Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае сэрыю расьледаваньняў, зьвязаных з ідэнтыфікацыяй штатнага ўзбраеньня і тэхнікі вайсковых злучэньняў Збройных Сілаў Расеі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях ва Украіне ў 2014-2015 гадох. Асноўнымі крыніцамі “зьліву” інфармацыі ёсьць самі ж расейскія вайскоўцы. Але ў некаторых выпадках гэта робяць цывільныя, якія трапілі з тых ці іншых прычынаў у гушчу падзеяў, якія дзеля свайго выхваленьня робяць фотасэсыі на тле аформленай “па-баявому” тэхнікі. У гэтым матар’яле падаем фотападборку, “падораную” прадстаўніком расейскага ВПК, якая сьведчыць пра ўдзел 200-й АМСБр СФ Расеі ўлетку-ўвосень 2014 году ў баёх на Данбасе.
У сацыяльным сеціве “VK” быў выяўлены профіль нейкага Міхаіла Баюрава, які 10 сьнежня 2015 году выклаў у свой фотаальбом сэрыю фатаздымкаў, зробленых у жніўні-верасьні 2014 году, падчас ягонага знаходжаньня ва “украінскай камандыроўцы”. Зыходзячы з дадзеных і фотаматар’ялу М.Баюрава, ён і іншыя адмыслоўцы ФДУП “775 артылерыйскі рамонтны завод” МА РФ былі адкамандыраваныя ў зону баявых дзеяньняў з задачай – забесьпячэньне рамонтна-прафіляктычных працаў баявой тэхнікі і ўзбраеньня на мейсцы.
Асабістыя дадзеныя: Міхаіл Баюраў (архівы на старонку, фотаальбом, кантакты), 10 кастрычніка 1967 г.н., жыве ў г.Санкт-Пецярбургу. Адукацыя: СПВЗРКУ – 1989 г.; АГУ – 2005 г. Вайсковая служба – в/ч 11127 1989-1992 гг. (начальнік разьліку); 131 брыгада, Расея, 1992-2002 гг., в/ч 03724 Расея, 1992-2002 гг. (намесьнік камандыра па ўзбраеньню), в/ч 67678 Расея, з 2002 г. Кар’ера: ГУП 775 АРЗ (в/ч 67678) Санкт-Пецярбург з 2002 году.
Фатаздымкі за час з 29 жніўня па 3 верасьня з камэнтарамі – “Кіроўца”, “Брыгада”, “Вельмі блізка”, “Усё закінутае” (архівы 1, 2, 3, 4).
Заўвага: Фэдэральнае дзяржаўнае унітарнае прадпрыемства “775 артылерыйскі рамонтны завод” Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. Зарэгістраванае 21 сьнежня 2011 году ў рэгіёне Санкт-Пецярбург з адрэсаю: 195197, г. Сантк-Пецярбург, праспэкт Маршала Блюхера, 12. Асноўны від дзейнасьці: вытворчасьць і утылізацыя вайсковае тэхнікі, эксплюатацыя АЗС, захоўваньне нафты і нафтапрадуктаў, арганізацыя і зьдзяйсьненьне працаў у вайскова-тэхнічнай супрацы з замежнымі краінамі (1, 2).
Уся тэхніка, якая фігуруе ў фотаальбоме М.Баюрава, зьяўляецца штатным узбраеньнем 200-й асобнай матастралковай брыгады асаблівага прызначэньня Паўночнага флёта ВМФ РФ (в/ч 08275, дысьлякацыя – пас.Печанга Мурманскае вобласьці). Паводле нашых дадзеных, станам на верасень 2014 году, БТГр (батальёна-тактычная група) гэтай брыгады знаходзілася ў “растоўска-украінскай” камандыроўцы. Пляцдармам для ўварваньня ва Украіну БТГр 200-й брыгады зьяўляўся адзін з палявых лягероў Сілаў уварваньня ЗС РФ, разгорнуты ў памежным з Украінай Каменскім раёне Растоўскае вобласьці, скуль і адбываліся “набегі”. Першая фіксацыя матастралкоў-“севераморцаў” у складзе Сілаў уварваньня адбылася 10 верасьня 2014 году. У лістападзе 2014 году InformNapalm апублікаваў шэраг матар’ялаў, якія сьведчаць пра ўдзел тактычнае групы гэтага злучэньня ў баёх на Данбасе, у тым ліку з доказамі ўдзелу рэактыўнага дывізыёну ў абстрэлах украінскіх пазыцыяў з заездам на тэрыторыю Украіны. Гэтая БТГр таксама вызначылася праз сваю “крэатыўнасьць”, у прыватнасьці, з разнастайнымі надпісамі-слоганамі на баявой тэхніцы а-ля “агітпропу” савецкіх часоў (падаем у арыгінале тут і далей): “Смерть фашистам”, “За Сталина”, “Смерть Айдару” і г.д. Праз тып, тактычныя знакі і бартавыя нумары баявое тэхнікі, зафіксаваныя ў фатаздымках М.Баюрава, мы і вызначылі ейную прыналежнасць.
Фатаздымкі з альбому Баюрава, датаваныя і выкладзеныя 14 жніўня 2014 году – памежны КПП “Ізварына” на дзяржаўнай мяжы Украіны і РФ (з дадаткам – прывязка да мясцовасьці). Камэнтары “Тым часам у Расеі…”, “У раёне Каменск-Шахцінска” (архівы 1, 2).
Заўвага: Тое, што КПП “Ізварына” зьяўляўся асноўнаю “брамаю” для расейскага ўварваньня ва Украіну ня ёсць навіною. Пра гэта неаднаразова пісалі й валянтэры нашае супольнасьці. Глядзіце артыкул Антона Паўлушкі з 29 верасьня 2014 году “Куды ехалі гэтыя пскоўскія дэсантнікі?”.
Фатаздымкі з альбому Баюрава, зробленыя за час з 11 жніўня па 29 верасьня 2014 году і выкладзеныя 10 сьнежня 2015 году, з камэнтарамі “добра, што стаяць, не ўздымаюць пыл”:
- Танкі Т-72Б3 з тактычнымі знакамі ў выглядзе жоўтых трыкутнікаў і жоўтымі бартавымі нумарамі – бартавы “830” з надпісам “Броневой щит ЛНР”, бартавы “827” з надпісам “СССР Мы Сила”. Фатаздымкі з 17 верасьня 2014 году (архівы 1, 2).
Танкі гэтага ж падразьдзяленьня, з падобнымі тактычнымі знакамі і з сэрыяй бартавога нумару “831”, з надпісамі “Смерть Айдару”, “За Сталина” InformNapalm зафіксаваў увосень 2014 году.
- Зэнітна-ракетны комплекс Страла-10 на базе МТ-ЛБ з надпісам “Смерть фашистам Айдара”. Фатаздымкі з 17 верасьня 2014 году (архіў 1).
- Калёна ў складзе “КамАЗ”-аў і МТ-ЛБ з узбраеньнем “НСВТ Уцёс”. На карме апошняй машыны можна выразна пабачыць надпіс: “Донбасс основан русскими”. На астатніх машынах надпісы прыкладна такога ж зьместу (“Русские основали города…, ДНР”). Таксама асобны МТ-ЛБ зь сярпом і молатам, з надпісам на носе “КС-1 С”. Фатаздымак з 17 верасьня 2014 году (архівы 1, 2).
- Зэнітныя ракетна-гарматныя комплексы “Тунгуска”. Першы – з перамаляваным жоўтым бартавым нумарам “841” і надпісамі на правым борце – “За Родину”, “За Сталина”, “Смерть хунте” (серп і молат) і “Небесные санкции”, на левым борце – “Привет киевским летчикам”, “За чистое небо”. Другі ЗРГК з бартавым нумарам “840” аглядае тэхпэрсанал, машына без якіх-кольвек надпісаў. Фатаздымкі з 17-26 верасьня 2014 году (архівы 1, 2, 3, 4, 5і 6).
- Баявы гэлікоптэр “Ка-52” (“Алігатар”), бартавы нумар “45” чырвоны, рэгістрацыйны RF 91109. Гэтая машына ўваходзіць у склад гэлікоптэрнага палку, які дысьлякуецца ў Коранеўскім раёне Краснадарскага краю РФ (в/ч 35666, колішняя 393-я авіябаза армейскай авіяцыі 4-га камандаваньня ВПС і СПА ЗС РФ). Фатаздымак з 17 верасьня 2014 году (архівы 1).
Гэлікоптэры гэтага тыпу InformNapalm зафіксаваў у памежных з Украінай палёх Растоўскае вобласьці РФ яшчэ ў верасьні 2014 году (што паводле храналёгіі супадае з камандыроўкай М.Баюрава), гл. “Расейскія баявыя гэлікоптэры Ка-52 “Алігатар” на мяжы з Украінай“.
Нагадваем, што гэта ня першы выпадак “зьліву” інфармацыі ад ВПК РФ. Увосень 2014 году ў памежным з Украінай раёне Растоўскае вобласьці была зафіксаваная група адмыслоўцаў-рамонтнікаў з ТАА “Пермскі рамонтны завод” – гл. “Уральскія рамонтнікі на перадавой“.
Глядзіце тэматычныя спасылкі што да 200-й АМБр СФ у кантэксьце “растоўска-ўкраінскай” камандыроўкі:
- 200-я Асобная матастралковая Брыгада Асаблівага Прызначэньня Паўночнага флёту ВМФ РФ ва Украіне, September 10, 2014
- Баявы шлях 200-й АМСБр асаблівага прызначэньня Паўночнага флёту ВМФ РФ – Растоўская вобласьць і Украіна – Частка Першая “Рэактыўшчыкі”, November 26, 2014
- Баявы шлях 200-й АМСБр асаблівага прызначэньня Паўночнага флёту ВМФ РФ. Растоўская вобласць і Украіна. Частка другая “Табар”, November 27, 2014
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа