Ва Украіне створаны інфармацыйны кансорцыюм грамадзкіх арганізацыяў для супрацьдзеяньня прапагандзе РФ (працоўны назоў – праэкт «Бастыён»).
Пра гэта на сваёй старонцы ў ФБ паведаміў каардынатар групы ІС Дмытро Тымчук, які падаў таксама тэкст адпаведнага мэмарандума. У прыватнасці, ён напісаў:
“Адбылася ўстаноўчая нарада інфармацыйнага кансорцыюму для супрацьдзеяньня прапагандзе РФ (працоўны назоў – праэкт «Бастыён») з удзелам прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў – ЦВПД (група ІС), InformNapalm, ЦДАКР, Бюро процідзеяньня гібрыднай вайне. У выніку нарады на працягу гэтага тыдня мы адпрацавалі працоўны варыянт Мэмарандума пра стварэньне кансорцыюма, які зараз і падаем.
Сама ідэя падобнага кансорцыума паўстала пасьля візіту ў Кіеў увесну гэтага года прадстаўнікоў Міжнароднага цэнтра бясьпекі (Эстонія), якіх зацікавіў наш (то бок украінскіх няўрадавых арганізацыяў, НДА) досьвед супрацьдзеяньня расейскай прапагандзе. Нас уразіў той факт, што краіны Балтыі ўжо стварылі гэты Цэнтар, які аб’ядноўвае намаганьні як НДА, гэтак і дзяржструктураў. Пры тым, што ва Украіне за больш чымся два гады вайны дагэтуль не аб’яднаныя высілкі хаця б НДА ў гэтай сфэры.
Вынік – гэты кансорцыюм. Мэмарандум адкрыты для падпісаньня, на гэты момант адбываюцца перамовы зь іншымі ўкраінскімі НДА, а таксама патэнцыяльнымі партнэрамі, якія гатовыя далучыцца, з Грузіі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Малдовы. Мы ўжо маем падтрымку шэрагу НДА ў гэтых краінах і неўзабаве падамо іх як удзельнікаў кансорцыюма. Шукаем партнэраў і ў іншых краінах, у якіх адчуецца ўся разбуральная моц прапаганды РФ, якая намагаецца дэстабілізаваць сытуацыю ўсюды, куды толькі могуць дацягнуцца ейныя рукі.
Сэнс стварэньня кансорцыюма адлюстраваны ў мэмарандуме. Гэта аб’яднаньне высілкаў у маніторынгу і аналізе трэндаў расейскай прапаганды, выяўленьне фэйкаў і давядзеньне да грамадзкасці фактаў выкарыстаньня Крамлём мэтодыкаў інфармацыйных маніпуляцыяў, супольны аналіз магчымых наступстваў інфармацыйнага ўздзеяньня прапаганды РФ і абмен досьведам для супрацьдзеяньня ёй, а таксама выпрацоўка рэкамэндацыяў як для нацыянальных дзяржаўных структураў, гэтак і для іншых НДА і СМІ што да магчымых варыянтаў рэагаваньня на інфармацыйныя пагрозы, якія ажыцьцяўляе расейская прапаганда.
Аб’ядноўвацца трэ было нават ня ўчора, а пазаўчора, аднак лепей позна, чым ніколі. Мы гатовыя да шчыльнае супрацы з дзяржструктурамі, але толькі пры ўмове ажыцьцяўленьня дзейнасьці дзеля дасягненьня супольных мэтаў, але не для «галачкі» ў сваіх справаздачах пра бурную дзейнасьць асобных чыноўнікаў”.
МЭМАРАНДУМ
пра супрацу няўрадавых арганізацыяў і стварэньне Міжнароднага інфармацыйнага кансорцыюма
для супрацьдзеяньня прапагандзе Расейскай Фэдэрацыі
«БАСТЫЁН»
Няўрадавыя арганізацыі (НДА) Украіны (Грузіі, Латвійскай Рэспублікі, Літоўскай Рэспублікі, Рэспублікі Малдова, Рэспублікі Польшча, Эстонскай Рэспублікі, – сьпіс можа дапаўняцца)
– праз усьведамленьне адказнасьці грамадзянскай супольнасьці ў сфэры аховы нацыянальнай і міжнароднай інфармацыйнай прасторы ад разбуральнага ўздзеяньня расейскай прапаганды, якая выкарыстоўвае магутныя рэсурсы Крамля як на тэрыторыі РФ, гэтак і за мяжой;
– праз улічваньне імкненьня расейскіх інфармацыйных службаў зьдзяйсьняць нэгатыўны ўплыў на інфармацыйную сытуацыю ў дзяржавах Эўропы, а таксама іншых краінах, якія кіраўніцтва РФ лічыць, што яны ўваходзяць у «сфэру інтарэсаў Расеі», або мітычна «пагражаюць Расеі» (далей – нашыя краіны);
– празь імкненьне актыўна супрацьстаяць патокам дэзынфармацыі ад прапагандысцкіх рэсурсаў РФ, якія цынічна перакручваюць бягучыя падзеі ў палітычным і грамадзкім жыцьці нашых краінаў і зьдзяйсьняюць непрыхаваную фальсыфікацыю й хлусьню;
– праз катэгарычнае адмаўленьне “мовы варожасьці”, якую актыўна выкарыстоўвае прапаганда РФ дзеля абвастрэньня міжнацыянальнае, рэлігійнае, культурнае варажнечы, а таксама расізму й ксэнафобіі ў нашых краінах;
– праз перакананьне ў жыцьцёва важнай неабходнасьці для грамадзтва нашых краінаў і нацыянальных інтарэсаў, а таксама для абароны асноўных прынцыпаў дэмакратыі, у забесьпячэньні разуменьня нашымі грамадзянамі сутнасьці й мэтаў маніпулятыўных тэхналёгіяў, якія выкарыстоўвае прапаганда РФ;
ухвалілі гэты Мэмарандум каб:
– аб’яднаць высілкі ў маніторынгу інфармацыйнае прасторы (сродкі масавае інфармацыі й камунікацыі) дзеля выяўленьня распаўсюду расейскімі й прарасейскімі інфармацыйнымі рэсурсамі дэзынфармацыйных, правакацыйных і фальсіфікаваных паведамленьняў, мэтай якіх ёсьць стварэньне непраўдзівае карціны ў сьвятле тых ці іншых падзеяў у палітычным і грамадзкім жыцьці нашых краінаў, а таксама падзеяў у сьвеце, якія асьвятляюцца ў інфармацыйнай прасторы нашых дзяржаваў;
– выяўляючы падобныя дэзынфармацыйныя, правакацыйныя й фальсіфікаваныя паведамленьні ў межах маштабных інфармацыйных захадаў, выкрываць іх усімі даступнымі спосабамі і даводзіць да грамадзкасьці факты выкарыстаньня мэтодыкаў інфармацыйных маніпуляцыяў;
– супольна адсочваць і аналізаваць тэндэнцыі інфармацыйнага ўзьдзеяньня расейскае прапаганды на грамадзтва з выкарыстаньнем тых ці іншых інфармацыйных падставаў;
– супольна ацэньваць спробы, вынікі й магчымыя наступствы інфармацыйнага ўзьдзеяньня, скіраванага для дэстабілізацыі сытуацыі ў нашых краінах, выяўляючы магчымыя мэты й матывы прапаганды РФ;
– рэгулярна зьдзяйсьняць абмен дадзенымі што да выяўленьня й аналізу маніпулятыўных тэхналёгіяў, якія выкарыстоўвае расейская прапаганда для абвастрэньня міжнацыянальнае, рэлігійнае, культурнае варажнечы, а таксама расізму і ксэнафобіі ў нашых краінах;
– забясьпечыць сталы распаўсюд на нацыянальным узроўні (у сродках масавае інфармацыі й камунікацыі) вынікаў аналізу тэндэнцыяў у прапагандысцкай дзейнасьці РФ і інфармацыю пра выяўленыя маніпулятыўныя тэхналёгіі;
– зьдзяйсьняць супольныя мэрапрыемствы (канфэрэнцыі, круглыя сталы, брыфінгі, прэс-канфэрэнцыі) дзеля абмену досьведам і інфармацыяй паводле пазначаных вышэй пунктаў з прадстаўнікамі бакоў, якія ўхвалілі гэты Мэмарандум, а таксама для інфармаваньня грамадзкасьці пра выкананую працу ў выглядзе вынікаў дасьледаваньняў;
– на падставе вынікаў супольнае дзейнасьці даваць рэкамэндацыі як для нацыянальных дзяржаўных структураў, гэтак і для іншых НДА і СМІ што да магчымых варыянтаў рэагаваньня на інфармацыйныя пагрозы, якія сыходзяць ад расейскай прапаганды;
– у выпадку ўчыненьня перашкодаў дзейнасьці ўдзельніка Кансорцыюма, скіраванай на рэалізацыю палажэньняў гэтага Мэмарандума, зьдзяйсьняць дапамогу дзеля абароны ягоных прафэсійных інтарэсаў з выкарыстаньнем сусьветных практыкаў абароны творчых і журналісцкіх аб’яднаньняў;
Сьпіс удзельнікаў Кансорцыюма застаецца адкрытым для падпісаньня, далучэньне новых чальцоў ажыцьцяўляецца праз рашэньне ўдзельнікаў Кансорцыюма спосабам агульнае згоды (кансэнсусу).
Бакі Мэмарандума – удзельнікі МІК «БАСТЫЁН»
Украіна
ГА «Цэнтар вайскова-палітычных дасьледаваньняў» (група «Інфармацыйны Супраціў»)
Міжнародная валянтэрская супольнасьць «InformNapalm»
ГА «Цэнтар дасьледаваньня арміі, канвэрсіі і раззбраеньня» (ЦДАКР)
Бюро процідзеяньня гібрыднай вайне
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа