
Апошнія маштабныя рэпрэсіі супроць дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, перасьлед і інтэрнаваньне грамадзкіх актывістаў, брутальны разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску падчас сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка могуць сьведчыць пра прынятае рашэньне што да разгрому й зьнішчэньню беларускіх патрыятычных сілаў, здольных мабілізаваць шырокія народныя масы для супрацьдзеяньня магчымым плянам разгортваньня расейскай агульнавайсковай групоўкі ў Беларусі й выкарыстаньня ейнае тэрыторыі, а таксама вайсковага патэнцыялу для канфрантацыі ня толькі з краінамі-чальцамі блёку NATO, але й перадусім з Украінай – дзяржавай, зь якой асноўны хаўрусьнік Беларусі – Расейская Фэдэрацыя знаходзіцца ў стане вайны. Для прасоўваньня гэтых мэтаў ідэальна падыходзяць стратэгічныя вайсковыя вышкалы «Захад-2017», падчас якіх на тэрыторыі Беларусі будуць дысьлякавацца ўдарныя падразьдзяленьні адноўленай 1-й танкавай арміі Заходняе вайсковаеі акругі ЗС РФ. Дадатковым сьведчаньнем магчымасьці існаваньня гэтых плянаў зьяўляецца таксама адкрыцьцё ў Беларусі новага інфармацыйнага фронту супроць Украіны з ужо зьдзейсьненай правакацыяй на беларуска-ўкраінскай дзяржмяжы, незаконнымі затрыманьнямі й арыштамі ўкраінскіх грамадзянаў.
У любым дэмакратычным грамадзтве ва ўмовах сацыяльна-эканамічнае крызы адбываецца агульнадзяржаўны дыялёг, зьдзяйсьняецца пошук кампрамісаў і забясьпечваецца нацыянальны кансэнсус праз выкананьне сваіх падставовых функцыяў народнымі абраньнікамі Парляманта. Дзякуючы гэтаму зьмяняецца палітычная эліта, да ўлады прыходзяць новыя людзі, найбольш запатрабаваныя часам і перадусім сваім народам, дзяржава рухаецца наперад, раскрываецца цалкам патэнцыял чалавечага разьвіцьця.
Гэтыя падставовыя правілы не працуюць у аўтарытарным рэжыме, звышзадачай якога зьяўляецца ўзурпацыя ўлады й самазахаваньне. Замест пошукаў выхаду з крызы ўзмацняюцца рэпрэсіі й зьдзяйсьняецца інтэрнаваньне апазыцыйных лідэраў і грамадзкіх актывістаў. Чалавечы патэнцыял утылізуецца для пошуку “ворагаў” і барацьбы зь імі. Пры гэтым пэрыяды адноснай «лібэралізацыі» і «адлігі» выкарыстоўваюцца выключна дзеля пошуку вонкавых крыніцаў фінансаваньня сваёй пачварнай цыклапічнай сыстэмы кіраваньня й чарговага «жніва» карным апаратам новых паўсталых грамадзкіх лідэраў і актывістаў.
Сёньняшняя Беларусь – найбольш яскравы прыклад дзяржавы з тыповым рэжымам аўтакратычнага кіраваньня, з гігантычным чыноўніцкім апаратам, колькасьць якога перавышае аналягічныя савецкія паказьнікі ў некалькі разоў, з вялічэзнымі сіламі й унутранымі войскамі стрымліваньня – аднымі з самых шматлікіх з разліку на душу насельніцтва ў сьвеце. З нязьлічонай процьмаю спэцслужбаў і ідэалягічных кіраваньняў, з бясконцай кафкіядай выбарчага «працэсу», з ручным незаконным “парлямантам”, з надрыўнымі тытанічнымі высілкамі дзеля выкананьня так званых прагнозных эканамічных паказьнікаў, якія суправаджаюцца сталымі паказальнымі арыштамі й пасадкамі.
Усё гэтае ўнутранае цяплічнае ўладкаваньне сьвету, якое існавала на працягу двух дзясяткаў гадоў, раптоўна абвалілася, як толькі паток танных расейскіх энерганосьбітаў пачаў істотна зьніжацца. З штогадовага падсілкаваньня прыблізна 24 млн тонамі нафты пастаўкі сёлета былі зьменшаныя і, цалкам мажліва, наўрадці перавысяць 18-20 млн тонаў, нягледзячы на дасягнутыя дамоўленасьці паміж Лукашэнкам і Пуціным 3 красавіка. Апроч гэтага ўмовай аднаўленьня паставак нафты зьяўляецца і выплата «Газпрому» пазыкі – 726 млн даляраў. Не ўдалося дамагчыся кіраўніку Беларусі і зьніжэньня кошту газу з 132 да 73 даляраў за 1 тыс. куб. м. Да гэтага спрычынілася перадусім глыбокая эканамічная крыза ў самой Расеі, выкліканая зьдзяйсьненьнем неаімпэрскай палітыкі, аформленай і задэкляраванай у вядомай Мюнхенскай прамове Пуціна ў 2007 годзе, і пачаткам вайсковай агрэсіі супроць Грузіі, Украіны і Сірыі. Пад ціскам міжнародных санкцыяў, беззваротных эканамічных уліваньняў у абаронную і прапагандысцкую сфэру, мільярдных асігнаваньняў дзеля подкупу ўплывовых заходніх палітыкаў і палітычных партыяў, вядомых мэдыйных асобаў і міжнародных спартыўных арганізацыяў, празь імклівы вывад капіталаў і значнае зьмяншэньне інвэстыцыяў, расейскі намінальны ВУП драматычна зьнізіўся і працягвае свае пасьпяховае падзеньне: за апошні час ён ужо значна меней за ВУП усяго толькі аднаго амэрыканскага штату Нью-Ёрк і практычна аналягічны ВУП Гішпані [1, 2]. У гэтай сытуацыі, натуральна, ня можа быць і гаворкі пра ранейшую падтрымку і наўпроставае і ўскоснае датаваньне стратнай эканомікі Беларусі.
Сытуацыю дадаткова ўскладняе і значнае скарачэньне расейскага рынку для збыту беларускае прадукцыі, не кажучы ўжо пра катастрафічнае зьніжэньне на сусьветным рынку кошту вуглевадародаў, дзякуючы перапрацоўцы і рээкспарту якіх істотна падтрымлівалася адносна стабільнае функцыянаваньне «беларускага» рэжыму. Праз прадбачаньне значных праблемаў для свайго фізічнага выжываньня ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя крокі – 31 сьнежня 2013 году быў ухвалены Закон №96-3, які задзейнічаў абсалютна новы аб’ект падаткаабкладаньня – штогадовую выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, згодна зь якім за выкарыстаньне звычайнага легкавога аўтамабілю з масай ня больш за тону дзяржаве неабходна «падарыць» прыкладна 60 usd. 2 красавіка 2015 году быў прыняты антыканстытуцыйны і адсылаючы да цёмных часоў здранцьвелага сацыялізму Дэкрэт №3 “Пра папярэджаньне сацыяльнага ўтрыманства”, які ў народзе называюць няйначай, як «Дэкрэт пра дармаедаў», які абавязвае кожнага, які адпрацаваў меней за 183 дні за год і не знаходзіцца на ўліку ў якасьці беспрацоўнага, выплочваць дзяржаве каля 200 даляраў. 11 красавіка 2016 году быў ухвалены Указ №137, які падвышае штогод, пачынаючы з 1 студзеня 2017 году, на 6 месяцаў агульнавызначаны пэнсійны ўзрост да дасягненьня мужчынамі 63 гадоў, а жанчынамі – 58 гадоў. Бяручы пад увагу сярэднюю працягласьць жыцьця мужчынаў, якая складае ўсяго 66 гадоў, і вялізарны ўзровень сьмяротнасьці, паводле якога Беларусь знаходзіцца на 14 мейсцы ў сьвеце паміж Батсванай і Самалі, да пэнсіі цяпер шматлікія наагул не дажывуць.
Усё гэта, а таксама, зруйнаваньне шматлікіх прадпрыемстваў, прадпрымальніцтва, стратнасьць нават флягманаў беларускае эканомікі, адзін з самых высокіх у сьвеце тэмпаў інфляцыі, тры спусташальныя дэвальвацыі за апошнія 6 гадоў, статус адзінай дзяржавы ў рэгіёне з няспыннай ўжо два гады вельмі значнай рэцэсіяй (-3,9% ВУП у 2015 г. i -3% ў 2016 г.) і, як сьледзтва, катастрафічнае зьніжэньне ўзроўню жыцьця перадусім у рэгіёнах, абумовіла маштабныя пратэстныя выступы па ўсёй краіне, якія пачаліся 17 лютага. Калі на самым пачатку патрабаваньні пратэстных масаў, значная частка якіх была ў мінулым асноўным электаратам Лукашэнкі, мелі сацыяльна-эканамічную й палітычную скіраванасьць, адлюстраваную ў лёзунгу «Не дэкрэту №3 – Лукашэнка сыходзь!», то празь некаторы час, з пакінутай ад лёзунгу толькі другой часткаю, у пэўнай ступені пачалі адпавядаць рэвалюцыйным слёганам стогадовае даўніны, якія заклікалі зрынуць самадзяржаўе.
Геаграфія пратэстных выступленьняў супроць улады пачала актыўна пашырацца і ахапіла ня толькі Менск і абласныя цэнтры, але й такія гарады, як Рагачоў, Воршу, Пінск, Бабруйск, Маладэчна, у якіх вельмі даўно наагул не было аніякае масавае палітычнае актыўнасьці. Разгневаны народ, усьвядоміўшы, што з Лукашэнкам канчаткова разарваны «сацыяльны кантракт», пачаў патрабаваць ягонага неадкладнага скіданьня. Аднак улады, замест таго каб распачаць нацыянальны дыялёг дзеля пошуку шляхоў выхаду з крызы, кансалідаваньня грамадзтва, асабліва ва ўмовах відавочнае пагрозы ператварэньня тэрыторыі Беларусі на стратэгічны вайсковы пляцдарм РФ, схапіліся за свой улюбёны на працягу дзесяцігодзьдзяў сродак – дубіну. Аднак перад тым, як паноўна праявіўся гэты хапальны рэфлекс, улада пачала сапраўдную інфармацыйную вайну ня толькі супроць сваіх апанэнтаў, але нават сваіх украінскіх партнэраў. Гэтак 6 і 12 сакавіка 2017 году на цэнтральных тэлеканалах «Беларусь 1» і «АНТ» пазаплянава з зьмяненьнем сеткі вяшчаньня адбыўся паказ прапагандысцкага фільму «Звонок другу» (рас.), закліканы ня толькі ачарніць і дыскрэдытаваць лідэраў пратэстнага руху, але й зьвязаць іхныя дзеяньні з украінскім бокам, які нібыта мае намер арганізаваць Майдан у Беларусі. Асабліва варта зазначыць, што ў фільме былі выкарыстаныя аўдыёзапісы праслухоўваньня тэлефонных перамоваў лідэраў апазыцыі, што наўпрост сьведчыць пра ўцягненьне спэцслужбаў РБ у працэс стварэньня фільму. Апроч гэтага дзяржаўныя тэлеканалы пачалі актыўна выкарыстоўваць штампы расейскіх мэдыя-кілераў пра ўкраінскі «дзяржаўны пераварот», пры гэтым Рэвалюцыі Годнасьці і Украіне наагул надаецца дэманічны й нават варожы вобраз, праз што, па сутнасьці, быў адкрыты новы фронт інфармацыйнае вайны супроць украінскае дзяржавы.
Чытайце больш: Масква ў Беларусі адкрыла новы фронт інфармацыйнай вайны супроць Украіны
Далей, 20 сакавіка 2017 году была зьдзейсьненая правакацыя зь нібыта «прарывам» з боку Украіны празь беларускую дзяржаўную мяжу на КПП «Аляксандраўка» джыпа з баявікамі, узброенымі вагнястрэльнай зброяй і выбуховымі прыладамі. Паводле ўсіх атрыбутаў – гэта інфармацыйная спэцапэрацыя, з дапамогай якой, цалкам магчыма, была зробленая спроба ня толькі задзейнічаць падрыхтаваныя штампы сваіх крамлёўскіх таварышаў пра «ўкраінскую пагрозу», але й увасобіць іхную асноўную прапагандысцкую тэзу пра Украіну, як няспраўджаную дзяржаву (failed state), якая нібы ня здольная нават зьдзяйсьняць ахову і кантроль сваёй дзяржмяжы. Характэрна, што пры гэтым адсутнасьць самога факту пераціну ўкраінскае дзяржмяжы была пацьверджаная афіцыйна беларускім бокам:
Фота: вытрымка з Пратакола працоўнай сустрэчы намесьнікаў памежных упаўнаважаных Украіны і Рэспублікі Беларусь 20.03.2017 г.
На наступны дзень, 21 сакавіка 2017 году, падчас наведваньня ў Магілеве прадпрыемства «Kronospan OSB» Лукашэнка заяўляе, што былі затрыманыя некалькі дзесяткаў баявікоў, якія прайшлі лягеры падрыхтоўкі ва Украіне і нібыта рыхтавалі правакацыі з выкарыстаньнем зброі. Насамрэч былі затрыманыя колішнія сябры нядзейнай ужо блізу 15 гадоў (!) беларускай патрыятычнай арганізацыі «Белы Легіён», якая была актыўнай ў другой палове 90-х гадоў, сябры прабеларускага вайскова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт», а таксама моладзевай апазыцыйнай арганізацыі «Малады Фронт». Агулам на момант напісаньня матар’ялу спэцслужбамі былі затрыманыя 30 чалавек, 18 зь якіх ужо пададзеныя абвінавачаньні паводле ч.3 арт. 293 КК РБ з прычыны нібыта факту «навучаньня й падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках», 9 затрыманых ужо адпусьцілі. Таксама маецца інфармацыя пра мажлівы пачатак яшчэ аднае, першае ў гісторыі сучаснае Беларусі, крымінальнае справы паводле арт. 287 КК РБ – “Стварэньне незаконнага збройнага фармаваньня”.
Уся гэтая фантасмагорыя зьяўляецца апафеозам інспірацыяў і містыфікацыяў, якія пачаліся яшчэ з «стрэлаў» у Лёзьне ў 1994 годзе, калі быў інсцэнаваны так званы замах на кандыдата на прэзыдэнта Беларусі, да таго колішняга дырэктара саўгаса «Гарадзец» Лукашэнку А.Р., і якія эвалюцыянавалі да «ўзброеных баявікоў», што пагражаюць растаптаць «астравок стабільнасьці і росквіту» ў цэнтры Эўропы ў 2017-м. Няма аніякіх сумневаў, што ўсё гэтае кепска зрэжысэраванае інсцэнаваньне было неабхадное для адной мэты – нагнятаньне страху й нянавісьці перад адной з цэнтральных акцыяў апазыцыі – Днём Волі – які традыцыйна сьвяткуецца 25 сакавіка. Каб напярэдадні акцыі занурыць ейных патэнцыйных удзельнікаў у стан жаху, па беларускіх тэлеканалах пачалі зацята круціць відэа канфіскацыі ў затрыманых цэлага «арсэналу» зброі: ад афіцыйна зарэгістраваных помпавых стрэльбаў, страйкбольных прывадаў, маса-габарытных макетаў, навучальных гранатаў і патронаў, кухонных нажоў, сякераў і сапёрных рыдлёвак да шаўронаў украінскіх дабрабатаў і літаратуры пра Майдан.
Скрыншот апэратыўнай здымкі КДБ (https://youtu.be/ucQdUNK9xWg)
Скрыншоты апэратыўнай здымкі КДБ (https://youtu.be/8WNYD5533I4)
Праз дзяржаўныя тэлеканалы пачалі актыўна пашырацца чуткі пра прыбыцьцё баявікоў з Украіны – сябраў УНА-УНСО і ўдзельнікаў антытэрарыстычнае апэрацыі – якім з дапамогай маніпуляцыяў прыпісвалася роля будучага ўдзелу ў масавых беспарадках падчас правядзеньня Дня Волі. Рэжымныя прапагандысты не забыліся згадаць і так званую спробу «прарыву» дзяржмяжы для ўвозу на тэрыторыю Беларусі боепрыпасаў і вагнястрэльнае зброі. На хвалі антыўкраінскае гістэрыі былі затрыманыя і арыштаваныя 6 грамадзянаў Украіны – тры пратэстанцкія прапаведнікі царквы «Добрая Вестка», якія прыехалі ў Менск для ўдзелу ў біблійным сэмінары і якіх 22 сакавіка незаконна прысудзілі да 15 сутак арышту, тры – за ўдзел у Дні Волі, двум зь якіх інкрымінуюць нібыта дачыненьне да нападу на падатковую інспэкцыю ў Гомлі, у будынак якой 24 сакавіка быў кінуты «кактэйль Молатава».
25 сакавіка, Дзень Волі ў Менску
Рэакцыя ўкраінскага боку была досыць хуткай, 21 сакавіка Нацыянальная рада тэлевізіі й радыёвяшчаньня Украіны праінфармавала кіраўніцтва тэлеканалу «Беларусь 24» пра выяўленыя парушэньні й недапушчальнасьць правядзеньня рэдакцыйнай палітыкі, скіраванай на падтрымку агрэсіўных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні Украіны, і пагразіла разгледзець пытаньне пра спыненьне рэтрансьляцыі праграмаў тэлеканалу на ўкраінскай тэрыторыі ў выпадку ігнараваньня патрабаваньняў. 22 сакавіка падчас брыфінгу кіраўнік апарата кіраўніка СБУ Аляксандар Ткачук заявіў пра тое, што быў зроблены афіцыйны запыт беларускаму боку з патрабаваньнем патлумачыць, што меў на ўвазе Лукашэнка падчас свайго красамоўнага апавяданьня пра затрыманьні баявікоў зь лягероў падрыхтоўкі ва Украіне. Таксама ён яшчэ раз абверг дэзынфармацыю пра «прарыў аўтамабіля з баявікамі» ўкраінска-беларускае дзяржмяжы. У той жа дзень зьнешнепалітычнае ведамства Украіны афіцыйна пракамэнтавала заяву пра выказваньні беларускага кіраўніцтва й асабліва зазначыла, што менавіта партнэр Беларусі па так званай Саюзнай дзяржаве – Расейская Фэдэрацыя – у межах гібрыднай агрэсіі арганізавала, як на сваёй тэрыторыі, гэтак і на акупаваных украінскіх землях лягеры падрыхтоўкі для наймітаў і баявікоў, больш за тое, падтрымліваючы і экспартуючы тэрарызм, Расея мэтанакіравана падрывае стабільнасьць і бясьпеку ў рэгіёне, да якога належыць як Украіна, гэтак і Беларусь.
Характэрна, што «беларускія» прапагандысты ўсё ж прызнаюць, што затрыманыя паводле справы «Белага Легіёну» ня мелі аніякіх плянаў на 25 сакавіка, і нават падаюць словы аднаго зь іх, якія сьведчаць пра тое, што яны хацелі зьдзяйсьняць выключна праваабарончыя функцыі:
«25 сакавіка паступіла паведамленьне, што магчыма будзе атакаваная калёна дэманстрантаў прарасейскімі сіламі, якія могуць пакалечыць людзей. Нам было сказанае, каб мы былі напагатове, і ў разе патрэбы маглі зьдзейсьніць ім супраціў».
Агульная колькасьць затрыманых і арыштаваных за акцыі пратэсту ў сталіцы і іншых гарадох Беларусі да 25 сакавіка, непасрэдна ў Дзень Волі і пасьля яго перавысіла 1000 чалавек. Сілавікі застасавалі беспрэцэдэнтныя захады падчас прэвэнтыўных затрыманьняў, ці больш дакладна інтэрнаваньня: адных гвалтоўна зьбівалі, іншым нават падпальвалі пад’езд, каб «выкурыць», у адносінах да трэйціх наагул спрабавалі выкарыстаць захады карнай псіхіятрыі. Актыўна і паўсюдна сілавыя ведамствы ў Беларусі практыкуюць і кіднэпінг, калі нявызначаныя людзі ў цывільным, досыць часта з дапамогаю аўтатранспарту без апазнавальных знакаў, зьдзяйсьняюць выкраданьні людзей, праз што ствараюць апэратыўны прастор для прыкрыцьця ў будучыні мажлівай масавай фізічнай ліквідацыі іншадумцаў падчас згортваньня рэжыму ў таталітарызм.
25 сакавіка, Дзень Волі ў Менску
Падчас асьвятленьня падзеяў у цэнтры Менска непасрэдна ў Дзень Волі і выкананьня сваіх журналісцкіх абавязкаў, апынуўся ў ліку затрыманых, а пасьля арыштаваных, і аўтар гэтых радкоў. Праз атрыманьне знутры наглядных сьведчаньняў нялюдзкасьці й пачварнасьці рэжыму нутранае акупацыі Беларусі, збудаванага на зьдзеках, катаваньнях, цынізме, шчырай хлусьні так званых супрацоўнікаў «праваахоўных» ворганаў, якія зьбіваюць людзей, зьдзяйсьняюць падробку дакумантаў і ілжэсьведчаць на судох, масавых злачынствах судзьдзяў, якія адкрыта выступаюць на баку абвінавачаньня і не прадугледжваюць апраўдальных прысудаў, канваіраў, якія ставяцца да арыштантаў, як да жывёлаў на бойні і катуюць толькі за патрабаваньне выдаць паперу і асадку, безь якіх немагчыма даслаць касацыю і напісаць хадайніцтвы, я вельмі ўзбагаціў свой жыцьцёвы досьвед, што важна для журналіста, і канчаткова пераканаўся ў непазьбежных хуткіх зьменах у Беларусі, народ якой ужо перастаў баяцца.
Апошняе фота перад затрыманьнем і незаконным арыштам
Баіцца акурат рэжым, які спалохаўся стыхійнасьці й маштабнасьці народных выступаў і кінуў на разгон мірнай акцыі пратэсту АМАП і Унутраныя войскі, які падрыхтаваў дзеля гэтага нават бронетэхніку, дзякуючы якой удалося ідэнтыфікаваць спэцпадразьдзяленьне, якое, меркавана, ўдзельнічала ў сілавым задушэньні. Гаворка вядзецца пра роту забесьпячэньня спэцыяльных апэрацыяў (РЗСА) 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС (в/ч 3214, псд – г. Менск, Уручча).
Расейскі бронетранспартэр «Тыгр»
Расейска-беларускі бранявік «Ліс-ПМ», які маецца ва ўзбраеньні 3-й АБрСпН УВ
Вадамёты й калёны аўтазакаў для ўдзельнікаў мірнае акцыі
Байцы спэцпадразьдзяленьня з зброяй і спэцсродкамі
Пазначаны вышэй палонны Камітэта дзяржбясьпекі, які казаў пра магчымы напад на мірных дэманстрантаў прарасейскіх сілаў, мажліва, мае рацыю. І народжаны ў Луганскай вобласьці, меркавана, на тэрыторыі, акупаванай зараз тэрарыстычным утварэньнем «ЛНР», аматар удзелу ў парадах у форме НКУС міністар унутраных справаў РБ Ігар Шуневіч, і камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Караеў, які нарадзіўся ва Уладзікаўказе і скончыў расейскую Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ, фігуруюць у матар’яле пра патэнцыйных агентаў уплыву РФ. Андрэй Дудкін, камандыр згаданай вышэй 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС, які даслужыўся да камандыра роты 22-й асобнай брыгады апэратыўнага прызначэньня («Кобра») УВ МУС Расейскай Фэдэрацыі, і мае нават ведамасныя ўзнагароды МУС РФ, арганічна ўліваецца ў кампанію да першых двух.
25 сакавіка, Дзень Волі, Менск
Улічваючы ўсё пададзенае вышэй, можна сьцьвярджаць пра пастаўленую задачу разгрому й зьнішчэньня беларускіх патрыятычных сілаў, ізаляцыі лідэраў грамадзкай думкі, здольных мабілізаваць шырокія масы людзей для адпору магчымай гібрыднай агрэсіі й вайсковаму паглынаньню Беларусі Расеяй. Бо падобны дрэйф рэжыму нутранай акупацыі выразна ўпісваецца ў стратэгічныя пляны разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі агульнавайсковай групоўкі РФ, якая відавочна плянуе зьдзяйсьняць супольна зь беларускiм армейскім корпусам непасрэдную вайсковую пагрозу як краінам Балтыі і Польшчы, гэтак і перадусім Украіне. Наступальная лінія вайсковых падразьдзяленьняў РФ павялічыцца праз гэта яшчэ дадаткова на адную тысячу кілямэтраў і будзе цягнуцца ад Навачаркаска Растоўскае вобласьці да Берасьцейскае вобласьці Беларусі. Дадатковым сьведчаньнем гэтаму могуць быць праведзеныя ў сакавіку-красавіку плянавыя тактычныя вышкалы беларускіх Сілаў Спэцыяльных Апэрацыяў з падразьдзяленьнямі 98-й і 106-й паветрана-дэсантных дывізыяў ЗС РФ, падразьдзяленьні й асобныя вайскоўцы якіх удзельнічалі ў вайсковай агрэсіі супроць Украіны [1, 2]. Трэба асабліва зазначыць, што падчас вышкалаў з расейскімі падразьдзяленьнямі адпрацоўваецца падрыхтоўка й вядзеньне супольных дзеяньняў падчас апэрацыі рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Чытайце больш: Патаўраваныя вайсковыя злачынцы Збройных Сілаў РФ. Базы дадзеных і відэаграфіка
Усё гэта таксама цалкам адпавядае лёгіцы выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі ня толькі ў якасьці стратэгічнага вайсковага пляцдарма, але й выкарыстаньня ейнага вайсковага патэнцыялу ў выпадку неабходнасьці ў інтарэсах Збройных Сілаў РФ, зьвязаных зь беларускімі хаўрусьніцкімі абавязкамі АДКБ, абаронай рубяжоў так званай «Саюзнай дзяржавы», адзінай сыстэмай супрацьпаветранай абароны, адзінай рэгіянальнай групоўкай войскаў і інш. Для ўцягваньня Беларусі ў баявыя дзеяньні на баку Расейскай Фэдэрацыі могуць быць праведзеныя чарговыя правакацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы, але ўжо з больш маштабным узроўнем. Вельмі высокаю ёсьць небясьпека правядзеньня падобных правакацыяў падчас стратэгічных расейска-беларускіх вышкалаў «Захад-2017», заплянаваных на верасень гэтага году, калі на тэрыторыі Беларусі будуць непасрэдна дысьлякавацца ўдарныя падразьдзяленьні адноўленай 1-й танкавай арміі Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ.
На гэты момант рэжым нутранай акупацыі сам зьяўляецца найбольшай пагрозай, бо праз мэтаскіраванае скасаваньне права на мірны пратэст, адмову ад правядзеньня агульнанацыянальнага дыялёгу й зьнішчэньне грамадзянскае супольнасьці, ёсьць, па сутнасьці, асноўным фактарам дэстабілізацыі абстаноўкі ў дзяржаве і падрывае асновы нацыянальнае бясьпекі Беларусі. Больш за тое, праз зьдзяйсьненьне правакацыяў супроць Украіны і руйнаваньне добрасуседзкіх беларуска-ўкраінскіх зносінаў, павялічэньне вайсковага ўзаемадзеяньня й інтэграваньня збройных сілаў з расейскім агрэсарам, спрыяе значнаму падвышэньню вайсковых рызыкаў, празь якія беларускі народ можа быць паноўна ўцягнуты ў зьнішчальнае гарніла чарговай татальнай вайны.
На ўсё гэта народ Беларусі мае адказаць кансалідацыяй і салідарнасьцю, стварэньнем адзінага фронту ўсіх патрыятычных нацыянальных сілаў, пры гэтым сьлед забыцца на ўсе супярэчнасьці й непаразуменьні, аб’яднаць ў сваіх шэрагах шырокую народную грамаду. Лягічным пры гэтым будзе дапусьціць таксама стварэньне свайго ўласнага адзінага легітымнага ўраду даверу, які часова вымушаны будзе працаваць на выгнаньні, але пры гэтым ставіць галоўную мэту – здабыцьцё падтрымкі ня толькі ўнутры Беларусі, але й на міжнароднай арэне. Апроч гэтага абсалютна законным і дарэчным будзе патрабаваньне ад міжнароднай супольнасьці ўвядзеньня пэрсанальных санкцыяў супроць дзяржаўных злачынцаў і іхных памагатых. Таксама ёсьць усе падставы меркаваць, што будзе створаная база дадзеных з поўнымі ідэнтыфікацыйнымі зьвесткамі пра ўсіх асобаў, якія ўчынілі й зьдзяйсьняюць дзяржаўныя злачынствы ўжо на працягу больш за два дзесяцігодзьдзі: супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, судзьдзяў, пракурораў, чальцоў выбарчых камісыяў, прапагандыстаў рэжыму ды іншых, якія маюць быць прыцягнутыя да адказнасьці й абавязковага праходжаньня працэдуры люстрацыі ў пэрыяд аднаўленьня канстытуцыйнага парадку.
Рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа