
16 ліпеня 2016 г. адбыўся напад на валянтэраў, чальцоў беларускай апазыцыйнай арганізацыі “Малады Фронт”, якія ўдзельнічалі ў талацэ ў мейсцы масавых сталінскіх растрэлаў у Курапатах.
Сяргей Пальчэўскі, адзін з валянтэраў, на якіх быў зьдзейсьнены напад, распавёў наступнае:
У суботу падчас уладкаваньня тэрыторыі ўрочышча “Курапаты” мы прыйшлі на рынак “Экспабел”, каб завастрыць ланцуг ад бэнзапілы. Майстар сказаў нам, каб мы хвілінаў 15 пачакалі, таму мы пайшлі ў бліжэйшую кавярню. Па дарозе нейкі ІПэшнік, зрэагаваўшы на шэўроны з “Пагоняй” і бел-чырвона-белым сьцягам, нешта пракрычэў нам у сьпіну, але мы нават не зьвярнулі ўвагі. Але калі мы выходзілі з кавярні на нас накінулася з кулакамі зграя ІПэшнікаў, чалавек сем, завадатарам якіх быў Аляксандар Філімонаў. Яны крычэлі “Это наша земля” і іншае. Нас было шасьцёра хлопцаў, але мы разумелі, што нельга рэагаваць на гэтую правакацыю, таму апроч абаронных блёкаў не выкарыстоўвалі аніякае сілы ды выклікалі міліцыю.
На выклік зьяўвіўся адзіны супрацоўнік праваахоўных ворганаў, які апытаў валянтэраў, але да арганізатараў нападу нават не падыйшоў.
Міжнародная валянтэрская супольнасьць “InformNapalm” вырашыла зрабіць уласнае расьледаваньне гэтага інцыдэнту і выявіць сапраўдныя матывы нападнікоў, празьмерную агрэсію якіх выклікалі звычайныя беларускія нацыянальныя сымбалі.
У выніку зьдзейсьненае выведкі адкрытых крыніцаў было вызначанае, што завадатар гэтага нападу Аляксандар Філімонаў (архіў на профіль “VK“, фотаальбом, кантакты; архіў на профіль “ОК“, фотаальбом) да нядаўняга часу зьяўляўся досыць актыўным чальцом беларускага мотаклюбу “Desperados MC Belarus“,
мае байкерскую мянушку “Metiz”. Досыць працяглы час сябруе з кіраўніком і стваральнікам гэтага клюбу, мянчуком Канстантынам Дзяркачом (мянушка “Аэрадром”, архіў на профіль “VK“, фотаальбом, кантакты).
Падчас далейшага расьледаваньня было выяўленае, што “Desperados MC Belarus” падтрымлівае досыць шчыльныя сувязі з мотаклюбам “Начныя ваўкі” адыёзнага сябра Пуціна – Аляксандра Залдастанава (мянушка “Хірург”) – які нават не разглядае якое-кольвек права беларусаў на самастойнасьць і самавызначэньне, але наўпрост на беларускай зямлі сьцьвярджае, што Беларусь, як і Украіна – гэта Расея. Чальцы клюбу “Desperados” удзельнічаюць у мерапрыемствах, арганізаваных гэтымі абаронцамі “духоўных скрэпаў” і нават асабіста віншавалі ягонага кіраўніка і аднаго з арганізатараў “Антимайдана” зь ягоным днём народзінаў.

Канстантын Дзяркач разам з прадстаўнікамі свайго клюбу урачыста віншуе “Хірурга” | (c) desperados-mc.by
У траўні 2015 году байкеры клюбу былі асабіста запрошаныя філіяй данбаскіх “Начных Ваўкоў” на адкрыцьцё мотасэзону ва акупаваны Луганск, куды таксама прыехаў іхны кумір і ідал Залдастанаў.
Для сваіх братоў па розуму зь Беларусі данбаскае аддзяленьне “Начных ваўкоў” зладзіла нават пазнавальна-забаўляльную экскурсію ў зьнішчаны імі ж ЛАП – Луганскі аэрапорт.
Ну і, вядома ж, які байкер зямлі рускай ня хоча адчуць сябе ў ролі народных і нават былінных герояў, апетых расейскімі сродкамі масавай дэзынфармацыі. Фатаздымак ніжэй зафіксаваў для гісторыі гэты знамянальны момант, калі беларускія адэпты міталягемы “дедывоевали” вельмі добра, можна сказаць, натуральна ўпісаліся ў вобраз патэнцыйных баявікоў расейска-тэрарыстычных войскаў.
З усяго вышэй пададзенага стае зразумелай неадэкватная агрэсіўная реакцыя і матыў дзеяньняў Аляксандра Філімонава і ягоных паплечнікаў у дачыненьні да валянтэраў “Маладога Фронта”. Латэнтныя адэпты “русского мира” без значнага скіраванага інфармацыйна-псыхалягічанага ўзьдзеяньня прапаганды РФ ужо пачалі ўчыняць правакацыйныя дзеяньні. Без сумневу, сытуацыя значна пагоршыцца ў разе задзейнічаньня Расейскай Фэдэрацыяй усяго спэктру гэтага ўзьдзеяньня супроць Беларусі з мэтай дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.
Актывісты арганізацыі “Малады Фронт” заклікаюць незалежныя беларускія СМІ і ўсіх неабыякавых людзей у аўторак 19 ліпеня, а 12 гадзіне прыйсьці ў гандлёвы цэнтар “Экспабел” да павільёну №30, у якім працуе арганізатар нападу Аляксандар Філімонаў, дзеля дэманстрацыі беларускай салідарнасьці і каб кожны патэнцыйны заўтрашні сэпаратыст ведаў, што толькі беларус ёсьць гаспадаром на сваёй, Богам дадзенай, зямлі.
UPD. Актывісты “Маладога Фронта”, іхныя паплечнікі й журналісты прыйшлі ў пазначаны час, аднак сам фігурант і арганізатар правакацыі адсутнічаў. Адміністрацыя гандлёвага цэнтру паабяцала зладзіць нутранае расьледаваньне.
Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm будзе пільна сачыць за праявамі распальваньня нацыянальнай варажнечы ў нашай краіне.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа