17 ліпеня 2014 году прарасейскія баявікі заявілі, што зьбілі ўкраінскі вайскова-транспартны лятак Ан-26. Пазьней выявілася, што быў зьбіты пасажырскі “Boeing 777” кампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс Амстэрдам – Куала-Лумпур. Усе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Пасьля таго, як тэрарысты даведаліся, што лятак, які яны зьбілі, належаў замежнай кампаніі, яны пачалі выдаляць свае пераможныя паведамленьні з сацыяльных сетак. Варта зазначыць, што ўдалося захаваць відэазапіс з расейскага прапагандысцкага каналу Life News, у якім карэспандэнты паказваюць кадры палаючага “Боінга” і камэнтуюць, што быў зьбіты ўкраінскі транспартны лятак.
9 ліпеня 2015 году дэлегацыя Малайзіі ў ААН распаўсюдзіла праэкт рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН з патрабаваньнем сфармаваць міжнародны трыбунал для незалежнага расьледаваньня справы пра зьбіты над Данецкай вобласьцю лятак.
10 ліпеня прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што лічыць беспэрспэктыўным праэкт рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН пра стварэньне трыбуналу.
Аўстралія, Бэльгія, Малайзія, Нідэрлянды і Украіна зьвярнуліся ў Раду бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з просьбай пра стварэньне міжнароднага трыбуналу.
Паводле дакладу нідэрляндзкіх экспэртаў, малайзійскі лайнэр у ліпені 2014 году над Данбасам зьбілі прарасейскія тэрарысты з дапамогай ракеты “зямля-паветра”.
Расейскі бок спрабуе накіраваць сьледзтва на хібны шлях, пэрыядычна падтасоўвае факты і робіць ілжывыя заявы. Трэба падкрэсьліць, што галоўнае ў пытаньні крушэньня “Боінга” нават не паходжаньне зброі, зь якога ён быў зьбіты, – яна магла быць з спадчыны савецкага мінулага, галоўнае – хто аддаў загад і хто арганізаваў гэтае масавае забойства. Верагодна, да баявікоў ніхто не давёў падрабязнасьці ідэнтыфікацыі самога лятака, і яны наўпрост досыць хутка зрабілі заяву пра зьнішчэньне паветранага судна, асабіста назіраючы сьлед ад ракеты і наступнае падзеньне абломкаў.
Гэтая здагадка таксама ўкладаецца і ў канву нашай інфармацыі пра тое, што на Данбасе кіраўніцтва артылерыяй і ўсе баявыя разьлікі, асабліва такіх высокатэхналягічных адзінак узбраеньня, як ЗРК “Бук”, “Страла-10”, “Тор”, прадстаўленыя расейскімі вайсковымі адмыслоўцамі. Да арганізацыі радыёпадаўленьня і забеспячэньня сувязі таксама прыцягваюцца кадравыя расейскія вайскоўцы. Баявікі могуць толькі пазаваць на тле ўзбраеньня, ніякай высокатэхналягічнае зброі ім насамрэч ня могуць даверыць, максымум – гэта
аўтамат, вінтоўка або мінамёт. У гэты момант InformNapalm.org зьдзяйсьняе збор структураванай інфармацыі пра ідэнтыфікаваныя нашай камандай фармаваньні РФ, пра іхныя тыпы і задачы на акупаванай тэрыторыі. Уся інфармацыя будзе адлюстраваная ў інфаграфіку. Мы абапіраемся на расьледаваньні OSINT-экспэртаў каманды InformNapalm: Іраклія Камахідзэ, Аль Гры, Антона Паўлушкі, Віталя Маладагвардзейца, Вікторыі Крыс і іншых чальцоў каманды InformNapalm.org.
Што да самога “Боінга 777”, то InformNapalm адмыслова не факусуе сваю ўвагу ў гэтай тэме – нашыя расьледаваньні сытуатыўныя. Мы публікуем інфармацыю, якая была выяўленая OSINT-выведнікамі падчас аналізу профіляў баявікоў і расейскіх вайскоўцаў у сацсетках.
Варта зазначыць пра два самыя гучныя і цікавыя расьледаваньні нашай каманды.
Першае зьвязанае з ідэнтыфікацыяй у профілі расійскага вайскоўца тэрміновай службы аўтамабільнага батальёну в/ч 83466 147 АБМЗ РФ Дзьмітрыя Зубава фатаздымкаў з перакідваньнем калёны ЗРК “Бук” да ўкраінскай мяжы. Перакідваньне было зьдзейсьненае акурат за 14 содняў да трагедыі. Пасьля публікацыі акаўнт Дзьмітрыя Зубава быў хутка выдалены і была спроба зьнішчыць інфармацыю, але яна захавалася ў архівах і па-ранейшаму даступная для азнаямленьня. Гэтыя ж дадзеныя былі загадзя перададзеныя паліцыі Нідэрляндаў.
Другое расьледаваньне InformNapalm было датычнае ўжо цягача Volvo, які перавозіў “Бук”. Фатаздымак цягача ёсьць і ў справаздачах сьледчай групы.
Таксама нашая каманда вызначыла дакладнае знаходжаньне базы тэхнікі баявікоў, на якой ідэнтыфікаваны аўтацягач, які быў заўважаны ўжо ў кастрычніку, празь некалькі месяцаў пасьля трагедыі: гэта горад Сьнежнае, непадалёк ад шахты “Ударнік”, на тэрыторыі, якая кантралюецца баявікамі. Варта зазначыць, што падзеньне абломкаў “Боінга 777” зафіксаванае ў раёне Шахтарска, а гэта крыху больш за 20 кілямэтраў ад Сьнежнага, дзе было зафіксаванае зьяўленьне цягача Volvo. Чаму баявікі, ведаючы пра тое, што сьледчая група разглядае гэты цягач, як рэчавы доказ, хавалі яго на базе захоўваньня вайсковай тэхнікі?
Для Украіны і ўсёй сусьветнай супольнасьці трагедыя рэйсу MH17 надзвычайна драматычная, але ня варта забывацца на тое, што ўжо больш за год ўкраінскія грамадзяне пакутуюць праз пэрыядычныя абстрэлы і тэракты прарасейскіх тэрарыстаў і ЗС РФ, падчас якіх гінуць дзясяткі мірных жыхароў.
У кантэксьце катастрофы “Боінга 777” мы хочам нагадаць пра артабстрэл прыпынку транспарту “Данецкгормаш” ў Данецку, абстрэл аўтобусу пад Валнавахай, абстрэл мікрараёну “Усходні” ў Марыюпалі 24 студзеня 2015 году, абстрэл Краматорска з РСЗА 10 лютага 2015 году і іншыя трагедыі, у якіх пацярпела вялікая колькасьць ня толькі ўкраінскіх вайскоўцаў, але й мірных жыхароў. Усе гэтыя і шмат іншых злачынстваў кіраўніцтва РФ і падкантрольных яму жаўнераў і баявікоў таксама маюць быць дададзеныя ў рэзалюцыю пра міжнародны трыбунал.
InformNapalm.org
Пераклад Дзяніса Івашына
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа