Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае адсочваць падзеі, звязаныя з удзелам зброеных сілаў Расеі ў сірыйскім канфлікце. 28 кастрычніка 2015 года у Сеціве з’явіліся фотаздымкі расейскай тэхнікі з раёна Латакіі (населены пункт Al-Shelfatiyeh), Сірыя: бронетранспартэры, камандна-штабныя машыны, артылерыя і аўтатранспарт. На аўтатранспарце былі таксама зафіксаваныя вайскоўцы – зыходзячы зь іхнае пясчанае формы, гэта расейскі наземны вайсковы кантынгент. Падобна на тое, што Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі паводле таго ж сцэнару, які быў задзейнічаны ў Крыме і пазьней на Данбасе.
На пададзеных фатаздымках усё ў лепшых традыцыях расейскага “вэрмахта”: як і на Данбасе, зацертыя бартавыя нумары на бронетэхніцы, як і падчас акупацыі Крыма ў 2014 годзе, на аўтатранспарце адсутнічаюць нумарныя знакі.
У кадар патрапіў артылерыйскі цягач на шасі КамАЗ-63501, які буксуе гаўбіцу. Такія Камазы маюцца ва ўзбраеньні ўсяго некалькіх артылерыйскіх злучэньняў ЗС РФ, у тым ліку і ва ўзбраеньні 291-й артылерыйскай брыгады 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі (ПВА) (в/ч 64670, мейсца дысьлякацыі – Інгушэтыя, станіца Траецкая), якая ўжо неаднойчы фіксавалася ў кантэксьце “растоўска-ўкраінскіх камандыровак” і якая мае дачыненьне да абстрэлаў тэрыторыі Украіны з “качэўных” пазыцыяў з тэрыторыі РФ, Растоўскае вобласьці, улетку-ўвосень 2014 году, пра што паведамляў InformNapalm, глядзіце – “Баявы шлях” 291-й артылерыйскай брыгады ад Крыма да Данбаса“.
Паводле апошняй інфармацыі ўкраінскай вайсковай выведкі, расейцы перакідваюць ў Сірыю на борце вялікага дэсантнага караблю (ВДК) артылерыйскі дывізіён 120-й артбрыгады 41-й Арміі Цэнтральнае вайсковае акругі (Юрга, Кемераўская вобласьць), якая таксама фігуравала ў кантэксьце “растоўска-ўкраінскіх камандыровак” у матар’ялах InformNapalm – “Падразьдзяленьне 120-й артылерыйскай брыгады зю Юргі ў Мілерава“.
Заўвага: Магчыма інфармацыя Галоўнага ўпраўленьня выведкі МА Украіны што да перакідваньня ў Сірыю артпадразьдзяленьня 120-й АБр апублікаваная з спазьненьнем і зафіксаваны 28 кастрычніка 2015 году ў Сірыі КамАЗ з буксаванай гаўбіцай “Мста-Б” належыць гэтаму артылерыйскаму злучэньню. Але гэтаксама нельга выключаць, што ў Сірыю крыху раней было перакінутае і іншае артпадразьдзяленьне ЗС РФ з такімі ж цягачамі і гаўбіцамі, напрыклад з той жа 291-й АБр ПВА.
Што да зафіксаванай пясчанай формы вайскоўцаў – гэтую форму ЗС РФ, прызначаную для гарачага клімату, выкарыстоўваюць на расейскіх акупацыйных вайсковых базах у Грузыі – Абхазыі і Цхінвальскім рэгіёне, на расейскіх вайсковых базах у Арменіі і Таджыкістане, а таксама ў некаторых вайсковых злучэньнях Паўднёвае вайсковае акругі, у тым ліку дысьлякаваных у акупаваным Крыме. Такую ж форму мы фіксавалі ў расейскіх падразьдзяленьняў “МНС”, насамрэч – расейскіх вайскоўцаў з ПДВ і МТЗ, падчас перакідваньня ўзбраення і боепрыпасаў на Данбас пад прыкрыцьцём пуцінскіх “гуманітарных канвояў”, у тым ліку і ў жніўні 2014 году.
– Facebook суполка “Сирия – революция благословенного Шама” 28 Кастрычніцкай 2015 году;
– Twitter SobiWorld@FedorStepy Российские войска в Латакии, населенный пункт Al-Shelfatiyeh, 28 кастрычніка 2015 году.
Глядзіце таксама тэматычныя спасылкі пра 291-ую артбрыгаду ў кантэксьце вайны на Данбасе::
– Расея. Фотаздымкі пазіцый артылерыі ЗС РФ, з якіх абстрэльвалі тэрыторыю Украіны ў 2014 годзе.
– Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Пераклалі Кацярына Катэнка, Дзяніс Івашын
(с) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас перадруку й выкарыстаньня матар’ялу актыўная спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
2 Responses to “Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі”
2015-12-02
Расея разгортвае другую вайсковую базу ў Сірыі - InformNapalm.org (Беларуская)[…] напрыканцы кастрычніка 2015 году. У артыкуле “Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі” зазначанае, што 28 кастрычніка 2015 году, у ваколіцах […]
2015-12-08
Усход - справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі - InformNapalm.org (Беларуская)[…] замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі”, InformNapalm выказаў абгрунтаванае меркаваньне пра тое, што зафіксаваныя ў […]