Як паведамляе InformNapalm са спасылкай на прэс-цэнтар антытэрарыстычнае апэрацыі, 21 траўня ў горадзе Краматорск адбыўся брыфінг, падчас якога былі прадстаўленыя чарговыя доказы прысутнасьці расейскіх войскаў на Данбасе. Журналістам быў прадэманстраваны бесьпілётны лятальны апарат расейскай вытворчасьці “Фарпост”, які вырабляецца Уральскім заводам грамадзянскай авіяцыі (г.Екатэрынбург) паводле ліцэнзіі ізраільскай кампаніі Israel Aerospace Industries (IAI).
БПЛА быў збіты 20 траўня групай спэцназу падразьдзяленьня палку “Дняпро-1” сумесна з сілавікамі цэнтра спэцыяльных апэрацыяў, якія выконвалі задачы ў выяўленьні і спыненьні дзейнасьці дыверсыйна-выведвальных групаў на Данецкім напрамку. Расейскі бесьпілётны выведвальны апарат зьдзяйсьняў выведку непадалёк ад населенага пункту Вадзяное.
Таксама атрымалася пацьвердзіць прыналежнасьць зьбітага БПЛА “Фарпост” паводле завадзкога нумару – 923. Бесьпілётнік з такім жа нумарам ў 2013 годзе быў прадэманстраваны на ААТ “Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі” у фатарэпартажы “Цэнтра аналізу стратэгіяў і тэхналёгіяў”. Дадзены фатарэпартаж быў разьмешчаны ў адкрытым доступе на старонках “Livejournal”.
Досыць цікава тое, што ўся зборачная лінія ізраільскіх тактычных выведвальных БПЛА IAI Searcher Mk II пастаўляецца заводам ва Узброеныя Сілы Расеі з пазначэньнем “Фарпост”.

Сабраныя тактычныя БПЛА “Фарпост” (IAI Searcher Mk II) у цэху ААТ “Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі”. Екатэрынбург, 11.11.2013 | Фота: Дзяніс Федутынаў

Сабраныя тактычныя БПЛА “Фарпост” (IAI Searcher Mk II) у цэху ААТ “Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі”. Екатэрынбург, 11.11.2013 | Фота: Дзяніс Федутынаў
Паводле дадзеных Цэнтра аналізу сусьветнага гандлю зброяй, у красавіку 2009 году расейскі бок набыў два ізраільскіх БПЛА “Searcher Mk.2” за $ 12 млн. Зыходзячы з гэтага, кошт аднаго БПЛА можна ацэньваць прыкладна ў $ 6 млн.
Праз абноўленыя дадзеныя дзяржаўных закупак РФ і тэндэру на выкананьне працаў у тэхнічным наглядзе за эксплуатацыяй БПЛА “Фарпост” для патрэбаў Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі ўдалося высьветліць нумары вайсковых частак, ва ўзбраеньні якіх знаходзяцца гэтыя лятальныя апараты:
в/ч 20924 (г. Каломна, Маскоўская вобл.) – 2 комплексы;
в/ч 30866 (г. Чарняхоўск, Калініградская вобл.) – 2 комплексы;
в/ч 44936 (г. Будзёнаўск, Стаўрапольскі край і г. Маздок, Рэспубліка Паўночная Асэтыя) – 2 комплексы;
в/ч 49324 (г. Севераморск, Мурманская вобл.) – 2 комплексы;
в/ч 69262 (п. Ялізава, Камчацкі край) – 2 комплексы.
(Заўвага, дадзеныя з найменьнем вайсковых частак атрыманыя з дакумэнтаў дзярж.закупак Д_ГОЗ_22 у рэдакцыі з 17.04.2015 г. У пункце 3.2. “Мейсцы выкананьня тэхнічнага нагляду за эксплюатацыяй комплексаў зь бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі “Фарпост”” пазначаныя мейсцы выкананьня працаў і атрымальнікі)
Нагадаем, што ў матар’яле InformNapalm з 8 траўня 2015 году “Аб прыгодах роты БПЛА 19-й матастралковай брыгады ва Украіне” ўжо фігураваў профіль расейскага вайскоўца Мікалая Белакабыленкі, які засьвяціўся на фота ля стадыёна “Данбас-Арэна” (Данецк, Украіна) зь яшчэ некалькімі вайскоўцамі з зброяй. Цікава тое, што дадзены вайсковец праходзіў навучаньне ў Цэнтры падрыхтоўкі спэцыялістаў бесьпілётных авіяцыйных комплексаў (в/ч 20924, г. Каломна, Маскоўская вобл., якая фігуруе ў ліку вайсковых частак, якія маюць ва ўзбраеньні БПЛА “Фарпост”).
Такім чынам, каманда InformNapalm падчас праведзенага аналізу й выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) атрымала канкрэтныя назвы вайсковых частак, вайскоўцы якіх могуць прымаць удзел у забеспячэньні рэкагнасцыроўкі мясцовасьці для працы артылерыі і дывэрсыйна-выведвальных групаў аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў.
(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайта InformNapalm, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на наш праэкт абавязковая.
Пераклад Дзяніса Івашына
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа