Падаем новы знакавы артыкул легендарнае постаці Беларускага Адраджэньня, кіраўніка Кансэрватыўна-Хрыстыянскае Партыі – БНФ Зянона Пазьняка, апублікаваны на інфармацыйным рэсурсе гэтай палітычнай сілы. Зянон Станіслававіч зьдзяйсьняе фундамэнтальны аналіз бягучай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі, акцэнтуе ўвагу на найбольш значных пагрозах і выкліках для беларускага пасьпольства. Матар’ял напісаны падчас эпідэміялягічнай катастрофы ў нашай краіне й прасякнуты сыноўняй любоўю да Бацькаўшчыны й шчырым хваляваньнем за лёс беларускае Нацыі.
Пра байкот
Тое што ідэя байкоту фальшывых выбараў прыкметна ўвайшла ў нашае грамадзтва, гэта сьведчаньне здаровай рэакцыі часткі людзей на афэрызм і ашуканства рэжыму. Апошнім часам (з 2008-га году) на рэжымнае галасаваньне прыходзіла ня больш за 30 адсоткаў выбарцаў. На выбарах ў “палату” ў 2019 годзе галасавала мізэрная частка людзей (10-20 адсоткаў). Колькасьць тых, хто прагаласаваў, рэжым “дапісваў” ў так званым “папярэднім галасаваньні” й з дапамогаю фальшаваньня колькасьці галасоў на дзяльніцах, часта павялічваючы іх ў 10 разоў (зафіксаванае назіральнікамі).
Няўдзел выбарцаў у фальшывым галасаваньні робіць, практычна, немагчымым схаваць фальсыфікацыю выбараў. Гэта важна для непрызнаньня фальшывых выбараў і выяўленьня нелеґітымнасьці антынароднае ўлады.
Другі аспэкт байкоту — гэта прыступка для антырэжымнай кансалідацыі грамадзтва. (Гэта істотна, бо грамадзтва расколатае паводле адносінаў да рэжыму).
Калі ж людзі ўдзельнічаюць у запэўна фальшывым галасаваньні, то яны аўтаматычна стаюць прыладаю фальсыфікацыйнае машыны (сыстэма іх выкарыстоўвае як прыкрыцьцё фальсыфікацыі, бо рэальныя галасы ня лічаць, але выстаўляюць патрэбны рэжыму вынік).
Самае цяжкое для людзей — зразумець просты мэханізм ашуканства ў гэтай афэры. Ідэалёґія й палітычная пазыцыя чалавека тут на яго паводзіны амаль што не ўплываюць. Усё залежыць ад якасьці думаньня. Таму ня дзіўна, што асобы, якія не прымаюць антынародную палітыку рэжыму, часта пасыянарна йдуць на выбары, каб галасаваць супроць, ці за іншага, не ўсьведамляючы, што іхны ўдзел у фальшывым галасаваньні скарыстаюць для пакрыцьця ашуканства. І растлумачыць тое ім немажліва (тупіковая лёґіка). Сьвядомасьць заблякаваная. Патрэбны час.
Чытайце таксама: Зянон Пазьняк: Вайна зь вірусамі
Рэжым зразумеў небясьпеку байкоту й мы бачым, што выбары 2020 году, прызначаныя ў пэрыяд эпідэміі (што ўжо антызаконна), тактычна накіраваныя на забесьпячэньне прыходу выбарцаў на дзяльніцы й на фактычную ліквідацыю сыстэмы грамадзкага кантролю й назіраньня за галасаваньнем.
На карысьць рэжыму служыць і наяўнасьць прэтэндэнтаў ад рэжымнае намэнклятуры, якія будуць выконваць ролю канструктыўнае альтэрнатывы для прыцягненьня на выбары расчараванага й раззлаванага на Лукашэнку электарату.
Пра кандыдатаў рэжымнае намэнклятуры
Рэжымныя СМІ й асабліва канфармісцкія СМІ (іншых ў нас ужо няма) піяраць дзьве асобы спадароў Бабарыку й Цапкалу. Гэта сьведчыць пра зацікаўленасьць рэжыму й Масквы ў выключнай ролі гэтых прэтэндэнтаў.
Бліжэйшая функцыя іхнае ролі для рэжыму — гэта прыцягненьне раззлаванага электарату на дзяльніцы (рэжым ня хоча, каб яны былі пустыя).
Далёкасяжная роля для Масквы — гэта стварэньне важкіх палітычных фігураў нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя й кантраляваныя Масквою, Эўразьвязам і ЗША (вакансія “Мілінкевіча”, які выконваў гэтую ролю, цяпер акурат пустуе). Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо намэнклятурную, зрусіфікаваную (без нацыянальных беларускіх “замарочак”) кіраваную альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі.
Спадара Бабарыку пачалі рыхтаваць да гэтай ролі яшчэ тры гады таму. Якраз тады ён пачаў выступаць публічна (напрыклад, у бізнэс-клюбе “Imaguru”, Менск, вул. Фабрыцыюса, 4) з апавяданьнямі пра свае паняткі, пра ацэнкі эканомікі, фінансаў і т.п. на тым жа ўзроўні, што й цяпер з псэўда-крытыкай сыстэмы. І ніхто яго, чыноўніка рэжыму, ня рушыў.
Што датычыць “дыплямата” сп. Цапкалы, то ён як кадравы функцыянэр “всегда готов”, сваёй ролі ў выбарчай кампаніі, і сваіх “рускамірскіх паняткаў” нават не хавае.
Падвышаная ўвага да гэтых асобаў, якую заўзята праяўляе аґентура й СМІ, служыць ня толькі для рэклямы гэтых прозьвішчаў, але (што цяпер найважней) для адцягваньня ўвагі грамадзтва ад сьмяротнае пандэміі і ад злачынства рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае эпідэмію дзеля захворваньня й зьнішчэньня беларусаў.
Пра сацыяльны папулізм
Людзі раззлаваныя праз пагаршэньне жыцьця, беспрацоўе, нізкія заробкі й бясконцую хлусьню Лукашэнкі. Узьніклі прыдатныя ўмовы для пратэстнага папулізму. Ён тут жа зьявіўся: канструктыўная эмацыйная крытыка ўлады, апэляцыя да сацыяльных патрэбаў простага чалавека, забойчыя факты, сьведчаньні бяспраўя ды беззаконьня і г.д. Усё гэта ўжо гучыць, усё яно зразумелае людзям, усё людзьмі ўспрымаецца і “гібрыдная” аґентура, што выскачыла ў гэты час, гераічна вядзе масы на змаганьне з рэжымам. Тэхналёґія перавераная яшчэ за часам царскай Расеі.
Можна нават не праглядаць іхную “ідэалёґію”, сутнасьць вызначаецца ўжо паводле вонкавых азнакаў: мова толькі расейская, ніякіх нацыянальных сымбаляў, ніякіх размоваў, выступаў і апэляцыяў да нацыянальных праблемаў, да фактаў зьнішчэньня нацыі, школы, мовы, культуры й г.д.
У той час, калі рэжым зьдзекуецца з усяго нацыянальнага, яны будуць апэляваць да “дэмакратыі” й абапірацца на “статус-кво” як на аб’ектыўную аснову (то бок вызнаваць злачынную ў выніку антыбеларускае палітыкі нацыянальную дэфармацыю грамадзтва, як аб’ектыўную дадзенасьць).
Характэрнай прыкметай пратэстаў пад уплывам аґентуры ў Беларусі ёсьць абавязковая падмена й замена агульнанацыянальных сымбаляў і колераў (напрыклад, Пагоню на бусьліка, ды на зубра). Прытым звычайна выкарыстоўваюць зьдзеклівыя прадметы. Некалі нейкі маладзён з псэўдаапазыцыі навязаў на дручок замест сьцяга джынсавыя штаны. Мілінкевіч зрабіў з гэтага нацыянальны сымбаль беларускага руху. Брусэль ухваліў і назваў гэты зьдзек “рэвалюцыяй джынс”. Псэўдаапазыцыя пачала насіць на шыі й махаць як сьцягамі джынсавымі анучкамі.
Памятаю, чытаю ў “Каўказ-цэнтар” рэакцыю Аляксандра Літвіненкі, які пісаў пра зьнішчэньне антынародным рэжымам Лукашэнкі беларускае сьвятыні — Бел-Чырвона-Белага сьцяга. «И в это время, – пісаў Літвіненка, – белорусская оппозиция водрузила над собой как флаг джинсовую тряпку. Поистине нация болванов”. Жахліва было тое чытаць. Але каму ты ўжо што растлумачыш.
У нядзелю, 24 траўня, я праглядзеў жывы этэр з Камароўкі (Камароўскі рынак у Менску – заўв. рэд.) пра збор подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Тут клясыка канторы. Груба, але прафэсійна. Усё ёсьць. Усё прысутнічае. Усё ўзорна. Новы зьдзеклівы сымбаль таксама прыдумалі для народу — хатні тапак-шлапак, якім нібыта б’юць прусакоў (гэта, відаць, у Цьмутаракані гэтак робяць).
Нейкія асобы хадзілі зь плякатамі, дзе намаляваныя шлапакі, несьлі іх на тронках, трымалі ў рукох. А падчас працяглага інтэрвію змагар з рэжымам Сяргей Ціханоўскі, якога раптам выпусьцілі з-пад арышту, шмат разоў уздымаў сьціснуты кулак угару й крычэў: “Стоп таракан!” “Стоп таракан”! – адгукаліся побач. Якое там “Лукашэнка прэч!” Якое там “Слава Айчыне!” Якое там “Жыве Беларусь!” “Таракан” – крычаць.
Спадар Ціханоўскі камунікуецца не ў ФБ. Ён у канторскім “Вконтакте”. На пытаньне пра 1991 год – нацыянальную рэвалюцыю й Незалежнасьць Беларусі, рэпліка (– а это когда Советский Союз распался). Пра Пагоню й Беларускі сьцяг (– как народ решит) і г.д. Як кажуць, ад сябе не ўцячэш.
Тут тыповая пазыцыя чалавека, які перабывае пад уплывам маскоўскай ідэалёґіі гібрыднае вайны. Такіх людзей часам называюць “аґентамі ўплыву”, пры тым яны нават самі пра гэта не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі.
Такое здараецца зь людзьмі, у якіх не пастаўлены й не сфармаваўся нармальны нацыянальны хрыбет, нацыянальная годнасьць, гонар за мову, гісторыю й свой народ, які перажыве выпрабаваньне. Цяпер у рэжымнай Беларусі, дзе лукашызм нішчыць усё беларускае, нацыянальная недафармаванасьць асобы сталася ўжо сацыяльнай асаблівасьцю ў грамадзтве.
Зрэшты, у такіх людзей (калі яны не завэрбаваная аґентура, вядома ж) яшчэ ёсьць пэрспэктыва асабістага нацыянальна-культурнага разьвіцьця ў інтарэсах Беларусі. Але пакуль што відовішча не найлепшае.
Чытайце таксама: Зянон Пазьняк: галоўнае – не дапусьціць уцягненьня Беларусі ў расейскія вайсковыя авантуры
“За каго будзеце галасаваць?” – пытаюць у асобы з тапкам у рукох. “Хоць за каго, – чуецца адказ, – абы не Лукашэнка.” (Часам здавалася, што гэта тыя самыя людзі, якія 25 гадоў таму крычэлі: “Абы ня Кебіч”).
Дакладна так было ў 1994 годзе, калі сацыяльны папулізм асядлала маскоўска-гэбоўская аґентура, якая паставіла на Лукашэнку й мела падтрымку савецкага электарату (“со слезами на глазах”). У выніку атрымалі 25 гадоў нутранай прамаскоўскай акупацыі й вынішчэньне нацыі (мовы, культуры, нацыянальнае адукацыі, развалу эканомікі, заняпад грамадзтва).
Зразумела, што лялькаводы на Ціханоўскага шмат ня ставяць, у яго іншыя функцыі (прыцягнуць людзей на выбары), зь якімі ён спраўляецца. Але побач зь ім фігуруе (таксама ўжо гаворыць па-расейску) нязьменны “пратэстант” Статкевіч, вядомы правакатар калатнечы 2010 году. Становішча пакуль двузначнае. Пратэст мае пашырацца. Аб’ектыўна Ціханоўскі расхіствае рэжымны сацыяльны маразм, людзі адгукаюцца, падтрымліваюць. Бяда толькі ў тым, што там дзе Статкевіч і кантора, справа заўжды сканчваецца дрэнна.
Пра гэбізм
Нагадаю пра відавочныя рэчы. Галоўнай дзяржаватрымальнай палітычнай сілай у Беларусі і ў Расеі (пачынаючы з 1999-2000 гг.) зьяўляецца КГБ-ФСБ. Гэта цяпер супэрпартыя на дзяржаўным забесьпячэньні, пад шапкай эксклюзіўных законаў і з калясальнай аґентурай. Гэтая супэр-партыя (асабліва ў Расеі) асядлала ўсё – ўладу, эканоміку, фінансы, рэсурсы, замежную палітыку, праваслаўную царкву, вайскова-прамысловы комплекс, бізнэс, сродкі масавай інфармацыі, суды й пракуратуру. Гэтая “супэр-партыя” вядзе гібрыдную вайну дзеля расейскіх імпэрскіх інтарэсаў у Беларусі, краінах Балтыі, Украіне й ва ўсім сьвеце. Хто гэтага не разумее, таму ня раіў бы йсьці ў палітыку і нават рот адчыняць, каб камэнтаваць нейкія палітычныя дзеяньні.
Што трэба зразумець ў барацьбе з гэбізмам. Гэтую сілу (за якой ўлада) не пераможаш з дапамогаю кампрамісу, не ашукаеш праз хітрасьць, праз удаваньне нейкай іншай пазыцыі, мімікрыю, з дапамогаю замежных спонсараў (што самае неразумнае), палавіністых слоґанаў ды апэляцыяў. Гэбізм баіцца адкрытасьці й галоснасьці (бо гэта напалову “таемнае таварыства”), і народу, над якім трымае ўладу.
Чытайце таксама: Зянон Пазьняк: Пра расейскі імпэрыялізм і ягоную небясьпеку
Таму перамагчы гэбізм можна тады, калі змагацца адкрыта супроць антынароднай гэбоўскай сыстэмы за свабоду беларускага народа й за беларускія нацыянальныя інтарэсы, але не цямніць пад “эўракаштоўнасьці” ды пераймаць (за аплату) розныя сумнеўныя дактрыны кшталту “правы чалавека” (выгаданыя на Захадзе дзеля свабоды дэвіянтаў), бо пад праімпэрскай гэбоўскай акупацыяй не існуе ніякіх правоў. Тут трэба змагацца не за «правы» (якіх няма й ня будзе), але за свабоду.
Воля Бацькаўшчыны, сацыяльная свабода народу, дэмакратычны лад, незалежная дзяржава й нацыянальная годнасьць нацыі – вось нашае права, якое топча антынародны рэжым з дапамогаю Масквы.
Калі нацыя імкнецца перамагчы антынародную навалу, яна мае адкрыта выставіць сваю грамадзкую сілу й сваю праўду пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і сьведчыць адкрыта пазыцыю справядлівасьці, каштоўнасьці свайго народу, сваёй мовы, культуры, гісторыі й свайго існаваньня. Тут ейнае права, аплочанае крывёю й мільёнамі жыцьцяў! У пазыцыі сіла.
Пра народ
Наш народ працавіты, разумны, добры, справядлівы й няшчасны. Няшчасны, бо страціў свае сацыяльныя вярхі – сваіх абаронцаў. Часткова іх зьнішчылі ворагі, часткова вярхі ва ўмовах акупацыі здрадзілі народу, выракліся ягонай мовы і перайшлі на бок непрыяцеля.
Тым часам нацыянальная інтэліґенцыя Адраджэньня не аддзяляла сябе ад паспольства й усяго народу. Яна сама лічыла сябе народам і змагалася за агульную долю й волю нацыі.
Адная з тэхналёґіяў сучаснае маскоўскае гібрыднае вайны – зьневажаць і гадзіць на беларускі народ ад імя нібыта дэмакратаў і крытыканаў. Гэтай бесаўшчынай перапоўнены Інтэрнэт. Абражаюць агулам нашых людзей “чаркай-шкваркай”, “пафігістамі” і іншымі абразьлівымі мянушкамі. Гэтая хваля трольнай нянавісьці часам падхоплівае іншых інтэліґентаў і так званых “апазыцыянэраў” гатовых надаць прэтэнзіі народу, які, маўляў, не змагаецца за іхныя перадавыя погляды й прапановы што да дэмакратыі, але толькі выжывае ды корпаецца ў гноі ў кароўніку з 4-х гадзіны ранку за сто рублёў у калгасе альбо пад рэжымным кантрактам на заводзе, кляпаючы дэталі.
Прэтэнзіі да кінутага працоўнага народу настолькі агідныя, што ня варта й камэнтаваць. У палітычным сэнсе – гэта грубая палітычная памылка. Людзі ад такіх палітыкаў адварочваюцца й пойдуць за аґентурай, пад тапкам і тараканам пад поўным абсурдам, але не за крытыканамі. (Для зацемки й параўнаньня. Палітык, які назавае народ “народцем” , “в наморднике” падпісвае сабе прысуд).
Свой народ (гэта значыць нас ўсіх) трэба любіць, шанаваць, шкадаваць у няшчасьці, дапамагаць дзеяньнем і добрым словам, не чакаючы на падзяку.
Самазахаваньне ў гібрыднай вайне зь імпэрскай Расеяй, перамога й нацыянальная будучыня беларусаў там, дзе беларуская мова, дзе нацыянальны сьцяг, дзе Пагоня, нацыянальны урад, дэмакратычны парлямант і вольны народ. Падняўшы сьцяг Нацыі як сьцяг змаганьня, – мабілізуем змагароў за волю Бацькаўшчыны.
Зянон Пазьняк
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Пазыцыя аўтараў публікацыў ў разьдзеле “Меркаваньне” не абавязкова адлюстроўвае пункт гледжаньня рэдакцыі. За падбор, дакладнасьць і тлумачэньне пададзенай ў гэтых публікацыях інфармацыі рэдакцыя адказнасьці не нясе.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа