
Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm працягвае публікаваць сэрыю расьледаваньняў, якія дэманструюць дадатковыя доказы ўдзелу расейскай артылерыі ў вайне на Данбасе, у тым ліку раскрываюць інфармацыю пра канкрэтныя падразьдзяленьні і расейскіх вайсковых злачынцаў, якія прымалі ўдзел у абстрэлах з тэрыторыі свайго “запарэбрыка”.
Лякальная апэрацыя на Усходзе Украіны магла скончыцца яшчэ паўтара году таму, калі ўкраінскія вайскоўцы, разьвіўшы пасьпяховы наступ супроць НЗФ “наваросіі”, практычна замкнулі кола атачэньня на дзяльніцы дзяржаўнае мяжы Украіны з РФ. Разумеючы, што ініцыятыва не на іхным баку, збройныя сілы РФ пачалі выкарыстоўваць подлую тактыку зьдзяйсьненьня ракетна-артылерыйскіх удараў з памежных з Украінай раёнаў Растоўскае вобласьці, пасьля чаго адбылося ўварваньне сіламі тактычных групаў, засяроджаных уздоўж мяжы. Ёсьць шмат сьведчаньняў, якія апісваюць падзеі тых дзён, і, нягледзячы на спробы расейскіх спэцслужбаў зачысьціць інфармацыю, мы выявілі новыя факты, якія даказваюць удзел ЗС РФ у летне-восеньскіх баёх 2014 году. Першы матар’ял з гэтай сэрыі мы апублікавалі 18 сьнежня 2015 году. На прыкладзе сяржанта-кантрактніка 291-й артбрыгады, атрымалася адсачыць “камандыроўку” адной з батарэяў гаўбічнага дывізыёну з улікам храналёгіі і геаграфіі падзеяў.
У новым расьледаванні пададзеныя падрабязнасьці “растоўска-ўкраінскай камандыроўкі” 4-й гаўбічнай батарэі той жа 291-й артылерыйскай брыгады (в/ч 64670, Інгушэтыя, станіца Троіцкая, у складзе 58-й агульнавайсковай арміі Паўднёвае вайсковае акругі ЗС РФ) з улікам усіх падрабязнасьцяў – з датамі і геаграфіяй злачыннага вандраваньня артылерыстаў зь Інгушэтыі. Інфармацыя сабраная ў выніку чарговага OSINT-дасьледаваньня (выведка адкрытых крыніцаў) і наглядна пададзеная на прыкладзе “баявога шляху” вайсковага злачынца, жаўнера тэрміновае службы гэтага злучэньня ПВА, Д.Хіжняка.
Хіжняк Даніл Андрэевіч, узрост 21 год, 26.06.1994 г.н., г. Ціхарэцк, Краснадарскага краю РФ (у сацсеціве “VK”: архівы на профіль, фотаальбом, кантакты, і другая неактыўная старонка: профіль, фотаальбом, кантакты; у сацсеціве “ОК“: архівы на профіль, фотаальбом, кантакты). На тэрміновую вайсковую службу быў рэкрутаваны ў лістападзе 2013 году і быў разьмеркаваны ў дысьлякаваную ў Інгушэтыі 291-ю Артбрыгаду, скуль звольніўся ў запас напрыканцы лістапада 2014 году.
Бацькі: Андрэй Хіжнякоў 44 гады, г.Ціхарэцк (архівы “ОК”: профіль, фотаальбом, кантакты) і Лена Хіжнякова (Аксёнава) 46 гадоў, г.Ціхарэцк (архівы “ОК”: профіль, фотаальбом, кантакты).
Заўвага: Мы звычайна не публікуем інфармацыю пра сваякоў вайсковых злачынцаў. Дзеці альбо бацькі ня маюць адказваць за злачынствы сваіх сваякоў, калі толькі яны не зьяўляюцца саўдзельнікамі гэтых злачынстваў. У гэтым выпадку інфармацыю з сацыяльных профіляў бацькоў артылерыста 291-й брыгады Д.Хіжняка публікуем наўмысна, бо яны ня толькі ведалі, што Хіжняк едзе забіваць украінцаў, але і дабраслаўлялі яго, то бок ускосна ўдзельнічалі ў вайсковых злачынствах свайго сына (гл. фота з жніўня 2014 году, зробленае падчас маршу ў калёне 291-й АБр).
Згодна з сабранай інфармацыяй, 4-я гаўбічная батарэя (архіў) 291-й артылерыйскай брыгады, у якой служыў фігурант нашага расьледаваньня Д.Хіжняк, зь мейсца дысьлякацыі з ст. Троіцкая высунулася ў сярэдзіне ліпеня 2014 году (12-14 ліпеня). Калёна ў маршы рухалася з маршрутам Інгушэтыя – Паўночная Асэтыя – Краснадарскі край – Растоўская вобласьць у напрамку да памежнага з Украінай Мацьвеева-Курганскага раёну, з прамежкавымі прыпынкамі, у тым ліку непадалёк ад роднага для Д.Хіжняка Ціхарэцка (гл. скрыншоты навігацыі Уладзікаўказ-Ціхарэцк і Ціхарэцк-Мацьвееў Курган).
Фатаздымкі калёны 4-й батарэі ЦГАДн (цяжкі гаўбічны артдывізыён) у маршы ў ліпені 2014 г.: артылерыйскія модульныя цягачы “КамАЗ-63501” і буксаваныя 152-мм гаўбіцы 2А65 “Мста-Б” (архіў некаторых фатаздымкаў падчас маршу: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8):
Станам на 3-5 жніўня 2014 г., батарэя была схаваная ў лясным лягеры, разгорнутым у ваколіцах хутару Сьцяпанаў Мацьвеева-Курганскага раёну Растоўскае вобласьці, за 6-8 км ад дзяржаўнае мяжы РФ з Украінай (1, 2).
Станам на 16-19 жніўня 2014 г., батарэя зафіксаваная на баявых пазыцыях у іншым мейсцы, у раёне хутару Селязнёў у Мацьвеева-Курганскім раёне Растоўскае вобласьці, практычна на дзяльніцы дзяржмяжы РФ з Украінай (1, 2, 3, 4, 5). У фатаздымках засьведчаныя разгорнутыя па-баявому гаўбіцы і артылерысты, якія знаходзіліся відавочна не на навучальных стрэльбах.
Станам на 9 верасьня 2014 г., батарэя зафіксаваная ў ваколіцах Фёдараўскага сельскага селішча на паўночным захадзе Няклінаўскага раёну Растоўскае вобласьці, за 5 км ад дзяржмяжы РФ з Украінай (1, 2).
Да 11-16 кастрычніка 2014 г. батарэя была адведзеная ад мяжы і знаходзілася ў раёне хутару Чкалава Няклінаўскага раёну Растоўскае вобласьці (палігон Кузьмінскі), дзе апроч гаўбіцаў “Мста-Б” былі зафіксаваныя цяжкія 220-мм РСЗВ 9К57 «Ураган» – як мяркуецца, рэактыўныя сыстэмы гэтай жа артбрыгады (інфармацыя што да іх будзе пададзеная ў наступных публікацыях). Да 16 кастрычніка батарэя пакідае палявы лягер і маршам рухаецца да мейсца дысьлякацыі ў Інгушэтыю (1, 2, 3, 4, 5).
Хіжняк Даніл Андрэевіч ужо патрапіў у “Чысьцец” – базу дадзеных Цэнтра “Міратворац”.
Працяг будзе…
Глядзіце тэматычныя спасылкі што да 291-й Артбрыгады:
- Войскі РФ, якія засьвяціліся ўздоўж мяжы з Украінай і на Данбасе, August 26, 2014
- Ідэнтыфікацыя сілаў уварваньня ЗС РФ. Падразьдзяленьні і іхныя страты на тэрыторыі Украіны, September 19, 2014
- Ідэнтыфікацыя частак і ўзбраеньня артылерыйскіх падразьдзяленьняў расейскіх сілаў уварваньня, September 30, 2014
- “Баявы шлях” 291-й артылерыйскай брыгады ад Крыму да Данбаса, November 12, 2014
- Расея. Фота пазыцыяў артылерыі ЗС РФ, якая абстрэльвала тэрыторыю Украіны ў 2014 годзе, April 5, 2015
- Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце, October 7, 2015
- Расея пачала замаскаваную наземную апэрацыю ў Сірыі, October 29, 2015
- Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі, December 7, 2015
- Вайсковыя злачынствы 291-й артылерыйскай брыгады ЗС РФ у гібрыднай вайне супроць Украіны. Частка 1, December 18, 2015
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Іраклі Камахідзэ
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Актыўны распаўсюд у сацсетках вітаецца!
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа