У беларускую рэдакцыю InformNapalm надыходзіць мноства зваротаў абураных грамадзянаў у зьвязку зь незразумелымі акцыямі, якія адбываюцца апошняга часу ў цэнтрах абласных і раённых гарадоў Беларусі зь людзьмі ў расейскай вайсковай форме “горка” і шматлікімі расейскімі трыкалёрамі. На фоне вайсковай агрэсіі Расеі ў суседняй Украіне значная колькасьць беларусаў усё гэта ўспрымае вельмі неадназначна, людзі напалоханыя магчымасьцю паўтору крывавых падзеяў у сваёй уласнай краіне. Мы пастараліся высьветліць, хто стаіць за правядзеньнем гэтых правакацыйных вылазак расейскай ваеншчыны на тэрыторыі Беларусі і хто садзейнічае ім на мясцовым узроўні.
Было вызначанае, што непасрэдным арганізатарам гэтых акцыяў зьяўляецца Усерасейская грамадзкая арганізацыя ветэранаў “Баявое Братэрства“. Ачольвае яе генэрал-палкоўнік Барыс Громаў, чалец “Адзінай Расеі”, дэпутат Дзярждумы РФ (на фота праваруч Пуціна).
Ягонае імя шмат хто ў Расеі зьвязвае з фактамі жахлівай карупцыі і махінацыяў, якія практычна спустошылі Маскоўскую вобласьць падчас ягонага досыць працяглага губэрнатарства. Як кіраўнік “Баявога Братэрства”, ён ачольвае структуру, што аб’ядноўвае ветэранаў лякальных войнаў і вайсковых канфліктаў, у якіх удзельнічалі вайскоўцы СССР, а затым РФ. Значны прыток новых чальцоў “Братэрства” забясьпечваецца зараз дзякуючы жаўнерам, наймітам і баявікам, якія прымалі непасрэдны ўдзел у акупацыі Крыма і баявых дзеяньнях на Данбасе.
Ня менш адыёзнаю і скандальнаю асобаю зьяўляецца таксама першы намесьнік старшыні «Баявога Братэрства», дэпутат Дзярждумы IV-VI скліканьняў, чалец Савета Фэдэрацыі Фэдэральнага Сходу РФ, «адзінарос» і сузаснавальнік “Антымайдана” Дзьмітры Саблін.
На пасадзе губэрнатару Барыс Громаў непасрэдна спрыяў імкліваму ўзлёту палітычнае кар’еры Сабліна, які напачатку быў ягоным дарадцам, але пасьля стаў выконваць функцыі начальніка аховы. Апроч гэтага расейскія журналісты высьветлілі, што з Громавым яго зьвязвае ня толькі партнэрства, але й крэўныя повязі: пляменьніца Громава зьяўляецца жонкаю Сабліна. Пасьпяховы тандэм Громава-Сабліна на працягу ўсяго губэрнатарства «выпілоўваў» зь бюджэту Маскоўскае вобласьці літаральна мільярды даляраў. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляецца, напрыклад, незадэкляраваная вялізная сядзіба Сабліна на Рублёўскай шашы.
Недатыкальнасьць як Громава, гэтак і Сабліна забясьпечваецца, відавочна, менавіта празь іхную згаданую так званую грамадзкую дзейнасьць. Зь вялікай ступеню верагоднасьці можна зрабіць здагадку, што праз «Баявое Братэрства», у шэрагах якога маюцца ветэраны, якія ўдзельнічалі ва ўсіх апошніх, распачатых РФ канфліктах, ажыцьцяўляецца вярбоўка значнай колькасьці наймітаў і баявікоў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на Данбасе. Таксама варта асобна згадаць і ўдзел Дзьмітрыя Сабліна ў стварэньні руху «Антымайдан», фігурантамі якога зьяўляюцца, як самое «Баявое Братэрства», гэтак і «Руская вясна», «Цэнтральнае казачае войска», «Атаманская сотня», Мотаклюб “Начныя ваўкі» і інш. З дапамогай “Антымайдана” Саблін абяцае душыць апазыцыйныя акцыі пратэсту ва ўсёй Расеі сілавымі мэтодамі з задзейнічаньнем байцоў, дасьведчаных спартоўцаў, казацтва і нават байкераў, якія трэнуюцца ў адмысловых лягерох падрыхтоўкі. Сваім апрычнікам Пуцін гарантуе асабістую недатыкальнасьць, нягледзячы на гучныя карупцыйныя справы, бо яны абараняюць ня толькі ягоны злачынны рэжым, але й уласную маёмасьць, набытую шляхам махінацыяў і крадзяжоў.
Заняўшы сэнатарскае крэсла, Дзьмітры Саблін удзельнічае ў арганізацыі моладзевага лягеру падрыхтоўкі юных пуціністаў у акупаваным украінскім Крыме.
Апроч гэтага, ён асабіста арганізуе і прымае ўдзел у акцыях “Антымайдана”:Тэма зьнішчэньня адным таталітарным рэжымам іншага больш за семдзесят гадоў таму для гэтых мучанікаў Пуціна зьяўляецца нарожным камянём, на якім трымаецца іхная рэлігійная вера ў сваю выключную богаабранасьць і вялікую місыю, якую яны самааддана выконваюць. «Місыя» ж палягае ў барацьбе з «поганьню Захада, якая скалечвае і зьнявольвае розумы мільёнаў» і дэманстрацыі свайго асаблівага шляху, пры тым, што шлях гэты вельмі трагічным чынам ужо быў да іх пройдзены незьлічонае мноства разоў. Але, як казаў вядомы фізык-ядравік, толькі дзьве рэчы ня маюць межаў: сусьвет і чалавечае глупства.
Выклікае акадэмічную цікавасьць дзіўны рэлігійны фэтышызм гэтае веры, праяўлены ва ўхваленьні вялізарных чырвоных палотнішчаў, павялічаных копіяў іхнага цэнтральнага культавага боства, дыскрэдытаванага і зьняслаўленага “русским миром” Сьцяга Перамогі. На фота ніжэй зафіксаваны рытуал ушанаваньня дзясяткаў гэтых палотнішчаў на вайсковым пляцы танкавага палку ў п.Пакіна Уладзімерскай вобласьці РФ.
Гэтую дзею пастараўся даступна растлумачыць сам Дзьмітры Саблін (пакідаем у арыгінале): «Мы должны помнить свою историю. Проходят годы, но память о нашей Великой Победе жива. Этим проектом мы хотим консолидировать поколения. «Звезда нашей Великой Победы» – это, в первую очередь, наш ответ на информационные войны, которые угрожают спокойствию и безопасности всех стран», – то бок, паводле лёгікі Сабліна, чым больш вялікшыя і ўнушальныя абраныя сымбалі перамогі над “поганьню Захада”, тым болей яны маюць спакою і бясьпекі. Цалкам можа быць, бо мегаламанія, якая мяжуе з вар’яцтвам, была ўласьцівая практычна ўсім памерлым імпэрыям. Ня ёсьць выключэньнем і цяперашняя мёртванароджаная імпэрыя Пуціна, якая б’ецца ў параноі і чакае на свой спачын.
Мэтаю згаданага Сабліным праэкту “Баявога Братэрства” менавіта ў Беларусі зьяўляецца, перадусім, пазначэньне краіны як культурнай калёніі і палітычнага пратэктарату Расеі з пэрыядычным укленчаньнем мясцовых уладных элітаў. Падобным чынам у жывёльным сьвеце пазначаюць сваю тэрыторыю. У Беларусь для гэтых мэтаў былі накіраваныя лідэры «Антымайдана» Уладзімерскай вобласьці РФ: Віктар Каураў – першы намесьнік кіраўніка апарата адміністрацыі вобласьці, карупцыянэр і фрык, і Валер Малышаў – старшыня Уладзімерскага аддзяленьня «Баявога Братэрства». На фота ніжэй, каля прадукту аднога з апірышчаў расейскае дзяржавы – Уралвагонзавода – стаяць: трэйці леваруч – Малышаў, апошні праваруч – Каураў (архіў).
Акцыі з чырвонымі палотнішчамі “Баявога Братэрства” ахапілі практычна ўсе абласныя цэнтры Беларусі: Берасьце, Горадню, Магілеў, Віцебск, сталічны Менск, а таксама буйныя раённыя цэнтры: Ваўкавыск, Ліду і Воршу.
Вось, напрыклад, Берасьце:
Не заўважылі нічога дзіўнага? Паглядзіце на атрыбутыку, якую трымаюць удзельнікі акцыі. Апроч расейскіх трыкалёраў і сьцягоў “Баявога Братэрства” у іхных рукох таксама і сьцягі “Антымайдана”.
Дарэчы, вас ня дзівіць, чаму яны трымаюць у рукох толькі прывезеную з сабою, расейскую атрыбутыку? Такая сабе адкрытая непавага да прымальнага боку, ды й “Вялікая Перамога” нібы ж была агульнаю. Ну добра, “старэйшы брат” больш разумее. Сочым за перасоўваньнем людзей у форме “горка” далей. Наступным іхным прыпынкам стаўся райцэнтар Гарадзенскай вобласьці, Ваўкавыск. На фота ніжэй зафіксаваны намесьнік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч падчас вітальнай прамовы дарагім гасьцям.
Далей на шляху “патрыётаў зямлі рускай” была Горадня, дзе іх прымалі з асаблівым піетэтам мясцовыя прадстаўнікі ўлады, партактыў БРСМ, ветэранскія арганізацыі, а таксама курсанты кадэцкіх вучэльняў і школьнікі, якіх традыцыйна зганяць на падобныя мерапрыемствы.
Варта зазначыць дзіўныя зьмены: на вуліцах Горадні яны пабаяліся выкарыстоўваць сьцягі “Антымайдана”, зьявіўся таксама сьцяг прымальнага боку.
“Зялёны чалавечак” выведвае абстаноўку і настроі жыхароў гораду.
На фота ніжэй у адным шэрагу разам з уладзімерскім лідэрам “Баявога Братэрства”, ветэранамі, актывістам БРСМ фігуруе й старшыня Гарадзенскага гарадзкога савета дэпутатаў Анатоль Нікіцін (у цэнтры), якога небезпадстаўна можна адносіць да патэнцыйных агентаў уплыву Расеі як выпускніка Вайсковай Акадэміі Генштаба РФ.
Наступным прыпынкам “зялёных чалавечкаў” стаўся буйны райцэнтар Гарадзенскай вобласьці Ліда, дзе мясцовыя мужы гораду сустрэлі іх з такім жа захапленьнем і гасьцінасьцю: усё ж “Братэрства”, ды яшчэ і баявое. З аркестрам, з песьнямі і танцамі і ротай ганаровае варты іх асабіста вітаў намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкама Віктар Пранюк (на фота ніжэй).
Вайсковыя і цывільныя службоўцы ня грэбавалі стаяць у адным шэрагу з прыхільнікамі “русского мира” і актывістамі “Антымайдана”. На фота другі леваруч – палкоўнік Міхаіл Сяргун – намесьнік камандыра ў ідэалягічнай працы Лідзкага памежнага атраду; праваруч яго – ваенкам Лідзкага раёну, палкоўнік Аляксандар Херман, за ім – ужо згаданы Віктар Пранюк.
Далей шлях адэптаў “пабедашалу” йшоў празь Менск, дзе іх не сустракалі гэтак урачыста й узьнёсла, як у гарадох Гарадзенскае вобласьці, абмежаваліся толькі прадстаўнікамі ветэранскае арганізацыі. Але якімі!
На фота ніжэй – Віктар Каураў з старшынём Менскай гарадзкой арганізацыі ветэранаў Анатолем Адоньевым, удзельнікам араба-ізраільскай вайны пачатку 1970-х гадоў, працаўніком палітаддзелаў разнастайных вайсковых акругаў СССР.
Пагутарыўшы з жывым ветэранам “вайны зь сіянізмам”, абаронцы культу “георгіеўскай” стужкі непакоілі яшчэ месьцічаў у Магілеве, Воршы і Віцебску і, нарэшце, зьехалі зь Беларусі.
Усё гэтая паслужлівасьць беларускіх уладаў, якія разам з марыянеткавымі адміністрацыямі акупаваных Расеяй Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, Крыма, тэрарыстычных утварэньняў “ДНР” і “ЛНР” удзельнічаюць у расейскай прапагандысцкай кампаніі і прымаюць распальнікаў вайны, выклікае шмат пытаньняў. З ушанаваньнямі і на афіцыйным узроўні прымаюць заўтрашніх вельмі магчымых ініцыятараў стварэньня чарговых анклаваў імпэрыі, але ўжо на тэрыторыі самой Беларусі. Прымаюць тых, што стварылі фэтыш “пабедашалу” з трагедыі дзясяткаў мільёнаў людзей, якіх па-злачыннаму кінулі ў гарніла самае жахлівае вайны чалавецтва.
Дэміургі таннага гераічнага эпасу, што распалілі вайну ў калісьці братэрскай для іх Украіне, бяз стомы паўтараюць сваю любімую мантру “мы победили”, але перамога гэтая, нажаль, над здаровым глуздам. Сваімі дзеяньнямі яны ўжо паставілі Беларусь перад выбарам: або хваткія й задушлівыя кіпцюры “Братэрства”, або сьцьвярджэньне дзяржаўнасьці й кансалідацыя ўсяе нацыі. Выбар палітычнай эліты Беларусі, якая больш за два дзесяцігодзьдзі перабывае ў самазабыўным мазахісцкім задушэньні, залежыць ад шматлікіх фактараў, але перадусім ад палітычнае волі й жаданьня вырвацца з “братэрскіх” кіпцюроў.
Матар’ял для публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа