Нядаўняе расьледаваньне міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm, у якім быў зьдзейсьнены дэталёвы аналіз расейскай інфармацыйнай апэрацыі ў Сірыі, спрычынілася да значнага розгаласу ў сродках масавай інфармацыі. У першай частцы расьледаваньня былі пададзеныя доказы, паводле якіх можна зрабіць адназначную выснову пра інсцэнаваньне расейскім бокам абстрэлаў з мэтаю інфармацыйна-псыхалягічнага ўплыву на расейскую і міжнародную супольнасьць. Таксама быў прааналізаваны ўдзел ў гэтай інфармацыйнай апэрацыі Крамлю журналіста баўгарскага паходжаньня, які жыве ў Маскве і скончыў расейскі Унівэрсытэт Дружбы Народаў. Кульмінацыяй публікацыі першай частцы раскрыцьця расейскай інфармацыйнай апэрацыі была ідэнтыфікацыя асабістага ўдзелу ў кадрах інсцэнаваньня начальніка ўпраўленьня прэсслужбы і інфармацыі Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі Ігара Канашэнкава. Пасьля публікацыі InformNapalm Ігару Канашэнкаву была зробленая вымова з фармулёўкай (пакідаем у арыгінале):
«За недостаточное соблюдение мер безопасности при работе с представителями СМИ в зоне выполнения специальных задач».
Хаця мы ведаем, што сапраўднай прычынай вымовы сталася менавіта ўцечка інфармацыі пра інсцэнаваньне абстрэлу, якая запабегла заплянаванай інфармацыйнай апэрацыі РФ.
Валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягнула дасьледаваньне новых фактаў, якія зьявіліся пасьля публікацыі першай часткі расьледаваньня і знайшла новыя дэталі, якія сьведчаць пра фігурантаў – інструмэнтаў Крамлю ў зьдзяйсьненьні псыхалягічных апэрацыяў (PSYOPs – ангел. Psychological operation), неабходных для стварэньня грамадзкай думкі дзеля інтарэсаў РФ за мяжой.
Перад тым, як пачаць, прааналізуем яшчэ 2 відэаролікі, датычныя інсцэнаваньня «абстрэлу журналістаў у Сірыі», у якіх былі эпізоды, сфільмаваныя зь іншых ракурсаў:
Відэа №2 – спасылка, спасылка.
Відэа №3, сюжэт тэлепраграмы “Вести” (рас.) канала “Расея 24” – спасылка, спасылка.
Параўнаем гэтыя ролікі. Зазначым момант прыезду БТР. У першым відэа ля сьцяны стаяць двое – чалавек у вайсковай форме (у першай частцы расьледавання было пазначанае, што гэта, верагодна, генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў), і чалавек у блакітнай кашулі.
Ролік №2 пачынаецца з таго, што чалавек у блакітнай кашулі прабягае міма, і перад прыездам БТР ля сьцяны нікога няма.
Ролік №3 – ля сьцяны стаіць чалавек у блакітнай кашулі, вайскоўца няма.
Гэта дадатковыя факты, якія сьведчаць пра тое, што інсцэнаваньне рабілі ў некалькі дубляў. Паводле паводзінаў людзей ля сьцяны ў першым і трэйцім роліках можна меркаваць пра сапраўднасьць «небяспекі» – людзі без абароны стаяць цалкам спакойна, калі іншыя поўзаюць ў пылу, нібы нечым напалоханыя.
Разгледзім яшчэ адзін момант. У роліку №1, калі пад’язджае БТР, на дарозе ля будынку ніхто ня поўзае і не ляжыць, людзі схаваліся за будынкам і чакаюць.
А ў роліку №2 мы бачым чалавека, які «гераічна» поўзае па дарозе перад прыездам БТР. На гэтым кадры ён ляжыць ля бардзюра праваруч. Ягонае мейсцазнаходжаньне акурат насупраць апэратара першага відэа, аднак у іншым відэа яго няма. Гэта, як і розны набор людзей ля сьцяны леваруч, сьведчыць пра тое, што рабілі некалькі дубляў.
Самае цікавае, што ў роліку №3, рэпартажы канала “Расія 24”, засьвяціліся замежныя журналісты, якія праз сваю прысутнасьць прыкрываюць гэтае шоў-пастаноўку. Расьледаваньне InformNapalm даказвае, што яны мэтанакіравана прымалі ўдзел у гэтай пастаноўцы расейскіх мэдыя-агрэсараў. Верагодна, яны ўсьведамлялі, што прымаюць удзел у шоў для карцінкі. Карэспандэнты бачылі, што дзеля гэтага інсцэнаваньня зьдзяйсьняецца абстрэл жылога сэктару, то бок прымалі непасрэдны ўдзел у вайсковым злачынстве. Цікава, што журналіст баўгарскага паходжаньня Барыс Анзоў (падрабязна пра яго ў першай частцы), які жыве ў Маскве і займаецца распаўсюджваньнем расейскай прапаганды ў інфармацыйнай прасторы Баўгарыі, нядаўна зрабіў падарунак міністру замежных справаў РФ і апублікаваў ягоныя словы пра Баўгарыю, якую Сяргей Лаўроў параўнаў з «любимой и братской Украиной» (рас.), што на фоне распальваньня вайны і наўпроставай вайсковай агрэсіі ёсьць асаблівым цынізмам.
У другой частцы расьледаваньня расейскіх інсцэнаваных абстрэлаў падаем новага фігуранта – гэта Крыстаф Ванэр зь нямецкага прыватнага каналу навінаў “N24”, які ў расейскім рэпартажы шматзначна назвалі «дзяржаўным».
Крыстаф Ванэр даўно працуе ў нямецкіх СМІ, але кожнага разу апынаецца ў зоне інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі і займаецца дэзынфармаваньнем нямецкае аўдыторыі. Гэтак, у 2008 годзе ён быў у Грузіі, трансьлюючы мэсэджы пра моц расейскага войска, нежаданьне людзей ваяваць, незадаволенасьць грузінаў палітыкай Саакашвілі – увесь стандартны набор расейскае прапаганды. Дарэчы, тады ён адмовіўся ехаць у зону баявых дзеяньняў і рабіў рэпартажы з Тбілісі:
– У зону канфлікту ты ня езьдзіў. Чаму? Не было магчымасьці?
– Я магу сказаць, чаму. Таму што я баюся за ўласнае жыцьцё. Я магу працаваць у Тбілісі, дзе ўсё больш-менш пад кантролем. Але ў Цхінвалі я не паеду з тае простае прычыны, што я не вар’ят – спасылка.
Дзіўна, што ў Сірыю пад абстрэлы ён усё ж паехаў… Цалкам мажліва, атрымаў гарантыі бясьпекі ад арганізатараў пастаноўкі.
Увесну 2014 году Крыстаф паноўна выконвае задачу ў абароне расейскіх інтарэсаў і дэзынфармуе нямецкіх грамадзянаў расповядамі, што ўрад Украіны ня здатны кантраляваць сытуацыю ў краіне, украінская армія ня мае дастатковых сілаў, каб зноў усталяваць кантроль над усходнім рэгіёнам, тлумачыць і апраўдвае слушнасьць вайсковай агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Украіны – спасылка, спасылка, спасылка, спасылка.
І вось зараз гэты ж журналіст знаходзіцца ў Сірыі, дзе адбываецца інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя, і ён ня толькі асьвятляе падзеі ў выгодным для Расеі аспэкце, але сам прымае актыўны ўдзел у інсцэнаваных здымках. Магчыма, Крыстаф даўно займаецца зборам выведдадзеных для расейскіх спэцслужбаў, але гэтую здагадку маюць праверыць супрацоўнікі спэцслужбаў Нямеччыны.
Дарэчы, журналісты тэлеканалу “Расея 24” ужо ня толькі ствараюць фальшывыя падзеі і падаюць іх за рэальнасьць, але й хлусяць у дробязях. Гэтак, у пададзеным інсцэнаваным рэпартажы пазначанае, што да Турэччыны 3 км, хаця, калі пагледзець на мапу, можна адразу пераканацца, што адлегласьць да бліжэйшага пункту мяжы 7 км.
Хлусьня – гэта сыстэмная хвароба расейскіх СМІ. Гэта разумеюць шматлікія адмыслоўцы бясьпекі і працаўнікі мэдыясфэры ва ўсім сьвеце. Мы бачылі пазытыўны прыклад, калі пракуратура Нямеччыны пачала справу праз адзін з хлуслівых сюжэтаў расейскае тэлевізыі. Спадзяемся, што гэтае расьледаваньне прыцягне ўвагу эўрапейскіх і нацыянальных зьвязаў журналістаў, якія могуць разгледзець дзейнасьць сваіх калегаў у рэчышчы прафэсыйнае этыкі, а таксама кампэтэнтных ворганаў Нямеччыны, Баўгарыі і структураў NATO, якія могуць даць ацэнку таму, што адбылося з пункту гледжаньня захаваньня міру і стабільнасьці ня толькі у блізкаўсходнім рэгіёне, але й у Заходняй Эўропе.
Падрабязна азнаёміцца з матар’яламі расьледаваньняў InformNapalm пра абстаноўку ў Сірыі можна праз спасылку.
Матар’ял падрыхтавала Кацярына Ярэська разам з экспэртамі міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm Зьмітром К. і Міхаілам Кузьняцовым.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа