Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае дасьледаваць “шаўковы шлях” расейскага “ваенторга”, празь які на акупаваны Данбас перакідваецца вялікая колькасьць рознага кшталту ўзбраеньня і тэхнікі. Мы ўжо неаднойчы выяўлялі факты перакідваньня і перадачы аб’яднаным расейска-сэпаратысцкім сілам (АРСС) танкаў, артылерыі, рознага кшталту бронетэхнікі і ўзбраеньня. Гэтае ўзбраеньне і тэхніку мы ідэнтыфікуем ня толькі дзякуючы тактычным знакам і бартавым нумаром, але й “імёнам”, якія даюць сваім “баявым сяброўкам” расейскія вайскоўцы і баявікі НЗФ.
Гэтак, у верасьні 2014 году, на памежным з Украінай палігоне ў Растоўскае вобласьці РФ вайсковец Вагід Шэпіеў (архівы профілю 1, альбому 2, кантактаў 3), сапраўднае імя – Павіцін В.В. (зафіксаванае дзякуючы нагруднай нашыўцы), сфатаграфаваў узбраеньне з нанесенымі “імёнамі”. Як было высьветленае, тэрміновую службу Шэпіеў-Павіцін праходзіў у адным з вайсковых злучэньняў Паўднёвае вайсковае акругі, пасьля працягнуў службу паводле кантракту ў в/ч 09332 – 7-я вайсковая база г.Гудаута (акупаваная Абхазыя, Грузыя).
МТЛБ з надпісам “Ахмат-Хаджы”, мабыць, у гонар першага прэзыдэнта Чачэнскае рэспублікі Кадырава.
Дзьве адзінкі 122-х мм буксаваных гаўбіцаў Д-30 зь “імёнамі”, нанесенымі чырвонаю фарбай – “Вікторыя” і “Люба”, і яшчэ некалькі безь якіх-кольвек надпісаў.
Ужо знаёмы паводле нашых папярэдніх публікацыяў танк Т-64 з надпісам “Т-84” і “За Данбас”, які “апалчэнцы” выкарыстоўвалі ў баёх пад Дэбальцавам.
Як пазначыў сам В.Шэпіеў-Павіцін – усё гэта сталася зброяй “апалчэнцаў”, якую, мабыць, яны “абмянялі на цыгарэты“.
І, насамрэч, празь некаторы час усё гэтае ўзбраеньне і тэхніка апынулася ў НЗФ “наваросіі”.
Гаўбіцы Д-30 былі выяўленыя ў арсэнале так званага казачага палку “Усевялікага Войска Данскога” (УВД) “ЛНР”, што пацьверджваюць фотафакты з альбому профілю сацсеціва баявіка гэтага НЗФ Сяргея Яфрэмава (архівы профілю 1, альбому 2, кантактаў 3) з Стаханава.
З фатаздымкаў вынікае, што тэрарысты працягваюць выкарыстоўваць тэрыторыі ветраных паркаў для прыкрыцьця сваіх пазыцыяў, пра што мы раней зазначалі на прыкладзе ветранога парку “Наваазоўскі”.
У гэтым выпадку, узбраеньне НЗФ знаходзіцца на тэрыторыі ветранога парку “Лутугінскі” ў Лутугінскім раёне Луганскае вобласьці (архівы фото 1, 2, 3).
- Паводле аднога з фатаздымкаў атрымалася вызначыць прыблізнае мейсца здымкі – глядзіце прывязку да мясцовасьці
- На адной з гаўбіцаў зафіксаванае ўжо знаёмае нам “імя” – “Люба”, якое паводле колеру фарбы, памеру шрыфту і формы напісу адпавядае таму ж, што было зафіксаванае летась у Растоўскае вобласьці.
Параўнаньне надпісаў на ствале гаўбіцы Д-30
Відэа з гаўбіцамі Д-30 сфільмаваў калега і зямляк Яфрэмава – Уладзімер Чарэднічэнка, які, як пазначанае ў пасьведчаньні, уступіў у УВД у верасьні 2015 г. (архівы профілю 1, фотаальбому 2 і пасьведчаньня 3, 4).
У відэа фігуруюць гаўбіцы з надпісамі «За наваросію», «За Данбас».
Сярод фатаздымкаў артылерыстаў казачага палку УВД можна таксама пабачыць фота з гаўбіцамі з намаляванымі белаю фарбай “імёнамі” “Вікторыя”, “Валькірыя”, “Вэста”.
Факт наяўнасьці хаця б аднае падобнае гарматы Д-30, зафіксаванае раней на памежнай з Украінай тэрыторыі РФ, сьведчыць пра тое, што пастаўка гэтага тыпу ўзбраеньня ажыцьцяўлялася з Расеі. Іншыя надпісы, цалкам мажліва, былі нанесеныя ўжо пасля перадачы гаўбіцаў НЗФ.
Заўвага: Нагадаем, што паводле пастановы Кіеўскага апэляцыйнага суду прынятае рашэньне пра кампэнсацыю ТАА “Ветраны парк Лутугінскі” за пастаўку электраэнэргіі ў пэрыяд з 18.02.2015 г. па 25.03.2015 г. сумы ў памеры 11 121 699,38 грн. Аналягічныя рашэньні судоў ёсьць і што да іншых ВЭС, якія знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі пад кантролем баявікоў.
На фоне ўсяго вышэйпададзенага, камічна выглядаюць заявы лідэраў данбаскіх тэрарыстаў. “Самаабвешчаная Данецкая народная рэспубліка не атрымлівае вайсковай дапамогі ад Расейскай Фэдэрацыі; усё ўзбраеньне, якім карыстаюцца сілы апалчэньня, да канфлікту належала Украіне”, – клянецца мамай намесьнік камандуючага штабам “апалчэньня ДНР” Эдуард Басурын.
Глядзіце іншыя тэматычныя спасылкі ў кантэксьце перакідваньня расейскага ўзбраеньня і тэхнікі на Данбас:
- “Працэс перакідваньня расейскага ўзбраеньня і тэхнікі на Данбас: як гэта адбываецца і што туды вязуць”, October 5, 2014
- “Данецкі экспрэс» – ідэнтыфікацыя расейскай тэхнікі і ўзбраеньня, якое перакідваюць на Данбас”, October 6, 2014
- “Перагон. Адмыслоўцы шырокага профілю”, “October 17, 2014
- “Дальнабойнікі з Рублёўкі” – 147-й АБМЗ”, October 27, 2014
- “«Дальнабойнікі-2» – аўтамабілісты Паўднёвае вайсковае акругі”, November 3, 2014
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваны на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня міжнароднай валянтэрскай групай InformNapalm. Аўтар расьледаваньня Victory Krm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!
One Response to “Любоў артылерыстаў “Усевялікага Войска Данскога””
2015-12-22
Найміт з РФ выкрыў факты паставак вайсковай тэхнікі: "Тэлепартацыя" расейскага танка Т-64 на Данбас - InformNapalm.org (Беларуская)[…] што адзін з апошніх матар’ялаў у гэтай тэме быў апублікаваны 13 сьнежня 2015 году. OSINT-выведнікі нашае каманды выявілі канкрэтны факт […]