Падчас зьдзяйсьненьня выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі OSINT-экспэрты міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm выявілі сацыяльны профіль аднаго з баявікоў 1-й АМСБр (асобнай мотастралковай брыгады) «ДНР», вайсковая частка 08801, раскватэраваная ў Данецку (акупаваны аб’яднанымі расейска-сэпаратысцкімі сіламі горад Украіны абласнога значэньня).
У гэтым матар’яле мы апішам шлях афіцэра-найміта пачынаючы зь ягонага навучаньня ў вайсковым інстытуце ў Бішкеку і праходжаньня курсаў у Міжнародным унівэрсытэце Анталіі да ўдзелу ў вайне на Данбасе, дзе выявіліся прадпрымальніцкія здольнасьці Азіза, зьвязаныя з гандлем ворганамі.
«Рукапісы не гараць»
Падчас зьдзяйсьненьня паглыбленага маніторынгу й аналізу ўсіх сацыяльных акаўнтаў аб’екту дасьледаваньня былі сабраныя наступныя дадзеныя: Азіз Іваноў/Бялоў/Банышаў фігуруе ў сацыяльных сетках з трыма прозьвішчамі і з адным і тым жа імем. Фота, якія ён выклаў у Сеціве, сьведчаць пра тое, што гэта адзін і той жа чалавек. Аналіз роднасных сувязяў і аддаленых запісаў, якія засталіся ў кэшаваных старонках Google, выводзіць на сапраўднае прозьвішча аб’екту – Банышаў.
Гісторыя аб’екту даследаваньня
Азіз Банышэў, 16.11.1990 году нараджэньня. Нарадзіўся ў горадзе Караколе (Пржэвальск), Кыргызская Рэспубліка. Вызнае іслам. Палітычныя погляды – камуністычная ідэалёгія (спасылка на профіль «VK», архіў профілю).
Шлях прафэсійнага вайскоўца
У 2012 годзе скончыў Бішкецкую вышэйшую вайсковую вучэльню (БВВУ) (у цяперашні час навучальная ўстанова мае назву Вышэйшы вайсковы інстытут Збройных сілаў Кыргызскай Рэспублікі).
У гэтай ВВНУ ажыцьцяўляюць навучаньне ў спэцыяльнасьцях «тактыка-спэцыяльная падрыхтоўка памежных войскаў» і «камандна-тактычная падрыхтоўка мотастралковых войскаў (пяхота)». Абедзьве спэцыяльнасьці прадугледжваюць вывучэньне ангельскай, нямецкай, французскай ці турэцкай мовы паводле выбару. Зыходзячы з дадзеных акаўнта Азіза ў сацсеціве «Мой сьвет» aziz9010@mail.ru (архіў: https://archive.is/LYXCe), дзе ён назваў сябе Вясёлым Памежнікам, можна зрабіць здагадку, што навучаўся фігурант на факультэце памежных войскаў.
Фатаздымкі Азіза падчас навучаньня ў ВВНУ:
Агентурная дзейнасьць, або Другое жыцьцё ў Турэччыне
Вывучэньне ў вайсковым інстытуце турэцкае мовы дапамагло Азізу пазьней, калі ён паступіў у Каледж турызму пры Міжнародным унівэрсытэце Анталіі (Uluslararası Antalya Üniversitesi), які ён скончыў у 2015 годзе. Інфармацыю пра навучаньне ў гэтай установе ён пазьней выдаліў з свайго сацыяльнага профілю, але ў кэшы Google яна засталася.
Тэрмін навучаньня ў гэтым каледжы складае 2 ці 3 гады, прыём абітурыентаў зьдзяйсьняецца пасьля заканчэньня 9-й і 11-й клясы адпаведна. Мажліва, падчас паступленьня ў гэтую навучальную ўстанову Азіз Банышаў схаваў інфармацыю пра тое, што ён ужо скончыў Вышэйшы вайсковы інстытут Збройных сілаў Кыргызскай Рэспублікі, для наступнага фармаваньня агентурнай легенды. Варта зазначыць і іншыя дэталі.
Выпускнікі каледжа атрымліваюць два дыплёмы (Каледжа турызму ў Анталіі і Канфэдэрацыі мэнэджмэнту турызму й гатэльнага сэрвісу Вялікай Брытаніі), усім выпускнікам гарантуецца як працаўладкаваньне ў Турэччыне, гэтак і магчымасьць атрымаць працу ў сфэры турызму ў любой краіне сьвету – гэта ідэальнае прыкрыцьцё для агента ўплыву расейскіх спэцслужбаў, зь якога пасьля і скарыстаўся Азіз.
Апроч запісу з кэшу Google, у сацыяльным профілі Азіза таксама былі выяўленыя фатаздымкі, якія пацьверджваюць ягонае знаходжаньне ў Анталіі і праходжаньне практыкі ў сфэры турызму й сэрвісу.
Удзел у вайне на Данбасе і продаж ныркі
Але замест бліскучай кар’еры памежніка або супрацоўніка турыстычнага сэрвісу Азіз Банышаў абраў пуцёўку на Данбас, верагодна, гэтае мейсца яму падалося больш «цёплым», чымся турэцкія пляжы. У гэты момант Азіз заляцаецца да 16-гадовых жыхарак Данецка, зьяўляецца адным з кадравых вайскоўцаў, якія куруюць 1-ю АМСБр (асобную мотастралковую брыгаду) «ДНР» і выступае ў ролі гандляра ныркамі.
Уваходжаньне Банышава у склад аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў у Тэльманаўскім раёне Данецкае вобласьці, а таксама віншаваньне «баявых пабрацімаў» з Днём вайсковай выведкі, да якой ён таксама сябе далучае, ускосна сьведчаць пра тое, што Азіз зьяўляецца афіцэрам ГРУ ГШ РФ.
Даведка:
- Паводле дадзеных выведкі, Тэльманаўскі раён Данецкае вобласьці зьяўляецца зонай адказнасьці кадравых расейскіх войскаў, там ня дзейнічаюць бандфармаваньні сэпаратыстаў.
- Дзень, зь якім віншуе Азіз Банышаў сваіх баявых таварышаў, – гэта прафэсійнае сьвята расейскіх вайскоўцаў, які сьвяткуюць у Расеі штогод 5 лістапада згодна з загадам міністра абароны Расейскай Фэдэрацыі № 490 з 12 кастрычніка 2000 году.
Фота з сацыяльнага профілю Азіза на Данбасе зь геатэгам Тэльманаўскага раёну Данецкае вобласьці.
Але самае цікавае было выяўленае пазьней – калі валянтэры InformNapalm пачалі вывучаць кантактную інфармацыю разам з нумарамі мабільных тэлефонаў, пазначаных у профілі Азіза.
У гэты момант на старонцы вайскоўца ў адкрытым доступе пазначаны мабільны тэлефон +380636020336, але зварот да кэшу Google дазволіў выявіць яшчэ адную таямніцу, якую Азіз гэтак і ня здолеў схаваць. Ягоны другі мабільны нумар – +380734662128. На пададзеным скрыншоце таксама ёсьць інфармацыя пра навучаньне ў Турэччыне з пазначэньнем факультэту, які скончыў гэты выведнік ГРУ ГШ РФ.
Праз звычайны пошук у Google паводле нумару тэлефону, які гэтак старанна спрабаваў схаваць Азіз Банышаў, InformNapalm выявіў некалькі абвестак зь інфармацыяй пра «тэрміновы продаж ныркі».
Абвестка №1 (наўпроставая спасылка, архіў), зробленая ад імя Азіза Банышава (падаем у арыгінале):
15.08.2015
«Доброго времени суток. Стану донором по продажи почки. Решение обдуманное. Мое имя Азиз, я гражданин Кыргызской республики, в настоящий момент нахожусь в Украине на заработках мне 24 года»…
Абвестка №2 (наўпроставая спасылка, архіў), зробленая ад імя Азіза Іванова:
Абвестка №3, зробленая ўжо ад імя Азіза Бялова (але ўсё з тымі ж кантактнымі дадзенымі), было апублікаванае, нібы тонкі намёк, пад артыкулам з назовам «Чорны рынак донарскіх ворганаў ва Украіне. Які ён?» (спасылка на артыкул, архіў).
У параўнаньні з досыць дарагім навучаньнем ў турэцкім каледжы, вайна на Данбасе для кадравых расейскіх вайскоўцаў – цалкам прыбытковая справа. Данбас зьяўляецца зонай, дзе кіруюць не закон і парадак, але мафія кланаў ГРУ ГШ РФ і ФСБ РФ, якія кантралююць усе віды легальнага і нелегальнага бізнэсу. Наркатрафік, гандаль зброяй, гандаль рабамі і нават чорная транспланталёгія – гэта далёка ня поўны пералік сфэраў дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў на Данбасе. Але калі раней гэтая тэма была досыць моцна міталягізаванаю, а пра факты гандлю рабамі і чорнай транспланталёгіі мы даведваліся толькі зь сьведчаньняў нешматлікіх відавочцаў, няздольных пацьвердзіць свае словы, то на прыкладзе гэтага расьледаваньня мы ўбачылі, што асобныя афіцэры, якія куруюць бандфармаваньні «ДНР» на Данбасе , дастаткова сьмела даюць на форумах і ў сацсетках абвесткі пра продаж нібыта сваёй ныркі. Насьцярожвае тое, што падобныя абвесткі даюцца з рознымі прозьвішчамі, а іхны аўтар гатовы выехаць для трансплянтацыі ў лепшыя клінікі Эўропы ці хоць бы ў Кіеў.
Хто ведае, магчыма, жыцьцё настолькі прыціснула Азіза, што кадравы афіцэр зь некалькімі дыплёмамі вышэйшае адукацыі, перад якім былі адчыненыя дзьверы турыстычнага бізнэсу Турэччыны і ўсяе Эўропы, сапраўды вырашыў усё кінуць і, седзячы на брані танку з аўтаматам у рукох, пісаць абветскі пра продаж уласных вантробаў?.. Хто ведае, можа валянтэры InformNapalm занадта прадузятыя да найміта і спэцыяльнага агента? Хацелася б верыць у лепшае – у тое, што ў сьвеце ня так шмат падонкаў, маньякаў і сэрыйных забойцаў, што іх ня так шмат у акупаванай частцы Украіны…
Азіз Банышаў і малалеткі Данецка
На прыкладзе гэтага OSINT-расьледаваньня міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm пакрокава прадэманстравала эфэктыўнасьць мэтоды збору й аналізу адкрытае інфармацыі. Падчас ейнага ўмелага выкарыстаньня можна досыць пасьпяхова арганізоўваць і зьдзяйсьняць апэрацыі ў выяўленьні, затрыманьні або ліквідацыі злачынных груповак і бандфармаваньняў аб’яднаных расейска-сэпаратысцкіх сілаў. Гэтая інфармацыя таксама была перададзеная ў дыпляматычныя структуры Турэччыны, каб прыцягнуць іхную ўвагу да каналаў пранікненьня агентуры Крамлю як у Турэцкую Рэспубліку, гэтак і ў краіны ЭЗ.
Агенты, накшталт Азіза Банышава, якія ведаюць нацыянальныя асаблівасьці краіны знаходжаньня і якія атрымалі баявы досьвед у гарачых кропках, могуць стаць інструмэнтам падчас рэалізацыі тэрарыстычных акцыяў Расейскай Фэдэрацыі за мяжой. І да пытаньня лякалізацыі падобных пагрозаў варта паставіцца з усёй адказнасьцю.
Рэмарка
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа