Пра прысутнасьць на Данбасе вайскоўцаў тэрміновае службы ЗС РФ (так званых “тэрміноўцаў”) практычна адсутнічае інфармацыя з часоў баёў за Ілавайск і Дэбальцава. Але, як было выяўленае, яны знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях і зараз.
Падчас маніторынгу сацыяльных сетак у поле зроку валянтэраў InformNapalm патрапіў адзін з баявікоў, які пасьля дэталёвага вывучэньня ягонага профілю быў ідэнтыфікаваны як Павал Дзікі, 02.02.1992 г.н., вайсковец-кантрактнік 11-й асобнай інжынэрнай брыгады (в/ч 45767, Каменск-Шахцінскі, Растоўская вобласьць, Паўднёвая вайсковая акруга РФ). Дзікі выкрыў на Данбасе ня толькі сябе, але й жаўнера тэрміновае службы Аляксея Цёплых з той жа вайсковай часткі. Абодва яны маюць статус вайсковых злачынцаў, бо выконваюць злачыныя загады вышэйшага вайсковага кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі.
Храналёгія ідэнтыфікацыі
Фота з шаўронам «Самалі» і яшчэ адзін фатаздымак, выкладзены ў фотаальбоме Паўла Дзікага з назовам «днр».
Супольнае фота для будучага апазнаньня.
Фота з камэнтаром пра дату здымкі: «ДНР, 24.04.2016 г.».
Аналіз профілю Паўла Дзікага
Для ідэнтыфікацыі вайсковай часткі, у якой служыў Павал Дзікі, прааналізуем некалькі фота, выкладзеных ім яшчэ 27 верасьня 2013 году. Пададзены ніжэй фатаздымак быў выяўлены і ў ягонага таварыша ў тэрміновай службе Аляксандра Тарасава, які выклаў гэтае супольнае фота на год раней, 30 верасьня 2012 году. Фатаздымкі былі зробленыя на тэрыторыі в/ч 45767 у Каменск-Шахцінскім у так званай “курыльні” – мейсцы для паленьня на тэрыторыі вайсковай часткі.
Фота з тэрміновай службы Аляксандра Тарасава таксама сьведчыць пра ягоную прыналежнасьць да інжынэрных войскаў.
Павал Дзікі зафіксаваны ў агульных здымках з Іванам Цыгановым (зробленыя ў студзені 2016 году ў казарме в/ч 45767).
Фатаздымак з студзеня 2016 году, у якім можна пабачыць калідор казармы з навагоднімі ўпрыгожваньнямі:
Заўвага: Іван Цыганаў і Аляксандар Тарасаў у гэтым расьледаваньні пададзеныя для выкрыцьця сувязі паміж вайсковымі злачынцамі, пазначанымі ў артыкуле, і вайсковай часткай 45767.
Дадатковыя фота з казармы зь мейсца службы.
Выкладзены Іванам Цыгановым 9 сакавіка 2016 году скрыншот «100 дзён да дэмбеля» сьведчыць пра тое, што свае фота ён выкладваў у сацсеціва адразу ж у дзень здымкі.
Прыналежнасьць Паўла Дзікага да в/ч 45767 дадаткова пацьверджвае і ягоны ўдзел у закрытай групе “VK” «Инженерные Войска. в/ч 45767 Каменск-Шахтинский».
Вернемся да здымкаў, якія ў фотаальбоме кантрактніка ЗС РФ Паўла Дзікага падпісаныя «днр, 24.04.2016».
У фота адзін з баявікоў – у балаклаве. Пасьля зьздяйсьненьня параўнальнага аналізу профіляў вайскоўцаў паводле надброўных дугаў, формы падбародку, носа і вачэй, а таксама паводле характэрнага разьмяшэньня зубоў (можна пабачыць у фатаздымку) атрымалася апазнаць вайскоўца тэрміновае службы Аляксея Цёплых.
Глядзім, хто ўпадабаў гэтае фота.
Усяго 9 чалавек, адзін зь якіх – Аляксей Цёплых. Гэта дадатковае ўскоснае сьведчаньне, што апазнаньне зьдзейсьненае слушна.
Вы самі можаце параўнаць аблічча чалавека ў балаклаве ў фатаздымку леваруч з тварам баявіка ў пададзеным вышэй супольным фота.
Яшчэ некалькі фота для параўнаньня асобы.
Аляксей Цёплых, 13.03.1995 г.н., вайсковец, праходзіў тэрміновую службу ў в/ч 45767, г. Каменск-Шахцінскі. Тэрмін ягонай службы скончыўся 2 ліпеня 2016 году – для пацьверджаньня гэтага Цёплых выклаў у сацсеціва скрыншот android-дадатку, які вылічвае колькасьць пазасталых дзён да “дэмбеля”.
У ідэнтыфікацыі вельмі дапамагло супольнае фота Аляксея Цёплых і Івана Цыганова, пра якое вялося вышэй.
З 2008 году тэрміновая служба ў Расеі доўжыцца адзін год. Пра гэта сьведчыць і android-дадатак «Дэмбель-мэтар», якім карыстаюцца шматлікія вайскоўцы тэрміновае службы. Вынікае, што Аляксей Цёплых пачаў тэрміновую службу ў ліпені 2015 году, а ў красавіку 2016 году ён ужо быў ва Украіне на акупаваных Расеяй тэрыторыях і фатаграфаваўся з баявікамі «ДНР» (альбо іншымі вайскоўцамі РФ).
Такім чынам, пацьверджаны чарговы факт «вышкалаў», якія праходзяць расейскія тэрміноўцы на тэрыторыі акупаванага Данбаса пад кіраўніцтвам больш дасьведчаных вайскоўцаў-кантрактнікаў ЗС РФ, накшталт Паўла Дзікага.
Зазначым, што ад расейскага Каменск-Шахцінскага да ўкраінскага Данецка на аўтатранспарце можна даехаць за 5 гадзінаў, а да Луганска – за паўтары гадзіны – так што расейскіх вайскоўцаў тэрміновае службы можна хоць кожнага дня дастаўляць да мейсцаў, дзе адбываюцца актыўныя баявыя дзеяньні на лініі разьмежаваньня, каб яны атрымалі баявы досьвед. Пры гэтым іх можна досыць хутка вярнуць у мейсцы сталай дысьлякацыі ў гарадох РФ ля расейска-ўкраінскай мяжы, якая знаходзіцца пад поўным кантролем ЗС і ФСБ Расейскай Фэдэрацыі, толькі, вядома ж, пры ўмове, што яны выпадкова не ператворацца з вадкага на газападобны стан, або ня будуць дасланыя ў якасьці “грузу 200”. Але на такі выпадак падрыхтаваны ўказ пра забесьпячэньне сакрэтнасьці стратаў – спішуць на здарэньне або няслушнае выкарыстаньне зброі падчас вышкалаў.
Матар’ял падрыхтаваў Відаль Сарокін.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа