Рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын узяў экслюзіўнае інтэрвію ў адной зь легендарных постацяў Беларускага Адраджэньня, кіраўніка КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Былі закранутыя тэмы актуальных і важнейшых грамадзка-палітычных падзеяў у нашай геапалітычнай прасторы, прааналізаваныя рэальныя пагрозы для ўсяе сыстэмы нацыянальнае бясьпекі Беларусі й Украіны.
– Стратэгічныя вышкалы “Захад-2017” пачаліся яшчэ 20 сакавіка бягучага году, калі Лукашэнка ўхваліў сцэнар іхнага правядзеньня й літаральна празь некалькі дзён пачалося гвалтоўнае інтэрнаваньне беларускіх патрыётаў – фігурантаў так званай справы “Белага Легіёну”. На Вашую думку, якія высновы зрабіла для сябе расейскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва ў выніку зандажу й маніторынгу настрояў у беларускім грамадзтве падчас гэтага працэсу?
– Усё было відавочна. Я пра гэта тады пастаянна казаў і пісаў, што фабрыкацыя справы так званага “Белага легіёну”, якога ў рэальнасьці не існуе, зьвязаная з расейскімі вайсковымі вышкаламі “Захад-2017”. Тут адбыліся прэвэнтыўныя рэпрэсіі супроць патрыятычных беларусаў. Гэта тыповы почырк расейскіх акупантаў. Так яны паводзілі сябе і ў 1930-х гадох, калі забілі тысячы беларусаў, вынішчылі творчую інтэлігенцыю пад выглядам прыдуманага імі СВБ (Саюз Вызваленьня Беларусі). Цяпер маштаб рэпрэсіяў быў меншы, бо зараз грамадзтва існуе ў інфармацыйнай эпосе. Арыштаваных людзей потым часова адпусьцілі праз падпіску што да нявыезду й назіраюць за іхнымі кантактамі.
Калі пачнуцца партызанскія дзеяньні, рускія акупанты могуць гэтых людзей прэвэнтыўна забіць. Выбар у патрыётаў просты: альбо партызанка, альбо эміграцыя. Хай ня маюць ілюзіяў адносна маскоўцаў. У Расеі ня войска, а крымінальная арганізацыя. Супрацьстаяць гэтай арганізацыі магла б Беларуская Вызвольная Армія, якой на сёньняшні дзень не існуе.
Выснову, якую пацьвердзіла фабрыкацыія справы зь “Белым легіёнам”, Масква зрабіла даўно: “беларусаў можна спакойна забіваць і душыць, будуць за гэта толькі дзякаваць, бо аддана любяць Расею і “русский язык””.
На шчасьце, тут яны глыбока памыліліся, бо Маскву чакае ў Беларусі труна. І гэтага яны яшчэ ня ведаюць.
– Маецца вельмі шмат паралеляў паміж савецкай акупацыяй балтыйскіх краінаў у 1939-1940 гг. і расейскай акупацый Крыма ў 2014 г.: тая ж прысутнасьць вельмі значнага вайсковага кантынгенту, тыя ж вайсковыя вышкалы напярэдадні акупацыі, амаль пад кальку праведзеныя выбары/рэфэрэндум з практычна аднолькавым колькасным вынікам. Наколькі зараз падобны сцэнар пагражае Беларусі, з улікам таго, што апошнім часам адбываецца значнае павялічэньне колькасьці супольных расейска-беларускіх вайсковых вышкалаў, на тэрыторыі Беларусі ў гэты момант дысьлякуецца вялікі кантынгент Збройных Сілаў РФ?
– Верагодна, будзе мадыфікацыя тыповага сцэнару. Перад рускімі акупантамі стаіць задача стварыць у Беларусі свой ваенны стратэгічны пляцдарм, гэта будзе азначаць захоп краіны. Дзеля ажыцьцяўленьня гэтай задачы яны завозяць зараз у Беларусь вайсковую тэхніку, бронетэхніку, артылерыю й авіяцыю, прыстасоўваюць беларускія склады, гарнізоны й палігоны пад свае патрэбы, выпрабоўваюць пад сваю авіяцыю нашыя дарогі й аэрадромы, завозяць жывую сілу дзеля першаснага засваеньня дысьлякацыі. Акупацыя ўжо адбываецца. Гібрыдная вайна йдзе поўным ходам. Беларусы ў масе сваёй дэманструюць пры гэтым пакуль што дзіцячую наіўнасьць, якая ў варожай прапагандзе называецца нацыянальным ідыятызмам.
Пасьля сканчэньня ваенных забавак (вышкалаў) частка расейскага войска будзе вывезеная зь Беларусі, гэта ўсім пакажуць і раструбяць. Вайсковая тэхніка, бронетэхніка, артылерыя й схаваная частка жаўнераў застанецца.
Калі сьціхне інфармацыйны шум, расейскае войска, выкарыстаўшы ліквідацыю дзяржаўнай мяжы, зноў ціха заходзіць у Беларусь. Ствараюцца ўдарныя групоўкі на поўдні й на паўночным захадзе краіны. У гэты час магчыма заключэньне “міждзяржаўнага” пагадненьня або дамовы з Лукашэнкам што да ўвядзеньня й дысьлякацыі “абмежаванага” кантынгенту расейскага войска ў Рэспубліцы Беларусь (з прыкладу краінаў былога Варшаўскага блёку) у сувязі “з пагрозай арміі NATO”.
Зрэшты, завёўшы войскі ў Беларусь, расейцы могуць гэтай гульнёй у паперкі і не займацца. Замест гэтага груба спашлюцца на “союзное государство” і “калектыўную бясьпеку”. Усё, што сказанае – гэта верагодны варыянт.
– Паводле сцэнару вышкалаў “Захад-2017” гэтага “союзного государства”, раскрытай начальнікам Генштаба ЗС РБ і першым намесьнікам міністра абароны генэрал-маёрам Алегам Белаконевым, упершыню адасобленая значная частка Беларусі і супрацьпастаўленая ўсёй астатняй краіне ў якасьці патэнцыйнага ворага. Ці сьлед гэтыя дзеяньні Міністэрства абароны й Генштаба Збройных Сілаў РБ кваліфікаваць як зьдзяйсьненьне наўпроставай пагрозы нацыянальнай бясьпецы Беларусі й татальнае ігнараваньне інтарэсаў беларускай дзяржавы?
– Так і ёсьць. Гэта наўпроставая пагроза. Паўтаруся. Усе вышкалы, асабліва 2009, 2013 гг., – гэта адпрацоўка Расеяй мэтоды акупацыі беларускай тэрыторыі і падаўленьня магчымага супраціўленьня насельніцтва. Цяпер яны пайшлі далей – вызначылі раён, дзе магчымы, на іхную думку, найбольш моцны супраціў беларусаў. Тут сьведчаньне таго, што (паводле пляну вышкалаў “Захад-2017”) гэта ёсьць ў прынцыпе антыбеларуская акупацыйная задума.
– А як Вы можаце патлумачыць тое, што гэтая адасобленая частка Беларусі збольшага супадае з тэрыторыяй Вашай электральнай падтрымкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году?
– Гэта прапагандысцкае ашуканства прафанаў. За кароткі час прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. (20 дзён) я пасьпеў аб’ехаць толькі некалькі раёнаў і гарадоў на паўночным захадзе і Столінскі раён на Палесьсі. Там, дзе я пабываў, там за мяне найбольш і прагаласавалі. А ў Столінскім раёне – больш за палову. Аб’ехаў бы Магілеўшчыну – галасавала б Магілеўшчына.
Стварэньне ўяўнай “Вэйшнорыі” – гэта мярзотны плян ворагаў Беларусі, каб увесьці ў сьведамасьць беларускіх вайскоўцаў, што можна ваяваць супроць сваіх.
– Так, без сумневу, гэта задума ворагаў нашай краіны, рэалізаваная расейскім Генштабам і іхнымі памагатымі ў Беларусі. Тут варта асабліва зазначыць, што рэжым Лукашэнкі да апошняга часу называў адным з сваіх галоўных здабыткаў пазыцыянаваньне дзяржавы на міжнароднай арэне як донара рэгіянальнай бясьпекі й нэйтральнай перамоўнай пляцоўкі. Чаму ж ён не скарыстаў з гэтай абсалютна прымальнай для ўсіх бакоў аргумэнтацыі дзеля значнага абмежаваньня Беларусі ў вышкалах і пазьбяганьня вялізных рэпутацыйных стратаў? Урэшце дзеля свайго самазахаваньня?
– Ён ня можа нічога “скарыстаць”, каб нават і хацеў. Лукашэнка цалкам несамастойны і залежны ад Пуціна. Гэтая “перамоўная пляцоўка” Пуціным была і прапанаваная й зьяўляецца прафанацыяй, накіраванай на стварэньне ваеннай “язвы” на Данбасе (на шкоду Украіне). Паводле сваёй прыроды Лукашэнка, акрамя таго, што ён паталягічны ілгун, хам і беларусафоб, ёсьць тыповы здраднік. Пра “рэпутацыю” краіны такія ня думаюць і не клапоцяцца. Яны маюць іншы клопат.
– У гэтым кантэксьце сьлед таксама зазначыць, што на фоне падрыхтоўкі й правядзеньня вышкалаў адбылося выкраданьне байцамі ФСБ на беларускай тэрыторыі 19-гадовага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба, сына ўдзельніка АТА. Ці гэты факт сьведчыць пра зьліцьцё беларускіх і расейскіх спэцслужбаў і пра поўны кантроль Беларусі з боку агентаў уплыву РФ, ці тут нешта іншае?
– Зь ініцыятывы Лукашэнкі расейская ФСБ яшчэ зь 90-х гадоў кантралюе лукашысцкую ўладу, лукашысцкі КГБ і самога Лукашэнку.
Гэтая апэрацыя з маладзёнам накіраваная на пагоршаньне беларуска-ўкраінскіх адносінаў і на дэманстрацыю для ўкраінцаў несамастойнасьці калгаснага рэжыму. Гэта відавочна. Усё астатняе, што можа быць зьвязанае з маладзёнам, – другараднае.
– Пане Зяноне, з улікам усяго абмеркаванага вышэй і Вашым бездакорным уменьнем палітычнага прагназаваньня, якія захады маюць зьдзяйсьняць найперш абарончыя ведамствы Украіны ў адносінах да рэжыма Лукашэнкі?
– Рэжым Лукашэнкі для ўкраінскіх абарончых ведамстваў ніякай небясьпекі не ўяўляе. Небясьпеку ўяўляе рэжым Пуціна, калі залезе з сваімі войскамі на беларускую тэрыторыю.
Тэарытычна ёсьць верагоднасьць, што Пуцін можа напасьці на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Але малаверагодна, дакладней – неверагодна, каб Лукашэнка даў загад беларускаму войску страляць па ўкраінцах. Тады гэтага “галоўнакамандуючага” чакае дрэнны канец.
Крывавы канфлікт будуць правакаваць расейцы, каб уцягнуць беларусаў у вайну. Таму ўкраінцам давядзецца зьдзяйсьняць адасабленьне расейскіх войскаў, а зь беларускай арміяй праводзіць сэпаратныя перамовы і прыймаць пагадненьні. Гэта можа атрымацца. У тым ліку і з Лукашэнкам.
– Ва ўсіх гэтых умовах і абставінах як дзейна й эфэктыўна грамадзянская супольнасьць Беларусі можа запабегчы ўцягваньню Беларусі ў вайсковыя авантуры Расейскае Фэдэрацыі?
– Найперш мае быць масавы народны супраціў усім расейскім вайсковым вышкалам на беларускай тэрыторыі. Такіх расейскіх вышкалаў у Беларусі не павінна быць. Формы масавага супраціву вядомыя. Сам грамадзкі супраціў тут вельмі важны й патрэбны. Але ён можа ня ўзьнікнуць з прычыны масавай дэзынфармацыі людзей расейскай тэлевізіяй (трансьляцыю якой Масква абавязала Лукашэнку забясьпечыць у Беларусі), таксама з прычыны індывідуалісцкай народнай мэнтальнасьці й прышчэпленага страху перад вайной.
Тады акупацыя пойдзе поўным ходам. Прыпыніць яе зможа толькі збройная барацьба з акупантамі.
Інтэрвію запісаў у верасьні 2017 году падчас правядзеньня ССВ “Захад-2017” рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
Загалоўнае фота – (с) narodnaja-partyja.org
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа