Хактывісты з Украінскага Кібэральянса (UCA) зьздейсьнілі пасьпяховую апэрацыю атрыманьня доступу да інфармацыйнага рэсурсу «Белорусское Военно-Политическое Обозрение» (БелВПО, рас.) і перадалі для дасьледаваньня валянтэрам міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm масыў дадзеных, вынятых з паштовае скрыні belvpo.com@yandex.ru. У выніку вывучэньня пададзенага хактывістами дампу электроннае пошты й зьдзейсьненага дадатковага OSINT-расьледаваньня, былі атрыманыя неабвержныя доказы як пра асобаў, якія маюць дачыненьне да «БелВПО», гэтак і пра падробкі імі дакумантаў, а таксама іншая інфармацыя, якая сьведчыць пра стварэньне й функцыянаваньне групоўкі з усімі азнакамі злачыннае дзейнасьці. Хактывісты падалі матар’ялы пра Беларусь з сваіх неабсяжных запасаў і запэўнілі, што гэта толькі невялікая частка наяўных дадзеных, на падставе якой было зьдзейсьненае досыць зьмястоўнае расьледаваньне.
Скрыншот: нутраная структура сайту БелВПО
Прарасейскі прапагандысцкі рэсурс БелВПО трапіў у поле зроку ўкраінскіх хактывістаў пасьля шматлікіх спробаў дыскрэдытацыі матар’ялаў і нават арганізацыі незаконных сьледчых дзеяньняў за валянтэрамі супольнасьці InformNapalm у Беларусі. Можна было і далей не зьвяртаць увагу на гэтую злачынную групоўку, аднак іхная дзейнасьць сталася пагрозай нацыянальнае бясьпекі Рэспублікі Беларусь.
Хактывісты вызначылі, што гэты рэсурс фізычна знаходзіцца ў Расейскай Фэдэрацыі, зьяўляецца адным з асноўных партнэраў чарнасоценнага беларуса- і украінафобскага інфармацыйнага праэкту «Империя» (рас.), створанага й кіраванага Юрыем Баранчыкам, грамадзянінам Беларусі, якія стала жыве ў Маскве.
Шэф-рэдактар і кіраўнік інфармагенцыі «Regnum», «Империя» Юры Баранчык | (c) regnum.ru
Супольна зь яшчэ адным праэктам Баранчыка – інфармацыйнай агенцыяй «Regnum» – пантэон рэсурсаў так званай «Русской Весны» і «Антимайдана» плянамэрна зьдзяйсьняе супроць Беларусі інфармацыйную вайну з мэтай стварэньня й нагнятаньня вобразу ворагу і дзяржавы, якая не спраўдзілася («failed state»), не вызнаньнем самога існаваньня беларускага народу зь ягонай самабытнай гісторыяй, культурай і мовай. Усе мы сталіся сьведкамі большасьці падобных інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў, якія былі задзейнічаныя супроць Украіны яшчэ да пачатку актыўнае фазы расейскае вайсковае агрэсіі. Цалкам мажліва, праз усьведамленьне ўсяе небясьпекі далейшае бязьдзейнасьці, беларускія ўлады прынялі адзіна слушнае рашэньне – пачаць нэйтралізацыю пагрозы нацыянальнае бясьпекі і зьдзейсьніць шэраг арыштаў аўтараў інфармацыйных прарасейскіх праэктаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
Чытайце таксама: BuzilaLeaks: заганныя сувязі й сакрэты падрыўной дзейнасьці супроць Украіны й Беларусі
Да апошняга часу з дапамогаю сайту БелВПО зьдзяйсьнялася актыўная інфармацыйная вайна супроць Украіны, Польшчы і краінаў Балтыі, пра што сьведчаць вельмі красамоўныя назовы незьлічоных артыкулаў, якія публікуюцца на ім: Бандеровцы не остановятся, если их не остановить, Россия бросила Украину на растерзание фашистам? Общие потери карателей, Киев готовит теракты, Украинские военные меняют обращение с «товарищ, Хохол», на «пан, Хохол», Польские наемники координируют карательную операцию под Славянском, Польша уже воюет с Россией в Донбассе, Страны Балтии – «псы» информационной войны, Литва – страна пьяных солдат, Политика стран Балтии – подстрекательство к войне, Польша решила превратить всю страну в полигон і г.д.
Паводле наяўнай на сайце праэкту БелВПО інфармацыі, ягоным кіраўніком зьяўляецца палкоўнік запасу ЗС РБ Ігар Сінякоў. На сайце маюцца толькі два ягоных артыкулы (1, 2), апошні зь якіх быў апублікаваны яшчэ ў студзені 2014 году. У выніку аналізу ягонае апошняе публікацыі й вывучэньня адкрытых крыніцаў інфармацыі, былі атрыманыя наступныя ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:
Сінякоў Ігар Алегавіч, нарадзіўся ў 1962 годзе ў сям’і расейскага вайскоўца, меркавана на тэрыторыі УССР, жыве ў г. Менску (архіў на профіль, фотаальбом). У 1979 г. скончыў Сувораўскую Усурыйскую вайсковую вучэльню, у 1983 годзе – Далёкаўсходнюю вышэйшую вайсковую камандную вучэльню (ДВОКУ, рас.) у Благавешчанску Амурскае вобласьці РСФСР. Станам на 2003 г. – старэйшы афіцэр 2-га аддзелу 1-га ўпраўленьня Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня ГШ ЗС РБ, падпалкоўнік. У сьнежні 2003 г. нададзенае званьне палкоўніка. У 2005 г. навучаўся ў Вайсковай Акадэміі Генэральнага Штаба Збройных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі.
На гэты момант ня вызначанае, ці працягвае ён заставацца фактычным кіраўніком праэкту, ці публікуе ён свае матар’ялы зь якім-кольвек псэўданімам, ці ж ягонае імя наўпрост выкарыстоўваюць у сваіх злачынных мэтах чальцы групоўкі. У перададзеным супольнасьці InformNapalm дампе электроннае пошты belvpo.com@yandex.ru маюцца сьведчанні таго, што да нядаўняга часу ліставаньне зьдзяйсьнялася ў тым ліку і ад ягонага імя.
У выніку вывучэньня перададзенага дампу была выяўленая дакумантальная інфармацыя, якая дазваляе дакладна ідэнтыфікаваць наступнага фігуранту групоўкі, якую іхныя таварышы з парталу «Империя» называюць менавіта беларускімі калегамі «Русской Весны». Ім ёсьць адзін з асноўных фігурантаў гэтага расьледаваньня і магчымы мадэратар праэкту БелВПО – Сяргей Гейстэр.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:
Сяргей Рамановіч Гейстэр, нарадзіўся ў 1960 г., у г. Бялынічах Магілеўскае вобласьці, БССР. Доктар тэхнічных навук, прафэсар, галоўны навуковы супрацоўнік 3-га навукова-дасьледчага кіраваньня (тэорыяў відаў апэратыўнага/баявога забесьпячэньня) «НДІ Збройных сілаў Рэспублікі Беларусь», выкладае на катэдры радыётэхнічных сыстэмаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта інфарматыкі й радыёэлектронікі (БДУІР). У гэтым жа унівэрсытэце на катэдры гуманітарных навук выкладаў і адзін з аўтараў агенцыі «Regnum» – Юры Паўлавец – арыштаваны 6 сьнежня 2016 году.
Характэрна, што адным з першых матар’ялаў на сайце БелВПО яшчэ ў лютым 2011 году сталася менавіта публікацыя Гейстэра. Цалкам мажліва, ён працягвае заставацца аўтарам сайту, выкарыстоўвае пры гэтым розныя псэўданімы.
У дампе электроннае пошты belvpo.com@yandex.ru былі выяўленыя рахункі за паслугі сувязі беларускага мабільнага апэратару «Velcom», якія штомесяц надыходзяць на ягонае імя. У Беларусі карыстацца паслугамі мабільнае сувязі магчыма толькі праз ухваленьне з апэратарам афіцыйнае дамовы, у якой маюць быць пазначаныя ўсе пэрсанальныя дадзеныя абанэнту. Дастаўка рахунку за зьдзейсьненыя паслугі адбываецца паводле выбару кліента на адрэсу электроннае пошты або на паштовую адрэсу. З гэтага вынікае, што адрэсу электроннае пошты для дастаўкі рэгулярных рахункаў пазначыў непасрэдна сам Сяргей Гейстэр.
У pfd-файлах маюцца рахункі-акты зьдзейсьненых паслугаў, таксама пададзеная дэталізацыя рахунку й расшыфроўка налічэньняў мабільнага тэлефоннага нумару +375 44 7010682 з пазначэньнем адрэсы, дзе, цалкам мажліва, зарэгістраваны Гейстэр – г.Менск, вул. Садовая, д.7, кв.65.
Пазначаны мабільны нумар Гейстэра фігуруе ў акаўнце сацсеціва «Twitter», да якога хактывісты таксама атрымалі доступ:
У выніку запыту пошукавы сэрвіс «Google» падае сьведчаньні таго, што гэты нумар прывязаны непасрэдна і да старонкі БелВПО ў сацсеціве «FB»:
У дампе электроннае пошты былі выяўленыя запыты ад расейскага хостынг-правайдэра Ru-Center з патрабаваньнем адказаць на дасланае ад ICANN паведамленьне (міжнародная некамэрцыйная арганізацыя кіраваньня даменнымі імёнамі й IP-адрэсамі) пра некарэктнасьць пазначанай кантактнай інфармацыі для дамену belvpo.com. Апроч неабходнага пацьверджаньня кантактнае адрэсы й пазначанага нумару тэлефону ў whois-сэрвісе, патрэбна было таксама даслаць на працягу 10 каляндарных дзён натарыяльна засьведчаны ліст, аформлены паводле формы, якая мелася ў далучаным файле.
Праз сканчэньне 10-дзённага тэрміну й адсутнасьць адказу ад БелВПО хостынг-правайдэр спыніў дэлегаваньне дамену, у выніку чаго сайт стаўся фізічна недаступным.
Чальцы групоўкі пэўна ўсьвядомілі ўсю сур’ёзнасьць сваёй сытуацыі і былі вымушаныя пачаць наданьне зьвестак. Сьпярша яны зьмянілі неактыўны нумар тэлефону на той, які належыць Сяргею Гейстэру (!).
Літаральна на наступны дзень, яны ўцямілі, што нумар Гейстэра ўсё-ткі лепей не «сьвяціць», і паведамілі ўжо новы +375 44 597-13-89, зарэгістраваны на Валянтыну Таргун.
Характэрна, што паводле паведамленьня Сінякова, яны ня мелі сувязь з супрацоўнікам (Alexander Voznicki), пазначаным раней у рэгістрацыйных дадзеных іхнага дамену.
Аднак гэты факт абсалютна не зашкодзіў аформіць на яго натарыяльна засьведчаны дакумант, скан якога быў затым дасланы хостынг-правайдэру.
Праз шэсьць дзён, 28.09.2016 г., надыходзіць паноўнае паведамленьне ад ICANN пра тое, што дадзеныя, якія даслаў БелВПО, зноў не адпавядаюць рэчаіснасьці.
На наступны дзень БелВПО дасылае новы скан натарыяльна засьведчанае заявы з пазначанай новай адрэсай.
У выніку вывучэньня сканаў гэтых двух заяваў, якiя маюцца ў дампе электроннае пошты, было вызначанае, што была зьдзейсьненая падробка дакумантаў. Для перарэгістрацыі сайту belvpo.com зламысьнікі падрабілі й подпіс дзяржаўнага натарыюсу Менскае гарадзкое натарыяльнае акругі – Вішнеўскай Вольгі Віктараўны.
Сьлед зазначыць, што паводле артыкулу 21 Закона РБ «Пра натарыят і натарыяльную дзейнасьць» выкарыстаньне факсіміле не прадугледжанае, гэта выключае дакладнае паўтарэньне на дакумантах подпісу натарыюса, які іх засьведчыў. З гэтага і зьдзейсьненага параўнальнага аналізу вынікае той факт, што подпіс быў скапіяваны і перанесены на другую заяву з дапамогаю праграмных сродкаў. Цалкам мажліва, гэта ж было зробленае і з першай заявай. На скрыншоце ніжэй адлюстраванае накладаньне подпісаў натарыюса з двух заяваў для параўнальнага аналізу:
Для выяўленьня ўсіх абставінаў гэтага злачынства й вызначэння ступені вінаватасьці чальцоў групоўкі «БелВПО» неабходнае далучэньне спэцслужбаў з мэтай зьдзяйсьненьня сьледча-апэратыўных дзеяньняў.
Досыць шмат пра гэтую групоўку сьведчыць і той факт, што рэдактарам іхнага пабліку ў сацсеціве «VK» зьяўляецца так званы каардынатар «Антимайдана» і куратар руху «Республика Новороссия» Вячаслаў Ряужын.
Вячаслаў Генадзевіч Ряужын, нарадзіўся 08.04.1977 г. у г. Кемь Карэльскай АССР, РСФСР, меркавана жыве ў г. Мурманску або Санкт-Пецярбургу (архіў на профіль, кантакты, фотаальбом, архіў на фэйкавы профіль: 1, 2). Паводле ягоных уласных заяваў зьяўляецца куратарам руху «Республика Новороссия» і прадстаўніком «НОД».
У 1995 годзе быў рэкрутаваны на вайсковую службу, якую праходзіў на Паўночным флёце ў Мурманску. У 1996 годзе дэзэртаваў, пасьля чаго быў абвешчаны ў вышук. У 2002 годзе пасьля 6 гадоў знаходжаньня ва ўцёках быў арыштаваны і прысуджаны да паўтара гады турмы. Характэрна, што гэты факт не зашкодзіў удзельнікам групоўкі «БелВПО» – так званым афіцэрам запасу (у адстаўцы) Беларускае вайсковае акругі і Збройных Сілаў – зрабіць Ряўжына сваім рэдактарам, што цалкам можа сьведчыць і пра іхныя маральныя прынцыпы і пра тое, ці маюць яны афіцэрскі гонар. Цалкам мажліва, што адстаўным прапагандыстам патрэбныя мажлівыя сувязі Ряўжына ў мэдыйнай супольнасьці РФ і ягонае пазыцыянаваньне ў якасьці міжнароднага аглядальніка тэлеканалу агрэсіўнай вайсковай прапаганды LifeNews, журналіста агенцыі NewsFront і нават парляманцкага карэспандэнту. Насамрэч нават у асяродзьдзі сваіх таварышаў з разнастайных арганізацыяў «русскаго міра» ён мае рэпутацыю перадусім ашуканца, афэрыста і махляра (1, 2, 3). Па сутнасьці Ряўжын – гэта свайго кшталту квінтэсэнцыя пасьпяховага паразытаваньня на расейскай ура-патрыятычнай прапагандзе, да рэсурсаў якой удала далучыўся і праэкт «БелВПО», які стаўся ягонай неад’емнай часткай.
Пададзеныя ніжэй пасты й сьцверджаньні, як рэдактара «БелВПО», гэтак і ўсяе групоўкі, дакладна сьведчаць пра іхны сьветагляд і палітычныя погляды.
З апошняга скрыншоту вынікае, што заступнікі гэтага паласатага імпэрскага монстру нават не разглядаюць права на асобнае існаваньне Беларусі, Украіны, краінаў Балтыі, Грузіі, іншых рэспублік колішняга СССР і нават Фінляндыі.
Для распаўсюду агрэсіўнай расейскай вайсковай прапаганды групоўка «БелВПО» вельмі актыўна выкарыстоўвае фэйкавыя акаўнты нібыта вайсковага пэнсіянэра з Барысава або Менска – «Яўгена Рубцова» – зарэгістраваныя ў сацсетках «VK» і «FB». Адзін зь іх ужо выдаліла адміністрацыя сацсеткі «ОК» за рассыланьне спаму (прапаганды).
Таксама было вызначанае, што аватар акаўнту належыць насамрэч Яўгену Рубцову, але толькі жыве ён у г. Северадвінску Архангельскае вобласьці РФ і нарадзіўся ў 1955 г. (архіў на профіль, фотаальбом, кантакты). Апроч згаданых Ігара Сінякова і Яўгена Рубцова ў дампе электроннае пошты фігуруюць яшчэ некалькі імёнаў – Аляксандар Вяніцкі, Сяргей Маркаў. Патрэбнае зьдзяйсьненьне дадатковых сьледчых дзеяньняў з мэтай вызначэньня дакладнасьці гэтых імёнаў.
- Высновы:1. Створаная і досыць працяглы час функцыянуе арганізаваная групоўка з усімі азнакамі злачыннае дзейнасьці. У дампе электроннае пошты маюцца неабвержныя доказы падробкі дакумантаў, подпісаў дзяржаўных службовых асобаў. Апроч гэтага ў выніку спробаў дыскрэдытаваць супольнасьць InformNapalm, групоўка зьдзейсьніла акт вандалізму, учыніла шкоду дзяржаўнай маёмасьці і арганізавала незаконныя сьледчыя дзеяньні за грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь.
- Цалкам мажліва, у мурох Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) створаная і дзейнічае арганізаваная група агентаў уплыву РФ, якая зьдзяйсьняе агрэсіўную прапаганду «русскаго міра» сярод студэнцкае моладзі.
- Калі да ажыцьцяўленьня супрацьпраўнай дзейнасьці «БелВПО» маюць дачыненьне службовыя асобы Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны РБ, то можна казаць пра сьвядомы ўдзел ў інфармацыйна-псыхалягічнай вайне супроць Украіны на баку РФ цэлага структурнага падразьдзяленьня вайсковага ведамства Беларусі.
- У выніку пададзеных матар’ялаў гэтага расьледавання што да азнакаў зьдзяйсьненьня шматлікіх злачынстваў неабходнае правядзенне дадатковай праверкі і прыцягненьне спэцслужбаў да арганізацыі сьледча-апэратыўных дзеяньняў. Неабходнай умовай стрыманьня далейшых злачынстваў групоўкі «БелВПО», а таксама іншых адэптаў «русскаго міра» зьяўляецца арганізацыя значнага грамадзкага кантролю, як аднаго з фактараў забесьпячэньня нацыянальнае бясьпекі.
- Характар прапагандысцкае дзейнасьці «БелВПО» выразна сьведчыць пра спробы ўплыву на грамадзкую думку Беларусі. Дзеля гэтага задзейнічаны цэлы спектар інфармацыйнага-псыхалягічнага дэструктыўнага ўзьдзеяньня, неабходнага для абвастрэньня адносінаў Беларусі як з краінамі Захаду, гэтак і з Украінай.
Матар’ялы былі пададзеныя хактывістамі Украінскага Кібэральянса на эксклюзыўнай падставе для аналізу й апрацаваньня. Супольнасьць InformNapalm ня мае адказнасьці за першакрыніцу і ейнае паходжаньне.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Сяргей Пясецкі.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа