У Брытанскім музэі Лёндана працягваецца экспазыцыя маштабнае выставы з гучным назовам «Скіцкія ваяры старажытнага Сібіру» (Scythians warriors of ancient Siberia). Выстава арганізаваная супольна з расейскім Эрмітажам, Санкт-Пецярбург.
Бэкграундам для гэтай выставы стаўся канфлікт, зьвязаны з вяртаньнем «скіцкага золату» ў 2014 годзе. Пасьля анэксіі Крыма расейцы хацелі забраць сабе ўкраінскія экспанаты, якія былі на выставе ў Нідэрляндах. Аднак, паводле рашэньня галяндзкага суду “скіцкае золата” было вернутае Украіне.
Як узгадвае ў сваім блёгу брытанскі гісторык і тэлевядоўца Дэн Сноў (Dan Snow), праца над выставай стартавала напачатку 2014 году, адразу пасьля ўзьнікненьня канфлікту з “скіцкім золатам” і была рэакцыяй расейцаў на гэты канфлікт.
Таму сымбалічнае значэньне гэтае выставы для Расеі цяжка пераацаніць. Яны спрабуюць прывязаць анэксаваны Крым да Расеі праз гісторыю скітаў, даводзяць, што Расея зьяўляецца спадчынніцай скіцкае цывілізацыі.
Прысабечваньне Расеяй ня толькі тэрыторыяў але й гісторыі ўжо не выклікае зьдзіўленьня нават ва Эўропе. Можна ўзгадаць нядаўні скандал зь кіеўскай княгіняю Ганнай падчас сустрэчы прэзыдэнтаў РФ і Францыі ў Вэрсалі.
Таму гэтыя маніпуляцыі мы ня можам пакінуць без рэагаваньня, гэта – адное з вымярэньняў інфармацыйнае вайны Крамля. Паспрабуем высьветліць, якое дачыненьне маюць скіцкія экспанаты з Крыма й кантынэнтальнае Украіны да тэматыкі лёнданскае выставы.
Украінская спадчына
У экспазыцыі выставы маецца вельмі шмат скарбаў, знойдзеных ва Украіне і вывезеных у Расею на працягу працяглага прамежку часу – ад Пятра Шалёнага да СССР. Верагодна й зараз Расея на акупаваных тэрыторыях Украіны прысабечвае ўсё новыя артэфакты падчас правядзеньня нелегальных раскопак.
Чытайце таксама наш матар’ял: #РасеяГэтаРабаўнік, альбо Што будзе з крымскімі музэямі?
З дапамогаю фатаздымкаў, нададзеных нам адным з наведнікаў выставы, мы можам разгледзець якія менавіта скіцкія артэфакты дэманструюцца, і якім чынам яны падпісаныя.
Экспанаты з Украіны на выставе падпісаныя без дакладнага мейсца паходжаньня. Напрыклад, у подпісы да экспанату №2 пазначанае Паўночнае Прычарнамор’е. Нагадаем, што знакамітае скіцкае пахаваньне Салоха (магіла) знаходзіцца на левым беразе Дняпра непадалёк Каменкі-Дняпроўскай Запароскай вобласьці, Украіна.
Экспанат №3 з кургану Куль-Аба таксама пазначаны як Паўночнае Прычарнамор’е. Гэтае пахаваньне знаходзіцца ва ўкраінскім Крыме, паблізу гораду Керч.
Для параўнаньня, пра экспанат №4 маецца больш падрабязных дадзеных, пазначаная краіна Італія, вытворчасьць Грэцыі й уласнасьць Брытанскага музэю.
Німфэй (Nymphaeum) – антычны горад, які месьціўся на поўнач ад сучаснага пасёлку Эльтыген (Гяроеўскае) (у межах гораду Керч), і за 17 км на поўдзень ад Пантыкапею. Чарговага разу не пазначаная паўвыспа Крым.
Яшчэ шэраг экспанатаў з крымскага гораду Німфэй.
Шэдэўр скіцкае культуры, знакаміты рытуальны посуд з кургану Куль-Аба. Быў вывезены з Крыма ў XIX ст. у Санкт-Пецярбург, але зараз расейскія «гісторыкі» імкнуцца не ўзгадваць пра украінскі Крым.
Гэтае ўзбраеньне, як вы здагадваецеся, таксама з Украіны. Поўная адрэса знаходкі мае быць наступнай: Курган 401, сяло Жураўка, Чаркаская вобласьць, Украіна.
Рэчы з кургану «Разрытая магіла» («Раскапаная магіла») ля гораду Беразань, Кіеўская вобласьць, Украіна. Гэта 80 км ад сталіцы Украіны, але для расейцаў гэта абстрактнае паўночнае Прычарнамор’е.
Апроч самой выставы, Брытанскі музэй зрабіў шмат тэматычных публікацыяў на сваім сайце. Падаем ілюстрацыі з сайту Брытанскага музэю. Працяг маніпуляцыяў палягае ў тым, што ў інфармацыі пра экспанат няма зьвестак пра мейсца знаходкі, але толькі пра мейсца ягонага захоўваньня.
Расея мае моцнае жаданьне не падаваць інфармацыю пра мейсцы археалягічных знаходак, каб паказаць абгрунтаванасьць сваіх прэтэнзіяў на ўвесь арэал пасяленьня скітаў, большая частка якога – на тэрыторыі Украіны.
Найбольшым фарсам зьяўляецца тое, што скарб, які быў знойдзены ва ўкраінскім Крыме, ўпрыгожвае ўсе афішы выставы пра «сібірскіх скітаў». Нагадаю, што ад паўвыспы Крым да Сібіру больш за 5000 кілямэтраў.
Гэты залаты вершнік быў знойдзены ў 1830 годзе ў кургане Куль-Аба, побач з крымскім горадам Керч, быў вывезены ў Расею, дзе й знаходзіцца дагэтуль.
Мейсца знаходкі сарамліва падпісанае як чарнаморскі рэгіён (Black Sea region), што па сутнасьці нічога ня значыць і ёсьць занадта агульным паняткам.
У каталёзе Брытанскага музэю гэтае ўпрыгожваньне з лучнікамі з падрабязнай атрыбуцыяй. А на выставе і ў артыкуле ўжо такога подпісу няма.
Залатая плястына з сцэнай паляваньня на зайца. Усё той жа курган Куль-Аба ў Крыме. Падпісанае як Паўночнае Прычарнамор’е (northern Black Sea region). Відавочна, што гэта не халатнасьць, але прадуманы сыстэмны падыход. Пазьбяганьне згадак пра Крым і Украіну зьяўляецца сьвядомай маніпуляцыяй. На сайце Эрмітажа ўсе ўкраінскія знаходкі таксама пазначаныя без краіны паходжаньня.
Расейцы з сваімі фантазіямі зайшлі нагэтулькі далёка, што падаюць у экспазыцыі прадметы ня толькі з захопленага Крыма, але й кантынэнтальнае Украіны. Плястыны з сцэнай братаньня скітаў, Курган Салоха, Запароская вобласьць, Украіна. Раскопкі М.І.Весялоўскага, 1913 г. Знаходзяцца ў Эрмітажы (Санкт-Пецярбург, РФ).
У лепшых расейскіх традыцыях сфальсіфікаваная гісторыя падаецца за праўду. Таму ў выдатным каталёзе выставы няма аніводнае згадкі пра ўкраінскі кантэкст скітаў. Замест гэтага ў анатацыі згаданая толькі Расея й Сібір, што стварае ілжывае ўяўленьне пра паходжаньне гэтых вельмі значных скарбаў скітаў:
Гэтая кніга зьмяшчае шмат рэдкіх і нядаўна выяўленых знаходак асабістага адзеньня й маёмасьці, вырабленага з золата, скуры, футра й лямца, што раскрывае спадчыну адной з самых старажытных карэнных цывілізацыяў Расеі.
(This book includes many rare and recently discovered finds of personal garments and possessions made from gold, leather, fur and felt, revealing the legacy of one of Russia’s oldest indigenous civilizations.)
Цікавым фактам зьяўляецца спонсарская падтрымка British Petroleum. Заўважым, што BP з 2003 году зьлілася з ТНК і сёньня гэта TNK-BP (па сутнасьці – “Роснефть”).
Ілюстрацыя зь мячом мае недакладны подпіс. Мельгуноўскі курган (Выліваны курган, Выліваная магіла) – адзін з самых старажытных скіцкіх курганоў, царскі курган 2-й пал. 7 ст. да н. э. Раскапаны ў верасьні 1763 году ля с. Капані Знаменскага раёну Кіраваградзкае вобласьці – практычна цэнтар Украіны. Відавочна, што гэта невыгодны факт для Расеі.
Таксама «забыліся» на тое, каб пазначыць, што бранзалет з Крыма. І такіх прыкладаў – цэлы каталёг.
Вельмі цікавая мапа. На ёй пазначаныя кліматычныя зоны, сталіцы дзяржаваў і Транссібірская чыгуначная магістраль. Але ўвага! Забыліся на тое, каб пазначыць сучасныя межы дзяржаваў і тэрыторыю распаўсюджаньня скіцкае цывілізацыі. Мабыць, для расейскіх прапагандыстаў гэта таксама ня вельмі выгодна.
На прэзэнтацыі, якая ілюструе артыкул на сайце Брытанскага музэю, маецца посуд з Мелітопальскага кургану (Запароская вобласьць, Украіна).
Артыкул у лёнданскім The Times праілюстраваны знакамітай знаходкаю з кургану Куль-Аба, Крым, Украіна.
Зразумела, мы не змаглі зафіксаваць усе экспанаты ўкраінскага паходжаньня на гэтай выставе. Але ўяўленьне пра маштаб маніпуляцыяў чытач можа мець. Такім чынам выстава насычаная экспанатамі з Украіны і няма аніводнае згадкі пра паўвыспу Крым і Украіну. Нібыта іх не існуе. Непрыемна, што Брытанскі музэй быў уцягнуты ў расейскія гульні. У выставе больш прапаганды, чымся гістарычных фактаў.
Сібірскія знаходкі
У экспазыцыі выставы сапраўды ёсьць экспанаты сібірскага паходжаньня. Сібір гэта – вельмі вялікая тэрыторыя, якая аб’ядноўвае розныя гістарычныя рэгіёны й народы.
Шмат экспанатаў толькі ўмоўна можна назваць скіцкімі, практычна ўсе расейскія крыніцы адносяць да Пазырыцкае культуры. Гэтая археалягічная культура жалезнага веку (VI-III стст. да н. э.), асноўныя знаходкі прадметаў якой былі зробленыя ў Горным Алтаі. Носьбіты гэтай культуры жылі на сумежных тэрыторыях Казахстана, Расеі (плято Улаган, Укок) і Манголіі.
Знаходкі ў Рэспубліцы Тыва адносяць да раньніх скіцкіх. Гісторыя курганоў Аржан і Аржан-2 ёсьць вельмі цікавай. Напачатку 2000-х было зробленае сэнсацыйнае адкрыцьцё – абсалютна захаванае раньняе скіцкае «царскае» пахаваньне (VII ст. да н. э.). Скарбы, вядома, былі перавезеныя ў Санкт-Пецярбург у Эрмітаж. Толькі праз шмат гадоў большую частку знаходак тувінцы змаглі вярнуць сабе ў Тыву, дзе адмыслова для гэтага пабудавалі музэй у горадзе Кызыл. Дарэчы, Тува ўвайшла ў Савецкі Саюз толькі ў 1944 годзе, а сёньня гэта Рэспубліка Тыва ў складзе РФ. Таму, пра якую расейскасць можна казаць падчас вывучэньня курганоў Аржан?
У выніку
Калі Тыва змагла вярнуць сабе вельмі каштоўныя экспанаты, то Украіна мае з гэтым значна больш складаную сытуацыю. Шматлікія ўкраінскія гістарычныя рэліквіі розных эпохаў сёньня знаходзяцца ва ўласнасьці Расеі. Дзякуючы гэтаму РФ можа праводзіць падобныя выставы й выхваляцца нарабаваным, як сваім уласным.
На нашае сьціплае меркаваньне, адным з мажлівых спосабаў вяртаньня скарбаў можа быць перадача экспанатаў ва ўласнасьць Украіны ў межах часткі рэпарацыяў за анэксію Крыма й вайну на Усходзе Украіны. Вядома, пасьля вяртаньня Крыма пад кантроль Украіны і вываду расейскіх войскаў з Данбаса.
Цывілізаваны сьвет мае шматлікія прыклады вяртаньня гістарычных каштоўнасьцяў на свае гістарычныя тэрыторыі. Таму гэты лёс не абміне і Расейскую Фэдэрацыю, для якой мае надыйсьці час вяртаньня нарабаванага.
Інфармацыйнае вымярэньне
З шкадаваньнем трэба прызнаць, правакацыя Крамлю ўдалася. Дастаткова прааналізаваць пашырэньне інфармацыі пра «сібірскіх скітаў». Шматлікія публікацыі ў галоўных брытанскіх і сусьветных СМІ і аўтарытэтных блёгах далі прадказальны вынік. Наглядную інфармацыю надае сэрвіс Goole Trends.
Усё гэта сьведчыць пра тое, што Расея досыць пасьпяхова навязвае сьвету сваю трактоўку гісторыі. У гэтай “гісторыі” няма мейсца для Украіны і згадак пра яе. Украінскім міністэрствам культуры, інфармацыйнай палітыкі й замежных справаў трэба нарэшце задумацца пра сваю эфэктыўнасьць.
P.S. Сапраўдных «ваяроў зь Сібіру» ва ўкраінскіх стэпах можна сустрэць і сёньня. Яны часта фігуруюць у нашых расьледаваньнях.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Лук’ян Турэцкі адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа