
У гэты дзень, 3 чэрвеня 1988 г., у выданьні “Літаратура й Мастацтва” пабачыла сьвет адная з самых значных публіцыстычных працаў у найноўшай гісторыі Беларусі – артыкул Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”. Гэтая публікацыя непасрэдным чынам спрычынілася да кардынальных зьменаў у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі, стала своеасаблівым чыньнікам зьмены сьветагляду цэлага пакаленьня людзей, паспрыяла адраджэньню нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі. Праўда пра Курапаты абудзіла беларусаў, дала ім у рукі сапраўдную зброю для барацьбы з таталітарнай савецкай сыстэмай.
Артыкул, напісаны тры дзесяцігодзьдзі таму, не губляе сваёй актуальнасьці й значнасьці сёньня, бо савецкі генацыд беларускага народу дагэтуль не засуджаны. Наадварот, апошнім часам адбываецца рэвізія й апраўданьне сталінізму. За дваццаць кілямэтраў ад Курапатаў – найвялікшага ў Беларусі расстрэльнага палігону – створаная так званая “Лінія Сталіна – па сутнасьці, самы вялікі яму мэмарыял на плянэце. Беларусь – адная зь нешматлікіх краінаў, у якой дагэтуль на афіцыйным узроўні сьвяткуюць 7 лістапада – дату бальшавіцкага перавароту, у выніку якога былі забітыя дзясяткі мільёнаў чалавек. Беларускую сыстэму адукацыі ачольвае камуністычны правадыр, а галоўны міліцыянт дзяржавы дэманстратыўна любіць дэфіляваць у форме НКВД.
Без засуджэньня савецкага мінулага, без правядзеньня неабходнага працэсу дэкамунізацыі людажэрны чырвоны молах паноўна можа вярнуцца ў Беларусь і патапіць яе ў крыві новых расстрэльных палігонаў.
Разварот легендарнага артыкулу ў нумары газэты “Літаратура і Мастацтва”
Падаем артыкул цалкам без скаротаў і з прадмоваю Васіля Быкава.
* * *
Як сьведчаць некаторыя нашыя дасьледнікі (напрыклад, гісторык Ул. Якутаў), толькі ў Беларусі за час яжоўска-берыеўскіх рэпрэсіяў 30-х гадоў зьнішчанае каля двух мільёнаў чалавек. Значная частка іх была высланая на ўсход і поўнач краіны (Салавецкія выспы, Варкута, Калыма), а астатнія ліквідаваныя на мейсцы — непадалёк іхнага мейсца жыхарства. Апошняе было таньней, не загружала і без таго заўжды перагружаны чыгуначны транспарт. Але дзе канкрэтна ліквідаваныя гэтыя многія сотні тысячаў, у якой зямлі тлеюць іхныя белыя костачкі?
Не трэба думаць, дарагі чытач, што гэта нейкая асаблівая, праклятая людзьмі і богам зямля, — па сутнасьці, гэта тыя ж самыя мясьціны, па якіх штодня ходзім мы, дзе адпачываем на лагоднай прыродзе ў выходныя й сьвяточныя дні, дзе весела гуляюць, нічога ня ведаючы пра мінулае, нашыя бесклапотныя дзеці. Так, яны ня шмат што ведаюць з тых жахлівых часоў, дый мы, дарослыя, інфармацыю такога кшталту пачалі атрымліваць толькі апошняга часу. Шмат год у краіне дзейнічалі сілы (яны дзейнічаюць і цяпер, хіба што іншымі мэтодамі), вельмі зацікаўленыя схаваць даўнія справы пад завесу «сакрэтнасьці», утаіць ад народу свае крывавыя сьляды. Толькі, як даўно вядома, злачынствы кепска ўжываюцца з самай найсакрэтнай сакрэтнасьцю, раней ці пазьней яны вылягаюць на сьвет божы, каб лішняга разу закляйміць зло і засьведчыць неабходнасьць пільнасьці.
У нас ёсьць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сьведчаньне гераізму беларускага народу ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто яшчэ ў нас не напамінае пакаленьням пра ахвяры сталіншчыны. Тое няправільна й недаравальна! Мы павінны памятаць пра іх — не героях, а бязьвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасьніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклёны, не пратэст, а адзінае, марнае й трагічнае слова: «Завошта?»
Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое свае пытаньне, затое адказ на яго маем павінны зразумець мы.
Менавіта гэтай мэце і служыць зьмешчаная ніжэй публікацыя двух аўтараў, якія зьдзейсьнілі свой людскі абавязак перад народам і перад гісторыяй.
Васіль Быкаў
Курапаты – дарога сьмерці
Чалавек, што зрабіў злачынства й існуе зь ім, — злачынец. Ен здольны чыніць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся і праз пакуты сумленьня, сорам і боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць дабро, той ачысьціўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасьць жыцьця й сьмерці, вечнасьці і бясьсьмерця. Патрабаваньне ўсяе праўды пра злачынствы 1930—1950-х гадоў — гэта голас народнага сумленьня.
Ачышчэньне сумленьня неабходна грамадзтву, якое дапусьціла й спарадзіла генацыд — найвялікшае злачынства супроць чалавецтва. Вядома ж, ня стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават «ціхія пэнсіянэры». Раскайвацца маюць наступныя пакаленьні, якія ня бачылі тае бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты маюуць браць на сябе нашчадкі народу, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадзтва. Мае быць рахунак сумленьня, каб не вярнулася сьмерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасьць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй.
З. Пазьняк: У маладосці ўсяго мяне да болю сардэчнага скаланулі апавяданьні людзей, што вярнуліся з сталінскіх турмаў і лягероў, амаль зь небыцьця. Я тады нічога не запісаў, не занатаваў і з жахам зразумеў сваю памылку ў духаце 70-х, калі ўбачыў, як спакваля ўсё вяртаецца, як фальклярызуецца, міталягізуецца народная памяць пра тыя часы й проста зьнікае. Пачварныя вобразы з тых апавяданьняў стаяць у сьвядомасьці…
Вось гоняць людзей па этапах. У дваццаціградусны мароз вязуць цягніком. Спыніліся на станцыі. «Всем раздеться, — загадвае канвой, — пойдём в баню». Голых людзей на лютым марозе абліваюць з брандспойтаў вадою. «С лёгким паром, — рагочуць канваіры, — а теперь спать». I зачынілі дзьверы. Назаўтра з усяго цягніка жывымі засталіся нямногія. Абледзянелыя трупы грузілі на вазы так, каб зьвісалі галовы, а нехта з катаў разьбівае іх калуном. Відаць, загаданае для гарантыі. Мінаюць гады, і не зьнікае з уяўленьня забойца мерцьвякоў.
Расстрэльны атрад НКУС
Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзіравы дашчаны барак, сьвішча сіберны вецер. Праз ноч палавіна ня ўстала. Тады астатнія паставілі акалелыя, зьмерзлыя трупы ўздоўж сьценаў, каб затуліць шчыліны, каб сагрэцца. I выразна паўстаюць перада мною тыя атлянты й карыятыды, тая архітэктура эпохі, той вобраз — барак…
Расказваў Іван Трафімавіч Смаль, чалец партыі з 1917 году, чалец Гомельскага рэўкому. У 1937-м ён працаваў на Магілеўскім аўтарамонтным заводзе намесьнікам дырэктара. Яго забралі праз бязглузды данос аднаго камсамольца-стаханаўца — завод своечасова не адрамантаваў дзьве машыны. Уткнулі ў камэру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга нават варухнуцца. Людзі задыхаліся, вар’яцелі, паміралі стоячы, і трупы стаялі разам з жывымі. I калі ўжо нельга было ўціснуць нават паўчалавека, новых вязьняў ахоўнікі закідвалі наверх, на галовы жывых.
А каб выбіць паказаньні, была асобная камэра, цёмная, зь нізкай, ніжэй за паўтары мэтра стольлю, напоўненая ледзяною вадою. На адзіным сухім мейсцы ў цэнтры стаяла чорная труна. I толькі там чалавек мог знайсьці ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар’яцеў у той труне.
Іван Трафімавіч стрываў усе катаваньні й ня здаўся, не падпісаў абвінавачваньні. Пасьля краху Яжова яго выпусьцілі — хворага й сівога… А напачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах з сваім сынам у Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня БССР. У вэстыбюлі яны спаткаліся з упэўненай, шыкоўна апранутаю жанчынаю з горда ўзьнятаю галавою й сіваватаю прычоскаю. «Здравствуйте, Иван Трофимович», — не сказала, прасьпявала яна грудным голасам і пайшла. Іван Трафімавіч самлеў на руках у сына. «Бацька, хто гэта?» — «Гэта Байкова. Перад вайной яна была сьледчай у Магілеўскім НКУС». Яна катавала Івана Трафімавіча. Перад Байковай дрыжэлі ўсе магілеўскія вязьні. Садыстка, яна зьздяйсьняла допыты толькі мужчынаў, і асабліва любіла катаваць былых рэвалюцыянэраў. Вязьню загадвала распрануцца дагала й танцаваць пад мэлёдыю вальсу «На сопках Маньчжурии», патрабавала сьпяваць. Потым брала адмыслова зроблены для гэтай мэты бізун з драцянымі махрамі й сьцябала чалавека па ворганах і самых балючых мейсцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязьня да немарасьці ад болю. Да 1937 году сын Івана Трафімавіча навучаўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКУС), бываў у іх дома, нічога ня ведаючы. Ветлівая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамі й гарбатаю…
Я. Шмыгалёў: У сярэдзіне 1950-х гадоў я служыў капітанам Савецкае Арміі ў Валагодзкай вобласьці. Там я пазнаёміўся з старэйшым лейтэнантам Пятром Уваравым, які ў 1940-х гадох удзельнічаў у высяленьні татараў з Крыму. Ён расказваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылі крымскія татары, былі раптоўна аточаныя войскамі НКУС. На зборы далі тэрмін каля гадзіны. Зьбіраліся пад дуламі аўтаматаў. У разе ўцёкаў — сьмерць. Татараў загналі ў вагоны й павезлі ў Сыбір і Казахстан. У эшалёнах іх кармілі толькі салёнай камсою й селядцамі. Пры гэтым не давалі вады, і яны паміралі: спачатку хворыя й старыя, а затым іншыя. На кожнай станцыі выкідвалі мёртвых. Людзі прасілі пра літасьць, але літасьці не было. Каштоўныя рэчы й грошы канваіры забіралі сабе. Пра зьдзекі над татарамі Увараў расказваў з задавальненьнем, з смакам, лічыў свае паводзіны слушнымі, а сталінскі акт у адносінах да татараў ухваляў.
З. Пазьняк: Павінна быць кніга народнае памяці. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданьняў. «Памятаю, у 1938-м узімку йду па вуліцы каля будынку НКУС, — узгадвае мянчук Сяргей Фёдаравіч Ладуцька. — Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКУС, як з-пад зямлі, пара валіць праз краты, нібы з паравозу — гэтулькі там насадзілі людзей». Вобраз працінае, як маланка. На верхніх паверхах шморгаюцца строгія чалавечкі ў кіцелях і галіфэ, рапартуюць, раскрываюць і закрываюць тэчкі, дзелавіта ходзяць з паперамі, а пад імі ў бітма набітых падвалах дыхае параю, крывёю й потам прыдушаны народ. Куды ж ляціць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?
Мы знайшлі гэты прыпынак. Не давала спакою думка: куды падзелі людзей, якіх расстралялі?! Дзе яны, іх жа ня два, ня тры чалавекі, а тысячы? Напачатку 1970-х гадоў на паўночным ускрайку Менска, леваруч ад Лагойскай шашы, непадалёк кальцавой дарогі, існавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы ейныя распавядалі нам, што за два кілямэтры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і заслаўскай дарогамі, у лесе з 1937 па 1941 год кожнага дня й штоночы расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы й глухмень. Кавалак бору гектараў з 10-15 быў аточаны высокім, вышэй за тры мэтры шчыльным дашчаным плотам у накладку — дошка на дошку, абцягнутым зьверху калючым дротам. За плотам была ахова й сабакі. Людзей вазілі сюды па гравійнай дарозе, што вяла ад Лагойскага тракту на Заслаўе. Шлях той называлі тады «дарогай сьмерці». Апытаньне зялёналужцаў і жыхароў навакольных вёсак Цна-Ёдкава і Драздова — сьведак і відавочцаў тых страшных падзеяў — дапамагло высьвятліць ня толькі факты, але й узнавіць карціну масавых забойстваў. Аднак у 70-х гадох апублікаваць, усім распавесьці пра іх не было мажлівасьці.
У 1987-1988 гадох мы расшукалі некаторых жыхароў зьнесенай ужо да гэтага часу вёскі Зялёны Луг, паноўна зрабілі апытаньне старажылаў і сьведак падзеяў у навакольных вёсках, высьветлілі акалічнасьці, дэталі, занатавалі адказы…
Расстрэлы пачаліся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы на дзень — зранку, а 14 гадзіне й увечары, калі ўжо цёмна, — у лес прывозілі па некалькі машынаў людзей і расстрэльвалі. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія яміны, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, яміны прысыпалі варствам пяску ня больш за 20—25 сантымэтраў. Часам зьверху саджалі сасонку.
У другой палове 1937 году вакол мейсца паставілі агароджу. Сьмертнікаў пачалі прывозіць паводле іншага графіку: пасьля абеду, пад вечар і цягам усяе ночы. Вазілі няспынна штодня. Апытаныя не памятаюць нават, ці былі перапынкі ў нядзелю. «Кожнага дня стралялі, — распавядае жыхарка Цны Кацярына Мікалаеўна Багайчук (1919 году нараджэньня), — і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны зьбяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзяцца».
«Іншага разу адразу па некалькі машынаў заязджалі ў загарадку, вазілі без перастанку, — расказвае Дар’я Ігнатаўна Тоўсьцік з Цны (з 1911 г.). — А дарога ў лесе выкатаная як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць было енкі, плач, праклёны».
Сьведчыць адная з сьведкаў сталінскіх расстрэлаў, Курапаты, “Дзяды”, 1989 г.
«Уся вёска была ў страху. Пяць гадоў уначы не маглі спаць ад стрэлаў», — кажа старажыл Цны Бацян Раман Мікалаевіч (з 1913 г.). Тое пацьверджвае Няхайчык Мікалай Пятровіч (з 1929 г.) і іншыя цнянцы. «Старэйшыя хлопцы, які смялейшы, дык нават лазілі за плот, — кажа Мікалай Пятровіч, — рабілі дзіркі ў агароджы й шмат што бачылі». Мы пытаемся, ці жыве яшчэ хто зь іх. «Ёсьць: Карповіч Мікола».
Мікалай Васілевіч Карповіч нарадзіўся ў 1919 годзе, самавіты, яшчэ досыць дужы чалавек. У 1939 годзе пайшоў у войска. Лёс пакідаў яго па сьвеце і па франтох. У 1937—1938 гг. неаднойчы бачыў, як забівалі людзей у лесе. Магілы, відаць, капалі ў першай палове дня, бо пад вечар (часта пасьля абеду), калі пачыналі пад’язджаць машыны, яміны былі ўжо выкапаныя. М.Карповіч распавядаў, што людзей забівалі партыямі. Ставілі ў шэраг, затыкалі кожнаму рот коркам і завязвалі анучаю (каб ня выплюнуў кляп). Забойцы былі ў форме НКУС. Яны стралялі з вінтовак збоку ў галаву крайняга, каб прашыць куляй двух чалавек. «Як стрэліць, — кажа Мікалай Васілевіч, — дык адразу двое ў яміну й падаюць. Патронаў шкадавалі». Настралялі адную партыю, крыху прысыпалі штабель, паправілі, каб роўна было, і падводзілі наступную партыю. Настраляўшы даверху, яму прысыпалі пяском і зараўноўвалі.
«Аднойчы, — апавядае М.Карповіч, — спатыкае мяне вартаўнік з Малінаўкі (вёска за 4 кілямэтры адсюль. — Аўт.), знэрваваны, узрушаны. Ужо набілі, кажа, ідзі паглядзі, нават не засыпалі… Падышлі мы да плоту, што ля дарогі. Ажно блізка ў лагчыне вялікая шырокая яміна, даверху трупамі напоўненая. Ляжаць, брат, у рад, як парасяты. Пытаньне: «Ці было, каб выратаваўся хто адтуль?» — «Куды там выратуешся, гэтакі плот, — адказвае Мікалай Васілевіч. — Праўда, раз пад вечар, ужо шарэла, йшоў я праз лес зь Зялёнага Лугу ў Цну з адным нашым. Вусьцішна было. Якраз страляць перасталі. Ажно бачым, сядзіць чалавек пад дрэвам у скрываўленай бялізьне, ледзь жывы. Мы падыйшлі — што рабіць? Акурат машына завурчэла. Адскочылі мы, ідзем. Насустрач два энкавэдзісты: «Кто такие?» — «Цнянскія». — «Никого не видели?» — «Не-а… сядзеў там нейкі», — задрыжэў дзядзька. Потым мы азірнуліся, а яны таго за ногі валакуць. Укінулі ў машыну, як палена, і паехалі. I як ён тады адтуль вылез — я й цяпер не магу зразумець…».
I ўсё ж у 1938 годзе адзін чалавек уцёк з-пад расстрэлу. «Праз плот — і не знайшлі», — сьведчыць Марыя Рыгораўна Пацяршук (з 1911 г.) з Цны. Адзін чалавек… Можа, ён яшчэ дзе жывы? Можа, прачытае гэтыя радкі й адгукнецца?
Марыя Рыгораўна пацьвердзіла, што перад тым, як людзей пастраляць, ім затыкалі рот коркам. Пра гэта кажуць таксама жыхар вёскі Драздова Скварчэўскі Васіль Якаўлевіч (з 1930 г.) і іншыя. Аднак шмат хто чуў крыкі, плач, маленьні пра літасьць. Можа, не хапала коркаў? Але, пэўна, рэч у іншым. Чалавек, які працяглы час рэгулярна забівае людзей, паступова стае садыстам. У яго ўзьнікае патрэба катаваць сваю ахвяру, перад тым, як забіць. Вось і катавалі людзей перад сьмерцю.
Відаць, не патроны эканомілі забойцы, калі імкнуліся прашыць адною куляю дваіх чалавек адразу. Гэта была свайго кшталту бравада, спорт для катаў, дэманстрацыя прафэсіяналізму. М.Карповіч, пэўна, акурата і ўбачыў гэты нетыповы спосаб расстрэлу зь вінтовак. Мы падрабязна апытвалі ўсіх, хто чуў, як гучэлі стрэлы, і тых, хто бачыў, як забівалі, ці дачуўся ад тых, хто бачыў, — і прыйшлі да высновы, што стралялі збольшага з наганаў ці пісталетаў (што й пацьвердзілася потым у выніку раскопак).
Курапаты, 1988 г.
«А ці моцна гучэлі стрэлы?» — пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны Шаханавай (з 1929 г.) з Цны. «Не, гэтак суха — «хлоп-хлоп-хлоп», але ўвесь час. Пастраляюць, потым памаўчаць і зноў — «хлоп-хлоп-хлоп». Валянціна Міхайлаўна таксама была ўнутры «душагубкі». Падкапаліся з суседнім хлапчуком пад плот і залезлі, каб назьбіраць ягадаў (а было ім гадкоў па 10-12). Там яны пабачылі ўскапаную зямлю й мноства засыпаных ямінаў. Вылезлі зь ягадамі, а насустрач вайсковец.
«Стой! А ну, высыпай!» — загадаў хлопчыку. Забраў ягады і як гыркне: «Марш отседава!».
Расстрэлы адбываліся да самага пачатку вайны. Падчас вайны жыхары з навакольных вёсак разабралі плот на гаспадарчыя патрэбы, а стары бор неўзабаве сьпілавалі й расьцягнулі. Цяпер тут расьце паваенны лес з 40 — 45-гадовымі дрэвамі.
«Немцы там не расстрэльвалі?» — пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны. «Не, немцаў там не было, не расстрэльвалі». Гэтае пытаньне мы задавалі кожнаму апытанаму. Адказвалі ўсе аднолькава, — немцы гэтай мясьцінай не цікавіліся.
«Як выглядала тая мясьціна, калі разабралі агароджу?» — пытаемся ў В.Шаханавай. «Усё ўскапанае: пясок і высокая трава. I надта шмат чырвоных грыбоў, гэткіх пунсовых, на танюткіх ножках. Нібы крывёю налітых. От, казалі, кроў людзкая прарасла». Пра чырвоныя грыбы на магільных ямінах узгадвалі многія людзі, лічылі, што гэта яны ад пралітае крыві зьявіліся. Паноўна фальклёрны вобраз пакутаў, падумалі мы. Але потым высьветлілі: праўду казалі людзі. Такія грыбы называюцца “часночнікі”, растуць на глыбака ўскапаным пяску й пахнуць часныком.
Цяжка размаўляць з старымі жанчынамі пра той час. «А мае дзеткі, колькі добрых людзей пастралялі! — выгукае Кацярына Мікалаеўна Багайчук. — Хоць бы ім помнік які паставіць!» Плача… «Асабліва жудасна было ўначы, — кажа Надзея Яфімаўна Хоміч (з 1922 г.) зь Зялёнага Лугу. Да вайны яна жыла ў Бабруйску, але часта прыязджала ў Зялёны Луг да сястры, хата якой стаяла каля лесу. — Заўсёды стрэлы, брэх сабакаў, крыкі, галашэньне». Таксама плача…
«Сабакі былі злыя, відаць, галодныя, — дадае Соня Андрэеўна Козіч (з 1925 г.) зь Зялёнага Лугу. — А стралялі амаль без перапынку, асабліва ўначы».
«Шмат было паўсюль распырсканае крыві, — расказвае Марыя Іванаўна Пацяршук (з 1925 г.) з Цны. — Стогны, стагналі нават закапаныя…».
Вера Фёдараўна Тоўсьцік (з 1933 г.) з Драздова памятае, калі было ёй гадкоў сем, з старэйшымі дзецьмі бегала глядзець на забойствы. Успаміны яе фрагмэнтарныя, што захавала дзіцячая памяць, — засыпаныя сьвежым жоўтым пяском яміны й кроў на траве. «I пясок над ямінамі яшчэ варушыўся, нібы дыхаў».
Пытаньне: «Ці забралі каго з Драздова?» — «Не памятаю, малая была. Але старэйшыя расказвалі, што па вёсках забіралі. Езьдзіла машына. Уначы заходзілі й казалі — зьбірайся. Куды — не тлумачылі. От чалавек і зьбіраўся, клаў у торбачку хлеб, сала. А іх потым прывезьлі ўнь туды і пастралялі ў ямінах. Няўжо ж ніхто ім і помніку не паставіць? Колькі людзей набіта! Колькі народу зьвялі!»
Матруна Мікалаеўна Мантасава (з 1914 г.) зь Зялёнага Луху расказвае, што ў 1937 годзе забралі двух мужчынаў Стрыгаў з Падбалоцьця. «Хто яны былі?» — пытаемся. — «А простыя людзі, працаўнікі». — «За што ўзялі!» — «Ніхто ня ведае. Тады не казалі і не пыталіся. Уначы па вёсках машына, буда такая хадзіла — «чорны воран» называлася. Людзей забіралі й адвозілі. I да сёньняшняга дня ніхто ня ведае, дзе яны. Можа, там і ляжаць… Схапілі яшчэ мужа Тані Матусевіч і настаўніка, што побач жыў. Прозьвішчы астатніх не прыгадваю. Усе казалі, што па вёсках забіраюць. Колькі добрых людзей пазабівалі! Цяпер хоць бы ім помнік які паставілі. Гэта ж такі глум быў над народам!».
В.Шаханава паведаміла, што памятае, як забралі трох чалавек з суседняе вёскі Якубавічы. «За што?» — «От, кажуць, адзін на аднаго з злосьці нагаварылі — ўсе й загінулі. I ў нас у Цне схапілі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу. Добры быў чалавек». Валянціна Міхайлаўна сказала, што чула ў той час апавяданьні старэйшых, як чапляліся з дамаганьнямі да аднаго цнянскага актывіста-брыгадзіра, каб «паставіў» неабходную колькасьць «ворагаў народа».
Пра арышты ў акрузе пытаемся ў Марыі Рыгораўны Пацяршук. «3 Хмарыншчыны (гэтай вёскі ўжо не існуе. — Аўт.) забралі трох чалавек: Філіповіча Андрэя, Цярлюка Сьцяпана, а трэцяга забылася, нейкага новага».— «Ці чулі пра запыты ці патрабаваньні выдаць «ворагаў народа?» — «3 1937 году старшынём сельсавету (мы тады былі Папернянскага сельсавету) быў Бацян Цімафей Васілевіч, дык у яго дапытваліся — ці няма ў цябе якіх? А ён адказваў: не, у мяне няма».
Пытаньне: «Яшчэ дзе-небудзь у акрузе расстрэльвалі людзей?» —«Так, расстрэльвалі. У Ждановічах, ля Баравой, ля Драздова праваруч ад вузкакалейкі (цяпер вузкакалейкі няма. — Аўт.) і ў Менску за паркам Чалюскінцаў, там, дзе завод Вавілава».
Пытаньне да М.Р.Пацяршук, Д.І.Тоўсцік і М.І.Пацяршук (дэпутат сельсавету, чалец КПСС: «Што цяпер трэба зрабіць з гэтай мясьцінай? Горад жа ўжо пад бокам, дарога кальцавая закранула?» — «Паставіць помнік», — адказваюць усе.
Спаткаліся нам, аднак, людзі, што расказвалі пра ўсё амаль шэптам. Прасілі нідзе не называць іхнае прозьвішча. Некаторыя адмоўчваліся. А, напрыклад, Мікалай Васілевіч Ігнашоў (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу, які прайшоў праз усю вайну да Бэрліна, сказаў нам толькі, што баяўся нават набліжацца да таго плоту, бо хто за яго заходзіў — назад не вяртаўся.
Аднак былі й дурасьліўцы, якія пацяшаліся тым, што выкопвалі трупы (асабліва спачатку, калі не было плоту) і саджалі іх пад дрэва, каб «насаліць» энкавэдзістам. «Аднаго разу нехта адкапаў і выцягнуў зь яміны дваіх, — расказвае В.Скварчэўскі. — Пасадзіў пад дрэва, даў у рукі газэту, — хай чытаюць. Шум быў. Хацелі даведацца, хто гэта зрабіў». Такі быў тут побыт… Абставіны, якія спараджалі ледзянячы жах і ледзянячае блюзьнерства.
З дапамогаю аналізу сталінскае сыстэмы генацыду, новых фактаў, што выяўлены цяпер, стае зразумела, чаму зьнішчалі перадусім інтэлігенцыю, кіроўныя партыйныя й вайсковыя кадры, працавітых сялянаў. Але не заўсёды зразумела, чаму забівалі цёмных, нават непісьменных сялянаў і працаўніуоў. Цяжка ўявіць сталінскую лёгіку і тых, хто быў зь ім, бо яна, па сутнасьці, не чалавечая, яна зь нейкім іншым знакам. Тлумачэньне можа часткова даць так званая «плянавая эканоміка» рэпрэсіяў. У 1930-х гадох Молатаў паведаміў Сталіну, што не хапае турмаў, а самае галоўнае, скардзіўся Молатаў, што арыштаваных «трэба карміць». У краіне акурат быў голад. Тады шырока пачалі выкарыстоўваць лягерную сыстэму забойства людзей на этапах у дарозе, марэньне марозам і голадам. У зьнішчэньні народаў была застасаваная плянавая «прагрэсіўная» мэтода. На кожны горад, раён і г.д. выдавалася «разнарядка».
Рэпрэсіі адбываліся паводле графіку. Узьнік «рух» за выкананьне й перавыкананне пляну рэпрэсіяў (выяўленьня «ворагаў народу»). Колькасьць індывідуальна выяўленых «ворагаў» паведамлялася ў справаздачах, выступах, газэтах. Калі ж плян не выконваўся, а быў канец плянавага пэрыяду, бралі любога. Тады й гойсалі «чорныя вораны» па вёсках.
Мясьціна ля заслаўскай дарогі звалася Брод. Тут непадалёк было некалі балота. А ці мела раней назву тое мейсца, вакол якога паставілі агароджу, той бор на ўзгорках, спыталіся мы ў жыхароў Драздова. Так, адказалі яны, мясьціна называлася Курапаты. «А чаму?» — «Бо ўвесну там паўсюль раслі белыя кветкі — «курапаты». — «Курасьлепкі хіба?» — «Ага, курасьлепкі — курапаты (дыялектная назва белых пралесак. — Аўт.)».
Невымоўна цяжкое ўражаньне пакідаюць Курапаты. 3 паўднёвага боку мясьціну падрэзала кальцавая дарога, якую праклалі тут у 1957 годзе. Тады выграбалі чарапы й косьці. Падымаемся па адхону, ступаем у лес, і адразу пачынаюцца магілы — безьліч праваленых зарослых ямінаў. Людзі згнілі — і зямля асела. Яміны розныя: 2×3; 3×3; 4×4; 6×8 мэтраў і большыя. Западзіны бываюць на 70—80 см. У цэнтры — вялікі ўзгорак-града. На схілах яго і ў лагчынах скрозь праваленыя яміны, яміны. Толькі па самай вяршыні грады больш-менш роўна — нібы дарога была некалі. Можа, па ёй пад’язджалі машыны, каб пасьвяціць фарамі ўначы. 3 паўднёвага боку мы знайшлі мейсца, дзе стаяў плот. Добра захаваўся роў, што быў перад ім, як і распавядалі нам вяскоўцы. Па ледзь заўважных выемках пазнаем, дзе стаялі слупы — на адлегласьці чатырох мэтраў адзін ад аднаго.
Яміны маюць розныя памеры. Мажліва, былі неаднолькава заглыбленыя. Таму колькасьць забітых падлічыць па магілах больш-менш дакладна не ўдаецца…
У 70-х гадох на Курапатах было яшчэ адносна ціха. Цяпер сюды наблізіўся мікрараён Зялёны Луг-6. Калі прыйдзеш на магілы, ахоплівае нейкая роспач. Цяпер тут зона адпачынку менчукоў. Гуляюць дзеці…
З.Пазьняк: 1 траўня сёлета тут было весела й тлумна, як на праспэкце. Адпачываюць сем’ямі і кампаніямі. У магілах паляць вогнішчы, тут жа ядуць, п’юць, смажаць шашльікі, граюць на гітарах, у карты, ламаюць гольле, высякаюць дрэвы, хрыпяць транзыстары. Адзін счэсвае бярэзіну, што вырасла з магільнае западзіны, хоча дастаць соку… Дзіўлюся, чаму не цячэ зь яе кроў. Вядома, людзі нічога ня ведаюць; ня ведаюць, што пад імі ляжыць пакаленьне. Але зноў успыхвае ў свядомасьці вобраз, як той паравоз, толькі з шашлычным дымам.
Я. Шмыгалёў: Калі паміраюць «ціхія пэнсіянэры», што стварылі гэтае бяспамяцтва, іх кладуць у труну, на хаўтурах кажуць пра іх добрыя словы, грае аркестар. А для тых, што ляжаць тут, аркестрам быў брэх і наганныя стрэлы. А як пакутвалі дзеці, сем’і рэпрэсаваных! О не, трэба памятаць усё. I пасьля сьмерці хай кожнаму аддасца яго.
Агляд некаторых магілаў спарадзіў у нас трывожныя падазрэньні. Занадта глыбокія западзіны, а па бакох часам бугаркі, нібы раскопваў хто некалі. Некаторыя яміны нядаўна раскапаныя ў глыбіню больш за мэтар. Нідзе ніводнае косткі. У адной магіле школьнікі паглыбляюць зямлянку. Глыбіня звыш за мэтар. Чысты пухкі незьляжалы паварушаны пясок. Трывога ўзмацнілася, калі мы ўзгадалі апавяданьне аднаго вяскоўца, які захацеў застацца інкогніта, — пра тое, што адразу пасьля вайны тут доўга капаліся жаўнеры.
5 траўня 1988 г. з дапамогаю археалягічнае групы Інстытуту гісторыі АН БССР мы зьдзейсьнілі раскопкі адной з магілаў. Шурф 0,5×1 м у цэнтры западзіны быў выкапаны на глыбіні 1,5 мэтра. Ніякіх вынікаў. Чысты пясок.
Раскопкі ў Курапатах, 1988 г.
Гэтае адкрыцьцё ўсю нашу групу ў складзе пяці чалавек уразіла ня менш за сам факт масавых рэпрэсіяў. Як жа мы недаацанілі іхную подласьць! Вось хто капаўся тут пасьля вайны! Замяталі сьляды. Значыць, ведалі яшчэ тады, што рабілі! Дзе ж вашая «честная» ўпэўненасьць у справядлівасьці сваіх справаў, у справядлівасьці загадаў?! Аказваецца, вы баяліся яшчэ тады. Зрабіць такую эгіпецкую працу! Выкапаць столькі трупаў! Куды вы іх падзелі? Вывезлі й закапалі? Спалілі? Ня дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Цанава? Малянкоў? Хто?
У той жа дзень выявілася, што не ўдалося забойцам замесьці сьляды. Да нас падыйшлі хлапчукі, што 1-га траўня капалі зямлянку у магільнай западзіне, і павялі на другі канец тэрыторыі. Яны раскідалі яловыя лапкі, што прыкрывалі заградку з жэрдак, і мы ўбачылі купу прастрэленых чалавечых чарапоў, касьцей, скуранога й гумовага абутку. Заглыбіўшы сваю зямлянку амаль на два мэтры, хлопцы наткнуліся на завал чалавечых костак. Яны адкапалі ніжні штабель магілы.
Выяўленыя чалавечыя парэшткі ў выніку раскопак у Курапатах, 1988 г.
Узгадаем, як энкавэдзісты, настраляўшы адну партыю людзей, прысыпалі трупы й раўналі дно. Падчас эксгумацыі жаўнеры выбралі косткі да глыбіні двух мэтраў і вырашылі, пэўна, што яміне канец. Ці проста «схалтурылі», калі кіраўніцтва побач не было. Сапраўдная глыбіня магільнае яміны 2,8 м, памер прыблізна 3×3 м. Хлопчыкі акуратна, як археолягі, выбралі палову штабеля (23 чалавекі). Сярод трупаў знайшлі парцалянавыя й эмаляваваныя кубкі, скураны гаманец з савецкімі капейкамі 1930-х гадоў (апошняя дата на манэтах — 1936 г.), зубную шчотку ў футарале вырабу віцебскае фабрыкі, шмат пустых страляных гільзаў ад нагану дыямэтрам 7,5 мм і круглыя паламаныя акуляры ў тонкай мэталёвай аправе. На ўсіх гумовых галёшах знакі айчынных фабрыкаў і дата выпуску — 1937 г. Знойдзеныя скураныя мужчынскія боты, а таксама й жаночы абутак. Кулявыя адтуліны ў чарапох, як правіла, на патыліцы, дзе часта можна пабачыць побач па дзьве дзіркі. Ёсьць некалькі чарапоў зь дзіркамі ў скроні, на лобе і зьверху галавы (дастрэльвалі ў яміне). Усе ўваходныя адтуліны маюць дыямэтар 7,5 мм (вызначанае з дапамогаю лінейкі, дакладны калібар нагану 7,62 мм — З.П.).
Выяўленыя чалавечыя парэшткі ў выніку раскопак у Курапатах, 1988 г.
Пра што гавораць гэтыя знаходкі? Магіла была «настраляная» ў 1937-1938 гг. Забівалі з наганаў. Людзей, відаць, расстралялі без суду, без абвешчаньня выроку сьмерці. Вось тут яны й ляжаць з сваімі клуначкамі, сабранымі, калі загадалі «собираться», кубачкамі, зубнымі шчоткамі й нават медзякамі. Да расстрэлу, пэўна, не рыхтаваліся.
Хочам назваць прозьвішчы хлопцаў, якія дапамаглі нам у нялёгкім дасьледаваньні. Гэта Ігар Бага (ён ужо скончыў школу і працуе мулярам) і вучні 171-й школы Менска Віктар Пятровіч і Аляксандр Макрушын.
Другая яміна-магіла была закранутая падчас пракладкі газавае траншэі па вяршыні ўзгорка-грады праз Курапаты. Магіла невялікая, знаходзілася ўбаку ад колішняга праезду. Падчас эксгумацыі яе, пэўна, «прапусьцілі» забыліся раскапаць. Працаўнікі БМУ «Белспэцмантаж» Дзяржкамгазу БССР і потым дзеці выявілі тут косткі і 15 прастрэленых чарапоў, 20 параў скуранога абутку й галёшаў. Сярод абутку — рэшткі жаночых пантофляў. На галёшах знакі айчынных фабрыкаў і дата — 1939 г. На адным галёшы знак рыжскае фабрыкі й надпісы па-латышску. Дата — 1939 г. Зразумела, што гэта магіла 1940 году, дзе сярод іншых быў расстраляны латыш (з Латвіяй, здаецца, тады галёшамі не гандлявалі).
Пра раскопкі быў складзены адпаведны акт і паведамленае ў Бараўлянскі сельсавет. Старшыня сельсавету Сяргей Іванавіч Чачанец паставіўся з разуменьнем да зьвестак пра магілы расстраляных. Была нават створаная камісія для высьвятленьня акалічнасьцей і перазахаваньня чалавечых рэшткаў, а косткі сабраныя ў адмыслова зробленую труну. Цяпер перадусім трэба зьмясьціць адпаведныя надпісы ля Курапатаў зь інфармацыяй пра гэтую мясьціну, каб людзі ведалі, што яна не для пікнікоў і адпачынку. Ня думаем, што эксгумацыя ўсіх магілаў, з улікам таго, што выяўленае, была праведзеная ў 1940-х гадох акуратна, да канца. Пэўна, там яшчэ ляжаць на дне глыбачэзных ямінаў тысячы забітых.
Неабходна таксама зрабіць публічнае перазахаваньне адкапаных парэшткаў і падумаць пра помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў на гэтым мейсцы.
Мітынг у Курапатах, 1989 г.
Асобная тэма — пра дараваньне й пакараньне, няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма дараваньня за генацыд. Для тых, што рабілі такое, ня мае дзейнічаць тэрмін даўніны. Калі трапляеш у глыбокую й халодную трохмэтровую яміну, усланую трупамі, бярэш у рукі сьлізкую падэшву ад маленькай, ня больш за 34 памер жаночай пантофлі, — разумееш гэта адназначна.
…А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкія «прынцыпы».
Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў
“Літаратура і мастацтва”, №23, 3 чэрвеня 1988 г.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа