У Беларусі ўзмазняецца грамадзкі рэзананс з нагоды частага выяўленьня замежных баявікоў незаконных збройных фармаваньняў (НЗФ) так званых «Л/ДНР» на тэрыторыі дзяржавы. Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm вырашыла зьдзейсьніць выведку адкрытых крыніцаў інфармацыі, каб вызначыць асноўныя каналы перакідваньня баявікоў расейска-тэрарыстычных войскаў у Беларусь і акцэнтаваць увагу грамадзкасьці, а таксама прабеларускай часткі сілавікоў і намэнклятуры на наяўнай пагрозе нацыянальнай бясьпекі.
Адразу варта зазначыць, што колькасьць баявікоў прарасейскіх збройных фармаваньняў, якія праніклі на тэрыторыю Беларусі, дакладна невядомая. З пачаткам расейскай вайсковай агрэсіі супроць Украіны ў Беларусь накіраваліся дзясяткі тысячаў так званых уцекачоў з акупаванай тэрыторыі, сярод якіх маюцца і тыя, хто з зброяй у рукох забясьпечваў прыход «новага дзівоснага рускага сьвету», а цяпер, разбурыўшы ўласны дом, вымушаныя бадзяцца ў пошуках лепшай долі. Улічваючы адсутнасьць памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы, баявікоў НЗФ на тэрыторыі Беларусі можа быць дастатковая колькасць для ажыцьцяўленьня любога з падрыхтаваных спэцслужбамі РФ сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Мы будзем разглядаць толькі спраўжданыя і перавераныя факты.
У выніку зьдзейсьненага OSINT было вызначанае, што адным з асноўных каналаў перакідваньня баявікоў у Беларусь зьяўляюцца так званыя валянтэрскія арганізацыі. Адной з цэнтральных падобных арганізацый ёсьць Фонд дапамогі “наваросіі” “Спаси Донбасс” (рас.), які мае разгалінаванае сеціва сваіх філіяў ва ўсёй РФ, а таксама прадстаўніцтва ў Беларусі (архіў). Адным з стваральнікаў і кіраўнікоў фонду зьяўляецца Глеб Карнілаў, 02.11.1985 г.н., г. Масква, які фігуруе ў базе дадзеных цэнтра “Міратворац” як памагаты баявікоў НЗФ (архіў на фота).
Фонд ажыцьцяўляе пастаўкі гуманітарнай дапамогі насельніцтву акупаванай тэрыторыі Украіны, а таксама мэдыкамэнтаў, амуніцыі, бронекамізэлек – шматлікім тэрарыстычным падразьдзяленьням так званай “наваросіі”. Дастаткова актыўным зьяўляецца і беларускае аддзяленьне фонду, якое ачольвае Аляксандар Базюкоў.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Базюкоў Аляксандар Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Тальяці, РСФСР, жыве ў Горадні (архіў профілю ў «VK», фотаальбомаў 1, 2, кантактаў; архіў профілю ў «ОК», фотаальбому; архіў профілю ў «FB», архіў профілю на Гарадзенскім форуме). Зьяўляецца адным з арганізатараў штогадовага мотафэсту ў Горадні «Хавайся ў бульбу».
Падчас расьледаваньня быў вызначаны службовы сьпіс фігуранту. Было высьветленае, што ў 1990 годзе ён пачаў праходзіць тэрміновую службу ва Унутраных войсках МУС паводле мейсца свайго нараджэньня, у г. Тальяці, в/ч 6622 (сяржанцкая школа), затым быў пераведзены ў канвойныя войскі МУС РФ у в/ч 6667 (Рэспубліка Комі), якія ажыцьцяўлялі да 90-х гадоў ахову ППК Вятлага, аднаго з найбуйнейшых папраўча-працоўных лягераў, які ўваходзіў у сыстэму ГУЛАГ. З 1993 па 1996 год служыў у 49-й АбрАН УВ МУС РФ, знанай як уладзікаўказскі АМАП і, цалкам магчыма, у складзе падразьдзяленьняў брыгады прымаў удзел у Першай чачэнскай вайне. Меркавана быў наймітам Французскага замежнага легіёну.
Каардынуе дзейнасьць фонду «Спаси Донбасс» у Менску Павал Альшэўскі.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Альшэўскі Павал Сяргеевіч, нарадзіўся ў 1988 годзе ў г. Сімфэропалі, УССР, жыве ў Менску (архіў профілю ў “VK”, кантактаў, фотаальбому; архіў профілю ў “FB”, кантактаў). У базе дадзеных цэнтра «Міратворац» фігуруе як памагаты баявікоў, займаецца зборам і дастаўкай матар’яльнай дапамогі незаконным збройным фармаваньням на Данбасе.
Падчас далейшага расьледаваньня было вызначанае й пацьверджанае, што Базюкоў і Альшэўскі ажыцьцяўляюць дастаўку грузаў бандфармаваньняў «ДНР». Гэтак, напачатку лютага 2015 году ў пабліку фонду ў сацсеціве «VK» была разьмешчаная інфармацыя пра фармаваньне прадуктовых набораў, пра неабходныя мэдыкамэнты й амуніцыю для баявікоў расейска-тэрарыстычных войскаў. У сьпісе былі пазначаныя радыёстанцыі, разгрузкі, бронекамізэлькі, далямеры, аптычныя і каліматарныя прыцэлы для аўтаматаў і снайпэрскіх вінтовак.
Далей былі вызначаныя і атрымальнікі грузу, для якіх гэтак эфэктыўна пачала сваю працу новая «гуманітарная» місыя. Імі апынуліся баявікі бандфармаваньня «Пятнашка», якое сьпярша ўваходзіла ў групоўку «Оплот» (рас.), затым вылучылася ў самастойную адзінку і ўвайшло затым у так званую «рэспубліканскую гвардыю ДНР». Групоўка была створаная пятнаццацьцю наймітамі з кантраляванай Расеяй Абхазіі, прымала ўдзел у штурме Данецкага аэрапорту, у баёх на Дэбальцаўскім пляцдарме і спробе захопу Мар’нкі. Вядомая праз марадзёрства сваіх байцоў, якія захапілі крамы, кватэры і незьлічоную колькасьць аўтатранспарту ў мясцовага насельніцтва.
Дастаўка грузаў баявікам групоўкі ажыцьцяўляецца на асабістым аўтамабілі Базюкова – пазашляхавіку Hyundai Galloper, рэг. нумар 7778 АТ-4. Характэрна, што гэты аўтамабіль прыцягнуў увагу гарадзенскіх журналістаў праз сваю правакацыйную, досыць рэдкую для заходнебеларускай Горадні, атрыбутыку ў студзені 2016 году (архіў). На фота ніжэй ён зафіксаваны зь сьцягам “ДНР” і, як ні дзіўна, сьцягам бандфармаваньня “Пятнашка” пад ветравым шклом.
У профілі сацсеціва Альшэўскага быў знойдзены запіс, які сьведчыць пра першую зьдзейсьненую дастаўку грузаў у другой палове лютага 2015 году і падзяку баявіка бандфармаваньня «Пятнашка» Валерыя Васюкова, грамадзяніна РФ, ураджэнца г. Жалезнагорск Курскай вобласьці (архіў).
Было выяўленае і фота, якое сьведчыць пра перадачу Базюковым дапамогі бандфармаваньню, прымаў якую усё той жа Васюкоў (архіў).
Далей усё пайшло па накатанай. Вызначанае, што зь лютага 2015 году па цяперашні час фігуранты зьдзейсьнілі ня менш за адзінаццаць даставак грузаў на тэрыторыю, падкантрольную тэрарыстычнаму ўтварэньню «ДНР». «Данбаскі экспрэс» мае досыць стракаты маршрут: Горадня – Менск – Магілеў – Бранск – Арол – Варонеж – Растоў-на-Доне – КПП Успенка – Макееўка – Данецк і працягласьць звыш 2 тысяч км. Пры гэтым сьлед зазначыць, што фігуранты дастаўляюць таксама адрасную гуманітарную дапамогу мірнаму насельніцтву, хаця яе значна прасьцей і больш лягічна было б везьці найкарацейшым шляхам зь Беларусі ва Украіну, які складае ля 1200 км, спакойна праходзіць украінскія пункты пропуску і законна ўязджаць на часова акупаваную тэрыторыю, ашчаджаючы пры гэтым значныя сродкі на паліве і скараціўшы час, неабходны для дастаўкі гуманітарнай дапамогі людзям. Што да так званай блякады акупаваных тэрыторыяў Данбаса, то яна існуе толькі й выключна ў хворым розуме крамлёўскіх прапагандыстаў.
Аднак матар’яльнае забесьпячэньне байцоў бандфармаваньняў харчаваньнем, мэдыкамэнтамі і іншымі сродкамі, як паводле беларускіх, гэтак і паводле ўкраінскіх законаў, цягне крымінальную адказнасць (арт. 132 КК РБ, арт. 447 КК Украіны). Менавіта таму «данбаскі экспрэс» зьяўляецца вельмі даўгім, лягістычна складаным, абсалютна невыгодным і незаконным. Гуманітарная ж дапамога выкарыстоўваецца як прыкрыцьцё для дастаўкі харчаваньня, неабходных мэдыкамэнтаў і амуніцыі баявікам бандфармаваньняў. Апроч гэтага, дзеяньні фігурантаў расьледаваньня падпадаюць пад артыкулы 332, 3321 КК Украіны (незаконнае перасоўваньне людзей празь дзяржмяжу, а таксама парушэньне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і выезду зь яе).
“Гуманітарная” місыя Базюкова і Альшэўскага была належным чынам адзначаная як правадырамі тэрарыстычнага ўтварэньня «ДНР», гэтак і бандфармаваньня «Пятнашка». Ніжэй можна пабачыць граматы, выдадзеныя ім адным з архітэктараў «рускай вясны» і заснавальнікам сэпаратысцкага руху «Данецкая рэспубліка» А.Пургіным (1, 2, 3). Таксама ў фота зафіксаваны ліст падзякі, выдадзены Базюкову так званым начальнікам штабу групоўкі «Пятнашка».
Мы, з свайго боку, таксама выказваем ім сваю ўдзячнасьць за дапамогу ў ідэнтыфікацыі як мінімум двух яшчэ не ўлічаных баявікоў расейска-тэрарыстычных войскаў, якія адсутнічаюць у базе дадзеных «Міратворца». На фота ніжэй Базюкоў фігуруе разам з камандырам аднаго з падразьдзяленьняў бандфармаваньня «Пятнашка» Уладзімерам Карташовым (пазыўны «Каспэр») на тле «Данбас Арэны» ў Данецку.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Карташоў Уладзімер Віталевіч, нарадзіўся 22.06.1973 г. у г. Цурупінск Херсонскае вобл., УССР. Жыў у Адэсе, на вул. Гагарына, 10-2 (архіў профілю ў «VK», кантактаў, фотаальбому; профілю №2, архіў профілю ў «ОК»; профілю №2, фотаальбому).
На ніжэйпададзеных фота Карташоў і ягоныя байцы фігуруюць з харчаваньнем, дастаўленым ягонаму падраздзяленьню Базюковым і Альшэўскім (архіў: 1, 2).
Стаяць зьлева направа: 1 – Іван Сямёнаў (грамадзянін РФ), 2 – Валеры Васюкоў (грамадзянін РФ, пазыўны «Дэльфін»), 3 – Рыгор Губскі (грамадзянін РФ, пазыўны «Барс»), 4 – н/д, 5 – Уладзімер Карташоў, 6 – Вікторыя Сафронава (пазыўны «Сава», снайпэр), 7 – н/д; сядзяць: 1 – Яўген Воранаў, 2 – н/д.
Як было высьветленае далей, Базюкоў і Карташоў – шчырыя сябры, якія падтрымліваюць блізкія прыязныя адносіны. На фота ніжэй Базюкоў зафіксаваны разам з парай Карташовых, на вясельлі якіх ён быў сьведкам. Як бачым, Карташоў мае нават баявыя ўзнагароды «ДНР».
Базюкоў вельмі шануе й ганарыцца сваім сяброўствам з баявым камандырам аднаго з самых вядомых бандфармаваньняў вырачанай “ДНР”. Каб пахваліцца гэтым, ён ня грэбуе нават тым, каб “засьвяціць” свайго сябра і баявога таварыша на пазыцыях дзесьці непадалёк Мар’інкі. Праўда, усьвядоміўшы затым, што зрабіў, хутка выдаліў фота з свайго профілю (архіў).
На гэтым жа фатаздымку леваруч Карташова зафіксаваны яшчэ адзін баявік «Пятнашкі», які пакуль адустнічае ў базе дадзеных “Міратворца” Мікіта Несьцярэнка.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Несьцярэнка Мікіта Валер’евіч, нарадзіўся 03.07.1993 г., жыве ў г. Макееўка, мкр-н Сонечны, 10-66 (архіў профілю ў «VK», кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў, фота; профілю №2). Выявілася, што ён – сын жонкі Карташова Аляксандры ад папярэдняга шлюбу. Як бачым, за змрочную будучыню «наваросіі» ваююць цэлымі сямейнымі падрадамі.
А вось і супольнае фота Базюкова і Альшэўскага з баявікамі «Пятнашкі» – забойцамі украінцаў і іхнымі памагатымі (архіў):
Стаяць (зьлева направа): 1 – н/д, 2, 3 – Яўген Воранаў з сваёй каханай Юляй Санлінавай, 4 – Руслан Грынчанка, 5 – н/д, 6 – Павал Альшэўскі; сядзяць (зьлева направа): 1, 2 – н д, 3 – Мікіта Несьцярэнка, 4 – Уладзімер Карташоў, 5 – Аляксандар Базюкоў.
Падчас далейшага расьледаваньня было вызначанае, што “данбаскі экспрэс” ня толькі забясьпечвае тэрарыстычную групоўку, але й зьяўляецца адным з каналаў пастаўкі баявікоў і наймітаў у Беларусь. Дакладна вядома, што Аляксандар Базюкоў асабіста даставіў з “ДНР” у Беларусь баявіка Ігара Каляду, ураджэнца г. Тарэза.
Характэрна, што, паводле запэўненьняў Каляды, Базюкоў гэтак жа, як і ён, прымаў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе. Мы вырашылі расьледаваць гэта і выявілі некаторыя ўскосныя пацьверджаньні. У лютым 2015 году ў групе «VK» бандфармаваньня «Призрак» (рас.) Базюкоў пакінуў наступнае паведамленьне (архіў):
Пазначаны ім досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў (БД) ён мог атрымаць і ў Чачэніі, і у Французскім замежным батальёне. Таксама ў Сеціве было выяўленае вельмі характэрнае віншаваньне Базюковым міжнароднага тэрарыста, дывэрсанта ГРУ ГШ ЗС РФ Ігара Безьлера з нагоды ягонага 50-годзьдзя (архіў):
Апроч гэтага, на Гарадзенскім форуме было знойдзенае паведамленьне Базюкова пра продаж ім у сьнежні 2014 году разгрузкі і бронекамізэлькі (архіў). Зыходзячы з усяго вышэйпералічанага, можна меркаваць, што Аляксандар Базюкоў, атрымаўшы досьвед баявых дзеяньняў у Чачэніі, мог быць прыцягнуты ў 2014 годзе для зьдзяйсьненьня дывэрсыйных дзеяньняў на Усходзе Украіны тэрарыстычнай групоўкай, кіраванай Безьлерам. Гэта зьяўляецца ўсяго толькі здагадкай, даказаць ці абвергнуць якую – кампэтэнцыя следчых ворганаў Беларусі.
Наступны фігурант нашага расьледаваньня, які актыўна дапамагае функцыянаваньню між Беларусьсю і акупаванай часткаю Украіны так званага данбаскага экспрэсу, – Міхаіл Малаш.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Малаш Міхаіл, нарадзіўся ў 1977 годзе ў г. Томску, РСФСР. Напрыканцы 1990-х гадоў пераехаў у Беларусь, пражывае ў г. Менску (архіў профілю ў «VK», кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў, фота). Для таго каб азнаёміцца з палітычнымі і ідэалягічнымі поглядамі Малаша, дастаткова пагледзець ягоную асабістую інфармацыю, якую ён падаў у сваім профілі ў сацсеціве і сьпіс групаў, у якіх ён ўдзельнічае. Гэтага цалкам дастаткова:
Пазыцыянуе сябе палітычным аналітыкам. Зьяўляецца чальцом праэктаў «Номас» і «Цытадэль», якія маюць шчыльныя сувязі з прапагандысцкімі і аналітычнымі цэнтрамі РФ. Актыўны прыхільнік так званага Міжнароднага Эўразійскага руху, які ачольвае адыёзны імпэрац і чарнасоценец А.Дугін. На фота ніжэй Малаш зафіксаваны з расейскімі актывістамі моладзевага крыла гэтага, па сутнасьці, прафашысцкага расейскага руху, дэвіз якога: “Слава Империи! Русский, вставай!” (архіў):
Міхаіл Малаш падтрымлівае таксама сяброўскія адносіны з гучным фігурантам нашых мінулых расьледаваньняў [1, 2], лідэрам казачай групоўкі «Казачы Спас» Пятром Шапко, які асабіста ажыцьцяўляў пастаўкі гуманітарнай дапамогі руху «наваросія» Ігара Гіркіна-Стралкова ў г. Растове-на-Доне.
Было вызначанае, што, апроч зьдзяйсьненьня дапамогі фонду “Спаси Донбасс”, Міхаіл Малаш працяглы час хаваў у сваім уласным доме ў Менску баявіка бандфармаваньня «Оплот» (рас.) Сяргея Кузьму.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Кузьма Сяргей Пятровіч, нарадзіўся 21.12.1976 г. у г. Тарэцку (былы Дзяржынск) Данецкае вобласьці (архіў профілю №1 у «VK», кантактаў, фота; архіў профілю №2, кантактаў, фота; архіў профілю ў «ОК», кантактаў).
Напрыканцы ліпеня 2014 году, падчас вызваленьня ўкраінскай арміяй г.Тарэцку, Сяргей Кузьма быў паранены і пакінуты сваім бандфармаваньнем, якое сьпешна адыходзіла з гораду. Як ні дзіўна, але памагатыя тэрарыстычных груповак змаглі пераправіць яго ў Беларусь, дапамаглі яму матар’яльна і нават знайшлі ў Менску працу. Як ужо было зазначанае, Міхаіл Малаш досыць працяглы час хаваў баявіка ў сваім уласным доме і ствараў праз гэта патэнцыйную небясьпеку для ўсіх жыхароў раёну, у якім ён жыве. Бо невядома, што ў галаве ў гэтага галаварэза і забойцы, вартасьць чалавечага жыцьця для якога значна зьніжаная.
Пасьля таго як Кузьма залячыў свае раны, Малаш дапамог яму вярнуцца ў красавіку 2015 году ў «ДНР», дзе той далучыўшыся да тэрарыстычнай групоўкі, так званага 9-га палку “АК НА МА ДНР”, дысьлякаванага ў н.п. Безыменае і удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Наваазоўскім раёне. Перад адпраўкай баявіка, які прагнуў далей забіваць украінцаў, Малаш вырашыў сфатаграфаваць яго на памяць на тле свайго дому. Рэкамендуем азнаёміцца з вельмі цікавымі камэнтарамі да гэтага кранальнага моманту, клапатліва занесенымі ў архіў.
У перапынках між боесутыкненьнямі Кузьма зьдзяйсьняў актыўную дапамогу «данбаскаму экспрэсу», дастаўляючы супольна з Малашам і іншымі фігурантамі расьледаваньня зь Беларусі неабходныя грузы, сярод якіх была і гуманітарка мірнаму насельніцтву, і прадукты харчаваньня, амуніцыя і мэдыкамэнты для бандфармаваньня, у якое ён цяпер уваходзіў (1, 2, 3). На фота ніжэй яны абодва зафіксаваныя ля пункту пропуску Вясёла-Вазнесенка, перад уездам у акупаваны расейска-тэрарыстычнымі войскамі Наваазовскі раён Украіны (архіў).
Сваім новым таварышам з «данбаскага экспрэса» на знак пашаны і ўдзячнасьці Кузьма прапаноўваў вельмі дзіўныя забавы, у параўнаньні зь якімі праступкі расейскага прапагандыста і проста паскудніка Парэчанкава зьяўляюцца звычайным блазенствам (архіў):
Досыць гучны грамадзкі рэзананс у Беларусі справакаваў наступны фігурант нашага расьледавання, Раман Джумаеў, які быў баявіком бандфармаваньня «Пятнашка» і нават пасьпеў даць інтэрвію пра свае «подзьвігі» беларускай службе «Радыё Свабода». Улічваючы матчыну апеку і клопат, якія беларускае аддзяленьне фонду «Спаси Донбасс» праяўляе ў адносінах да гэтага бандфармаваньня, можна меркаваць, што і гэты галаварэз патрапіў у Беларусь менавіта дзякуючы дапамозе валянтэраў фонду.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя: Джумаеў Раман Барысавіч, нарадзіўся 17.03.1991 г. у г. Марыўпалі (архіў профілю ў «VK», кантактаў; skype: zaebca4; e-mail: n1menka@mail.ru; выкарыстоўваў тэлефон: +375 33 6061865, апэратар МТС). Баявік тэрарыстычнай групоўкі «Пятнашка», удзельнічаў у штурме Данецкага аэрапорту. З чэрвеня 2015 года хаваецца ў Беларусі. Было вызначанае, што да нядаўняга часу працаваў у ПВГУП “Метаграфторг”, г.Мар’іна Горка Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці.
У згаданым інтэрвію Джумаеў, не баючыся і не хаваючы сваёй асобы, распавёў усе падрабязнасьці свайго знаходжаньня ў «апалчэньні», распавёў пра тое, як абараняў “русский мир” і забіваў украінцаў. Распавёў і пра тое, што сустракаўся ў Беларусі з шматлікімі сваімі суайчыньнікамі і патэнцыйнымі заўтрашнямі баявікамі, якія цалкам могуць працягнуць рабаваць і забіваць, але ўжо на вуліцах беларускіх гарадоў (пакідаем у арыгінале): «Я тут уже много людей встретил, которые были и в «ДНР», и в «ЛНР». Наших тут на самом деле много. Очень много людей я просто случайно встретил. Я встретил человека (сам он из казаков), с которым мы вместе помогали раненым, когда железнодорожный вокзал разбомбили в Донецке… Так что отправлять запрос (на экстрадыцыю. – Заўв. аўт.) придется на многих».
З усяго вышэйпададзенага вынікае, што ў Беларусь разам з так званымі ўцекачамі з Усходу Украіны патрапляе значная колькасьць баявікоў, якія маюць досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў. Розныя фонды дапамогі і «валянтэрскія» ініцыятывы граюць тут далёка не апошнюю ролю. Апроч гэтага, выкарыстоўваючы дастаўку гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву як прыкрыцьцё, яны забясьпечваюць бандфармаваньні расейска-тэрарыстычных войскаў харчаваньнем, амуніцыяй і мэдыкамэнтамі. Можна спрагназаваць, што ў зьвязку з пагаршэньнем сацыяльна-эканамічнага становішча акупаваных рэгіёнаў Украіны колькасьць баявікоў і наймітаў, якія пранікаюць на тэрыторыю Беларусі, значна павялічыцца, што максымальна спросьціць, у выпадку неабходнасьці, любы з падрыхтаваных спэцслужбамі РФ сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне.
Як заявіў 25 сакавіка 2016 г. начальнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў, «важна не прапусьціць у Беларусь замежных баявікоў-наймітаў, радыкальных мусульманаў, удзельнікаў вайсковых апэрацыяў ва Украіне, на Блізкім Усходзе». «Трэба стварыць аддзел, які будзе займацца спыненьнем дзейнасьці крымінальных аўтарытэтаў транспамежнай арганізаванай злачыннасьці, выяўляць дзейнасьць баявікоў і наймітаў». Хацелася б, каб гэта не заставалася пустой дэмагогіяй чыноўнікаў, якія дзеля захаваньня так званых саюзніцкіх адносінаў з Расеяй праяўляюць, насамрэч, абсалютную незацікаўленасьць у дачыненьні да замежных баявікоў і наймітаў, якія ня толькі бесьперашкодна пранікаюць на тэрыторыю дзяржавы, але й атрымліваюць ад яе дапамогу ў працаўладкаваньні і пошуку жыльля і практычна маюць роўныя зь беларусамі правы. Праблема яшчэ больш ускладняецца праз тое, што праз значны ўзровень карупцыі ў памежных структурах РФ і падкантрольных ёй «ДНР» і «ЛНР», а таксама праз адсутнасьць мяжы з Расеяй Беларусь драматычна насычаецца зброяй з тэрыторыі акупаванай часткі Украіны і, па сутнасьці, ператвараецца на тэрарыстычную Вандэю Эўропы.
Толькі праява палітычнае волі і спрыяньне кансалідацыі нацыі можа пазбавіць Беларусь ад паўтарэньня лёсу ўкраінскага Данбаса. Для гэтага важна аднавіць памежны кантроль на мяжы з РФ, паставіць магутны заслон на шляху тэрарыстаў, зброі і наркотыкаў, якія патрапляюць у краіну. Таксама больш рашучыя захады ў экстрадыцыі і прыцягненьні да адказнасці баявікоў, наймітаў, іхных памагатых і дэзэртыраў, якія хаваюцца ад правасудзьдзя ў Беларусі, мае зрабіць і Украіна. У адносінах да заўтрашніх магчымых герояў расейскіх рэпартажаў пра вайну ў Беларусі сьлед праяўляць не гасьціннасць, але выконваць дэкляраваныя мэты і задачы што да забесьпячэньня нацыянальнае бясьпекі дзяржавы.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падзяліцеся публікацыяй у сацсеціве! Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа