Увесь сьвет аб’яднаўся ў патрабаваньні ад вышэйшага кіраўніцтва Расеі вызваліць удзельніцу расейскага судзішча Надзею Саўчанка. У якасьці ціску дыпляматы выкарыстоўваюць пагрозы ў выглядзе складаньня санкцыйных сьпісаў у дачыненні да асобаў, якія прымалі непасрэдны ўдзел у працэсе. На гэты момант «сьпіс Саўчанка» не зацверджаны, бо прысуду фактычна не было, але, цалкам магчыма, што 21-22 сакавіка 2016 году рашэньне суду будзе абвешчанае. Нягледзячы на ўсе прабелы і відавочныя нестыкоўкі абвінавачваньня, якія бок абароны Саўчанка ўжо неаднойчы падаваў, расейская пракуратура патрабуе для Надзеі ад 23 гадоў пазбаўленьня волі.
Так званы «сьпіс Саўчанка», які склаў ЭЗ, ёсьць копіяй сьпісу БЮТ (Блёк Юліі Цімашэнка), які быў апублікаваны яшчэ 24.02.2015 г. На той момант у яго ўваходзілі 35 чалавек, дыпляматы ж ЭЗ скарацілі яго да 29 чалавек, пакінуўшы ў ім усё верхавіну на чале з прэзыдэнтам Расеі У.У. Пуціным. Сьпіс складаецца зь пераліку пасадаў і прозьвішчаў, якія, збольшага, звычайнаму абываталю нічога ня кажуць. Мы распавядзем пра невядомых фігурантаў гэтага сьпісу і значна яго пашырым.
Пачнем з судзьдзяў у справе Саўчанка, якія патрапілі ў папярэдні санкцыйны сьпіс ЭЗ:
I У першую партыю патрапілі варонежскія судзьдзі, якія ўхвалілі свае рашэньні адразу пасьля незаконнага і прымусовага вывазу Саўчанка на тэрыторыю Расеі:
Сарокін Дзьмітры Аркадзевіч – судзьдзя Наваўсманскага раённага суду Варонежскае вобласьці, які на першым паседжаньні 02.07.2014 г. ухваліў утрыманьне Саўчанка пад арыштам да 30.08.2014 г. Агульная сума даходу ягонай сям’і за 2013 год – 1 млн 40 тыс рублёў.
Літоўкіна Тацьцяна Аляксандраўна – cудзьдзя Варонежскага абласнога суду, 25.07.2014 г. была старшынёю паседжання апэляцыйнага суду ў справе Саўчанка Н.В. Адхіліла апэляцыю адвакатаў што да ўтрыманьня Саўчанка пад арыштам да 30.08.2014 г.
Салігаў Магамед Тапаевіч – судзьдзя Савецкага раённага суду г. Варонежа. 27.08.2014 г. ухваліў падоўжаньне тэрміну ўтрыманьня пад вартаю да 30.10.2014 г., адмовіў вызваліць Саўчанка пад заставу. Таксама ўхваліў правядзеньне псыхоляга-псыхіятрычнае экспэртызы Саўчанка Н.В.
Фёдаравіч – судзьдзя Варонежскага абласнога суду. 15.09.2014 г. адхіліў апэляцыю адвакатаў што да ўтрыманьня Саўчанка пад вартаю да 30.10.2014 г.II Наступныя ў сьпісе – маскоўскія судзьдзі – якія маюць дастатковы досьвед і службовы сьпіс і вядомыя праз свой удзел у гучных працэсах.
Левашова Валянціна Яўгенаўна – судзьдзя Басманнага раённага суду г. Масквы. 27.10.2014 г. падоўжыла тэрмін утрыманьня Саўчанка Н. В. пад вартаю да 13.02.2015 г. Падчас паседжаньня суду 04.03.2015 г., на якім яна была старшынёю, адвакаты спрабавалі абскардзіць адмову сьледчых СК РФ што да дазволу ўдзелу Саўчанка Н. В. у сэсыі ПАРЭ, якая адбывалася ў студзені 2015 г. Судзьдзя не задаволіла скаргу адвакатаў. Таксама Левашова вядомая ў якасьці судзьдзі ў «Балотным працэсе» над Ільлёю Гушчыным, Аляксандрам Марголіным, Леанідам Развазжаевым. У ліпені 2015 г. яна завочна ўхваліла арышт Ільлі Панамарова, які абвінавачваўся ў саўдзеле ў растраце сродкаў фонду “Сколкава”, але больш вядомы як адзіны дэпутат Дзярждумы РФ, які галасаваў супроць анэксіі Крыма.
Пасюнін Юры Анатолевіч – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду. 22.12.2014 г. ухваліў пастанову пра адхіленьне апэляцыі адвакатаў Саўчанка Н. В. што да ейнага ўтрыманьня пад вартаю да 13.02.2015 г.
Карпаў Артур Генадзевіч – судзьдзя Басманнага раённага суду г. Масквы. 10.02.2015 г. падоўжыў тэрмін утрыманьня пад арыштам Саўчанка да 13.05.2015 г. Прыйшоў у судовую сыстэму з вайсковай пракуратуры. Вядомы праз рэзанансную «справу ЮКАСа», у 2011-2012 гадох удзельнічаў і ў «справе Магніцкага», адмовіў у некалькіх скаргах што да бязьдзейнасьці следчых ворганаў, у 2012-2013 гадох удзельнічаў у працэсе затрыманых што да «Балотнай справы». Зьяўленьне ягонага прозьвішча ў чарговым санкцыйным сьпісе ўжо звычайная справа.
Мохаў Андрэй Валер’евіч – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду. 25.02.2015 г. ухваліў пастанову пра адхіленьне апэляцыі адвакатаў Саўчанка Н. В. што да ейнага ўтрыманьня пад вартаю да 13.05.2015 г. 12.09.2012 г. у калегіі судзьдзяў адхіліў касацыйную скаргу на арышт Уладзімера Акіменкава, які быў удзельнікам «Балотнае справы».
Больш судзьдзяў у сваім сьпісе БЮТ не падае. Але з сакавіка 2015 г. судовы працэс ня быў скончаны, але толькі набіраў абароты з прыцягненьнем ўсё новых і новых фігурантаў, інфармацыю пра якіх знайшла і падае каманда InformNapalm:
Мушнікава Натальля Яўгенаўна – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду, 1973 г.н. 06.05.2015 г. падоўжыла тэрмін утрыманьня Саўчанка ў СІЗА да 30.06.2015 г. У 2011 г. увайшла ў сьпіс “судзьдзяў, якія адмовілі ў правасудзьдзі» маці Сяргея Магніцкага. Падоўжыла арышт сьмяротна хвораму віцэ-прэзыдэнту ЮКАСа Васілю Алексаняну й не задаволіла скаргі ягоных абаронцаў што да дзеяньняў сьледзтва. Таксама была судзьдзёю ў працэсах арыштаваных што да «Балотнай справы» у 2012-2014 гг.
Мялехін Павал Уладзімеравіч – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду. 10.06.2015 г. вырашыў пакінуць Саўчанка ў СІЗА да 10.09.2015 г.
Зазначым, што СБУ і ГПУ (Генэральная Пракуратура Украіны) падазраюць судзьдзяў Карпава, Мялехіна і Мушнікаву ў незаконным утрыманьні Саўчанка пад вартаю.
Апроч судзьдзяў, СБУ мае падазрэньні і да асобаў, якія былі адказныя за выклад сфабрыкаваных доказаў супроць Саўчанка Н. В.
Маньшын Дзьмітры Сяргеевіч – сьледчы СК РФ, маёр юстыцыі. Напачатку расьледаваньня справы Саўчанка зьдзяйсьняў допыты, падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне ў судзе. У 2008 годзе «расьледваў» так званую “крымінальную справу пра генацыд і масавыя забойствы расейскіх грамадзянаў падчас агрэсіі Грузіі супроць Паўднёвае Асэтыі», за што нават атрымаў мэдаль ад псэўдапрэзыдэнта Паўднёвае Асэтыі.
Сьледчыя, якія як і Маньшын, увайшлі ў папярэдні санкцыйны сьпіс ЭЗ:
Грачоў Цімафей Уладзімеравіч – старэйшы сьледчы сьледчага аддзела кіраваньня ў расьледаваньні злачынстваў, зьвязаных з ужываньнем забароненых сродкаў і мэтодаў вядзеньня вайны СК РФ, маёр юстыцыі. На фото не падсудны, як можа здавацца на першы погляд, але менавіта сьледчы. У чэрвені 2012 г. увайшоў у пашыраную сьледчую групу «Балотнае справы». Рыторыка гэтага сьледчага таксама мае шмат супольнага з той, зь якой карыстаюцца выхадні зь мейсцаў ня гэтак аддаленых: «Каля будынку Сьледчага камітэта Піліпа Даўбунова (Гальцава) сустрэў сьледчы Цімафей Грачоў словамі «Петухом быть не хочешь? Будешь со мной дружить» (рас.). Пачаўся допыт. Напачатку Грачоў двойчы ткнуў Піліпа кулаком у твар, даў у патыліцу: «Не смотри на меня, как на говно, а то сам в говно превратишься» (рас.).
Дрыманаў Аляксандар Аляксандравіч – старэйшы сьледчы ў асабліва важных справах Сьледчага Камітэта РФ. Фальсыфікатар псэўдакрымінальнае справы Надзеі Саўчанка. Спрычыніўся да правядзеньня псыхіятрычнае экспэртызы Надзеі Саўчанка і арганізацыі ейнага катаваньня ў інстытуце Сербскага.
27.08.2015 г. у складзе судовай калегіі «акулы» расейскай Фэміды пакінулі рашэньне бязь зьменаў пра падаўжэньне арышту Саўчанка:
Алісаў Ігар Барысавіч – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду. Менавіта Ігар Алісаў разглядаў адную з крымінальных справаў пра крадзеж з расейскага бюджэту 5,4 млрд руб., сплочаных раней у выглядзе падатку на прыбытак кампаніямі, падкантрольнымі інвэстыцыйнаму фонду Hermitage. Праз гэта ён таксама ўвайшоў у «сьпіс Магніцкага».
Аліхвер Натальля Іванаўна – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду. Тая самая судзьдзя, дзеяньні якой 23.10.2012 г. разглядаў Эўрапейскі суд у правох чалавека ў сваім рашэньні праз скаргу «Пічугін супроць Расеі». Паводле прысуду з ейным подпісам у 2005 годзе начальнік аддзела службы бясьпекі ЮКАСа Аляксей Пічугін атрымаў свае першыя 20 гадоў пазбаўленнья волі ў калёніі строгага рэжыму. Праваабарончы Цэнтар “Мэмарыял” (Масква) вызнаў Аляксея Пічугіна палітвязьнем. 13.12.2012 г. у гонар 80-гадовага юбілею Масгарсуда Натальля Аліхвер была ўзнагароджаная знакам адрозьненьня «За бездакорную службу». Паслужыла Аліхвер “верай і праўдай” расейскай дзяржаве і падчас разгляду справы апазыцыянэраў Сяргея Удальцова і Леаніда Развазжаева, вылучанай у асобны працэс з «Балотнае справы».
Нікішына Натальля Віктараўна – судзьдзя Маскоўскага гарадзкога суду. У 2013-2014 гадох удзельнічала ў працэсе ў “Балотнай справе”. Удзельнікаў пратэстнай акцыі на Балотнай плошчы судзілі групамі. Справу першай групы з 8 чалавек разглядала менавіта Нікішына і прысудзіла ўсіх падсудных у сярэднім да трох з паловаю гадоў пазбаўленьня волі.
Праз наступную зьмену ўлетку 2015 г. адрэсы разгляду справы Саўчанка, зьмяніўся і склад судзьдзяў, якія маюць таксама увайсьці ў санкцыйны сьпіс:
Малышава Кацярына Анатолеўна – судзьдзя Растоўскага абласнога суду. 01.10.2015 г. пакінула бязь зьменаў рашэньне пра падаўжэньне арышту Саўчанка да 16.04.2016 г.
Кірсанава Людміла Уладзімераўна – судзьдзя Растоўскага абласнога суду. 01.10.2105 г. пакінула бязь зьменаў рашэньне пра падаўжэньне арышту Саўчанка да 16.04.2016 г.
Дзегцяроў Аляксандар Аляксеевіч – старшыня складу, судзьдзя Растоўскага абласнога суду. 21.08.2015 г. адмовіў хадайніцтва адвакатаў Саўчанка пра запабяганьне разгляду справы ў памежным з непадкантрольнай Украіне тэрыторыяй горадзе Данецку. Маёмасьць і прыбытак судзьдзі за 2014 год – 2 млн 355 тыc. руб.
Празь зьмену геаграфіі разгляду справы зьмяніўся і падыход асьвятленьня судовага працэсу. Гэтак, падчас паседжаньняў фота- і відэаздымка дазволеная толькі ў дачыненні да адвакатаў і самой Надзеі Саўчанка. Уведзеная строгая забарона на фіксацыю судзьдзяў і абвінавачаньня.
Калегія Данецкіх гарадзкіх судзьдзяў Растоўскае вобласці, якая і будзе прымаць фінальнае рашэньне ў справе Саўчанка:
Хайбулаеў Алі Салахудзінавіч – старшыня Данецкага гарадзкога суду Растоўскае вобласьці.
Чарныш Яўгенія Сяргееўна – судзьдзя Данецкага гарадзкога суду Растоўскае вобласьці. Для яе суд над Саўчанка зьяўляецца нечым накшталт падвышэньня кваліфікацыі, бо справы, якія яна вяла раней, былі датычныя толькі грамадзянскіх і адміністрацыйных правапарушэньняў. Апошні прысуд у межах крымінальнае справы Чарныш зрабіла ў 2012 годзе.
Сьцепаненка Леанід Аляксандравіч – дата нараджэньня: 25.07.1960 г., судзьдзя Данецкага гарадзкога суду Растоўскае вобласьці. Праз памежны статус гораду судзьдзя збольшага разглядае справы, зьвязаныя з парушэньнем правілаў перасячэньня мяжы, правозам зброі, боепрыпасаў, тавараў і інш. Гэтак, паводле прысуду з 19.09.2014 г. за правоз зброі, набытага на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі, вінаваты атрымаў толькі 6 (шэсьць)! месяцаў пазбаўленьня волі.
Не патрапілі ў папярэдні санкцыйны сьпіс ЭЗ і прадстаўнікі абвінавачаньня, якія баяцца фатаздымкі падчас судовых паседжэньняў у Данецку:
Філіпчук Павал Ігаравіч – пракурор Маскоўскае вобласьці. Як і ягоныя калегі, быў пракурорам падчас разгляду падаўжэньня тэрмінаў арыштаў асобаў, затрыманых у «Балотнай справе». Менавіта ён, як зазначыў адвакат Полазаў, у Данецкам судзе патрабуе для Надзеі Саўчанка 23 гады пазбаўленьня волі.
Кузьняцоў Уладзіслаў Вячаслававіч – пракурор аддзела дзяржаўных абвінаваўцаў крымінальна-судовага кіраваньня, раднік юстыцыі.
Юношаў Дзьмітры Уладзімеравіч – пракурор аддзела дзяржаўных абвінаваўцаў крымінальна-судовага кіраваньня, юрыст 1 клясы. Дата нараджэньня: 26.12.1985 г. Нарадзіўся ў саўгасе Гігант Растоўскае вобласьці. Знойдзены ягоны профіль сацсеціва (архіў).
Дзякуючы відэа “Расея-24” з залі паседжаньняў у г. Растове-на-Доне можам «пагледзець» ім у вочы.
Глюзіцкі Аляксандар Віктаравіч – дата нараджэння: 25.09.1973 г., пракурор аддзела пракуратуры Растоўскае вобласьці. 25.12.2015 г. выступаў на паседжаньні супроць апэляцыі адваката Полазава што да вызваленьня Саўчанка як сябра ПАРЭ.
Зазначым, што апроч Надзеі Саўчанка, у расейскіх ізалятарах і турмах увязьненыя і іншыя грамадзяне Украіны, праз што неабходна ствараць падобныя ж «сьпісы Сянцова, Кольчанкі» і г.д. Але тут больш відавочны пралік абароны: максымальная публічнасьць дазволіла б прыцягнуць увагу да ўдзельнікаў любога працэсу. Але, як нам падаецца, яшчэ ёсьць час, і ва ўкраінскі санкцыйны сьпіс маюць увайсьці ўсе слугі расейскае Фэміды, якія зрабілі прысуды астатнім украінцам. Дзякуючы прафэсыйнай абароне, якую зьдзяйсьнялі адвакаты Мікалай Полазаў, Ільля Новікаў і Марк Фэйгін, суд над Саўчанка, нягледзячы на закрытыя паседжаньні, стаўся насамрэч публічным. Зьвяртаемся да сваякоў, знаёмых, да абароны ўкраінскіх зьняволеных у расейскіх казэматах па наданьне прозьвішчаў судзьдзяў, пракурораў, якія спрычыніліся да неабгрунтаваных абвінавачваньняў і прымалі незаконныя рашэньні. Давайце ствараць сьпісы разам!
Сьпіс украінскіх палітвязьняў:
- Надзея Саўчанка, 34 гады, пагражае ад 20 да 25 гадоў зьняволеньня;
- Алег Сянцоў, 39 гадоў, засуджаны да 20 гадоў, мейсца ўвязьненьня невядомае;
- Аляксандар Кольчанка, 26 гадоў, засуджаны да 10 гадоў, мейсца ўвязьненьня невядомае;
- Мікола Карпюк, 51 год, пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Грозным,
- Аляксей Чірны, 43 гады, засуджаны да 7 гадоў, увязьнены ў Магадане;
- Генадзь Афанасьеў, 25 гадоў, засуджаны да 7 гадоў, увязьнены ў Сыктыўкары;
- Станіслаў Клых, 41 год, пагражае ад 15 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня, увязьнены ў Грозным;
- Ахтэм Чыйгоз, 52 гады, пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Аляксандар Кастэнка, 29 гадоў, засуджаны да 3 гадоў 11 месяцаў, увязьнены ў Кірава-Чарапаўцы;
- Валянцін Выгоўскі, 32 гады, засуджаны да 10 гадоў, увязьнены ў Маскве;
- Сяргей Літвінаў, 32 гады, пагражае да 12 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Растове-на-Доне;
- Юры Салашэнка, 73 гады, засуджаны да 6 гадоў, увязьнены ў Н. Ноўгарадзе;
- Алі Асанаў, 33 гады, пагражае да 8 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Мустафа Дэгэрмэнджы, 26 гадоў, пагражае да 8 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Нуры Прымаў, 40 гадоў, пагражае да 10 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Рустэм Ваітаў, 31 год, пагражае да 10 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Ферат Сайфулаеў, 33 гады, пагражае да 10 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Юры Ільчанка, 37 гадоў, пагражае да 20 гадоў зьняволеньня, увязьнены ў Сімфэропалі;
- Хейсэр Джэмілеў, 34 гады, засуджаны да 3 гадоў 6 месяцаў, увязьнены ў Астрахані;
- Віктар Шчур, 58 гадоў, засуджаны да 12 гадоў, увязьнены ў Татарстане.
Заўвага
Матар’ял падрыхтавала валянтэр міжнароднае супольнасьці InformNapalm Victory Krm.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Мы заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём. Разам пераможам!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа