
Публікуем важны й знакавы артыкул рэдактара беларускае службы InformNapalm Дзяніса Івашына ў беларускім незалежным выданьні “Новы Час”, прысьвечаны гістарычнай падзеі пахаваньня ў Вільні 22 лістапада 2019 году герояў антырасейскага паўстаньня 1863-1864 гг. і ягонага кіраўніка на тэрыторыі Беларусі й Летувы Кастуся Каліноўскага.
Масавы ўдзел патрыётаў Беларусі ў гістарычнай падзеі пахаваньня Кастуся Каліноўскага й ягоных баявых пабрацімаў стаўся важнаю часткаю беларускага нацыятворчага працэсу. Беларускія ўдзельнікі колькасна дамінавалі падчас правядзеньня ўсяе цырымоніі, што яскрава сьведчыць пра ейную безумоўную важнасьць і значэньне для нашай краіны.
На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў Беларусь знаходзіцца ў эканамічным, сацыяпалітычным і гуманітарна-культурніцкім посткаляніяльным становішчы, пры якім нацыянальная ідэнтычнасьць з боку дзяржавы не разьвіваецца, але ўтрымліваецца ў штучна створаным стазысе. Для польскай і летувіскай нацыяў – сьцьверджаных і інтэграваных у Заходнюю цывілізацыю – пытаньні нацыянальнага выжываньня й разьвіцьця на сёньня ня маюць падобнага архіважнага значэньня як для беларускай. Ані польскай, ані летувіскай нацыі, у адрозьненьні ад беларускай, зараз істотна не пагражаюць паглынаньне й пераварваньне ў межах новай мадыфікацыі расейскага імпэрскага ўтварэньня. Менавіта гэтым можна патлумачыць шматколькасную прысутнасьць і дамінаваньне беларускіх удзельнікаў на цырымоніі пахаваньня.
Вынясенне трунаў паўстанцаў з Віленскай катэдры / Фота аўтара
Ахвяруючы сваім уласным часам, коштам сваіх уласных сілаў і сродкаў прадстаўнікі беларускіх нацыятворчых сілаў самаарганіваліся, праявілі высокую дысцыпліну. Яны годна й чынна пад беларускімі нацыянальнымі сымбалямі ўдзельнічалі ў працэсе сакралізацыі й адшуканьня духоўнае еднасьці з паўстанцамі й айцом-заснавальнікам беларускае Нацыі. Пахаваньне касінераў не сталася разьвітаньнем, але наўпрост спрычынілася да трансцэндэнтнай духоўнай сувязі і яднаньня пакаленьняў беларускіх патрыётаў, нягледзячы на тое, што паміж намі пралягла цэлая гістарычная эпоха.
Вынясенне трунаў паўстанцаў з Віленскай катэдры / Фота аўтара
Упершыню я выразна гэта ўсьвядоміў у Сьвіслачы ля магілы-кенатафа ідэйнага натхняльніка Паўстаньня Віктара Каліноўскага і ў Якушоўцы – родавым фальварку Каліноўскіх – дзе ў 1997 годзе пад бел-чырвона-белым сьцягам надаў прысягу на вернасьць Беларусі. Найвышэйшая праява гэтае еднасьці, якую можна назваць ініцыяцыяй, надыйшла ў мяне, як і ў тысячаў іншых беларусаў, падчас ўдзелу ў цырымоніі ўрачыстага пахаваньня паўстанцаў менавіта 22 лістапада 2019 году.
На віленскіх могілках Росы / Фота аўтара
Ейнымі кульмінацыйнымі момантамі сталіся вынясеньне трунаў з Катэдры, малітва ля Вострай Брамы і атрыманьне закатаванымі касінерамі вечнага спачыну ў Пантэоне Герояў на могілках Росы.
Удзел тысячаў беларусаў у гэтай цырымоніі стаўся сымбалем пераемнасьці пакаленьняў дзеля працягу гераічнага чыну абароны й сьцьверджаньня беларускае Нацыі. Дзень 22 лістапада безумоўна мае заняць сваё пачэснае мейсца ў беларускім нацыянальным календары.
На нашых вачох адбылося сапраўднае ўспалымленьне Нацыі, якое ёсьць важным этапам для ейнага гістарычнага сьцьверджаньня. Адметна, што гэта сталася менавіта ў колішнім культурным і палітычным цэнтры беларускае айкумены – Вільні. Па-сапраўднаму братэрскі нам летувіскі народ, зь якім мы стагодзьдзямі ўтваралі адную дзяржаву, непасрэдна паспрыяў абуджэньню беларускае нацыянальнае памяці. Спалучэньне зь ёю жывой нацыятворчай сілы абавязкова спрычыніцца ў гістарычнай пэрспэктыве да фармаваньня паўнавартаснае беларускае нацыі-дзяржавы.
Асобу Кастуся Каліноўскага сьлед разглядаць у гэтым кантэксьце як заснавальніка, першага палітыка й жаўнера мадэрнай беларускай Нацыі, дзеля існаваньня якой ён ахвяраваў сваё ўласнае жыцьцё. Менавіта Кастусь Каліноўскі разам з сваімі пабрацімамі стварыў сьпярша нелегальную палітычную арганізацыю, заснаваў першае беларускае выданьне – “Мужыцкая Праўда”, празь якое і пашыраў ідэю адзінай нацыі, – а затым пачаў збройную барацьбу за свабоду і незалежнасьць Беларусі.
Удзельнікі цырымоніі пахавання сабраліся перад Пантэонам Герояў / Фота аўтара
Нягледзячы на сёньняшні посткаляніяльны статус нашай краіны, пакрысе, але няўмольна з боку актыўнае грамадзянскае супольнасьці працягваецца кшталцаваньне ўласнае беларускае нацыянальнае ідэнтычнасьці, якая, праз выстаўленыя заслоны і перашкоды зьдзяйсьняе ўплыў і на пазыцыю дзяржаўнае ўлады. Паказальна, што падчас прамовы афіцыйнага прадстаўніка істэблішмэнту РБ прагучэлі слова пра тое, што чын Каліноўскага непасрэдна зьвязаны з барацьбой за беларускую дзяржаўнасьць, а ягонае імя, як і падзеі Паўстаньня, назаўжды ўвайшлі ў гісторыю Беларусі. Гэтая заява цалкам нівэлюе й робіць нікчэмнымі ўсе спробы прадстаўнікоў (пра)расейскіх сілаў дэгераізаваць і дэсакралізаваць вобраз Каліноўскага і паўстанцаў для Беларусі. Гэта істотны ўдар па расейскаму цывілізацыйнаму выбару.
Сьлед асабліва зазначыць, што Беларусь знаходзіцца на лініі геапалітычнага разлому паміж дзьвюма цывілізацыямі – лібэральна-дэмакратычным Захадам і традыцыяналісцкай і аўтарытарнай Расеяй. Згодна з Самюэлем Хантынгтанам, паўнамаштабныя ідэалягічныя канфлікты мінулага саступяць свае мейсца сутыкненьню цывілізацыяў, якія набудуць форму глябальнага канфлікту. Ужо зараз пачынаецца стадыя аксэлерацыі гэтых працэсаў. Расея актыўна мілітарызуецца, нарошчвае сваю вайсковую сілу: наноў створаная 1-я танкавая армія, перафармаваная 20-я агульнавайсковая армія, гэтыя фармаваньні валодаюць значным патэнцыалам апэраваньня менавіта на беларускім стратэгічным напрамку. Апроч гэтага сфармаваная новая 8-я агульнавайсковая армія, перафармоўваюцца злучэнні 58-й арміі.
У Пантэоне Герояў / Фота аўтара
Уздоўж мяжы з Украінай і Беларусьсю, ад Навачаркаска Растоўскае вобласьці да Ельні Смаленскае вобласьці сфармаваная паўнавартасная наступальная лінія Збройных Сілаў РФ. Усё гэта ёсць наўпроставым увасабленьнем рэалізацыі расейскага цывілізацыйнага праэкту, фундамэнтам якога ёсць супрацьстаяньне Заходняй цывілізацыі, якую расейская імпэрыякратыя разглядае ў якасьці экзынстэнцыяльнага ворагу. Беларусь у гэтай сьветагляднай парадыгме выступае толькі ў ролі расейскага стратэгічнага вайсковага пляцдарму, вайскова-тэхнічнай базы й патэнцыйнага тэатру ваенных дзеяньняў. Пры гэтым посткаляніяльная палітычная эліта ня толькі ўцягнула нашую краіну ва ўсе мажлівыя вайскова-палітычныя хаўрусы з Расеяй, але й працягвае рэалізацыю зь ёю нэаімпэрскага праэкту ў выглядзе так званага “Союзного Государства”.
Характэрна, што менавіта ў гэты ключавы момант і адбываецца рэактуалізацыя значэньня й сымбалізму постаці Кастуся Каліноўскага для Беларусі і перадусім для абароны ейнага заходняга цывілізацыйнага выбару. Тое, чаго баяліся маскоўскія стратэгі, сталася праз 155 гадоў і ў самы нязручны для іх час. Шмат хто назаве гэта Божай задумай і пэўна будзе мець рацыю. У вызначальны момант нашай гісторыі мы духоўна й фізычна набылі сымбаль Нацыі, увайшлі ў эпоху рэнавацыі гераічнага чыну, калі міт перастае быць мітам. Вышэйшая сіла надае нам мажлівасьці для ўмацаваньня цывілізацыйнае самасвядомасьці, для ўратаваньня ад непазьбежнага распусканьня й зьнікненьня ў інтэграцыйным расейскім праэкце.
Цалкам мажліва, для Расеі простая працэсуальна-нарматыўная анэксія Беларусі ў выглядзе ўхваленьня разнастайных “дарожных картаў”, выкананьне якіх будзе пэўна сабатавацца, ужо станецца недастатковай. У сьвятле новых рэаліяў вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расейскае Фэдэрацыі вымушанае будзе праводзіць карэгаваньне сваёй стратэгіі што да паглынаньня Беларусі. Дзеля гэтага й прадугледжаная створаная ля нашых межаў ударная наступальная лінія.
У гэтым кантэксьце актуальнасьць і аргумэнтацыя галоўных пастулятаў “Мужыцкай праўды” не паслабла. Наадаварот, яны набываюць зараз практычнае значэньне. У гэты ключавы пэрыяд нашай гісторыі, у рэаліях істотнай пагрозы самому існаваньню нашай краіны, магістральным напрамкам мае стаць кансалідацыя й аб’яднаньне высілкаў усіх нацыятворчых сілаў у адзіны магутны кулак, які здолее абараніць нашую, Богам дадзеную, зямлю.
Шчыры апостал беларускага народу Кастусь Каліноўскі заснаваў беларускую Нацыю, якую мы – ягоныя ідэйныя й духоўныя нашчадкі – маем сьцьвердзіць.
Аўтар разам з жонкай Вольгай Івашынай
Дзяніс Івашын, “Новы Час”
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 5 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа