Кібэрпрастора. На гэтым полі бою няма мірных дамоваў, межаў і Менскіх пагадненьняў. Ейныя сеткі ахопліваюць эканамічныя, вайсковыя, інфармацыйныя і іншыя сфэры кіраваньня й камунікацыі якой-кольвек краіны сьвету. Інфармацыйная й віртуальная агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супроць Украіны пачалася значна раней за анэксію Крыма й вайсковае ўварваньне на Данбас, але менавіта апошняя фаза гібрыднае вайны і ейны пераход да канвэнцыйнага тыпу супрацьстаяньня агаліла ня толькі праблемы арміі, але й неабароненасць інфармацыйных сыстэмаў Украіны.
Пачынаючы з сакавіка 2014 году, на хвалі ўздыму дабраахвотніцкага й валянтэрскага руху, зьявілася некалькі групаў і асобных актывістаў, якія з уласнае ініцыятывы пачалі выконваць функцыі абароны дзяржавы ў інфармацыйнай і кібэрпрасторы.
«InformNapalm», «Міратворац», «Украінскія Кібэрвойскі» і іншыя супольнасьці валянтэраў арганізавалі шэраг эфэктыўных ініцыятываў дзеля збору інфармацыі, аналізу, ідэнтыфікацыі й супрацьдзеяньня варожаму ўплыву. Функцыі выведкі й контрвыведкі падхапілі валянтэры, якія зьбіралі дадзеныя пра дысьлякацыю й перасоўваньне варожага ўзбраеньня й тэхнікі, блякавалі сэрвэры й сайты, што прапагандуюць расейскіх тэрарыстаў, блякавалі банкаўскія рахункі баявікоў. Яны зрабілі й працягваюць зьдзяйсьняць важную дабраахвотніцкую працу ў інфармацыйнай прасторы.
2016 год стаўся часам абвастрэньня Кібэрвайны.
Таксама ён стаўся годам аб’яднаньня ўкраінскіх IT-актывістаў. Групы праграмістаў «FalconsFlame», «Trinity», «RUH8», асобныя актывісты «КібэрХунты» і іншыя валянтэры аб’ядналіся ў магутны «Украінскі Кібэральянс», які надаў украінскаму хактывізму сусьветны ўзровень.
90% апэрацыяў «Украінскага Кібэральянса» маюць апэратыўную важнасьць. Ланцужкі выкрытых схемаў супраціўніка выводзяць працу на новы ўзровень і раскрываюць новыя сувязі паміж агентамі агрэсара, таму толькі 10% дзеяньняў хактывістаў прыпадае на грамадзкую агалоску.
InformNapalm стаўся плятформай для аналізу й данясеньня інфармацыі хактывістаў да вялікае міжнароднае аўдыторыі. Спалучэньне магчымасьцяў хактывістаў «Украінскага Кібэральянса» і крэатыўнага інфармацыйнага суправаджэньня спрычынілася да магутнага супрацьстаяньня дзеяньням агрэсара.
Давайце ўзгадаем, якія гучныя апэрацыі UCA адлюстраваныя ў гісторыі ўкраінскага хактывізму ў 2016 годзе.
Студзень 2016 – «Рух8» зьдзейсьніў апэрацыю ўзлому SMS-ліставаньня сотняў тысячаў расейцаў.
Сакавік 2016 – FalconsFlame зьдзейсьніў апэрацыю ўзлому тэлефона спэцназаўца Расейскай фэдэральнай службы выканання пакараньняў. З дапамогаю фатаздымкаў, якія ўтрымліваюць поўныя EXIF-дадзеныя, а таксама відэа зь ягонага тэлефона ўдалося даказаць удзел спэцназаўца ў баявых дзеяньнях на Усходзе Украіны. Апроч гэтага, быў арганізаваны ўзлом і дэфэйс афіцыйнага сайту так званага Міністэрства замежных справаў расейскай тэрарыстычнай арганізацыі «ДНР».
Красавік 2016 году быў вельмі плённым. У межах апэрацыі #OpDonbasLeaks групы «FalconsFlame» і «Trinity» зьдзейсьнілі каля 100 пасьпяховых узломаў старонак і паштовых скрыняў баявікоў, прапагандыстаў і іхных куратараў. Атрыманы доступ да паштовых скрыняў тэрарыстычных арганізацыяў Данбаса і іхных расейскіх куратараў, дзясяткі гігабайтаў карыснае інфармацыі сталіся здабыткам ўкраінскіх хактывістаў.
Узлом паштовых скрыняў арганізацыі «Союз добровольцев Донбасса» (рас.), куратарам якой зьяўляецца экс-прэм’ер-міністар «ДНР», паліттэхноляг, генэрал-маёр ФСБ РФ Аляксандар Барадай, спрычыніўся да таго, што анкеты, копіі дакумантаў і шматлікія звароты наймітаў і расейскіх вайскоўцаў сталіся зброяй , якую цяпер выкарыстоўваюць супроць іх ўкраінскія хактывісты. Гэтую інфармацыю часткова апублікаваў InformNapalm.
Таксама ў красавіку быў узламаны тэлефон расейскага вайскоўца, дадзеныя зь якога сталіся пацьверджаньнем таго, што ЗС РФ выкарыстоўвалі ў баёх за Дэбальцава аўтаматызаваную станцыю радыёэлектроннага падаўленьня Р-330Ж. Былі апублікаваныя здымкі працоўнага тэрміналу гэтае станцыі. Група «Рух8» апублікавала ў адкрытым доступе праэкт дакладу «Пра асноўныя накірункі дзяржаўнае рэгіянальнае палітыкі ў Расейскай Фэдэрацыі». Пра падрыхтоўку гэтага дакладу 29 красавіка паведамляла кіраўнік Рады Фэдэрацыі Валянтына Мацьвіенка.
Магутным ударам па расейскай прапагандзе стаўся ўзлом і дэфэйс вэб-старонкі ейнае інфармацыйнае агенцыі Anna News: сайт агенцыі ня толькі больш за 5 содняў быў неактыўны, але яна таксама незваротна страціла частку сваёй інфармацыі, якую зьнішчылі ўкраінскія хактывісты. На старонках узламанага сайту быў апублікаваны відэазварот, у якім ўкраінскія хактывісты выкарыстоўвалі мем «Львоўскае мэтро», удала спалучаным з кадрам зь нямецкага трылеру «Хто Я» . У сваім відэа яны зьвярнуліся да ўкраінскага грамадзтва з заклікам кансалідавацца дзеля барацьбы супроць агрэсара. Відэа спрычынілася да значнага грамадзкага рэзанансу: на YouTube яго прагледзелі больш за 270 тысячаў карыстальнікаў, каманда InformNapalm пераклала яго на 6 замежных моваў, відэа актыўна трансьлявалі ў навінах ўкраінскія тэлеканалы, а таксама больш за 100 інфармацыйных рэсурсаў і СМІ. Гэты зварот і стаўся штуршком да стварэньня «Украінскага Кібэральянса», у межах якога хактывісты розных групаў аб’ядналі свае высілкі.
У траўні 2016 году «Украінскі Кібэральянс» зьдзейсьніў шэраг магутных апэрацыяў узлому варожых сыстэмаў і сайтаў. У межах апэрацыяў #OpMay9 і #OpMay18 было ўзламанае сеціва рэсурсаў акупацыйнае ўлады Крыма, акупаваных раёнаў Луганскае й Данецкае абласьцей. На варожых рэсурсах былі апублікаваныя новыя відэазвароты хактывістаў. Паралельна з гэтым «Рух8» зрабіў пасьпяховыя дывэрсіі ў краіне агрэсара й акупанта. Была зьдзейсьненая сэрыя нападаў на дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы Арэнбургскай вобласьці РФ, на сайты дзяржаўных структураў Чалябінскае й Белгарадзкае абласьцей.
У чэрвені 2016 году Кібэральянс перадаў валянтэрам міжнароднае супольнасьці InformNapalm вялізны масыў дадзеных, вынятых з узламаных паштовых скрыняў і воблачных сховішчаў расейскіх журналістаў і прапагандыстаў. Было апублікаванае ліставаньне расейскіх прапагандыстаў, датычнае рэйсу МН17, абстрэлаў украінскіх тэрыторыяў, раскрытыя спробы Расеі зьдзейсьніць інфармацыйнае ўздзеяньне на аўдыторыю ня толькі ва Украіне, але й у ЗША. У прыватнасьці, грамадзтва даведалася шмат цікавага пра працу журналіста й прапагандыста дзяржаўнага «Первого канала» (рас.) РФ Сяргея Зеніна, а таксама пра ягоную супрацу з Russia Today што да спробаў дыскрэдытацыі Агенцыі нацыянальнае бясьпекі ЗША.
Да 20-й гадавіны прыняцьця Канстытуцыі Украіны Кібэральянс правёў новую апэрацыю – #OpDay28. Падчас апэрацыі за некалькі гадзінаў былі ўзламаныя 17 рэсурсаў расейскіх тэрарыстаў, на іхных сайтах быў апублікаваны новы відэазварот з «Львоўскага мэтро».
Ліпень 2016 году быў ня менш прадуктыўным. Была раскрытая дзейнасьць памочніка дэпутата Дзярждумы РФ, які фінансаваў інфармацыйныя рэсурсы тэрарыстаў, узламаная схема каардынацыі расейскіх прапагандыстаў: іхныя заданьні, аплата, справаздачы патрапілі ў адкрыты доступ. Апроч гэтага, хактывісты ўпершыню ўзламалі сэрвэр дакумантазвароту дэпартамэнту Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі і выявілі дадзеныя пра дзяржаўную абаронную замову РФ.
У жніўні 2016 году парад узломаў вайсковых прапагандыстаў РФ працягнуўся: чарговага разу была ўзламаная пошта Генадзя Дубавога, вядомага сваімі гістэрыкамі пасьля ўзлому ягоных старонак у сацыяльных сетках.
Праз узлом асабістага ліставаньня баявіка тэрарыстычнае арганізацыі «ЛНР» з пазыўным «Гром» была раскрытая падрыхтоўка правакацыі ў Львове на дзень Незалежнасьці Украіны.
Дню Незалежнасьці Украіны хактывісты Кібэральянса прысьвяцілі дэфэйс 25 сайтаў прарасейскіх арганізацыяў і так званых афіцыйных сайтаў тэрарыстычных груповак «Л/ДНР», на варожых сайтах быў апублікаваны кантэнт зь віншаваньнем Украіны з Днём Незалежнасьці.
Не зьніжаючы інстэнсіўнасьць атакаў украінскія хактывісты напачатку верасьня 2016 году ўзламалі чарговыя 11 варожых рэсурсаў.
Таксама ў верасьні хактывісты «Украінскага Кібэральянса» зьдзейсьнілі маштабную апэрацыю #op256thDay, прысьвечаную Дню праграміста. За адную ноч яны зьнішчылі або зрабілі дэфэйс больш за 33 сайты супраціўніку. На шматлікіх прапагандысцкіх рэсурсах расейскіх тэрарыстаў хактывісты апублікавалі відэаграфіку InformNapalm зь ідэнтыфікацыяй 33 тыпаў узбраеньня й вайсковай тэхнікі РФ на Данбасе. Таксама на варожыя сайты былі выкладзеныя іншыя відэа пра неабвержныя доказы вайсковай агрэсіі Расеі супроць Украіны.
Апроч іншага, хактывісты атрымалі доступ да паштовых адрэсаў 13 рэгіянальных аддзяленьняў так званай вайсковай камэндатуры «ДНР». На працягу двух месяцаў дадзеныя з гэтых скрыняў апэратыўна перадаваліся для аналізу валянтэрам InformNapalm, супрацоўнікам цэнтру «Міратворац», а таксама ўкраінскім сілавікам – СБУ і ССА Украіны.
У гэты ж час у сацыяльных сетках быў заблякаваны шэраг варожых сайтаў і групаў, афіляваных з Упраўленьнем спэцыяльных апэрацыяў Цэнтра спэцыяльнага прызначэньня ФСБ РФ (штаб-кватэра мае адрэсу: г. Масква, праспэкт Вярнадскага). Былі атрыманыя бясспрэчныя доказы датычнасьці ФСБ РФ да падрыхтоўкі й публікацыі антыўкраінскага інфармацыйнага кантэнту ў сеціве Інтэрнэт.
У кастрычніку 2016 году Кібэральянс раскрыў 240 старонак электроннага ліставаньня адыёзнага камбата тэрарыстычнай групоўкі «ЛНР» «Призрак» (рас.) Аляксея Мазгавога. З дапамогаю ліставаньня была атрыманая інфармацыя, што напярэдадні сваёй ліквідацыі Мазгавы цалкам залежаў ад загадаў агента з пазыўным «Дева» (рас.).
Таксама хактывісты перахапілі ліставаньне й відэа з тэлефону ліквідаванага ФСБ РФ мэдыйнага пэрсанажу Арсенія Паўлава «Матаролы». Расьледаваньне гэтай тэмы спрычынілася да значнага грамадзкага розгаласу: ліставаньне й апублікаваныя відэа прагледзелі больш за 500 тысячаў чалавек з Расейскай Фэдэрацыі.
Пачатак лістападу 2016 году стаўся вызначальным у кантэксьце праведзенай апэрацыі #SurkovLeaks.
Дадзеныя, якія былі атрыманыя хактывістамі з паштовых скрыняў прыймальні апарата памочніка прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Уладзіслава Суркова, спрычыніліся да значнага міжнароднага рэзанансу. І пакуль мэдыясупольнасьць Украіны спрабавала нівэляваць нязручныя для яе падрабязнасьці супрацы шэрагу ўкраінскіх палітыкаў і журналістаў з расейскім агрэсарам, у заходніх СМІ зьліў ліставаньня Суркова стаўся прычынаю сапраўднага інфармацыйнага выбуху.
Абодва апублікаваныя дампы ліставаньня памочніка прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі былі верыфікаваныя, іхная сапраўднасьць пацьверджаная міжнароднымі арганізацыямі. Аўтэнтычнасьць дадзеных пацьвердзілі экспэрты такіх міжнародных структураў, як InformNapalm, Bellingcat, Atlantic Council і шмат іншых.
Публікацыі пра ўзломы канцылярыі Суркова зьявіліся на старонках сусьветна вядомых СМІ, сярод якіх BBC, Time, Daily Mail, The Times, Radio Free Europe/Radio Liberty, The Guardian і іншыя. Пацешна было чытаць інтэрвію некаторых заходніх экспэртаў, якія меркавалі, што да ўзлому былі датычныя спэцслужбы ЗША: на іхную думку, відэа, якое суправаджала публікацыю #SurkovLeaks, было зробленае на «занадта» высокім прафэсійным узроўні, таксама іх бянтэжыў факт амаль імгненнага перакладу інфармацыі на некалькі замежных моваў. То бок інфармацыйнае суправаджэньне апэрацыі хактывістаў «Украінскага Кібэральянса» з боку валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm было ўспрынятае на ўзроўні працы спэцслужбаў ЗША.
Узлом паштовага ліставаньня так званага Міністэрства вугалю й энэргетыкі акупаваных раёнаў Данеччыны раскрыў пляны акупантаў што да вугальнае прамысловасьці Данбаса: большасьць прадпрыемстваў рэгрэсіўнае галіны чакае ліквідацыя й частковы вываз украінскага шахтавага абсталяваньня й працаўнікоў у Расею.
Канец лістапада быў адзначаны новым узломам сыстэмаў дэпартамэнту Міністэрства абароны РФ. Была атрыманая канфідэнцыйная інфармацыя пра забесьпячэньне дзяржаўнае абароннае замовы Расейскай Фэдэрацыі ў 2015-2016 гадох.
Сьнежань 2016 году прайшоў пад знакам маштабнае апэрацыі #FrolovLeaks: раскрыцьцё 5 з 7 эпізодаў ліставаньня намесьніка дырэктара інстытута краінаў СНД, прэс-сакратара Саюза праваслаўных грамадзянаў, «уцаркоўленага экспэрта» Кірылы Фралова. Хактывісты Кібэральянса перахапілі ліставаньне Фралова з 1997 па 2016 гады. Дзякуючы гэтаму было пацьверджанае, што падрыхтоўка агрэсіі Расеі супроць Украіны пачалася задоўга да 2014 году. Інтэрвэнцыя зьдзяйсьнялася на вышэйшым узроўні з дапамогаю царквы Маскоўскага патрыярхату, духоўнікаў, якіх «падкладвалі» пад ўкраінскіх палітыкаў вышэйшага ўзроўню, мэдыясупольнасьці й актывістаў, якіх каардынавалі расейскія куратары.
У лістах выяўленыя шчыльныя сувязі Фралова з дарадцам прэзыдэнта РФ у пытаньнях рэгіянальнае эканамічнае інтэграцыі Сяргеем Глазьевым, патрыярхам Маскоўскім Уладзімірам Гундзяевым (aka «Кірыл»), а таксама сябрам Рады зьнешняй і абароннай палітыкі, дэпутатам Дзяржаўнай Думы РФ (прызнаная нелегітымнай) і дырэктарам Інстытута краінаў СНД Канстантынам Затуліным. У лістох таксама фігуруюць сотні іншых прозьвішчаў, якія маюць дачыненьне да падрыўной дзейнасьці пятай калёны Расеі ва Украіне.
На навагоднія і калядныя сьвяты 2017 году «Украінскі Кібэральянс» (UCA) і InformNapalm зрабілі своеасаблівы падарунак у выглядзе публікацыі падрабязнасьцей яшчэ аднае важнае спэцапэрацыі перахопу дадзеных, якімі абменьваліся «начальнік выведкі» «другога армейскага корпуса» расейскіх акупацыйных войскаў на Данбасе, 12-е камандаваньне рэзэрву ЗС РФ (г. Навачаркаск, Расея) і выведвальныя падразьдзяленьні, што дзейнічалі дзеля інтарэсаў «корпусу», у прыватнасьці для расейскай бесьпілётнай авіяцыі, падразьдзяленьняў радыёэлектроннай выведкі й касьмічнай выведкі.
На працягу доўгага часу валянтэры й хактывісты практычна ў рэжыме рэальнага часу аналізавалі атрыманую інфармацыю і перадавалі яе украінскім вайскоўцам. Частка інфармацыі згубіла сваю апэратыўную важнасьць і была апублікаваная ў якасьці новых неабвержных доказаў расейскай вайсковай агрэсіі: штатныя расейскія вайсковыя бесьпілётнікі выкарыстоўваліся для зьдзяйсьненьня выведкі й карэктаваньня працы артылерыі акупацыйных войскаў РФ супроць Украіны.
І гэта толькі нязначная частка дасягненьняў хактывістаў «Украінскага Кібэральянса» і валянтэраў InformNapalm за мінулы 2016 год – тая, пра якую можна было надаць агалоску.
Любога расейскага мядзьведзя, які залез на пчальнік, можна перамагчы прыцэльнай атакаю пчалінага рою. Галоўнае, актыўна дзейнічаць, таму што на нашым баку праўда і вышэйшыя сілы! Давайце аб’ядноўвацца, няхай у палымяным 2017 годзе будзе яшчэ больш перамогаў! Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа