
Віншуем з Раством Хрыстовым і Новым Годам!
Напрыканцы й пачатку новага году ёсьць традыцыяй узгадваць вынікі сваёй дзейнасьці й асноўныя дасягненьні, плянаваць сваю актыўнасьць на будучыню. У 2018 годзе працягвалася барацьба й значнае інфармацыйныае супрацьстаяньне з Расейскай Фэдэрацыяй. Дзяржава-агрэсар досыць актыўна працягвала праводзіць інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі ня толькі з тэрыторыі Беларусі, але скіроўвала іх непасрэдна супроць беларускай дзяржавы. Апагеем дэструктыўных інфармацыйных апэрацыяў РФ супроць Беларусі стаўся апошні квартал мінулага году, калі выклікі супроць сувэрэнітэту й незалежнасьці набылі выразна акрэсьленыя контуры.
Адною зь сілаў, якая як і раней надзейна трымае фронт інфармацыйнае абароны, зьяўляецца нашая супольнасьць InformNapalm – унікальны OSINT-праэкт ня толькі ў Беларусі й Украіне, але й на тэрыторыі ўсяе Сярэдняе Эўропы. Адная з галоўных задачаў супольнасьці – супрацьстаяньне дэзынфармацыі й развенчваньне мітаў расейскай прапаганды, з дапамогаю якой вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ спрабуе схаваць удзел расейскіх вайскоўцаў у збройнай агрэсіі супроць Украіны.
Нашую супольнасьць утвараюць валянтэры й актывісты з Украіны й Беларусі, Нямеччыны й Грузіі, Швэцыі й Баўгарыі, Чэхіі й Польшчы, Турэччыны, ЗША, Францыі і шматлікіх іншых краінаў. Мы жывем за тысячы кілямэтраў адзін ад аднаго, размаўляем на розных мовах, маем розныя рэлігійныя й палітычныя перакананьні, але нас усіх аб’ядноўвае моцная прага справядлівасьці й выразнае жаданьне спыніць агрэсію Расеі. На працягу 2018 году мы зрабілі насамрэч досыць шмат.
Зьдзейсьнілі звыш за 100 новых расьледаваньняў, у выніку якіх факталягічная база доказаў расейскае ваеннае агрэсіі супроць Украіны, Грузіі й Сірыі дапоўненая новымі дадзенымі. Выяўленыя агулам 90 фармаваньняў ЗС РФ, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супроць Украіны; 48 тыпаў сучаснага ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі, якія ЗС РФ выкарыстоўваюць на акупаваных тэрыторыях украінскага Данбасу. Ідэнтыфікаваныя больш за 2400 (!) кадравых расейскіх вайскоўцаў і наймітаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях супроць украінскай арміі. Зробленая й пашыраная ў інфармацыйнай прасторы вялікая колькасьць перакладаў нашых матар’ялаў на разнастайных эўрапейскіх мовах.
Вынікам чатырохгадовай дзейнасьці InformNapalm сталася інтэрактыўная база дадзеных Russian Aggression, апублікаваная ў красавіку 2018 году. У ёй сыстэматызаваныя дадзеныя больш за 1700 OSINT-расьледаваньняў нашае супольнасьці, база ўтрымлівае факты маштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Украіну.
Адной з значных падзеяў сталася публікацыя пэрсанальных дадзеных асабовага складу так званай 3-й асобнай мотастралковай брыгады “Бэркут” 1-га акупацыйнага армейскага корпусу (Данецк) 8-й агульнай вайсковай арміі Збройных сілаў РФ. Гэтая брыгада была сфармаваная на базе незаконных збройных фармаваньняў пад камандаваньнем расейскага афіцэру рэзэрву Генэральнага ўпраўленьня Генштабу ЗС РФ – Ігара Безьлера (пазыўны “Бес”).
Мы актыўна пашыралі мажлівасьці стратэгічнай камунікацыі й няпублічнай дыпляматыі. Выступалі на разнастайных міжнародных форумах і канфэрэнцыях што да бясьпекі. Праводзілі прэс-канэфрэнцыі й сустрэчы з журналістамі, экспэртамі й дыпляматамі. Парляманцкай асамблеі NATO, што праходзіла ў канадзкім Галіфаксе, была перададзеная справаздача супольнасьці InformNapalm, прысьвечаная дзейнасьці расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў.
Справаздачу надала прадстаўніца з складу Сталай дэлегацыі Украіны ў ПА NATO – Ірына Фрыз.
Рэдактар беларускай службы InformNapalm зьдзейсьніў беспрэцэдэнтны агляд падставовых дасягненьняў украінскага абаронна-прамысловага комплексу за 2017 год. У пяці частках былі падрабязна разгледжаныя вынікі дзейнасьці сотняў прадпрыемстваў як дзяржаўнага, гэтак і прыватнага сэктару абароннае прамысловасьці. Сабраны й прааналізаваны значны масыў інфармацыі з адкрытых крыніцаў, які сьведчыць, што ва ўмовах расейскай ваеннай агрэсіі Украіна актыўна нарошчвае вайскова-тэхнічны патэнцыял і павялічвае агульную абароназдатнасць арміі. Гэта крытычна ўздымае кошт агрэсіі для расейскага супраціўніка й спрычыняецца да гарантыі бесьпекі ўсяе Эўропы.
Расскрылі сувязі чальцоў арганізацыі беларускай дыяспары ў Італіі з прадстаўнікамі расейскага тэрарыстычнага ўтварэньня «Л/ДНР», якія супольна правялі прапагандысцкую акцыю «Бессмертный полк» у Нэапалі. Зьвярнулі ўвагу кіраўніцтва Міністэрства замежных справаў Беларусі на недапушчальнасьць падобных інфармацыйна-прапагандысцкіх дывэрсіяў беларускіх суайчыньнікаў за мяжою, што падрывае пазыцыі менскай перамоўнай пляцоўкі што да ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.
Супольнасьць InformNapalm непасрэдным чынам спрычынілася да зьмяншэньня апэратыўнага прастору для мажлівага правядзеньня дывэрсійна-тэрарыстычных апэрацыяў расейскімі спэцслужбамі падчас агульнанацыянальнага масавага сьвяткаваньня стогадовага юбілею БНР.
Гэта сталася мажлівым у выніку праведзенай маніторынгавай кампаніі расейскіх мэдыя-рэсурсаў з вызначэньнем наяўнасьці патэнцыйных пагрозаў і апэратыўнага інфармаваньня пра іх беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Разам зь іншымі мы непасрэдна паспрыялі адмове ад паказу на тэлеканале “АНТ” расейскага прагандысцкага фільму “Крым”. Апроч гэтага, прадухілі правядзеньне мерапрыемства ў гарадзенскім драматычным тэатры актыўнага адэпта «русскага міру», памагатага баявікоў незаконных збройных фармаваньняў на тэрыторыі акупаванага Данбасу – Аляксея Нежаўца. Выкрылі, што да падтрымкі культурна-масавай дзейнасьці носьбітаў “русскаго міра” маюць непасрэднае дачыненьне й дзяржаўныя прафсаюзы, якія рэклямуюць іхныя мерапрыемствы на сваіх інфармацыйных рэсурсах.
Супольна з тэлеканалам Белсат надалі шырокі розгалас пра інфармацыю што да правядзеньня расейскімі сацыялягічнымі цэнтрамі дасьледаваньняў і маніторынгаў палітычных настрояў насельніцтва Беларусі.
Аналягічную дзейнасьць гэтыя цэнтры праводзілі і ў дачыненьні Украіны напярэдадні расейскай ваеннай агрэсіі.
Беларуская служба InformNapalm у 2018 годзе прымала чынны ўдзел у абароне Курапатаў, якую чытацкая аўдыторыя «Нашай Нівы» й «Радыё Свабода» шляхам галасаваньня прызнала галоўнай падзеяй году. Рэдактар службы Дзяніс Івашын як сябра Варты абароны Курапатаў шматкроць асабіста ўдзельнічаў у абароне нацыянальнай сьвятыні. Выступаў з прамоваю падчас масавага сходу 9 верасьня, за што патрапіў пад судовы перасьлед.
Дзяніс Івашын падчас прамовы, 9 верасьня 2018 г. / “Новы Час”
Адной з найбольш рэзанасных і значных для беларускага грамадзтва інфармацыйных падзеяў 2018 году сталася публікацыя цыклу журналісцкіх расьледаваньняў Дзяніса Івашына (1, 2, 3) і матар’ялу блёгера Эдуарда Пальчыса, прысьвечаных незаконнаму будаўніцтву ў зоне аховы Курапатаў рестарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем Поедим» (рас., колішні «Бульбашъ-холл»). Расьледаваньні Дзяніса Івашына апублікавала незалежнае беларускамоўнае рэспубліканскае выданьне «Новы Час», у якім ён зьяўляецца пазаштатным карэспандэнтам. Публікацыі выйшлі ня толькі ў анлайн-вэрсіі, але й былі пашыраныя ў газэтнай вэрсіі на тэрыторыі ўсяе Беларусі.
У выніку зьдзейсьненых расьледаваньняў раскрытая схема пабудовы з выкарыстаньнем падстаўных асобаў і афшорных фірмаў-пракладак. Выкрытыя асноўныя бэнэфіцыяры й афіляваныя асобы. У адказ на публікацыі фігуранты расьледаваньняў ініцыявалі разгляд двух судовых позваў што да абароны іхнае дзелавое рэпутацыі, гонару й гонару. Ва ўсіх судовых працэсах аўтар расьледаваньняў – Дзяніс Івашын – перамог. На судовым узроўні зьдзейсьненае пацьверджаньне й вэрыфікацыя матар’ялаў расьледаваньняў.
Супольнасьць InformNapalm апублікавала расьледаваньне пра транспартную кампанію ТАА «Энэргія», адзін з складоў якой месьціўся непасрэдна ля сумнавядомай рэстарацыі «Поедем поедим».
Вызначанае, што кампанія зьдзяйсьняла грузаперавозкі ад расейскіх тэрарыстычных утварэньняў «Л/ДНР» і акупаванага Крыму да краінаў Эўразьвязу. Характэрна, што ў абмежаваны час пасьля публікацыі расьледаваньня кампанія цалкам спыніла сваю дзейнасьць побач з забаўляльным комплексам ля Курапатаў.
Разам з актывістамі Варты абароны Курапатаў створаная База дадзеных транспартных сродкаў удзельнікаў кампаніі дыскрэдытацыі Народнага мэмарыялу Курапаты.
Яна насычаецца зьвесткамі пра аўтамабілі кліентаў, абслугі й пэрсаналу рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим». Зьдзяйсьняецца вызначэньне асобаў наведнікаў, у выніку якога можна сьцьвярджаць, што рэстарацыя паступова ператвараецца на ўстанову клюбнага тыпу для актыўных носьбітаў і адэптаў дэструктыўнай ідэалёгіі «русскаго міра». Адным з такіх, якога ідэнтыфікавала нашая супольнасьць, зьяўляецца расейскі чарнасоценны прапагандыст і прыхільнік ваеннай агрэсіі РФ – Уладзімер Еранасян.
У выніку грамадзкай кампаніі колькасьць кліентаў зазначанага компексу застаецца на мізэрным узроўні. Актывісты Варты зьдзяйсьняюць шэраг захадаў дзеля яго закрыцьця.
У новым, 2019 годзе, мы працягнем актыўную дзейнасьць нашае супольнасьці, будуць праведзеныя новыя гучныя расьледаваньні й апублікаваныя рэзанасныя матар’ялы. Барацьба трывае й для агульнай перамогі патрэбныя яшчэ вельмі шмат высілкаў і намаганьняў. 2019 год стане, цалкам мажліва, ключавым у абароне сувэрэнітэту й незалежнасьці нашай Беларусі. Кожны з вас можа далучыцца да нашай супольнасьці і стаць часткаю каманды InformNapalm, зьдзяйсьняць мэты й задачы ў абароне нацыянальных інтарэсаў, дзейна выяўляць і супрацьстаяць пагрозам нацыянальнай бясьпекі. Разам мы здатныя дасягнуць большага, няхай новы 2019 год паспрыяе кансалідацыі нашай нацыі, якая зможа годна абараніць наш супольны Дом – Беларусь!
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа