
Падаем публікацыю магілеўскага інфармацыйнага рэсурса mspring.online, прысьвечаную значнай актывізацыі дзейнасьці першага сакратара амбасады РФ у Беларусі й адначасова намесьніка кіраўніка прадстаўніцтва «Россотрудничество» Леаніда Макурава ў Магілеве. Гэты горад на Дняпры абраны расейскімі стратэгамі не выпадкова. З улікам канцэнтрацыі ў Магілеве супольных з Расеяй навучальна-адукацыйных установаў, прарасейскіх грамадзкіх і культурніцкіх арганізацыяў, праваслаўных парамілітарных фармаваньняў, ужо зараз можна праводзіць пэўныя паралелі з аналягічнай актывізацыяй «русского мира» ў Данецку на этапе падрыхтоўкі да пачатку расейскай гібрыднай агрэсіі супроць Украіны.
Беларуская служба супольнасьці InformNapalm будзе пільна адсочваць сытуацыю на Магілеўшчыне – адным з самых стратэгічных і ўразьлівых рэгіёнаў Беларусі.
10 траўня 2019 г. расейская дыпмісія паведаміла пра тое, што колішні амбасадар Расеі ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Бабіч пакінуў Менск. Кіраўнік РФ Уладзімер Пуцін вызваліў яго ад пасады 30 красавіка. Прычынай ягонай скандальнай адстаўкі сталіся скаргі з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Бабіча заменіць кіраўнік камітэту Рады Фэдэрацыі па эканамічнай палітыцы Дзьмітры Мезенцаў. Да ягонага прыезду ў Менск абмасадай кіруе часовы павераны Уладзімер Андрэеў.
Аднак гэта ня значыць, што Беларусь засталася без нагляду з расейскага боку. Першы сакратар амбасады Расеі Леанід Макураў, які адначасова зьяўляецца і намесьнікам кіраўніка прадстаўніцтва «Россотрудничество» ў Менску, без асаблівай урачыстасьці наведаў Магілеў 17 траўня. Візыт апынуўся незаўважаным на тле скандальнае гібелі супрацоўніка магілеўскае дзяржаўтаінспэкцыі і наступных рэпрэсіяў прадстаўнікоў народу рома мясцовай міліцыяй.
Паводле афіцыйнага рэлізу самога прадстаўніцтва «Россотрудничество», мэтай візыту дыплямата стала (пакідаем у арыгінале – заўв. рэд.): «посещение партнёрских площадок» у горадзе на Дняпры. Партнэрскімі аказаліся цэнтар турызму й краязнаўства дзяцей і моладзі «Ветразі», магілеўскі каледж мастацтваў, эканамічны прафэсійна-тэхнічны каледж і агралесатэхнічны каледж імя Арлоўскага ў а/г Буйнічы Магілеўскага раёну. Усе гэтыя ўстановы, як аказалася, яднае ўдзел у праэктах сацыяльна-культурнага грамадзкага аб’яднаньня «Наследие», вядомага сваёй прыхільнасьцю ідэям «русского мира».
У мэту візыту першага сакратара расейскае амбасады ўваходзіла вызначэньне новых кропак ўзаемадзеяньня для супрацы моладзі так званага «Союзного государства». У каледжы мастацтваў выказалі ідэю, што выставы працаў навучэнцаў сьлед ужо ўключаць у праграмы беларуска-расейскіх моладзевых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў межах памежнае супрацы. А лесатэхнічнаму каледжу паабяцалі дапамогу ў стварэньні музэя вайсковай тэхнікі Другой усясьветнай вайны. З высокім госьцем сустрэўся і рэктар Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту Міхаіл Лусьцянкоў.
Міхаіл Лусьцянкоў (трэці леваруч), Леанід Макураў (першы праваруч) падчас адкрыцьця турніру па самба ў Беларуска-расейскім унівэрсытэце
Згодна з правіламі дыпляматычнае службы першы сакратар амбасады, як правіла, кіруе групай культурніцкіх сувязяў з краінай знаходжаньня. Аднак калі прагледзець дыпляматычны склад амбасады РФ у Беларусі, у вочы кідаецца вялікая колькасьць першых сакратароў – трынаццаць (!) чалавек. Магілеўскае выданьне пра правы чалавека mspring.online высьвятліла некаторыя падрабязнасьці зь біяграфіі Леаніда Макурава.
Быў галоўным “казаком” Масквы
Да прыезду ў Беларусь ён займаў пасаду старшыні Камітэту ў справах казацтва гораду Масквы. Раней ён зьяўляўся атаманам рэестравай маскоўскай акруговай казацкай грамады. Яму належыць ідэя патруляваньня Масквы спэцатрадамі казакоў-дружыньнікаў. Камітэт у справах казацтва зьявіўся ў 2011 ва ўрадзе Масквы, які з 2010 году ачольвае Сяргей Сабянін. З гэтага моманту ў казачых колах Расеі, паводле сьведчаньня некаторых іхных прадстаўнікоў, пачаўся пэрыяд расколаў. Казачыя фармаваньні, неляяльныя афіцыйнай расейскай уладзе, перасталі патрапляць у рэестр і хутка маргіналізаваліся. Тыя ж, якія аказваліся ў фаворы, пазьней пачалі ўдзельнічаць у разгоне акцыяў расейскае апазыцыі.
Вось фота, якое ня так лёгка адшукаць. Цяпер дыплямат носіць толькі дыхтоўныя дзелавыя касьцюмы.
Фота: russiancossacks.getbb.ru
У верасьні 2017 году ў памяшканьні расейскага Цэнтру навукі й культуры ў Менску зь ініцыятывы прадстаўніцтва «Россотрудничество» была арганізаваная сустрэча з казакамі Беларусі – фармаваньнямі (парамілітарнымі – заўв. рэд), цалкам не характэрнымі для нашай краіны. Мэтай сустрэчы, на якую былі запрошаныя каля 40 чалавек, стала абмеркаваньне пытаньняў пашырэньня сувязяў з расейскім казацтвам. Кураваў мерапрыемства Леанід Макураў ужо ў якасьці першага сакратара амбасады. У сваім выступе ён спаслаўся на тое, што нібыта да яго зьвярнуліся прадстаўнікі казакоў Беларусі з прапановай стварыць пры расейскім Цэнтры навукі й культуры цэнтар вывучэньня казацкае культуры.
Беларуская служба InformNapalm знайшла фота Леаніда Макурава, у якім ён зафіксаваны ў якасьці атамана “Московского окружного казачьего общества”.
Фота: kazachestvu.ru
Відавочна, Леанід Макураў не кар’ерны дыплямат. Пра гэта сьведчаць перадусім пэўныя этапы ягонай біяграфіі.
Ён нарадзіўся ў 1955 годзе ў Ніжнім Тагіле, а службу ў Збройных сілах праходзіў з 1976 па 1990 гг. То бок арміі ён аддаў чатырнаццаць гадоў свайго жыцьця. Некаторыя старонкі ягонай біяграфіі цалкам не асьветленыя ў афіцыйных дадзеных пра яго.
Як Макураў зьвязаны з расейскай выведкай?
Вызначанае, што ён ачольваў калінінградзкае аддзяленьне таварыства «Безопасность Отечества», якое аб’ядноўвала адстаўных афіцэраў вышэйшага рангу. Пасьля думскіх выбараў 1999 г. стаў сябрам экспэртна-кансультатыўнае рады Дзярждумы РФ у праблемах нацыянальнае бясьпекі. Праз два гады ён стаўся віцэ-прэзыдэнтам выдавецкага дому «Русский предприниматель», працаваў галоўным рэдактарам аднайменнага аналітычнага часопісу, заснавальнікамі якога, апроч прыватных асобаў, зьяўляецца рэгіянальная грамадзкая арганізацыя ветэранаў зьнешняй выведкі.
Напачатку нулявых гадоў ён выконваў функцыі пасярэдніка на перамовах што да пастаўкі Грэцыі расейскага ўзбраеньня. У прыватнасьці – караблёў на паветранай падушцы “Зубр” і сродкаў супрацьпаветранае абароны.
А ў кастрычніку 2003 году ён нават ачоліў афіцыйную расейскую дэлегацыю на расейска-грэцкім форуме «Моя Родина». Макураў замяніў тады сабою цэлага намесьніка міністра абароны РФ, адказнага за вайскова-тэхнічную супрацу з замежнымі дзяржавамі.
Фота: blr.rs.gov.ru
Сапраўдная мэта візыту першага сакратара амбасады Расейскае Фэдэрацыі й «спэцыяліста па культуры» ў магілеўскія каледжы застаецца адкрытым пытаньнем. Але варта нагадаць, што падчас падрыхтоўкі да V Форуму рэгіёнаў Беларусі й Расеі, які прайшоў у кастрычніку 2018 году, прадстаўніцтва «Россотрудничество» заявіла пра намер адкрыць у Магілеве свой «апорны пункт». Гэты інфармацыйны ўкід беларускі бок праігнараваў. Але, відаць па ўсім, для расейскай амбасады ў Беларусі гэтае пытаньне застаецца пэрспэктыўным.
Аляксандар Мінько / mspring.online
Рэдагаваў матар’ял Дзяніс Івашын.
Загалоўнае фота – blr.rs.gov.ru
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа