украіне і, паводле дадзеных “Міратворца”, належыць да супрацоўнікаў Г(Р)У ГШ РФ. Яшчэ станам на чэрвень 2021 года Канстантын Гусеў быў указаны сярод супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Беларусі (вэб-архіў).
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа