Украінскія валянтэры перахапілі радыёэтэр найноўшага прататыпу гэлікоптэра радыёэлектроннай барацьбы Паветрана-Касьмічных Сілаў РФ Мі-8МТПР-1 у небе над Крымам.
Сакрэтны гэлікоптэр РФ ня мае абароны ад праслухоўваньня
Валянтэры безперашкодна праслухоўваюць этэр сакрэтнага гэлікоптэра, распіяранага прапагандай як расейская «супэрзброя радыёпадаўленьня» (відэа). Гэта адбываецца наўпрост на тэрыторыі, акупаванай ворагам – у Крыме. Найноўшыя сродкі РЭБ ПКС Расеі, якія прызначаныя для прарыву СПА не змаглі абараніць нават уласны радыёэтэр. Праз праслухоўваньне этэру ўкраінскія валянтэры выявілі мейсцы базаваньня, пазыўныя, частоты, напрацаваныя маршруты й вынікі навучальнага выкарыстаньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Расейскай Фэдэрацыі.
Украінскія валянтэры актыўна дапамагаюць выведнікам, выкарыстоўваючы перадавы досьвед і інавацыйныя тэхналёгіі. З дапамогаю прыладаў радыёперахопу ім удаецца праслухоўваць таксама і этэр авіяцыйнага дыяпазону. Валянтэры групы «Армія SOS» перадалі міжнароднай выведвальнай супольнасьці InformNapalm эксклюзыўныя доказы знаходжаньня на тэрыторыі акупаванага Крыма найноўшых прататыпаў гэлікоптэраў радыёэлектроннай барацьбы Мі-8МТПР-1. Іхная наяўнасьць была выяўленая і пацьверджаная падчас чарговага сэансу блякаваньня бартавымі комплексамі РЭБ частотаў авіяцыйнага дыяпазону ў сакавіку 2017 году. Да гэтага часу не ўдавалася зафіксаваць іхнае выкарыстаньне на тэрыторыі Крыма. Пададзены радыёперахоп этэру быў зроблены валянтэрам «Арміі SOS» з дапамогаю прылады «HackRF One» (заўв. рэд. – можна прачытаць як «Хакні РФ адзін»).
Эксклюзыў
Найноўшыя расейскія прататыпы гэлікоптэраў Мі-8МТПР-1 прызначаныя для прыкрыцьця групаў франтавых бамбоўцаў і / або армейскай авіяцыі ад сродкаў супрацьпаветранай абароны (СПА).
У 2016 годзе стала вядома, што Мінабароны РФ мела атрымаць 10 гэлікэптэраў радыёэлектроннай барацьбы Мі-8 МТПР-1, абсталяваных станцыяй актыўных перашкодаў «Рычаг-АВ». Пастаўкі для ПКС РФ гэлікоптэраў гэтага тыпу, на думку распрацоўнікаў, маюць істотна павялічыць мажлівасьці авіяцыі ў прарыве і падаўленьні СПА. У 2016 годзе выданне milkavkaz.net паведамляла, што першыя партыі гэлікоптэраў Мі-8 МТПР-1 паступілі менавіта ў памежныя з Украінай Заходнюю й Паўднёвую вайсковыя акругі.
Такім чынам варта ўлічваць, што гэлікоптэры гэтага тыпу могуць быць выкарыстаныя РФ з крымскага пляцдарму ў выпадку далейшай эскаляцыі й ажыцьцяўленьня плянаў нападу на тэрыторыю Украіны з падтрымкаю авіяцыі.
Валянтэры робяць ўкраінскую армію больш сучаснай
Ужо 3 гады запар валянтэры дапамагаюць арміі супрацьдзейнічаць расейскай агрэсіі й выйсьці на новы ўзровень якаснага абсталяваньня для эфэктыўнага выкананьня задачаў што да стрыманьня супраціўніка.
Адным з многіх напрамкаў дзейнасьці калектыву «Армія SOS» зьяўляецца пастаўка сучаснай тэхнікі ва ўкраінскія вайсковыя падразьдзяленьні радыёэлектроннай выведкі.
Цікава, што радыёперахоп этэру сучаснае расейскае адзінкі РЭБ ПКС РФ быў зроблены валянтэрам з дапамогаю прылады «HackRF One». Гэтая прылада зьяўляецца глыбокай мадэрнізацыяй вядомага ўсім аматарам маніторынгу радыёэтэру кітайскага «донгл» (англ. Dongle) на падставе мікрасхемы RTL. Яна дае мажлівасьць зьдзяйсьняць маніторынг шырокай паласы частотаў і фіксаваць выяўленае выпраменьваньне. Апроч гэтага, праграмнае забесьпячэньне для прылады знаходзіцца ў адкрытым доступе і мае адкрытую архітэктуру.
Пакуль дзяржаўныя структуры прабуксоўваюць праз забюракратызаванасьць, а таксама архаічнасьць сыстэмы кіраваньня й прыняцьця рашэньняў – валянтэры выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі, зьбіраюць уласнаруч сродкі й набываюць найноўшыя сыстэмы, якія можна аднесьці да несьмяротных тыпаў узбраеньня й тэхнікі.
Валянтэры зьвяртаюцца да ўсіх неабыякавых людзей і, апроч фінансавай падтрымкі арміі, прапануюць таксама далучыцца да радыёпаляваньня за акупантамі. Толькі разам, з дапамогаю выкарыстаньня крэатыўных і высокаспэцыялізаваных мэтодаў можна перамагчы агрэсара, вызваліць украінскія Данбас і Крым.
Чытайце таксама: “Асабістыя дадзеныя 116 афіцэраў ПКС РФ, якія зьнішчаюць мірнае насельніцтва ў Сірыі (інфаграфіка)” (расейская прапаганда называе гэтыя дадзеныя «сакрэтнымі», InformNapalm падае іх для ўсіх у адкрытым доступе).
Замест пасьлямовы
У красавіку ўра-патрыятычныя колы Расеі сутыкнулася адразу зь некалькімі кепскімі для сябе навінамі, якія падрываюць ўсе тэзы расейскай прапаганды пра моц і веліч звыштэхналягічнай арміі РФ.
Высокадакладны ракетны ўдар ВМС ЗША па авіябазе Шайрат, які, літаральна, спаліў лятакі наўпрост ў ангарах, прадэманстраваў нязьдольнасьць расейскіх комплексаў С-400 абараніць свайго хаўрусьніка ў Сірыі. А найноўшы гэлікоптэр радыёпадаўленьня Мі-8МТПР-1 ня змог нават абараніць свой этэр ад праслухоўваньня ўкраінскімі валянтэрамі, падчас правядзеньня навучальных палётаў у раёне мысу Тарханкут у акупаваным Крыме. Гэта сьведчыць перадусім пра тое, што патас і амбітнасьць агрэсара ў большасьці выпадкаў не адпавядае ягоным рэальным тэхнічным мажлівасьцям. Складана доўга гуляць мускуламі, калі яны напампаваныя ботаксам.
Матар’ял падрыхтавалі Раман Бурко і Міхаіл Кузьняцоў адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа