
8 жніўня 2017 году сэвастопалец Максім Маёраў на сваёй старонцы ў Facebook зьвярнуў увагу на гістарычныя перадумовы, а менавіта вайсковыя манэўры, якія адбываліся напярэдадні агрэсіі Расейскае Фэдэрацыі супроць суседніх дзяржаваў.
Грузія, Украіна, Беларусь?
«Паводле дзіўнага зьбегу абставінаў, напярэдадні расейска-грузінскай вайны 2008 году адбыліся ліпеньскія вышкалы ПВА ЗС РФ «Каўказ-2008». Насамрэч нічога дзіўнага тутака няма. Вайсковыя манэўры – ідэальнае прыкрыцьцё для разгортваньня неабходнага кантынгенту для ўдзелу ў збройным канфлікце. У 2014 годзе РФ паказала, што вышкалы могуць служыць прыкрыцьцём ня толькі падрыхтоўкі да вайны, але й прыкрыццём самой вайны. Таму кожныя вайсковыя манэўры Расеі – патэнцыйная пагроза для суседніх дзяржаваў. Гэта могуць быць проста вышкалы, аднак могуць быць і складовай часткаю пляну агрэсіі – наўпроставай або гібрыднай. Наступныя буйныя вышкалы РФ «Захад-2017» адбудуцца ля нашых межаў у верасьні гэтага году. Малюнак ні на што не намякае, але выкарыстаны для прыцягненьня ўвагі.»
(Крыніца ілюстрацыі да посту з матар’ялу: «Падчас вышкалаў «Захад – 2017» Пуцін можа акупаваць Беларусь»)
Захад-2017 – прыкрыцьцё для актыўнага перакідваньня бронетэхнікі
У сваю чаргу валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm падчас маніторынгу сацыяльных сетак і аналізу фатаздымкаў вызначылі, што з пачатку жніўня 2017 году пачалося маштабнае перасоўваньне расейскае вайсковае тэхнікі ўздоўж усяе лініі эўрапейскае мяжы Расейскае Фэдэрацыі: ад берагоў Балтыйскага мора ў Санкт-Пецярбургу і да берагоў Чорнага мора, улучна з акупаваным украінскім Крымам.
Падаем шэраг фота і відэаматар’ялаў, якія дэталізуюць нашыя высновы:
02.08.2017 г. Эшалён расейскае вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Ліскі”. Горад Ліскі, Варонежская вобласьць.
03.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Няклінаўка”. Сяло Пакроўскае, Няклінаўскі раён, Растоўская вобласьць.
03.08.2017 г. Чыгуначная станцыя “Сергіеў Пасад”. Горад Сергіеў Пасад, Маскоўская вобласьць.
05.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Краснадар-1”. Горад Краснадар, Краснадарскі край.
07.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Зімоўнікі”. Пасёлак Зімоўнікі, Растоўская вобласьць.
07.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі ў горадзе Самара.
07.08.2017 г. Калёна вайсковае тэхнікі ў горадзе Санкт-Пецярбург.
07.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі зафіксаваны ў момант перасоўваньня праз дамбу Волжскай ГЭС у Валгаградзкай вобласьці.
07.08.2017 г. Перасоўваньне вайсковае тэхнікі ў акупаваным Крыме.
08.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Нерахта”. Горад Нерахта, Кастрамская вобласьць.
08.08.2017 г. Эшалён вайсковае тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Росаш”. Горад Росаш, Варонежская вобласьць.
Назвы населеных пунктаў і мейсцаў, у якіх было зафіксаванае перасоўваньне расейскае тэхнікі напачатку жніўня пазначаныя на мапе.
Чыгунка
Яшчэ адной ускоснай азнакаю ненавучальных мэтаў перакідваньня тэхнікі можна лічыць пабудову новых чыгуначных шляхоў. Напрыклад, у 2008 годзе, за 2 месяцы да пачатку ўварваньня ў Грузію Расейская Фэдэрацыя пачала аўральную пракладку новай чыгуначнай дарогі да грузінскае мяжы.
7 жніўня 2017 году ў расійскіх СМІ зьявіліся паведамленьні пра тое, што чыгунка на поўдні РФ, якую праклалі непасрэдна ля самай украінскай мяжы, фактычна пабудаваная і яе пачалі выкарыстоўваць. Пры гэтым у расейскай мэдыяпрасторы зьяўляюцца гучныя назовы з падвойным сэнсам (падаем у арыгінале): «Российские железнодорожные войска нанесли по Украине финансовый удар».
Добрым словам і Javelin’ам можна дамагчыся большага, чымся адным добрым словам
Для стрымліваньня расейскай агрэсіі Украіне вельмі неабходная сучасная абарончая зброя, з дапамогаю якой можна эфэктыўна супрацьстаяць бранятанкавай групоўцы, разгорнутай уздоўж усяе ўкраінска-расейскае мяжы. Вышкалы «Захад-2017» могуць стаць этапам акупацыі й ўцягваньня Беларусі ў збройны канфлікт. Магчыма, менавіта масаванае перакідваньне расейскае цяжкое бронетэхнікі да ўкраінскае мяжы сталася прычынаю нядаўніх рэкамэндацыяў Пэнтагона для Белага дому наконт наданьня Украіне процітанкавае й супрацьпаветранае зброі для падвышэньня абароназдольнасьці й прадухіленьня далейшага ўварваньня. У ліку магчымых паставак пазначаныя і «забойцы танкаў» – амэрыканскія процітанкавыя комплексы “Javelin”. Расейская армія ў 2014 годзе ўварвалася і акупавала 7% украінскае тэрыторыі на Усходзе і на Поўдні Украіны, але РФ не дасягнула сваёй галоўнай мэты – ўплываць на ўсю Украіну. Дыпляматычныя рашэньні, калі яны гучаць з пазыцыі слабасьці й апэляцыі да міжнароднага права не ўспрымаюцца расейскім кіраўніцтвам як досыць важкія. Толькі моцная Украіна й жорсткая пазыцыя сусьветнае супольнасьці здольныя замірыць агрэсара. Перафразуючы вядомы выраз можна сказаць: «Добрым словам і Javelin’ам можна дамагчыся большага, чымся адным добрым словам».
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Відаль Сарокін адмыслова для сайту InformNapalm. Асаблівая падзяка OSINT-экспэрту @galandecZP за знойдзеныя фота й відэа, якія выкарыстаныя ў матар’яле.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа