Валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm на падставе выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі выявілі й дасьледавалі фармаваньне новае вайсковае часткі Збройных сілаў РФ ля межаў Беларусі й Украіны. У расьледаваньні пададзеныя факты й высновы, якія ёсьць карыснымі вайсковым аналітыкам і ўсім, хто цікавіцца таемнымі дзеяньнямі Расейскае Фэдэрацыі ў вайсковай сфэры.
Кантэкст
У 2014 годзе, з пачатку актыўнай фазы збройнай агрэсіі, Расейская Фэдэрацыя працягвае нарошчваць вайсковую прысутнасьць уздоўж ўсіх сухапутных і марскіх межаў Украіны.
У выніку на працягу апошніх 4 гадоў Расея зьдзейсьніла:
– Фармаваньне й разьмяшчэньне трох новых мотастралковых дывізіяў, падразьдзяленьні якіх знаходзяцца непасрэдна ля дзяржаўнай мяжы Украіны й Беларусі:
144-я матастралковая дывізія (МСД) 20-й агульнавайсковай арміі – г. Ельня/Смаленск;
3-я матастралковая дывізія 20-й агульнавайсковай арміі – г. Валуйкі;
150-я матастралковая дывізія 8-й агульнавайсковай арміі – г. Навачаркаск.
– Фармаваньне 1-й танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі (ЗВА), а таксама мотастралковых і танкавых дывізіяў у Заходняй і Паўднёвай вайсковых акругах (ПВА) РФ (2-я МСД, 4-я ТД, 42-я МСД і інш.), якія падчас вышкалаў адпрацоўваюць перакідваньне й вядзеньне баявых дзеяньняў уздоўж межаў Украіны, у тым ліку і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
– Перадысьлякацыя штабу 20-й арміі ЗВА з н.п. Муліна назад у Варонеж (з Варонежа ў Муліна штаб быў перанесены ў 2010 годзе);
– Фармаваньне на базе 12-га камандаваньня рэзэрву (КРЭЗ) ПВА (Навачаркаск) сьпярша Цэнтру тэрытарыяльных войскаў (ЦТВ, у 2015 г.), а пазьней 8-й арміі ПВА (у 2017 г.);
У гэты момант 8-я армія ПВА (а да гэтага 12-е КРЭЗ і ЦТВ) зьдзяйсьняе непасрэднае кіраваньне 1-м і 2-м акупацыйнымі армейскімі карпусамі тэрарыстычнага ўтварэньня “Л/ДНР” на часова акупаванай тэрыторыі Украіны, якія зьяўляюцца афіцыйнай і неад’емнай часткай войскаў ПВА і ўсіх Збройных сілаў РФ.
– Узмацненьне вайсковай прысутнасьці ў Чорным і Азоўскім морах, стварэньне перашкодаў міжнародным марскім грузаперавозкам праз Керчанскую пратоку й у водах Азоўскага мора;
– Правядзеньне буйных комплексных вайсковых вышкалаў, падчас якіх адпрацоўваюць глябальнае ўзаемадзеяньне паміж падразьдзяленьнямі й злучэньнямі розных родаў войскаў.
– Маштабнае рэфармаваньне й пераўзбраеньне войскаў, у першую чаргу ў падразьдзяленьнях ПДВ, ССА і РВСП;
У сукупнасьці з працягам гібрыднай агрэсіі РФ, а таксама ў зьвязку з сталымі спробамі дэстабілізацыі нутрыпалітычнае й грамадзкае абстаноўкі, усе зазначаныя вышэй дзеяньні маюць непасрэдную пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасьці й незалежнасьці Украіны.
Чытайце таксама: Генэральны плян вайсковага аб’екту ЗС РФ у Клінцах
Новая вайсковая частка ў Бранскай вобласьці
Паводле атрыманай інфармацыі, у Бранскай вобласьці (мяжуе з Магілеўскай і Гомельскай абласьцямі Беларусі, а таксама Чарнігаўскай і Сумскай абласьцямі Украіны) заплянаванае разьмяшчэньне яшчэ адной вайсковай часткі ЗС РФ.
На гэты момант на тэрыторыі Бранскае вобласьці дысьлякуецца шмат вайсковых частак, зь ліку навасфармаваных, станам на лета 2018 году:
– 488 матастралковы полк 144-й МСД – г. Клінцы;
– матастралковы полк 144-й МСД – с. Займішча (ваколіцы г. Клінцы) – нібы фармуюць толькі полк, але фактычна там месьціцца толькі палявы лягер з тэхнікай 488-й МСП; (у той жа час на новым генпляне г. Клінцы раён вакол гэтага лягеру пазначаны як «зона рэжымных тэрыторыяў»);
– 856-ы самаходна-артылерыйскі полк 144-й МСД – г. Почап/Почап-2 (на тэрыторыі колішняга 24-га палку ліквідацыі наступстваў аварыяў і аховы);
– асобны батальён матар’яльнага забесьпячэньня 144-й МСД – г. Почап;
– асобны мэдычны батальён 144-й МСД – г. Почап.
Новую ж вайсковую частку плянуюць разьмясьціць у г. Унеча.
Пра разьмяшчэньне ва Унечы новай часткі сталася вядома ў выніку візыту 12 кастрычніка 2018 г. у горад намесьніка камандыра войскамі Заходняе вайсковае акругі ў матар’яльна-тэхнічным забесьпячэньні, генэрал-лейтэнанту Андрэя Булыгі.
Мясцовыя СМІ паведамілі: «У горад прыбылі таксама намесьнік губэрнатару Сяргей Сяргееў і вайсковы камісар Бранскае вобласьці Андрэй Саломенцаў. Яны абмеркавалі мажлівасьць разьмяшчэньня вайсковае часткі ва Унечы. Дэлегацыя агледзела тэрыторыю й будынак колішняй чыгуначнай больніцы, у якой заплянаванае разьмяшчэньне вайсковае часткі…».
Насамрэч, падрыхтоўчую працу зьдзяйсьняюць ня толькі ў памяшканьнях колішняе Вузлавое больніцы г. Унеча, але й на прылеглай тэрыторыі, то бок зь вялікай доляй верагоднасьці рашэньне пра разьмяшчэньне ўжо канчаткова ўхваленае. Пра гэта сьведчыць і разьмяшчэньне на тэрыторыі гэтай больніцы пляну забудовы. Спынімся на гэтым больш падрабязна.
Мейсца дысьлякацыі
Паводле афіцыйных заяваў і СМІ Бранскага рэгіёну, у тым ліку афіцыйнага сайту Ураду Бранскае вобласьці, дэлегацыя на чале з генэрал-лейтэнантам Булыгам А.М. інспэктавала менавіта колішнюю чыгуначную больніцу г. Унеча.
Нягледзячы на тое, што яна ўжо не функцыянуе прыблізна 10 гадоў, ейныя каардынаты можна лёгка вызначыць з дапамогаю адкрытых крыніцаў інфармацыі.
У вызначаных каардынатах (52.853181, 32.666725) знаходзіцца комплекс некалькіх будынкаў, галоўным зь якіх зьяўляецца непасрэдна будынак колішняй Вузлавой больніцы (2- і 3-павярховыя карпусы). Побач знаходзіцца дзейная Цэнтральная раённая больніца г. Унеча.
Гэтае памяшканьне, згодна з гістарычнай даведкай і лістом жыхароў кіраўніку РФ з 2008 году, яшчэ да Другой усясьветнай вайны функцыянавала як Вузлавая больніца тады яшчэ «станцыі Унеча». Пасьля вайны яе аднавілі, колькасьць ложка-мейсцаў было разьлічанае на 250 чалавек. Напачатку нулявых гадоў тут знаходзілася радзільнае аддзяленьне г. Унеча, але яно цалкам спыніла функцыянаваньне пасьля таго, як больніцу перадалі ў 2008 годзе з ўласнасьці ААТ «РЖД» ва ўласнасць мясцовае Цэнтральнае раённае больніцы.
Дэ-факта праца што да адчужэньня маёмасьці Вузлавое больніцы скончылася ў 2011 годзе, што каштавала для бюджэту вобласьці 10 млн рублёў.
У 2012 годзе чынны на той час губэрнатар заявіў , што капрамонт будзе скончаны ў 2013 годзе й цягам 2012-2013 гадоў на яго выдаткуюць 61,5 млн. рублёў. З улікам кошту набыцьця памяшканьняў у ААТ «РЖД» і вартасьці працаў за 2011 год агульная сума, выдаткаваная на капітальны рамонт памяшканьняў склала прыблізна 77 млн. рублёў.
У артыкуле унецкага інтэрнэт-рэсурсу з 30.01.2015 г. апублікавае інтэрвію з галоўным лекарам ЦРБ Уладзіміравым А.М. Зь інтэрвію стае зразумела, што падраднік скончыў капрамонт толькі ў снежні 2014 году, то бок на год пазьней заплянаванага тэрміну. Таксама паведамленае, што ў ЦРБ у 2015 год засталося толькі 115 ложка-мейсцаў, а для ніх цалкам дастаткова цэнтральнага корпусу раённае больніцы.
Такім чынам, пасля сканчэньня рамонту ў сьнежні 2014 году, будынак колішняй Вузлавой больніцы не выкарыстоўвалі й, верагодна, у ім не было належнага ацяпленьня. З улікам гэтага маецца верагоднасьць, што за амаль 4 гады вынікі капрамонту маглі быць часткова зьнішчаныя, а памяшканьні, мажліва, патрабуюць паноўнага рамонту.
Дадатковая прывязка да мясцовасьці
У выніку аналізу здымкаў, зробленых падчас наведаньня Унечы дэлегацыяй, можна зрабіць выснову, што некаторыя фота сапраўды былі зробленыя на тэрыторыі колішняй чыгуначнай больніцы. Больш за тое, менавіта на гэтай тэрыторыі знаходзяцца інфармацыйныя стэнды з арганізацыйна-штатнай структурай новага падразьдзяленьня й, верагодна, з плян-схемамі абсталяваньня тэрыторыі й іншымі інфармацыйнымі дадзенымі.
Пра меркаваную дысьлякацыю часткі менавіта ў гэтым мейсцы сьведчыць і відэа мясцовага YouTube-канала «Первый унечский канал» (рас.). Апэратар здымае на камэру тэрыторыю й будынкі колішняй чыгуначнай больніцы, а фатаздымкі напачатку відэа з чальцамі дэлегацыі сьведчаць пра тое, што яны былі менавіта тут. Гэтак жа ў відэа можна выразна пачуць, што ўнутры памяшканьняў адбываюцца рамонтныя працы.
Паводле інфармацыі, атрыманай ад мясцовых жыхароў г. Унеча ў сацсетках, з высокай доляй верагоднасьці можна сьцьвярджаць, што новая інфраструктура будзе створаная, цалкам мажліва, у раёне поля паміж тэрыторыяй колішняй чыгуначнай больніцы, Благавешчанскага храму й Парку імя Уральскіх добраахвотнікаў. У прыватнасьці, маюцца паведамленьні пра высокі ўзровень актыўнасьці вайскоўцаў ЗС РФ у гэтым раёне праз 6 дзён пасьля ад’езду камісіі ЗВА.
Род войскаў і фармат новай часткі
У выніку аналізу наяўных фота з прадстаўнікамі камісіі ЗВА і іншых крыніцаў інфармацыі вызначаны род войскаў і іншыя асаблівасьці будучай вайсковай часткі ў г. Унеча.
Калі ў мясцовых сацсетках пачалі актыўна абмяркоўваць тэму прыбыцьця вайскоўцаў у іхны горад, то большасьць схілялася да таго варыянту, што гэта будзе вайсковы шпіталь. Напэўна гэтая чутка зьявілася праз разьмяшчэньне асабовага складу на тэрыторыі колішняе больніцы. Але пасьля вывучэньня ўсіх наяўных матар’ялаў падобны варыянт лічым малаверагодным.
Высьветленае, што найбольш слушную інфармацыю апублікаваў карыстальнік Генадзь Аксёнаў 14 кастрычніка 2018 г.
Па-першае, тое, што частка будзе выконваць задачы што да матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня (МТЗ), было зразумела ад пачатку, бо прыляцеў менавіта намесьнік камандыра акругі ў МТЗ.
Па-другое, з дапамогаю апрацоўкі аднаго фатаздымку, выкладзенага з добрай рэзалюцыяй (дзякуй мясцовым СМІ) удалося прачытаць частку надпісаў на інфармацыйных стэндах (гл. фота).
Зьлева направа (пакідаем у арыгінале):
1-ы стэнд – з урыўкаў фразаў можна зразумець, што гэта, цалкам мажліва, база МТЗ: «…предназначена для: …. хранения материальных средств …запасов мат. средств … иных средств обеспечения…». На мапе, мажліва, пазначаная схема сувязі;
2-і стэнд – можна выразна пабачыць схему структуры часткі (тэкст неразборлівы), маюцца надпісы «основные подразделения» і «подразделения обеспечения». Таксама ёсьць табліца з назовам «Укомплектованность 5(?) …(неразборліва, найменьне часткі)».
3-і стэнд – схема разьмяшчэньня элемэнтаў інфраструктуры на мясцовасьці;
4-ы стэнд – верагодна, дадзеныя пра горад Унеча.
Іншыя дадзеныя знаходзяцца ў працэсе расшыфроўкі.
Прыналежнасьць новае вайсковае часткі
Відавочна, што гэтая «частка/база МТЗ» будзе ўваходзіць у структуру МТЗ Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ.
Верагоднасьць таго, што яна будзе падпарадкаваная 144-й МСД вельмі малая, бо:
– з усіх афіцэраў, якія СМІ не пазначалі як удзельнікў сустрэчы, але якіх удалося ідэнтыфікаваць паводле фота, ніхто не рэпрэзэнтуе 144-ю МСД (папярэдне);
– у складзе 144-й МСД ужо ёсьць асобны батальён матар’яльнага забесьпячэньня ў г. Почап з добрым адрамантаваным ПСД на «Лакатарах» (гэтак называюць раён у Почапе);
Адзін з афіцэраў, што прысутнічаў на сустрэчы з намесьнікам камандыра акругі ў МТЗ у г. Унеча, зь вялікай доляй верагоднасьці зьяўляецца прадстаўніком кіраваньня аднае з брыгадаў МТЗ Заходняе вайсковае акругі.
Гэты афіцэр мае званне “палкоўнік” (назавем яго «палкоўнік N») і зафіксаваны ў большасьці фатаздымкаў, аднак разгледзець удалося толькі ягоны шаўрон на правым рукаве.
Паводле формы гэты шаўрон зьяўляецца брыгадным (то бок не належыць 144-й МСД).
Стандартнымі элемэнтамі геральдыкі для шаўронаў асобных брыгадаў МТЗ зьяўляюцца гербы (па цэнтру і часам у цэнтры шасьцярні) і скрыжаваныя сякера (сякера, алябарда) і ключ (гаечны або развадны).
Шаўроны злучэньняў і падразьдзяленьняў МТЗ ЗС РФ вы можаце вывучыць праз спасылку.
Шаўрон, сфатаграфаваны на рукаве «палкоўніка N», зьяўляецца не стандартным і на гэты момант пакуль не ідэнтыфікаваны. У цэнтры яго можна пабачыць герб ЗВА. На фоне скрыжаваныя гаечны ключ і сякера незвычайнае формы. Мажліва, замест сякеры тут другі ключ, толькі развадны. Падобны шаўрон раней ня быў зафіксаваны.
Ніжэй вы можаце параўнаць зь ім шаўроны аднае з сфармаваных асобных брыгадаў МТЗ ЗС РФ – 51 АБрМТЗ (Краснае сяло/Санкт-Пецярбург, в/ч 72152) – адная з дзьвюх АБрМТЗ Заходняе вайсковае акругі.
Усе пазначаныя варыянты шаўронаў аднае й тае ж брыгады ў фота можна набыць у інтэрнэт-крамах РФ. На некаторых разьмяшчэньне не на брыгадным шчыце, але на шчыце акругі.
У 69-й АБрМТЗ ЗВА шаўрон падобны на 51-ю АБрМТЗ, але ўсё адно ён не ідэнтычны на 100% шаўрону на рукаве «палкоўніка N».
Палявы шаўрон 51-й брыгады адрозьніваецца ад шаўрону палкоўніка толькі тым, што замест алябарды на ім другі ключ.
Цалкам мажліва, шаўроны вышэйшага афіцэрскага складу з ліку брыгадаў могуць трохі адрозьнівацца сваімі элемэнтамі ад шаўронаў іншых вайскоўцаў брыгады. Таму прыналежнасьць гэтага «палкоўніка N» да брыгады МТЗ ЗВА (або да Цэнтру МТЗ ЗВА) зьяўляецца толькі здагадкай.
Такім чынам, робім выснову, што вайсковая частка, якую плянуюць разьмясьціць у г. Унеча, будзе часткай сыстэмы матар’яльна-тэхнічнага забесьпячэньня Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ, і будзе альбо падпарадкоўвацца непасрэдна штабу ЗВА, альбо будзе падразьдзяленьнем аднаго з злучэнняў МТЗ ЗВА.
Мэтавае прызначэньне – захоўваньне запасаў матар’яльных сродкаў для забесьпячэньня войскаў (аўтамабільная тэхніка/запчасткі/паліва/боепрыпасы – у працэсе ўдакладненьня). Мажлівае ўзьвядзеньне новых элемэнтаў інфраструктуры, у тым ліку гэлікоптэрнае пляцоўкі й блёчна-модульных канструкцыяў.
Асаблівасці будаўніцтва, рамонтных працаў і перадысьлякацыі
З улікам паведамленьняў мясцовых жыхароў г. Унеча пра актыўную дзейнасьць вайскоўцаў у раёне новага мейсца дысьлякацыі, нестандартным ёсьць поўная адсутнасьць фота з вайскоўцамі ў сацсетках “VK”, “ОК”, Instagram і іншых. Досьвед перадысьлякацыі й фармаваньня 144-й МСД паказаў, што нават ва ўмовах суворае забароны на публікацыю фатаздымкаў з вайсковых аб’ектаў жаўнеры зазвычай выкладваюць фота побытавых умоваў ці мейсцаў адпачынку.
У гэтым жа выпадку фатаздымкі вайскоўцаў у раёне г. Унеча ня выяўленыя. Гэта сьведчыць пра тое, што альбо жаўнеры яшчэ не прыбылі ў вялікай колькасьці, альбо дзеяньні Крамля могуць быць дэманстрацыйнымі, што малаверагодна.
Рэакцыя мясцовых жыхароў
Мясцовыя жыхары да разьмяшчэньня вайсковае часткі ў сваім маленькім мястэчку ставяцца нэгатыўна. Бо з досьведу г. Клінцы вядома, што пасьля перадысьлякацыі туды вялікае колькасьці вайскоўцаў, рэзка падвысіліся кошты на жыльлё, прадукты, паслугі й адпачынак, павялічалася колькасьць канфліктаў мясцовых жыхароў з прыхаднямі, маюцца выпадкі ўчыненьня цялесных пашкоджаньняў і зьявіліся праблемы з разьмяшчэньнем дзяцей у дзіцячых садкох і школах. Знаходжаньне вялікае колькасьці кантрактнікаў у горадзе непасрэдна ўплывае на зьніжэньне агульнага духоўна-маральнага стану ў горадзе. Апроч гэтага значна ўзрастае й наўпроставая пагроза жыцьцю для мясцовых жыхароў праз разьмяшчэньне побач з жылымі раёнамі выбуханебяспечных складоў.
Паводле камэнтароў у сацсетках, частка мясцовых жыхароў ужо ўсьведамляе маштабы новай паўсталай для ніх праблемы.
Высновы
РФ працягвае нарошчваць вайсковую прысутнасьць уздоўж мяжы зь Беларусьсю й Украінай.
Разьмяшчэньне новых вайсковых частак менавіта ў Бранскай вобласьці дазваляе Крамлю зьдзяйсьняць вайскова-палітычны ціск адначасова, як на кіраўніцтва Беларусі, гэтак і Украіны.
З улікам асаблівасьцяў мясцовасьці й інфраструктуры гэтага рэгіёну разгортваньне й прасоўваньне войскаў РФ цалкам мажліва будзе адбывацца ў напрамку Беларусі. Аднак гэта не азначае, што войскі РФ ня будуць выкарыстаныя і супроць Украіны.
Калі ж узяць пад увагу наяўнасьць у г. Унеча добрай чыгуначнай разьвязкі й трасы рэгіянальнага значэньня паблізу, то можна меркаваць, што частка/база МТЗ Заходняе вайсковае акругі, якая фармуецца, разьмяшчаецца тут з мэтай апэратыўнага забесьпячэньня ўсіх дысьлякаваных у гэтым раёне мотастралковых, танкавых і артылерыйскіх падразьдзяленьняў ЗС РФ. Гэта можа сьведчыць пра падрыхтоўку да патэнцыйных баявых дзеяньняў і манэўраў войскаў на гэтым напрамку ў кароткатэрміновай пэрспэктыве.
Падзяка
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Yura Galushko адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа