Заходнія спэцслужбы адразу чатырох краінаў раскрылі расейскую в/ч 29155 Галоўнага ўпраўленьня Генштабу ЗС РФ (колішняе ГРУ), якая праводзіць дывэрсіі ў Эўропе, паведамляе New York Times. Рэдакцыя InformNapalm надае пераклад і агляд гэтай публікацыі, а таксама карысную інфармацыю пра зазначаную вайсковую частку.
Пра што напісалі ў New York Times
Сьпярша пачалася кампанія што да дэстабілізацыі ў Малдове, потым быў атручаны гандляр зброяй у Баўгарыі, а пасьля – няўдалы дзяржаўны пераварот у Чарнагорыі. Летась у Вялікай Брытаніі быў зьдзейсьнены замах на колішняга агента расейскае выведкі з выкарыстаньнем нэрвова-паралітычнага рэчыва, сьледзтва выявіла адбіткі пальцаў супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў. Напачатку гэтыя інцыдэнты лічылі адзінкавымі й не зьвязанымі міжсобку.
Расьледаваньне атручваньня Сяргея Скрыпаля ў Вялікай Брытаніі ў 2018 годзе / Chris J Ratcliffe/Getty Images
Зараз афіцыйныя асобы заходніх спэцслужбаў прыйшлі да высновы, што гэтыя апэрацыі, і, мажліва, многія іншыя, праводзіліся ў межах скаардынаванай кампаніі што да дэстабілізацыі сытуацыі ў Эўропе. Іх зьдзяйсьнялі элітныя падразьдзяленьні ў складзе расейскае выведвальнае сыстэмы, якія валодаюць навыкамі вядзеньня падрыўное дзейнасьці, сабатажу й учыненьня забойстваў.
Вайсковая частка 29155 ГУ ГШ (кол. ГРУ)
Група, вядомая з назовам “вайсковая частка 29155”, дзейнічае, як мінімум, 10 гадоў, але заходнія спэцслужбы выявілі яе толькі нядаўна. Паводле словаў прадстаўнікоў выведкі чатырох заходніх краінаў, невядома, як часта мабілізуюць апэратыўнікаў гэтага падразьдзяленьня.
Выяўленьне в/ч 29155 ёсьць сьведчаньнем актыўнасьці, зь якой кіраўнік РФ Уладзімер Пуцін змагаецца з Захадам, супроць якога зьдзяйсьняецца так званая гібрыдная вайна з выкарыстаньнем усяго арсэналу сродкаў – ад прапаганды, хакерскіх атакаў і распаўсюду дэзінфармацыі да правядзеньня палітыкі адкрытай ваеннай канфрантацыі.
“Я думаю, мы забыліся на тое, якімі жорсткімі паводле сваёй сутнасьці могуць быць расейцы”, – заявіў Пітэр Цвак (Peter Zwack), адстаўны афіцэр вайсковай выведкі й колішні аташэ ў пытаньнях абароны ў амбасадзе ЗША ў Маскве, які паведаміў, што ён ня ведаў пра існаваньне гэтае вайсковай часткі.
У СМС-паведамленьні прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў запрапанаваў зьвярнуцца з пытаньнямі пра в/ч 29155 да Міністэрства абароны Расеі. Аднак на запыт МА РФ не адказала.
Вайсковая частка, схаваная за бэтонным мурам 161-га Цэнтру падрыхтоўкі адмыслоўцаў на ўсходзе Масквы, падпарадкаваная Галоўнаму ўпраўленьню Генштабу Збройных сілаў РФ, органу зьнешняй вайсковай выведкі, больш вядомаму як ГРУ (у адпаведнасьці з арыгіналам публікацыі далей выкарыстоўваецца менавіта гэтая абрэвіятура – заўв.рэд).
Заходнія спэцслужбы пачалі “складаць пазлы”
Хаця шмат што ў апэрацыях ГРУ застаецца таямніцай, заходнія спэцслужбы маюць зараз больш дакладнае разуменьне нутранае арганізацыі гэтае структуры. Паводле дадзеных амэрыканскіх чыноўнікаў, за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году два супрацоўнікі двух кібэрпадразьдзяленьняў ГРУ, вядомых як в/ч 26165 ды в/ч 74455, узламалі сэрвэры Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнае партыі й штабу Гілары Клінтан, а потым апублікавалі раскрытае нутранае ліставаньне дзеля кампрамэнтацыі.
Летась Робэрт Мюлер, спэцыяльны пракурор, які кураваў расьледаваньне што да ўмяшальніцтва Расеі ў выбары 2016 году, абвесьціў абвінавачваньні больш чымся дзесяці вайскоўцам гэтых падразьдзяленьняў, хаця ўсе яны, як і раней, застаюцца на волі. Хакерскія групоўкі збольшага дзейнічаюць з Масквы, за тысячы кілямэтраў ад аб’ектаў сваіх атакаў.
Што да вайскоўцаў в/ч 29155, вызначанае, што яны зьдзяйсьняюць паездкі ў эўрапейскія краіны й вяртаюцца назад. Некаторыя зь іх маюць узнагароды як ветэраны самых крывавых войнаў, якія вяла Расея, у тым ліку ў Аўганістане, Чачэніі й ва Украіне. Апэрацыі, якія праводзяць вайскоўцы гэтага падразьдзяленьня, зьяўляюцца нагэтулькі сакрэтнымі, што, паводле зьвестак заходніх спэцслужбаў, пра існаваньне гэтае вайсковае часткі, цалкам мажліва, ня ведаюць нават іншыя апэратыўнікі ГРУ.
Генэрал-маёр Андрэй Авяр’янаў (леваруч), камандыр падразьдзяленьня. Палкоўнік Анатоль Чэпіга быў абвінавачаны ў Вялікай Брытаніі ў атручваньні Скрыпаля / nytimes.com
Гэтая вайсковая частка ёсьць, мабыць, згуртаванай супольнасьцю. У здымку, зробленым у 2017 годзе, можна пабачыць камандыра гэтага падразьдзяленьня генэрал-маёра Андрэя Авяр’янава падчас вясельля ягонай дачкі, ён мае шэры касьцюм і чорны мятлік. Ён пазуе разам з палкоўнікам Анатолем Чэпігаю, адным з двух афіцэраў, якіх у Вялікай Брытаніі абвінавачваюць ў замаху на колішняга агента выведкі Сяргея Скрыпаля.
“Гэта падразьдзяленьне ГРУ, якое цягам многіх гадоў дзейнічае па ўсёй Эўропе”, – сказаў супрацоўнік аднае з эўрапейскіх службаў бясьпекі, які пагадзіўся абмеркаваць пытаньні што да сакрэтнай інфармацыі з умовамі захаваньня ананімнасьці, – Неспадзянкаю сталася тое, што апэратыўнікі гэтае вайсковае часткі ГРУ адчулі сябе нагэтулькі беспакаранымі, што пачалі зьдзяйсьняць гэтую вельмі варожую дзейнасьць у сяброўскіх краінах. Гэта было шокам”.
Чарнагорыя
Кожная з чатырох апэрацыяў, зьвязаных з гэтай вайсковай часткаю, у той ці іншай ступені прыцягнула ўвагу грамадзкасьці, хаця ўлады не адразу пераканаліся ў тым, што яны зьвязаныя міжсобку. Заходнія спэцслужбы ўпершыню вылічылі дзейнасьць апэратыўнікаў гэтага падразьдзяленьня ў 2016 годзе пасьля няўдалага перавароту ў Чарнагорыі, падчас якога, у выніку зьдзяйсьненьня замаху, арганізаванага двума афіцэрамі гэтага падразьдзяленьня, плянавалася забіць прэм’ер-міністра краіны й захапіць будынак парляманту.
Баўгарскі гандляр зброяй Эміліян Гебрэў выжыў у выніку замаху на яго ў 2015 годзе / Nikolay Doychinov/Agence France-Presse — Getty Images
Вялікая Брытанія, справа Скрыпалёў
Але спэцслужбы пачалі разумець, што канкрэтнай задачай апэратыўнікаў гэтае часткі ёсьць дэстабілізацыя сытуацыі, толькі пасля атручваньня ў сакавіку 2018 году колішняга афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля, які здрадзіў Расеі і заняўся шпігунствам на карысьць Вялікай Брытаніі. Скрыпаль і ягоная дачка Юлія ў выніку дзеяньня высокатаксычнага нэрвова-паралітычнага рэчыва апынуліся ў вельмі цяжкім стане, але выжылі. Пацярпелі яшчэ трое людзей, сярод іх супрацоўнік паліцыі. Чалавек, які знайшоў невялікі флякон, які, паводле інфармацыі брытанскіх уладаў, быў выкарыстаны для транспартаваньня атрутнага рэчыва, перадаў яго сваёй сяброўцы. Дон Стэрджэс нанесла зьмесьціва флякону, які палічыла парфумай, сабе на скуру, што сталася прычынай ейнае гібелі.
Атручваньне спрычынілся да геапалітычнага супрацьстаяньня, калі больш за 20 краінаў, разам з ЗША, на знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй выслалі 150 расейскіх дыпляматаў.
Урэшце, брытанская ўлада выкрыла двох падазраваных, якія прыехалі ў краіну пад прыкрыцьцём фіктыўных імёнаў. Пазьней яны былі ідэнтыфікаваныя журналістамі-расьледавальнікамі Bellingcat. Імі апынуліся палкоўнік Анатоль Чэпіга й Аляксандар Мішкін. Праз паўгоду пасьля атручваньня брытанская пракуратура абвесьціла абодвум абвінавачваньні ў тым, што яны прывезьлі нэрвова-паралітычнае рэчыва ў будынак Скрыпаля ў Солсбэры, Ангельшчына, і нанесьлі яго на ўваходныя дзверы.
Але апэрацыя была больш складанай, чымся заяўлялі ўлады.
Як паведамілі два эўрапейскія супрацоўнікі спэцслужбаў, роўна за год да атручваньня ў Вялікую Брытанію прыязджалі трое апэратыўнікаў в/ч 29155, мажліва, для падрыхтоўкі апэрацыі. Адным зь іх быў Аляксандар Мішкін. Другі прыехаў пад прыкрыцьцём фіктыўнага імя “Сяргей Паўлаў”. Супрацоўнікі выведкі мяркуюць, што трэці апэратыўнік – «Сяргей Фядотаў» – (сапраўднае імя Дзяніс Сяргееў, генэрал-маёр ГРУ – заўв.рэд.) кіраваў апэрацыяй.
Баўгарыя
Неўзабаве спэцслужбы вызначылі, што двое з гэтых апэратыўнікаў – вядомыя пад фіктыўнымі імёнамі Фядотаў і Паўлаў – уваходзілі ў групу, якая ў 2015 годзе спрабавала атруціць баўгарскага гандляра зброяй Эміліяна Гебрава (Emilian Gebrev). (Іншымі апэратыўнікі, таксама вядомымі толькі пад фіктыўнымі імёнамі, паводле зьвестак эўрапейскіх спэцслужбаў, былі Іван Лебедзеў, Мікалай Кананыхін, Аляксей Нікіцін і Даніла Сьцяпанаў).
Група гэтых людзей двойчы намагалася забіць Гебрава – адзін раз у сталіцы Баўгарыі Сафіі, а потым у ягоным доме на ўзьбярэжжы Чорнага мора празь месяц пасьля першага замаху.
Заходнія спэцслужбы ўпершыню ідэнтыфікавалі падразьдзяленьне пасьля няўдалага перавароту 2016 года ў Чарнагорыі, падчас якога плянавалася забойства прэм’ер-міністра Міла Джукановіча (у цэнтры) / Savo Prelevic/Agence France-Presse — Getty Images
У лютым, выступаючы перад журналістамі на Мюнхэнскай канфэрэнцыі што да бясьпекі, Алекс Янгэр (Alex Younger), дырэктар брытанскае Службы зьнешняе выведкі МІ-6, распавёў пра павялічэньне маштабу расейскае пагрозы й намякнуў на ўзаемасувязь між апэрацыямі, не называючы канкрэтнага вайсковага падразьдзяленьня.
“Вы ж бачыце, што гэта скаардынаваная кампанія – і, так, у ёй заўжды удзельнічаюць адны і тыя ж людзі”, – сказаў Янгэр, зазнаючы канкрэтна пра атручваньне Скрыпаля ды спробу дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі. – Мы лічым, што з боку ГРУ і іншых расейскіх спэцслужбаў зыходзіць сталая пагроза. Усяму ёсьць мяжа”.
Крэмль мяркуе, што Расея змагаецца супроць заходняга лібэральнага парадку, у якім яна бачыць экзыстэнцыяльную пагрозу.
Пуцін і ГРУ
У лістападзе падчас урачыстай цырымоніі, прысьвечанай 100-годзьдзю Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу ЗС РФ (ГРУ), Пуцін стаяў пад эмблемай вайсковай выведкі – чырвонага гвазьдзіку й грэнады з трыма вагнямі полымя. Ён назваў ГРУ “легендарным”. Як колішні выведнік, Пуцін правёў наўпроставую лінію між афіцэрамі-выведнікамі Чырвонай Арміі, якія дапамагалі перамагчы нацыстаў у Другой усясьветнай вайне, і афіцэрамі ГРУ, “унікальныя мажлівасьці” якіх зараз выкарыстоўваюцца ў апэрацыях супроць розных ворагаў.
“Патэнцыял канфліктаў у сьвеце, на жаль, павялічваецца”, – сказаў Пуцін падчас сваёй прамовы. – Выкарыстоўваюцца правакацыі й адкрытая хлусьня, зьдзяйсьняюцца спробы парушыць стратэгічны парытэт”.
У 2006 годзе Пуцін падпісаў закон, які легалізуе мэтаскіраваныя забойствы за мяжою, і ў тым жа годзе ў Лёндане група расейскіх забойцаў выкарыстала радыёактыўны ізатоп, каб забіць Аляксандра Літвіненку, яшчэ аднаго колішняга расейскага агента.
Вайсковыя кілеры ГРУ
ГРУ (у прыватнасьці, в/ч 29155) – не адзіная спэцслужба, якой даручанае праводзіць падобныя апэрацыі, лічаць супрацоўнікі службаў бясьпекі. Брытанскія ўлады мяркуюць, што забойства Літвіненкі ўчынілі апэратыўнікі Фэдэральнае службы бясьпекі (ФСБ), спэцслужбы, якую калісьці ачольваў Уладзімер Пуцін і якая часта канкуруе з ГРУ.
Выбарчая агітацыя ў Кішынэве ў 2014 годзе дэманструе прадстаўнікоў антыэўрапейскай сацыялістычнай партыі разам з кіраўніком Расеі Уладзімерам Пуціным / Gleb Garanich/Reuters
Хаця пра самую в/ч 29155 вядома няшмат, з расейскіх адкрытых крыніцаў даступная інфармацыя, згодна зь якой можна атрымаць уяўленьне пра больш шырокую гібрыдную стратэгію Крамля.
У 2012 годзе паводле пастановы Міністэрства абароны РФ тром вайсковым часткам была прызначаная выплата штомесяцовых надбавак за «асаблівыя дасягненьні ў службе». Адною зь іх была в/ч 29155. Іншая – в/ч 74455, вайскоўцы якой удзельнічалі ў апэрацыях што да ўмяшальніцтва ў амэрыканскія выбары 2016 году. Трэцяя – вайсковая частка 99450, вайскоўцы якой, як лічаць, удзельнічалі ў анэксіі ўкраінскае паўвыспы Крым у 2014 годзе.
Адстаўны афіцэр ГРУ, які ведае пра вайсковую частку 29155, заявіў, што яна спэцыялізуецца на падрыхтоўцы “дывэрсійных” апэрацыяў, “групавых або індывідуальных – выбухаў, забойстваў, усяго што заўгодна”.
“Там служылі сур’ёзныя хлопцы”, – сказаў афіцэр у адстаўцы. – “Яны былі афіцэрамі, якія працавалі пад прыкрыцьцём і ў якасьці агентаў выведкі за мяжою”.
У фатаздымках старога дому, у якім раней знаходзілася частка, і які потым быў закінуты, можна пабачыць безьліч пірамідаў для вінтовак з шыльдамі з пазначэньнем назваў розных відаў зброі – ў тым ліку бэльгійскіх снайпэрскіх вінтовак FN-30, нямецкіх аўтаматаў G3A3s. Аўтаматычныя вінтоўкі Steyr AUG і амэрыканскія M16. У фота таксама зафіксаваны аркуш з плянам трэнаваньняў і апісаньнем практыкаваньняў, у тым ліку трэнаваньні ў ручным баі. Супрацоўнік ГРУ ў адстаўцы пацьвердзіў сапраўднасьць гэтых фатаздымкаў, апублікаваных адным з расейскіх блёгераў.
Генэрал Авяр’янаў
Сёньняшні камандыр падразьдзяленьня, генэрал Авяр’янаў, скончыў у 1988 годзе Ташкенцкую вайсковую акадэмію ва Узбэкістане. Цалкам мажліва, ён ваяваў у першай і другой чачэнскіх войнах, а ў студзені 2015 году быў узнагароджаны медалём Героя Расеі – самай высокай узнагародаю краіны. Такую ж ўзнагароду атрымалі й два афіцэры, абвінавачаных у атручваньні Скрыпаля.
Хоць гэтая вайсковая частка зьяўляецца элітнаю, ейны бюджэт, пэўна, абмежаваны. Паводле расейскіх адкрытых крыніцаў, генэрал Авяр’янаў жыве ў старым будынку савецкіх часоў за некалькі кварталаў і перасоўваецца на калымазе расейскае вытворчасці – машыне ВАЗ 21053 1996 году выпуску. У камандыроўках апэратыўнікі часта спыняюцца ў танных гатэлях у адным пакоі, каб ашчадзіць грошы. Брытанскія сьледчыя кажуць, што падазраваныя ў атручваньні Скрыпаля спыняліся ў недарагім гатэлі ў Боў, бедным раёне Усходняга Лёндану.
Супрацоўнікі эўрапейскіх службаў бясьпекі зьдзіўленыя відавочнай нядбайнасьцю, зь якой апэратыўнікі гэтае вайсковае часткі праводзілі апэрацыі. Скрыпаль пасьля замаху выжыў, як і баўгарскі гандляр зброяй Гебраў. Спроба дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі прыцягнула шмат увагі, але ў выніку была няўдалай. Праз год Чарнагорыя ўступіла ў NATO. Паводле словаў прадстаўнікоў службаў бясьпекі, ня выключанае, што яны яшчэ раскрыюць іншыя, больш пасьпяховыя апэрацыі.
Цяжка сказаць, ці заклапочаны Крэмль гэтай нядбайнасьцю. На думку супрацоўнікаў спэцслужбаў, гэта можа быць частковаю сутнасьцю справы.
“Падобнага кшталту выведвальныя апэрацыі сталіся часткаю псыхалягічнае вайны”, – кажа Ээрык-Нійлэс Крос (Eerik-Niiles Kross), колішні дырэктар каардынацыйнага бюро спэцслужбаў у Эстоніі. – Рэч ня ў тым, што яны сталіся значна больш агрэсіўнымі. Яны хочуць, каб іх “адчувалі”. Гэта частка гульні”.
Дадатковая інфармацыя пра в/ч 29155 з адкрытых крыніцаў
У адкрытых крыніцах інфармацыі выяўленая адрэса в/ч 29155: г. Масква, вул. 11-я Паркавая, б. 38а.
Камандыр вайсковай часткі – Авяр’янаў Андрэй Уладзімеравіч.
Дата рэестрацыі часткі – 02.12.2009 г.
Праз спасылку можна азнаёміцца зь інтэрактыўным графам фінансавых сувязяў гэтае вайсковае часткі зь іншымі юрыдычнымі асобамі.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа