
Ужо сем з паловай месяцаў трывае Варта абароны Курапатаў, актывісты якой у межах выкананьня Прадстаўленьня Генпракуратуры й Прадпісаньня Мінкультуры Беларусі патрабуюць спыніць дзейнасьць рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» (колішні «Бульбашъ-холл»), збудаванага ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Мейсца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1930-1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты». Прапануем вашай увазе відэаінтэрвію лідэра Варты абароны Курапатаў, пісьменьніка, публіцыста, аднаго з заснавальнікаў «Маладога Фронту» і лідару «Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца, якое ён надаў у жывым этэры «Эўрарадыё». Размову вёў Зьміцер Лукашук.
Якія пагрозы стварае для нацыянальнай бясьпекі Беларусі кампанія дыскрэдытацыі й дэсакралізацыі Народнага мэмарыялу Курапаты, хто яе асноўныя замоўнікі? Чаму на працягу больш чымся сямі месяцаў пра канфлікт не выкаваецца кіраўнік дзяржавы? Якія зьмены адбыліся ў Курапатах дзякуючы Варце абароны? Колькі яшчэ будзе трываць Варта абароны, якія яе галоўныя вынікі? Адказы на гэтыя пытаньні глядзіце ў відэа ніжэй.
Таксама падаем адныя з самых ключавых заяваў, тэзаў і сьцьверджаньняў Паўла Севярынца з гэтага інтэрвію.
П.С.: З чэрвеня месяца трывае дзіўная сытуацыя, калі ўся прэса піша, грамадзтва ўсхваляванае, а кіраўнік дзяржавы ніводнага разу за сем з паловаю месяцаў на гэта конт не выказаўся. Я такога не прыгадаю за ўсе апошнія 25 гадоў. І гэтае маўчаньне гаворыць можа быць значна болей, чымся нейкія іншыя словы. Гаворка тут ня йдзе пра бізнэс. Вядзецца пра гібрыдную стратэгію Расеі й гэтая рэстарацыя – а мы за сем з паловай месяцаў фіксавалі наведнікаў гэтай рэстарацыі, як гняздо “русскаго міра” – гэта частка гібрыднай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. Лукашэнка тут стараецца быць па-над сутычкай беларускага народу й “русскаго міра”. Яму здаецца, што гэта выгодная пазыцыя, але з аднаго боку атрымліваецца, што ўлада, супрацоўнікі міліцыі прынамсі падтрымліваюць рэстаратараў, таму што сотні штрафаў і содні адміністратыўнага арышту йдуць абаронцам. Адзінае, што не разганяюць пакуль Варту паводле самога факту зьяўленьня людзей, таксама няма затрыманьняў што да стаяньня зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта нібыта тая кропля нэйтралітэту, пра якую можна казаць. Усё астатняе – міліцыя заўсёды знаходзіцца побач з ахоўнікамі рэстарацыі. Былі выпадкі, калі з рэстарацыі ім выносілі ежу, паміж імі адбываецца абмен інфармацыяй, відэа і г.д. Мы бачым, што фактычна ведамства Шуневіча падтрымлівае ў гэтым канфлікце акурат «русскій миръ», уладальнікаў «Поедем поедим».
Жорстае затрыманьне супрацоўнікамі МУС актывісткі Варты абароны Курапатаў Натальлі Ладуцька.
П.С.: Ахоўнікі “Поедем поедим” (рас.) недвухсэнсоўна з самых першых дзён казалі, што “скоро вашей Беларуси не будет, вас не добили, вы бандеровцы!” (рас.) – то бок цалкам на сто адсоткаў гэта фразэалёгія «русскаго міра». Туды заходзяць наведнікі, там супрацоўнічаюць людзі, якія не хаваюць, часам нават дэманстратыўна выказваюць прыхільнасьць да Пуціна альбо да «русскаго міра». Майкі «Вежливые люди» (рас.), напрыклад, – гэта там абсалютна звычайная рэч. Ну і ў рэшце рэшт мы вядзем з дапамогаю Дзяніса Івашына й супольнасьці InformNapalm базу зьвестак тых людзей, якія прыязджаюць туды. Фіксуюцца людзі, якія праходзяць па ўкраінскіх базах зьвестак, якія засьвечаныя на Данбасе, якія падазраюцца ў супрацы з расейскімі прыватнымі вайсковымі кампаніямі. Сталініст Ермакоў (маецца на ўвазе дырэктар у разьвіцьці кампаніі «Витсвитстрой» Іван Ермакоў – заўв. рэд.), напрыклад, прыязджае туды кожнага тыдня. Прынцыпова прыязджае й зьдзяйсьняе наезды на абаронцаў Курапатаў. Таму, што ён грамадзянін Расеі, ён за «русскій миръ» і «За Родину, за Сталина!». Там гэта ўжо агульнае для іх мейсца. Мы думаем, што гэта спроба прамацаць беларускае грамадзтва, наколькі яно гатовае да такіх гібрыдных тактыкаў, якія выкарыстоўвалі на Данбасе і ў Крыме.
Чытайце таксама: Комплекс “Поедем Поедим” наведаў расейскі чарнасоценны прапагандыст і прыхільнік ваеннай агрэсіі РФ
З.Л.: Атрымліваецца так, што гэта на сёньняшні дзень не супрацьстаяньне духоўных і бездухоўных людзей з аднаго і другога боку, а больш падобна на тое, што гэта супрацьстаяньне беларускасьці й антыбеларускасьці або беларускасьці й “рускамірскасьці”. Людзей менавіта розных палітычных поглядаў і не справа тут у тым, что “русскій миръ” спрабуе, як Вы кажаце, прамацаць.
П.С.: Гэта самы верагодны сцэнар, бо ніводзін іншы – асабістая ўпартасьць, бізнэс-інтарэсы – за сем з паловай месяцаў любы бізнэсовец мог зразумець, што гэта проста стратна, так нельга. 10-12 чалавек на дзень наведнікаў, заля на трыста мейсцаў, 15 чалавек працуе ў рэстарацыі. Так ніводзін бізнэс не вядзецца, гэта зусім ня бізнэс. “Русскій миръ”, хаця і фанабэрыцца духоўнымі скрэпамі, у гэтым выпадку дэманструе адваротнае. Гэта жахлівая рэч, калі ў мейсцы масавых расстрэлаў арганізуюцца п’янкі, фаэрвэркі й вясельлі. Гэта робяць дэманстратыўна й гэтае глумленьне, спосаб паказаць беларусам, што ўсё – мы вашае самае сьвятое, што вы там ахоўваеце, моліцеся на гэтыя Курапаты, вось мы вам, як зробім! Ці стрымаеце вы, ці стрываеце гэта? Беларускі народ гэта не стрымаў, беларусы выйшлі. Хай сабе іх няшмат, але гэта людзі, якія стаяць і ў сьпёку і ў мароз. Гэта людзі, якія сталі, стаяць і будуць стаяць. Бачна, што гэтыя людзі гатовыя абараняць і магілы сваіх продкаў і жывых сёньня і сваю Радзіму. Гэты замер даў пэўны нэгатыўны досьвед для “русскаго міра”. Яны зразумелі, што калі сунуцца сюды – проста ім тут ня будзе.
Фаэрвэрк, зафіксаваны Зьмітром Дашкевічам над комплексам “Поедем Поедим”
П.С.: Безумоўна, канчатковы бэнэфіцыяр гэтага бізнэсу знаходзіцца ў Пецярбургу, гэта высьветлілі дасьледнікі, гэтыя дадзеныя апублікаваныя й мне здаецца, што тут ня проста расейскі капітал, а тут менавіта спэцслужбы, і гэта апэрацыя псыхалягічнага характару, апэрацыя інфармацыйнай вайны, да таго ж з такім доўгім замерам. Яны ўваткнулі гэтае вастрыё ў балючае мейсца, нэрвовы вузел беларускага народу. Я думаю, што ў той спрэчцы, у супрацьстаяньні, якое зараз ёсьць паміж Лукашэнкам і Крамлём, Курапаты могуць быць таксама разыграныя, як нейкая карта. Лукашэнка можа зачыніць гэтую рэстарацыю, калі дойдзе да абвастрэньня зносінаў з Крамлём.
П.С.: Курапацкая Варта сталя агульнанацыянальнай кампаніяй, за сем з паловай месяцаў у ёй удзельнічалі больш за 500 чалавек. Абсалютная большасьць зь із гэта людзі, якія прыязджалі з усіх рэгіёнаў, куткоў Беларусі, а ня толькі зь Менску.
Масавы сход перад брамай “Поедем поедим”, 9 верасьня 2018 г. / Белсат
П.С.: 25 гадоў тут быў прамаскоўскі рэжым, вытоптвалася памяць, зьнішчалася праўда пра тыя падзеі, апошнім часам увогуле пачалі абельваць Сталіна й ролю спэцслужбаў. Лінія Сталіна – ня так далёка ад Курапатаў.
П.С.: Грошы, якія Зайдэс і сябры прапаноўвалі некаторым беларусам, у тым ліку Таварыству аховы помнікаў, прапаноўваліся не для таго, каб зрабіць штосьці ў Курапатах і нават не для таго, каб абяліць сябе. Грошы меркавана прапаноўваліся для таго, каб раскалоць беларускае грамадзтва <…> Канфлікт не атрымаўся. Абсалютная большасьць грамадзтва сказала: ніякіх грошай у гэтых людзей на Курапаты браць нельга. Цалкам мажліва, яны спрабуюць падзяляць і ўладарыць, расколваць беларусаў і захопліваць Беларусь, але гэта не атрымліваецца нават вось на такім невялікім лякальным прыкладзе Курапатаў. Тут пэўная перамога й Варты й беларусаў ёсьць.
Брыфінг Леаніда Зайдэса ў ліпені 2018 г. / Белсат
П.С.: Гэта сутыкненьне двух сьветаў. У адным сьвеце ёсьць ахвярныя людзі, якія гатовыя не за грошы гэта рабіць. У другім сьвеце – гэта проста не ўяўляюць, як гэта можа быць…Курапацкія Варты былі доўгія ў 2001-2002 гг., у 2017 годзе. Сіла зусім ня ў грошах, сіла не ў спэцслужбах, бо яны разаб’юцца праз ахвярнасьць і ўпартасьць тых беларусаў, якія стаяць за Курапаты.
Абарона Курапатаў, 2001 г. / vytoki.net
П.С.: За сем з паловай месяцаў напісаныя тысячы артыкулаў, допісаў, пастоў пра Курапаты. Адбылася вялізарная кампанія розгаласу, якая зрушвае зь мейсца справы што да мясцовых Курапатаў у іншых гарадох Беларусі. Адбыліся зьмены ў саміх Курапатах. За час трываньня Курапацкае Варты праведзенае добраўпарадкаваньне, пракладзеная дарожка пра самое ўрочышча. Усталяваны знак, мы супраць таго, дзе ён усталяваны і што гэта было зробленае не па-людзку, тым ня менш, ёсьць знак, які ўшаноўвае памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта ўжо плюс у пазыцыі дзяржавы, якая вымушаная распачаць добраўпарадкаваньне. Людзі прыносяць новыя крыжы. Вакол Курапатаў усталёўваюць знакамітыя крыжы Дашкевіча. Мэмарыял разьвіваецца й расьце дзякуючы Курапацкай Варце. Калі б не было гэтае абароны – не было б і гэтых добрых зьменаў. Гэта і папаўненьне структураў. Людзі далучаюцца да Курапатаў, прыязджаюць з усіх бакоў Беларусі й пашыраюць дэмакратычны беларускі рух.
П.С.: Створаная База зьвестак – першая спроба сыстэмнага аналізу “русскаго міра” ў Беларусі. Можна сказаць з дакладнасьцю да чалавека, да транспартнага сродку, да часу, калі ён там быў.
П.С.: Чалавек прыехаў у грамадзкае мейсца, гэта ня проста прыватнае жыцьцё, яго могуць зафіксаваць, там могуць быць фрылянсэры, грамадзкія актывісты, якія зафіксуюць і выкладуць усё гэта ў сацсеткі альбо ў адкрытую Базу зьвестак на InformNapalm. Мы папярэджваем пра гэта. Мы кажам кожнаму чалавеку, які прыязджае, што калі вы паедзеце туды, будзеце наведваць рэстарацыю – вы патрапіце ў Базу зьвестак. Многія разварочваюцца і зьязджаюць, бо яны ня хочуць, каб зь імі перасталі вітацца прыстойныя людзі й гэта працуе. База зьвестак у гэтым сэньсе добры інструмант.
Чытайце таксама й пашырайце: База дадзеных т/с удзельнікаў кампаніі дыскрэдытацыі Народнага мэмарыялу Курапаты
П.С: У Беларусі склаўся кансэнсус адносна гэтай рэстарацыі ў Курапатах. Гэта бачна па абмеркаваньнях, па выказваньнях людзей. Больш за 80 адосткаў усіх выказваньняў, камэнтароў на самых розных рэсурсах, ад дзяржаўных да незалежных, – супроць рэстарацыі і ў падтрымку Курапацкай Варты. Кансэнсус ёсьць, народны байкот адбыўся. Самы галоўны вынік – беларусы ня йдуць у гэтую рэстарацыю. Здавалася б, такая шырокая рэкляма, пра яго пішуць на працягу сямі месяцаў, практычна кожны тыдзень ёсьць нейкая топавая навіна пра Курапаты. Людзі разумеюць, што гэта мяжа, за якую заходзіць нельга. І разуменьне таго, што ў беларусаў гэта захавалася, што яны ня йдуць у гэтую рэстарацыю, нават калі іх вабяць зьніжкамі, бескаштоўным пловам – гэта паказьнік таго, што Беларусь жыве. Беларусы такая маўклівая, інтравэртная нацыя, схаваная ў сябе, аднак якая прадэманстравала такую масавую рэакцыю – для мяне гэта было вельмі добрае ўражаньне, беларусы мяне па-добраму ўразілі ў Курапатах. Гэта не здэнацыяналізаваная і пазбаўленая маральных асноваў біямаса, як хтосьці можа так казаць ці падумаць. Не, Беларусы – гэта Народ і Курапаты гэта паказалі.
П.С.: Людзі выйшлі менавіта дзеля таго, каб перамагчы й адстаяць гэтае мейсца. Калі спатрэбіцца, мы будзем стаяць і наступныя месяцы, гэтая кампанія можа расьцягнуцца й на гады, гэта можа быць маратон. Людзі, якія стаяць там цяпер, яны да гэтага гатовыя. Гэта ня проста стаяньне, але паўнавартасная кампанія, якае дае вынікі.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа