Рэдактар беларускае службы Міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm і грамадзкі актывіст Дзяніс Івашын даў інтэрвію праваабарончай ініцыятыве “Беларускі дакумантацыйны цэнтар”, у якім адказаў на шэраг пытаньняў.
— Дзяніс, хацелася б пачаць з прыемнага – раскажы пра наведаньне ўкраінскай амбасады.
— Ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску 30 чэрвеня 2016 г. адбылося афіцыйнае мерапрыемства з нагоды сьвяткаваньня 20 гадавіны ўхваленьня Канстытуцыі Украіны. Я быў запрошаны разам з маімі паплечнікамі з валянтэрскай гуманітарнай ініцыятывы «Гуманітарны маршрут «Беларусь-АТА», якія прадстаўляюць практычна ўсю Беларусь: Менск, Горадня, Гомель, Берасьце. Заснавальнік нашай ініцыятывы грамадзкі актывіст з Гомлі Андрэй Стрыжак, а таксама ўсе астатнія валянтэры атрымалі афіцыйную падзяку ад украінскай дыпляматычнай місіі.
— Што атрымалася зрабіць у межах ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь–АТА»?
— У межах ініцыятывы на сродкі, назьбіраныя беларусамі і пры садзейнічаньні ўкраінцаў, былі набытыя й дастаўленыя ў зону правядзеньня антытэрарыстычнае апэрацыі для Першага дабравольчага мабільнага шпіталя імя М.Пірагова тры аўтамабілі: рэанімабіль, санітарны мікрааўтобус і ўздапаможная машына для транспартаваньня мэдычнай службы. Мэдыкі гэтага мабільнага шпіталю такія ж валянтэры, як і мы, ратуюць пад кулямі жыцьці украінскіх жаўнераў на фронце і дапамагаюць мірнаму насельніцтву. Пра пакліканьне і ахвярнасьць гэтых лекараў сьведчаць тое, што мясцовыя іх называюць «анёламі ў белых халатах».
Таксама нашая ініцыятыва назьбірала і перадала прыблізна 7 тонаў гуманітарных грузаў для часова перамешчаных асобаў з Усходу Украіны, для сем’яў украінскіх вайскоўцаў.
— Чаму цябе асабіста так зачапіла ўкраінская тэматыка?
— Добрае пытаньне пра матывацыю маіх дзеяньняў. Тут усё проста: мой бацька родам зь Дніпра, багата часу ў дзяцінстве, асабліва ўлетку, я бавіў ва Украіне ў сваёй бабулі. Род мой досыць старажытны і паходзіць з рэестравых запарожскіх казакоў, які заснавалі і пасялілся ў сярэдзіне XVIII ст. у Вольных Хутарах, што на правым беразе Дняпра між маляўнічымі прытокамі Саматкань і Даматкань. Дзед, дарэчы, нарадзіўся зь прозьвішчам Івашына, але праз савецкую аптымізацыю напісаньня мае прозьвішча было пазбаўленае літары «а». Мой далёкі імаверны прашчур казацкі палкоўнік Івашына ўдзельнічаў у 1610 годзе пад кіраўніцтвам гетмана Жалкеўскага ў бітве пад Клушынам, у выніку якой, маскоўскае войска было зьнішчанае, цар Васіль Шуйскі патрапіў у палон, а маскоўская дзяржава на некаторы час наагул спыніла свае існаваньне.
Украіна для мяне такая ж родная, як і Беларусь. Гэтым можна патлумачыць і мой асабісты ўдзел у Рэвалюцыі Годнасьці. Беларусь і Украіна знаходзяцца ў адной геапалітычнай прасторы, і я перакананы, што сёньняшнія падзеі ва Украіне для Беларусі зьяўляюцца лёсавызначальнымі. Чым больш свабоды і незалежнасьці будзе мець Украіна, тым болей шанцаў і мажлівасьцяў для вырываньня з «братэрскіх» чэкісцкіх кіпцюроў будзе мець і Беларусь. Іншае пытаньне, ці дастаткова будзе ў разе зьяўленьня акенца мажлівасьцяў, якое неўзабаве можа адчыніцца, палітычнае волі ў грамадзтва і ўладаў дзеля таго, каб скарыстацца гэтым гістарычным шанцам.
— Як пачалася твая супраца з InformNapalm?
— У выніку страты палітычнага кантролю над Кіевам і дэградацыі сваіх уласных аналітычных інстытуцыяў Расея пачала зьдзяйсьняць даўно заплянаваную вайсковую агрэсію супроць Украіны. Дзеля ўдзелу ў супрацьдзеяньні інфармацыйнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі ў гэтай гібрыднай вайне я вырашыў задзейнічаць увесь свой патэнцыял, магчымасьці, досьвед і высілкі. InformNapalm быў абсалютна новым інфармацыйным праэктам, створаным вайсковым журналістам Раманам Бурко,
на вачох якога адбываўся захоп Крыма. Напачатку я займаўся вельмі значным на той час пашырэньнем нашай інфармацыі ў беларускай інфапрасторы пра выяўленыя стоадсоткавыя факты расейскай вайсковай агрэсіі ў Крыме й затым на Данбасе. На той час мяне шмат хто ў Беларусі ўжо ведаў дзякуючы маім штодзённым апдэйтам сытуацыі ў Лібіі, якія я пісаў на працягу 2011 году. Гэты досьвед і напрацаваны пэўны давер грамадзтва да маёй інфармацыі выявіліся вельмі значным капіталам. Таму далейшае рашэньне пра стварэньне сваіх уласных інфармацыйных матар’ялаў не было спантанным. Як рэдактар беларускае службы Міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm я зьдзяйсьняю журналісцкія расьледаваньні што да наяўнасьці патэнцыйных агентаў уплыву Расейскай Фэдэрацыі і актыўнасьці парамілітарных прарасейскіх фармаваньняў у Беларусі.
Ужо больш за два гады нашая міжнародная валянтэрская супольнасьць застаецца ўнікальнай інфармацыйнай ініцыятывай, якая ня мае аналягаў у Сярэдняй Эўропе. Мы маем уласную OSINT-групу, якая займаецца выведкай адкрытых крыніцаў інфармацыі, маем перакладнікаў на асноўныя эўрапейскія мовы, маем сваіх аналітыкаў і вайсковых экспэртаў ва Украіне, Грузіі, Нямеччыне. У нашай уласнай базе дадзеных для Міжнароднага вайсковага трыбуналу ўжо сабраныя сьведчаньні пра ўдзел прыблізна 80 падразьдзяленьняў Збройных Сілаў РФ у вайне супроць Украіны. Гэта стоадсоткавая факталягічная база, якая мае ляжаць на стале гэтага трыбуналу, калі, вядома, цывілізаваны сьвет прагне захаваць дасягненьні мірных дзесяцігодзьдзяў па апошняй сьвятовай вайне.
— Увогуле, жанр журналісцкіх расьледаваньняў заўсёды быў самым небясьпечным жанрам журналістыкі, які можа спаборнічаць паводле небясьпецы, хіба што, з вайсковай журналістыкай. Ці не баішся ты закранаць некаторыя небясьпечныя тэмы?
— Магу сьведчыць толькі пра тое, што пасьля ўдзелу ў Майдане мой натуральны ўзровень страху ёсьць значна зьніжаным. Разуменьне таго, што наступнае кожнае твае імгненьне можа быць апошнім у жыцьці, значна паўплывала і на пераасэнсаваньне ўсяго жыцьця і на растаноўку прыярэтэтаў у ім.
— На цябе неаднойчы зьвярталі сваю асаблівую ўвагу вельмі спэцыфічныя расейскія сайты, якія практычна нацкоўвалі на цябе, падавалі нават тваю хатнюю адрэсу. Як ты ставішся да падобных пагрозаў?
— Думаю, ня буду арыгінальным, калі скажу, што гэта сьведчыць пра слушнасьць маіх дзеяньняў. Калі б яны былі неэфэктыўнымі і незначнымі – не было б аніякае рэакцыі гэтых расейскіх сайтаў – мэдыякілераў, аўтары якіх, у адрозьненьне ад мяне, заўжды ананімныя і хаваюцца за сьпінамі куратараў спэцслужбаў. Карціць мець ворага, якога ты паважаеш, аднак, праз падобныя пагрозы-правакацыі ў дачыненьне да мяне і маіх блізкіх, ён не дае такіх падставаў. Таксама трэба зазначыць, што гэтыя правакацыі, якія адбываліся ў сьціслы прамежак часу і раптоўна скончыліся, зьвязаныя перадусім з пачаткам публікацыяў увосень 2015 г. асабістых дадзеных пілётаў расейскіх паветрана-касьмічных сілаў, якія зьдзяйсьнялі ракетна-бомбавыя ўдары па падразьдзяленьнях сірыйскае ўмеранае апазыцыі, што ваюе з рэжымам Асада і тэрарыстычнаю групоўкаю ІДІЛ,
а таксама па мірнаму насельніцтву, у выніку чаго задакумантаваная сьмерць соцень жанчынаў, дзяцей, старыкоў.
Расейскія спэцслужбы праз ачарненьне маёй асобы намагаліся дыскрэдытаваць усю нашую валянтэрскую супольнасьць, але ў выніку іхныя дзеяньні спрычыніліся толькі да адваротнага – значнага павялічэньня нашае чытацкае аўдыторыі. Зразумеўшы гэта, яны спынілі свае правакацыі ў адносінах да мяне. Варта асобна зазначыць, што гэтыя правакацыі выявілі й акцэнтавалі ўвагу адразу на некалькі істотных праблемаў нацыянальнае бясьпекі нашае дзяржавы. Па-першае, праблема адкрытых межаў з РФ і, па-другое, наяўнасьць значнае колькасьці агентаў уплыву і інфільтраванага агентурнага сеціва расейскіх спэцслужбаў ва ўсіх сілавых ведамствах нашае дзяржавы. Згодна з тымі сіламі і сродкамі, якія былі задзейнічаныя падчас правакацыяў супроць мяне, стае зразумелым, што ў выпадку пагаршэньня адносінаў Беларусі з РФ, будуць адбывацца падобныя правакацыі, але ўжо на макраўзроўні, падчас якіх будзе задзейнічаны ўвесь спэктар інфармацыйнага ўдзьдзеяньня – і маштабная прапаганда з мэтай дыскрэдытацыі ў расейскіх СМІ і правакацыі-злачынствы непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. Будзе скарыстаны ўвесь той арсэнал захадаў, які быў ужыты супроць Украіны, з мэтай нутранай легітымацыі і апраўданьня вайсковай агрэсіі.
— Тэма дапамогі Украіне зьяўляецца досыць балючай для беларускіх уладаў – перадусім гэта датычна тых, хто дапамагае афіцыйнай украінскай уладзе, у адрозненьне ад тых, хто дапамагае сэпаратыстам. З чым гэта зьвязанае?
— Трэба адразу зазначыць, што гэта ня тычыцца гуманітарнай дапамогі, то бок асаблівых перашкодаў у дастаўцы гуманітарных грузаў няма. Што да ўдзелу грамадзянаў Беларусі ў баявых дзеяньнях на Усходзе Украіны, то тут назіраем адваротную карціну: прадузятае і вельмі нэгатыўнае стаўленьне да тых, хто ваюе на баку Украіны і, практычна, калі не дапамога, дык спачуваньне дзеяньням наймітаў, якія ваююць на баку тэрарыстычных бандфармаваньняў. На гэты момант грамадзтва практычна ня мае аніякае інфармацыі пра ўвязьненьне баявікоў тэрарыстычных утварэньняў «Л/ДНР», якія вяртаюцца ў Беларусь, затое маем шмат фактаў перасьледу ня толькі беларускіх добраахвотнікаў, якія дапамагаюць стрымаць расейскую вайсковую агрэсію, але нават чальцоў іхных сем’яў і сваякоў. Гэта зьвязанае і з тым, што я пазначыў вышэй – наяўнасьцю шырокага агентурнага сеціва расейскіх спэцслужбаў і агентаў уплыву РФ ва ўсёй вэртыкалі ўлады, і таксама з тым, што беларуская інфармацыйная прастора, апроч электронных СМІ, знаходзіцца пад татальным кантролем Расеі.
— Чым скончылася тваё “камунікаваньне” з КДБ?
— Размова была толькі аднойчы і тое праз тэлефон, у лютым 2015 году, калі штатны супрацоўнік КДБ настойліва прапаноўваў мне сустрэцца і абмяркаваць мае паездкі ва Украіну на працягу 2014 году. Пасьля маёй сустрэчнай прапановы і патрабаваньня выконваць законы Беларусі больш падобных «запрашэньняў» не было. Я выдатна разумею, што перад мажлівым задзейнічаньнем любога з падрыхтаваных Расеяй сцэнару дэстабілізацыі сытуацыі ў нашай краіне дзеля наступнай анэксіі і выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі як суцэльнага вайсковага пляцдарму, будзе дадзеная каманда для папярэдняй зачысткі ўсіх патрыятычных сілаў Беларусі, што будзе своеасаблівым маркерам пачатку гэтага працэсу. Таму ня маю аніякіх ілюзіяў, што ў разе патрэбы мяне, як і сотні іншых, у любы момант могуць ня толькі кінуць у падвал КДБ, але вывезьці наўпрост ў лесапаласу. Але баяцца і праз гэта нічога не рабіць – доля слабых духам людзей, якія заўжды шукаюць апраўданьні ўласнай бязьдзейнасьці.
Арыгінал інтэрвію на сайце Беларускага Дакумантацыйнага Цэнтра.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа