![](https://informnapalm.org/by/wp-content/uploads/sites/6/2016/06/0bZ1SyVBAVg-642x336.jpg)
Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае маніторынг сытуацыі ў памежных з Украінаю раёнах і базавых лягерох груповак расейскіх войскаў, скіраваных на Украіну. Найбольшая канцэнтрацыя зафіксаваная ў Растоўскае вобласьці, дзе напачатку вясны пачалася чарговая ратацыя сілаў. Асноўная частка растоўскае групоўкі ЗС РФ, як і раней, раскватараваная ў палявых лягерох у раёне палігонаў «Кузьмінскі» і «Кадамаўскі», дзе баявую варту зьдзяйсьняюць тактычныя групы з вайсковых злучэньняў ПВА і ў Мілераўскім раёне, у якім сканцэнтраваныя пераважна вайскоўцы ЗВА, а таксама некаторых вайсковых частак ПДВ і берагавых войскаў флёту.
У новых дасьледаваньнях што да гэтага напрамку мы ня маем намеру рабіць паўторы, тым болей, што гэтыя раёны пільна кантралююць прафэсійныя вайскоўцы – як камандаваньне ЗСУ – гэтак і заходнія партнэры. Але мы маем падаць інфармацыю пра некаторыя значныя факты, зафіксаваныя OSINT-выведнікамі нашае валянтэрскае супольнасьці.
У выніку выведкі адкрытых крыніцаў у Растоўскае вобласьці ў раёне палігону «Кузьмінскі» выяўленая новая тактычная група расейскіх войскаў. Вызначанае, што гэта падразьдзяленьне з складу 56-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады (в/ч 74507, мейсца дысьлякацыі н/п Камышын, Валгаградзкая вобл.) паветрана-дэсантных войскаў, якое было перакінутае ў Растоўскую вобласьць напачатку траўня 2016 году. Паводле нашых ацэнак гэта ротна-тактычная група аднаго з дэсантна-штурмавых батальёнаў, узмоцненая выведнікамі і снайпэрамі, а таксама падразьдзяленьнямі забесьпячэньня гэтага ж вайсковага злучэньня.
Асноўнай крыніцай уцечкі інфармацыі зьяўляецца «фотааматар» – вайсковец-кантрактнік 56-й АДШБр, камандыр аддзяленьня ДШБ сяржант Аляксей Аляксееў (архіў на профіль, фотаальбом, кантакты), які знаходзіцца ў «растоўскай камандыроўцы» (сапраўднае прозвішча Сярогiн, архiў).
Паводле фотасьведчаньняў дэсантнікі 56-й брыгады досыць актыўна займаюцца баявой падрыхтоўкай, перадусім тактычнай, вагнявой, адпрацоўваюць рух калёнаў падчас маршу. Лягер расейскіх вайскоўцаў хоць і часовы, але ўладкаваны паводле ўсіх стандартаў палявой інфраструктуры, неабходнай для доўгатэрміновага базаваньня, мае ўсе ўмовы ў забесьпячэньні побыту.
Вайскоўцы на Камышынскім палігоне выкарыстоўваюць баявыя машыны дэсанты – БМД-2 – якіх, паводле нашай інфармацыі, раней не было ва ўзбраеньні 56-й АДШБр. Усяго зафіксаванае 9 адзінак баявых машынаў. Праз тое, што БМД маюць сьвежае камуфляжнае фарбаваньне і бяручы пад увагу камэнтар расейскага вайскоўца, яны былі перададзеныя падразьдзяленьню нядаўна, наўпрост у палявых умовах, з падвешаным дадатковым боекамплектам, у тым ліку супрацьтанкавымі сродкамі з маркаваньнем 9М13 (для процітанкавага ракетнага комплексу новага пакаленьня «Метыс»).
Варта зазначыць ідэнтыфікацыйныя пазнакі, зафіксаваныя на БМД тактычнай групы 56-й брыгады: гэта тактычныя знакі ў выглядзе перагорнутага трыкутніка з лічбай “7” унутры (характэрнае маркаваньне для тэхнікі ПДВ), і зафіксаваныя на некаторых машынах апазнавальныя знакі «свой» (выкарыстоўваюцца ў баявых умовах для вызначэньня прыналежнасьці машынаў) у выглядзе двух белых колаў наперадзе машыны і на люку вежы, а таксама бартавы нумар адной з машынаў «115».
Заўвага: Гэтыя дэталі вельмі важныя для ідэнтыфікацыі расейскіх акупантаў падчас іхнага перакідваньня на Данбас. Дзякуючы падобнаму маркаваньню мы адсочваем танкі, артылерыю, разнастайнае ўзбраенне й тэхніку расейска-тэрарыстычных сілаў.
Нагадваем, што пазначаныя вышэй палявыя лягеры ў Растоўскае вобласьці, разгорнутыя яшчэ ўвесну 2014 году, зьяўляюцца ня толькі адным з асноўных мейсцаў базаваньня сілаў і сродкаў растоўскае групоўкі, але й пляцдармам і базай забесьпячэньня для расейскіх войскаў, якіх перакідваюць на акупаваны ўкраінскі Данбас, гэта неаднойчы было раскрытае й пададзенае ў нашых мінулых расьледаваньнях, у тым ліку і матар’ялы пра падзеі пад Дэбальцавам у 2015 годзе. Яскравым прыкладам, які пацьверджвае сувязь гэтых лягероў з акупацыйнымі сіламі РФ на Данбасе, ёсьць фатадымак нашага «інфарматара», які набыў трафей ў выглядзе ахоўных накаленьнікаў, якія прывезьлі іншыя расейскія вайскоўцы з Данбаса.
Паводле інфармацыі вайсковых экспэртаў, якія кансультуюць InformNapalm, зафіксаваныя БМД, цалкам мажліва, перададзеныя 56-й АДШБр у межах рэформы й пераўзбраеньня ПДВ РФ, агучаныя камандуючым Шаманавым у траўні 2015 году. У прыватнасьці, камандаваньне гэтага роду войскаў плянуе ўзмацніць дэсантныя злучэньні цяжкой бронетэхнікай, у тым ліку танкавымі і артылерыйскімі самаходнымі падразьдзяленьнямі. Паводле тых жа дадзеных заплянаванае ўзбраеньне аднаго з дэсантна-штурмавых батальёнаў 56-й АДШБр лёгкай бронетэхнікай, для баявога складу – мадэрнізаванымі баявымі машынамі дэсанту БМД-2М, а таксама камандырскімі машынамі і тэхнікай забесьпячэньня на базе БТР-Д. Падобнае рашэньне камандаваньня ПДВ абумоўленае праз шэраг прычынаў і новыя рэаліі, у тым ліку і праз той баявы досьвед выкарыстаньня зьмяшаных тактычных групаў ПДВ і танкавых падразьдзяленьняў, які расейскія войскі атрымалі ў выніку ўдзелу ў неабвешчанай вайне на Данбасе, пра што вядзецца ў шматлікіх публікацыях InformNapalm і матар’ялах іншых OSINT-дасьледнікаў, глядзіце тэматычныя спасылкі:
- Ідэнтыфікацыя расейскіх падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у апошніх баёх на Данбасе. Зводнае падразьдзяленьне (БТГр) 106-й ПДД і 4-й танкавай дывізыі, 26.01.2015
- Зьмяшаная БТГр (106-я ПДД + 4-я ТД) у БД ва Украіне, студзень 2015 году, 27.01.2015
- Зьмяшаная БТГр 247-га ДШП і 4-й ТД адпрацоўваюць узаемадзеяньне ў памежным з Украінаю раёне Растоўскае вобласьці, 26.03.2015
Даведка: 56-й асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая Красназнамённая, ордэнаў Кутузава і Айчыннай вайны Данская казачая брыгада (лёгкая), в/ч 74507 (дысьлякацыя – Паўднёвая Вайсковая Акруга, Камышын, Валгаградзкая вобл.). Структура – упраўленне, 1-ы і 2-і дэсантна-штурмавыя батальёны, 3-ці парашутна-дэсантны батальён, гаўбічны артылерыйскі дывізыён, зэнітна-ракетная батарэя, супрацьтанкавая батарэя, стралковая рота снайпэраў, выведвальная рота (разгорнутая ў батальён ў 2016 годзе), танкавая рота (фармаваньне ў 2016 годзе), рота РЭБ, рота сувязі, інжынэрная рота, рота дэсантнага забесьпячэньня, мэдычная рота, рамонтная рота, рота матар’яльнага забесьпячэньня, рота РХБА, узвод кіраваньня начальніка артылерыі, камэнданцкі ўзвод.
Ва ўзбраеньні: УАЗ “Hunter 315108”, КамАЗ-5350, 18 адз. 122-мм гаўбіцаў Д-30, 18 адз. 120-мм мінамётаў 2Б-23 “Нона-М1”, 6 адз. ПТРК 9К115 “Метыс”, 8 адз. ЗУ-23-02, ПЗРК 9К38 “Ігла”, комплекс МКТК РЭІ ПП “Тыгр-М” (“Леер-2”). БМД-2М (на гэты момант, як мінімум, 9 адз., у пэрспэктыве да 30 адз. узроўню батальёну).
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня валянтэраў міжнароднае супольнасьці InformNapalm.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа