Паводле паведамленьня “Інфармацыйнага Супраціва” ад 05.06.2015 г., на ангельскамоўным канале WorldConflictFilms 04.06.2015 г. было апублікаванае відэа з ўкраінскага вайсковага гэлікоптэру, які быў зьбіты на Данбасе ў жніўні 2014 году. Відэа сфільмаванае з кабіны пілёта гэлікоптэру і фіксуе момант ягонага крушэньня. Праз аналіз ландшафту, пары году і бачнай частцы кабіны гэлікоптэру можна выявіць, што гэта гэлікоптэр Мі-24 Збройных сілаў Украіны, які “баявікі” зьбілі 20 жніўня мінулага году ля Георгіеўкі Лутугінскага раёну Луганскае вобласьці. Тады ў выніку абстрэлу загінулі два пілёты: капітан ЗСУ – Антон Радзівонаў і маёр – Алег Бірук. Іхныя целы адразу ж былі эвакуяваныя.
Гэтаксама інфармацыя пра крушэньне гэтага гэлікоптэру ёсьць на старонцы Facebook валантэра Георгія Тукі з 21 жнiўня 2014 г., у якой ёсьць наступнае: “20.08 – Мі-24 Экіпаж Н.Калінаў, збіты на вышыні 6 мэтраў. Борт разарваўся ў паветры. ПЗРК на такой вышыні не працуе і празь яго борт разарвацца ня можа (заўвага: аўтар посту меў на ўвазе стацыянарны ЗРК). Цалкам мажліва, зьбілі зь нейкага пераноснага ракетнага комплексу наўпроставай наводкай. Зьбілі граматна. У начальства была інфармацыя пра тое, што ў тым раёне зьявіліся зялёныя чалавечкі.”
У выніку OSINT-выведкі быў выяўлены адзін з такіх “навароскіх” “ПВОшнікаў” (рас.) – сяржант-зэнітчык 205-й асобнай матастралковай брыгады (в/ч 74814, Будзёнаўск, Стаўрапольскі край) 49-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ Палканаў Сяргей Валянтынавіч (https://vk.com/id271294630, архіў https://archive.is/QsK2Z). Праз дасьледаваньне ягоных сяброўскіх кантактаў, атрымалася выявіць, што станам на пачатак жніўня 2014 году Палканаў знаходзіўся на вучэньнях на вайсковым палігоне Ашулук (Астраханская вобласьць) у складзе зэнітнага падразьдзяленьня 205-й матастралковай брыгады.
Па ўсім відаць, менавіта адтуль ён і быў выпраўлены ў камандыроўку ва Украіну, пра што сьведчаць паведамленьні ў сацсетках з старонкі актывіста Andrey Kalikh, у якім адзначаецца: “27 жніўня 2014 году на палігоне Ашулук камандыр 205 брыгады в/ч 74814 генэрал-маёр Данскіх Юры Уладзімеравіч абвясьціў перад шыхтом, што кантрактнікі маюць выправіцца ў камандыроўку на палігон у Растоўскую вобласьць. Пасьля гэтага сказаў, хто не жадае ехаць у камандыроўку – выйсьці з шыхту. Каля 50 чалавек выйшлі з шыхту. З вуснаў генэрала ў іхны бок паляцела лаянка, зьнявага і наўпроставыя пагрозы: “Я зараз выклічу прадстаўнікоў ФСБ, вайсковай пракуратуры!”
Заўвага: Паводле наяўных дадзеных, увесну-улетку 2014 году на палігонах Ашулук, Знамянскі (Астраханская вобласьць) і Прудбой (Валгаградзкая вобл.) была адзначаная канцэнтрацыя некалькіх батальёна-тактычных групаў з складу вайсковых частак Паўднёвае вайсковае акругі, у тым ліку – 205-й МСБр (в/ч 74814, Будзёнаўск, Стаўрапольскі край), 19-й МСБр (в/ч 20634, Уладзікаўказ, Паўночная Асэтыя), 7-й вайсковай базы (в/ч 09332, акупаваная Абхазыя, Грузыя) – якія перад адпраўкай у т.з. “украінскую камандыроўку” праходзілі інтэнсыўную баявую падрыхтоўку.
У фатаальбоме Палканава ёсьць шэраг здымкаў, якія сьведчаць пра ягоную прыналежнасьць да расейска-тэрарыстычных войскаў – ужо звыклыя для нас фатаздымкі на дзяржаўнай мяжы Украіны з РФ на тле памежнай таблічкі, таксама на тле бранеаўтамабіляў “Тыгр” без нумарных знакаў, у нестатутнай форме зь белымі апазнавальнымі павязкамі баявіка “Наваросіі”.
Тое, што асноўнай задачай камандыраванага на Данбас Палканава было супрацьпаветранае забесьпячэньне расейска-сэпаратысцкіх сілаў з выкарыстаньнем пераносных зэнітна-ракетных комплексаў (ПЗРК “Игла” (рас.))», сьведчыць шэраг фатаздымкаў.
Пасля апубликавання артыкула чытачы таксама ідэнтыфікавалі меркаваную прывязку да мясцовасці вышэйпрыведзеных фатаграфій з ПЗРК. Па папярэдніх дадзеных фота зроблена ў былой частцы ГА паміж Макееўкай і Данецкам (каардынаты 48.002345, 37.944311), тэрыторыя часткі ГА на чайкінскім павароце. Дадзеныя ўдакладняюцца.
Ня менш цікавыя і іншыя фатаздымкі з камандыроўкі Палканава, напрыклад з аўтамабілем Mitsubishi L200, якім гэтак жа выхваляўся Павал Губараў 03.09.2014 г., глядзіце захаваную копію відэа ў спасылцы.
Арыгінал відэа http://krasview.ru/video/522990-pulemet_Utes_opolcheniya.
Характэрнае адрозьненьне гэтага аўтамабіля – усталяваны самаробны станок да буйнакалібернага кулямёту “Утес” (рас.) і сядзеньня ў кузаве.
Ну і як жа ж без заахвочваньня сяржанта Палканава за ўдзел у баявых дзеяньнях супроць Украіны? Гэтак у сьнежні 2014 г. яму быў выдадзены мэдаль міністэрства абароны РФ “За баявыя заслугі” з подпісам таго самага генэрал-маёру Данскіх, які прымусова выпраўляў вайскоўцаў у камандыроўку.
Нагадаем, што за час канфлікту на Данбасе ЗСУ страцілі 1 лятак Ан-26, 1 Ан-30, 1 Іл-76, 6 Су-25, 2 МіГ-29, 1 Су-24, 5 гэлікоптэраў Мі-24 і 5 Мі-8.
Гэта ня першы доказавы факт “украінскай камандыроўкі” расейскіх вайскоўцаў з 205-й МСБр. Яшчэ ў сакавіку гэтага году “ІнформНапалм” прадставіў матар’ял ад блогера-дасьледчыка “stabilizec“, які прасачыў баявы шлях вайскоўцаў 205-й асобнай матастралковай брыгады 49-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ ад Стаўрапалю да Данбаса – “Расейскія “апалчэнцы”-кантрактнікі 205-й МСБ ва Украіне“.
Аўтар: krmvictory.
(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайта InformNapalm, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу спасылка на наш праэкт абавязковая.
Пераклад Дзяніса Івашына і Кацярыны Катэнка
P.S: Таймер уключаны 08.06.15 а 13:00. Неўзабаве старонка нашага “героя” будзе выдаленая ФСБ-чысьцільшчыкамі. Але, хацелася б нагадаць ім, што яны спазьніліся, усё гэта ўжо патрапіла ў анлайн-архіў у “Чысьцец” “Міратворца” (https://psb4ukr.org/criminal/polkanov-sergej-valentinovich/) і ня толькі туды. Профіль https://vk.com/id271294630, архіў: https://archive.is/QsK2Z.
2 Responses to ““Дэсэптыконы” з СПА РФ на Данбасе. Хто зьбіваў украінскую авіяцыю”
2015-06-10
Як Павал Губараў засьвяціў 18-ю гв. амсбр ЗС РФ - InformNapalm.org (Беларуская)[…] […]
2015-10-20
Тры камандыроўкі на Данбас з 18-й АМСБр РФ: Cherchez la femme - InformNapalm.org (Беларуская)[…] кулямётам “Уцёс”, які ў нашых матар’ялах фігураваў і раней, у тым ліку ў ліпеньскім матар’яле 2015 году “Як […]