Напярэдадні гадавіны крушэньня пасажырскага лятака Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які зьздяйсьняў рэйс MH17, былі знойдзеныя новыя факты, якія пацьверджваюць дачыненьне баявікоў ДНР да гэтай авіякатастрофы. Падчас эксклюзыўнага расьледаваньня, якое зьдзейсьніла каманда InformNapalm, былі знойдзеныя чарговыя доказы выкарыстаньня баявікамі цягача Volvo FH-13, які раней перавозіў ЗРК “Бук-М1”.
На відэа, якое апублікаванае на канале “Шторм Марыюпаль” 16 кастрычніка 2014 году адзін з баявікоў паказаў аўтапарк разьбітай трафейнай вайсковай тэхнікі. У сваім сюжэце ён пераконвае гледачоў, што менавіта адноўленыя трафеі, але не пастаўкі ўзбраеньня з Расейскай Фэдэрацыі зьяўляюцца асноўнай “ударнай сілай супраціву”.
Трафейная тэхніка, цалкам мажліва, была перавезеная ў адстойнік пасьля Ілавайскага катлу, у стварэньні якога таксама ўдзельнічалі падразьдзяленьні ЗС РФ. На першых кадрах відэа сярод танкаў быў заўважаны і белы цягач Volvo FH-13 з характэрнай сіняй паласою, які раней фіксаваўся і на відэа з перавозкай ЗРК “Бук-М1”, які зьбіў Boeing 777 рэйсу MH17 17.07.2014 г.
Аўтар відэа на канале “Шторм Марыюпаль” з пазыўным “Джокер” зьяўляецца прадстаўніком групоўкі “Белыя лебедзі”. “Джокер” – родам з Марыюпалю і зьяўляецца “вайсковым карэспандэнтам” незаконных збройных фармаваньняў ДНР. (https://archive.is/26pZP ; https://archive.is/ZvsCF ; https://archive.is/OaFiF ;https://archive.is/OBSaE)
Тое, што менавіта гэты цягач, перавозіў па акупаванай праз баявікоў тэрыторыі расейскі ЗРК “Бук-М1” пад нумарам 3*2, не выклікае сумневу. У фатадоказах, якія публікаваліся раней, на ім можна пабачыць нумар тэлефону, які належыць кампаніі, што займалася арэндаю спэцтэхнікі ў Данецку.
Таксама вядома, што на прадпрыемстве ПАТ “Будмеханізація” (укр.) у наяўнасьці знаходзіўся толькі адзіны цягач Volvo FH-13 з адпаведнай афарбоўкай, у гэтым можна пераканацца, пагледзеўшы прайс на паслугі спэцтэхнікі гэтай кампаніі.
Першая сьледчая камісыя ў справе катастрофы рэйсу боінгу прыбыла на Данбас 21 ліпеня 2014 году. Зыходзячы з прадстаўленага відэа з 16 кастрычніка 2014 году, зразумела, што ўвесь гэты час камандыры незаконных збройных фармаваньняў і кіраўнікі ДНР ня толькі ведалі пра мейсцазнаходжаньне цягачу Volvo FH-13, які фігуруе ў выніках расьледаваньняў міжнародных экспэртаў, але і выкарыстоўвалі яго для транспартаваньня іншых адзінак ўзбраеньня і тэхнікі.
Спадзяемся, што нашае расьледаваньне дапаможа ў ідэнтыфікацыі асобаў, якія маюць дачыненьне да перавозкі ЗРК “Бук-М1” па тэрыторыі Украіны, акупаванай баявікамі.
Нагадаем, што напрыканцы красавіка 2015 году каманда InformNapalm ў сацыяльным профілі расейскага вайскоўца тэрміновай службы вайсковай часткі 83466 147 АБМЗ РФ Дзьмітрыя Зубава знайшла наўпроставыя доказы перакідваньня на вайсковых цягачах некалькіх адзінак ЗРК “Бук-М1” да ўкраінскай мяжы. Перакідваньне расейскіх ЗРК было зьдейсьненае акурат за 2 тыдні да зьнішчэньня малайзійскага боінгу. Празь месяц матар’ялы нашых расьледаваньняў таксама былі выкарыстаныя ў справаздачах замежных экспэртаў.
UPD: З дапамогай геалакацыі вызначанае дакладнае мейсцазнаходжаньне базы тэхнікі баявікоў: горад Сьнежнае, непадалёк ад Шахты “Ударнік”.
Пераканацца ў дакладнасьці вызначэньня мейсца можна праз параўнаньне спадарожнікавага здымку базы і відэа баявікоў: будынак кацельні з дымавым комінам і рамонтны цэх за цягачом Volvo:
Знаходжаньне гораду паблізу зь мяжою было скарыстанае для стварэньня на тэрыторыі базы перавалачнага пункту вайсковае тэхнікі з Расеі.
Матар’ял падрыхтаваў krmvictory адмыслова для InformNapalm.org
Пераклад Дзяніса Івашына
3 Responses to ““Джокер” у справе пра цягач Volvo, які перавозіў БУК для рэйсу MH17”
2015-07-20
Трыбунал у справе катастрофы рэйсу MH17 мае быць пачаткам канца для вайсковых злачынцаў | InformNapalm.org (Беларуская)[…] Другое расьледаваньне InformNapalm было датычнае ўжо цягача Volvo, які перавозіў “Бук”. Фатаздымак цягача ёсьць і ў […]
2015-12-10
Гісторыя InformNapalm. Адказы на часта задаваныя пытаньні (FAQ) - InformNapalm.org (Беларуская)[…] Другое расьледаваньне InformNapalm было датычнае ўжо цягача Volvo, які перавозіў “Бук” праз тэрыторыю, якую кантралююць баявікі. Фатаздымак гэтага цягача, як рэчавы доказ, ёсьць і ў справаздачах сьледчай групы. […]
2016-01-08
За што афіцэр 53-й ЗРБр ЗС РФ атрымаў Георгіеўскі Крыж V ступені: за рэйс MH17 або за ўкраінскі ІЛ-76? - InformNapalm.org (Беларуская)[…] […]