Адплата. Расейскі кантрактнік, ветэран «украінскае камандыроўкі» 2014 году, выяўлены ў 2015 годзе, меркавана загінуў у выпадковым ДТЗ.
У матар’ялах InformNapalm неаднойчы было зазначанае пра тое, што расейскія вайсковыя злачынцы, якія асабіста ўдзельнічалі ў неабвешчаных і падступных войнах раней ці пазьней будуць пакараныя. Гэтак, напрыклад, яшчэ ў лістападзе 2014 году ў адной з нашых публікацыяў была пададзеная інфармацыя пра выяўленых расейскіх інтэрвэнтаў з 15-й так званай міратворчай брыгады, якія ваявалі на Данбасе – празь некаторы час сталася вядома пра зазнаныя баявыя страты «міратворцаў». Тая ж доля напаткала і аднаго з фігурантаў нашага расьледаваньня, апублікаванага ў 2015 годзе, пра выкрытых расейскіх вайскоўцаў з складу 18-й мотастралковай брыгады ПВА, якія ваявалі на Данбасе ўлетку-ўвосень 2014 году. Хаця сьмерць апісанага ніжэй фігуранту не зьяўляецца баявой стратаю, нейкі сымбалізм яна, усё ж, мае.
З 1 траўня 2017 году ў сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца паведамленьні-спачуваньні што да Віктара Аўжынава, які фігураваў у адным з расьледаваньняў InformNapalm. Сярод тых, хто сумуе зь ягонае сьмерці досыць шмат ягоных сяброў (1, 2, 3) і сваякоў (4, 5, 6, 7, 8). Камэнтароў што да ягонае сьмерці няшмат, але паводле аднаго зь іх, ейнай прычынаю сталася дарожна-транспартнае здарэньне, якое адбылося 30 красавіка 2017 году ў ягоным родным Ханты-Мансійску.
Аўжынаў Віктар Мікалаевіч – снайпэр-выведнік, удзельнік баявых дзеяньняў на Данбасе ў 2014 годзе. Узнагароджаны дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі, у тым ліку мэдалём Суворава № 40978 паводле ўказу прэзыдэнта РФ з 24 лістапада 2014 году за ўдзел у вайне на Данбасе. Нагадваем, што ў профілі сацсеціва Аўжынава былі выяўленыя здымкі выведнікаў 18-й АМСБр у абліччы баявікоў тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР», на падставе якіх было зьдзейсьненае дэталёвае расьледаваньне. У прыватнасьці, атрымалася выявіць групу расейскіх вайскоўцаў з 18-й мотастралковай брыгады ПВА (в/ч 27777, Чачэнія, Ханкала і Калінаўская, 58-й армія ПВА; у гэты момант перафармоўваецца ў мотастралковы полк у складзе новай 42-й МСД), якія прайшлі праз «украінскую камандыроўку» 2014 году. Падрабязнасьці чытайце ў матар’яле: «11 сяброў Пуціна»: сэлфі-выведнікі 18-й АМСБр на Данбасе.
Пасьля нашай выкрывальнай публікацыі 2015 году старонка В. Аўжынава была выдаленая з сацсеткі (архіў). Неўзабаве ён стварыў новыя профілі з прыдуманымі імёнамі: у “VK” – “Охотник Вездесущий” (рас., архіў профілю, фотаальбому, кантактаў), у “OK” – “Віктар Іваноў” (архіў профілю, фотаальбому, кантактаў). Сярод сяброў і падпісьнікоў у гэтых профілях шмат расейскіх вайскоўцаў, зафіксаваных у Сірыі і на Данбасе, у тым ліку ягоныя таварышы ў службе з 18-й брыгады. Таксама ў Сеціве маецца яшчэ некалькі старонак Аўжынава, неактыўных з 2009 і 2014 гадоў.
1 траўня 2017 году ханты-мансійскія СМІ паведамілі наступнае (пакідаем у арыгінале):
«30 апреля в столице Югры, около 23 часов на Объездной дороге столкнулись ВАЗ-2106 и «Киа Серато». Водитель, 1983 года рождения, управлявший «Жигулями», ехал со стороны улицы Калинина в сторону улицы Энгельса по встречной полосе — на участке с разделением встречных потоков транспорта. В результате столкновения виновник аварии погиб на месте. Травмы получили два человека, находившихся в «Киа».
Нягледзячы на тое, што расейскія СМІ не падалі імя загінулага падчас ДТЗ, пазначаныя імі дадзеныя пра ўзрост, мейсца і дату сьмерці супадаюць з масай згаданых вышэй жалобных пастоў што да В. Аўжынава.
P.S. У расьледаваньні «11 сяброў Пуціна» маецца відэа, створанае валянтэрамі нашае супольнасьці, якое назьбірала больш за 70 тысячаў праглядаў. Для музычнага фону ў відэа быў выкарыстаны «Жалобны марш» Фрэдэрыка Шапэна. Характэрна, што музычнае суправаджэньне пачынаецца з 0:24 сэкунды хранамэтражу – менавіта з моманту пачатку разгляду фігурантаў расьледаваньня, першым нумарам якога і зьяўляецца меркавана загінулы ў ДТЗ Віктар Аўжынаў. Супадзеньне?
Так што, калі вайсковага злачынца, кантрактніка й ветэрана ЗС РФ Аўжынава, які прайшоў не адную баявую камандыроўку, усё ж напаткала пакараньне – гэта можа здарыцца і зь іншымі. Мараль гэтай публікацыі вельмі простая: «таварышы» акупанты, няхай шчасьціць!
Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі на падставе ўласнага OSINT-расьледаваньня Іраклі Камахідзэ і Al Gri.
Загалоўную ілюстрацыю падрыхтаваў Лук’ян Турэцкі.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа