
Атака Збройных сілаў Расейскае Фэдэрацыі на караблі ўкраінскіх Ваенна-марскіх сілаў, папярэдняе ўзмацненьне расейскага вайсковага патэнцыялу ў басэйне Азоўскага мора й рэгулярнае ўскладненьне суднаходства ў гэтай зоне зьяўляецца, апроч іншага, спробай дэстабілізацыі ўкраінскае дзяржавы. Зьдзяйсьненьне Крамлём на працягу ўсяго 2018 году шматгадзінных затрыманьняў гандлёвых судоў, якія праходзілі праз Керчанскую пратоку да або з украінскіх партоў (Бярдзянск, Марыюпаль), нанесьла ўдар па эканамічнай стабільнасьці гэтага рэгіёну. Вынікам частковай эканамічнай блякады ўкраінскіх партоў сталася падзеньне рэнтабэльнасьці прамысловых прадпрыемстваў (напрыклад, мэталюргічных заводаў у Марыюпалі, якія экспартуюць свае тавары ў такія дзяржавы, як Віетнам, Паўднёвая Карэя ці ЗША). Вялікую ролю ў гэтым працэсе згуляў так званы крымскі мост. Як паказалі апошнія падзеі, ён выконвае ролю своеасаблівай брамы, якую можна лёгка зачыніць праз закрыцьцё праходу нават звычайнай баржай. Поўная блякада Азоўскага мора, якая можа быць формай рэакцыі (шантажу) Расеі на актыўныя дзеяньні Украіны на міжнароднай арэне (лабіяваньне новых санкцыяў), стане ударам па эканоміцы на поўдні і ўсходзе Украіны. Заняпад мясцовай прамысловасьці, шчыльна зьвязанай з партамі й экспартам, азначае значны рост беспрацоўя й сацыяльнае незадаволенасьці.
Агрэсіўныя дзеяньні з боку Расейскае Фэдэрацыі наўрад ці абмяжуюцца палітычным або эканамічным ціскам. Паведамленьне расейскіх мэдыя й інфармацыя, апублікаваная Міністэрствам абароны Украіны, сьведчаць, што Крэмль вядзе актыўную кампанію па дэзынфармацыі для дэстабілізацыі ўкраінскае дзяржавы.
Галоўны мэсэдж, які тыражуюць расейскія СМІ, тычыцца ўвядзеньня ва Украіне ваеннага стану. Такое рашэньне нібыта мае цалкам палітычны характар і абумоўленае пераносам даты прэзыдэнцкіх выбараў. Падобны наратыў пашыраецца ня толькі ў Расеі ды Украіне, але й зьяўляецца ў мэдыя дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу, у прыватнасьці ў Польшчы (публікацыя парталу onet.pl “Дзьмітры Мядзьведзеў: выбары ва Украіне пад пагрозай”).
Распаўсюджваньне расейскімі мэдыя падобнага паведамленьня скіраванае на зьніжэньне ўзроўню даверу грамадзянаў Украіны да ўлады, а таксама на павялічэньне сацыяльнае незадаволенасьці. Вакол гэтай інфармацыі ўзьнікаюць чарговыя мэсэджы, якія б’юць па Прэзыдэнту й сэнсу дзеяньняў ягонай адміністрацыі. Адзін з наратываў, створаны пракрамлёўскімі (расейскімі) мэдыя, інтэрпрэтуе ўвядзеньне ваеннага стану як форму пакараньня неляяльных (паводле словаў расейскай прапаганды) рэгіёнаў на поўдні й усходзе Украіны.
Тлумачэньне ўвядзеньне ваеннага стану ўпісваецца ў кантэкст будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Згодна з расейскімі наратывамі, П. Парашэнка ня толькі аддаляе дату выбараў, але й сьвядома намагаецца правесьці іх толькі ў тых рэгіёнах, дзе мае падтрымку. На думку крамлёўскіх мэдыя, такіх як “Комсомольская правда”, ваенны стан ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах меўся б забясьпечыць Парашэнку перамогу. Варта зьвярнуць увагу, што падобнага тыпу паведамленьні могуць мець сваёй мэтай распальваньне ўнутраных канфліктаў, называючы ўсход і поўдзень краіны менш патрыятычнымі (нібыта больш схільнымі галасаваць за кандыдата зь менш антырасейскімі – на думку расейскае прапаганды – поглядамі). Да тэмы выбараў дадаецца іншы наратыў – пытаньне наданьня аўтакефаліі ўкраінскай царкве. Згодна з паведамленьнямі расейскіх СМІ, “разлом” ва ўкраінскім праваслаўным сьвеце ў спалучэньні з так званай Украінскай правакацыяй на Азоўскім моры (ці “правакацыяй Парашэнкі») мае стварыць умовы для паўторнай перамогі дзейнага прэзыдэнта.
Сваю ролю ў легітымізацыі падобных наратываў гуляюць прарасейскія ўкраінскія палітыкі. Адзін зь лідэраў прарасейскае апазыцыі, Юры Байко, паведаміў, што ўвядзеньне ваеннага стану ва Украіне наўпрост зьвязанае зь нізкім рэйтынгам Парашэнкі. Такія тэзы пашырае расейская агенцыя РІА “Новости”.
Тыражаваньне наратываў, якія б’юць па пазытыўнаму іміджу Украіны, Парашэнкі, ўраду, Збройных сілаў Украіны, служыць патрэбам нутранае інфармацыйнае прасторы Расеі й выкарыстоўваецца для дасягненьня “зьнешніх” мэтаў Крамлю (зьнішчэньне пазыцыяў Украіны з адначасовым узмацненьнем уласных на Захадзе). Сьлед зазначыць, што публікацыі расейскіх мэдыя чытаюць украінцы, часта цытуюць украінскія СМІ (перадусім прарасейскія каналы: “Newsone”, “Інтер”, “112” і інш.). Навіны расейскіх мэдыя пашыраюць у сацыяльных сетках (заблякаваныя, але даступныя ва Украіне расейскія “VK” і “ОК”). Сваю ролю ў пранікненьні расейскіх паведамленьняў ва ўкраінскую інфармпрастору граюць кантакты між грамадзянамі Украіны з сваякамі, што жывуць на тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі. Асобы, занураныя ў расейскую інфармацыйную прастору, цалкам несьвядома могуць прыносіць карысьць Крамлю.
Хваля дэзынфармацыі, разам з шэрагам страхаў украінцаў адносна сапраўднае мэты й наступстваў ваеннага стану, можа сур’ёзна дэстабілізаваць сытуацыю на ўсходзе й поўдні краіны. Найбольшая рызыка дэстабілізацыі існуе ў памежных рэгіёнах. Навіны за 27.11.2018 г. пацьверджваюць, што памежныя тэрыторыі могуць быць галоўнай мэтай дэстабілізацыі. Адным з прыкладаў зьяўляецца масавая рассылка смс-паведамленьняў, якія атрымлівалі жыхары Сумское вобласьці. У гэтых паведамленьнях ад імя Міністэрства абароны грамадзянам раілі, як мага хутчэй прыйсьці да бліжэйшых вайсковых частак. Міністэрства абароны Украіны ў афіцыйным паведамленьні зьвінаваціла Расейскую Фэдэрацыю ў гэтай правакацыі.
Падобны выпадак адбыўся і ў Польшчы. Паводле паведамленьня ўрадавага цэнтру бясьпекі, палякі з усходніх рэгіёнаў краіны атрымалі смс з патрабаваньнем да мужчынаў ва ўзросьце 18-65 гадоў абавязкова прыйсьці да мясцовых адміністрацыяў (нібыта ў зьвязку з падзеямі ва Украіне). Згодна з тым, што МА Украіны й УЦБ Польшчы апублікавалі паведамленьне з розьніцай у адную гадзіну, цалкам мажліва, абедзьве атакі зьвязаныя міжсобку. Такая актыўнасьць можа быць спробай тэставаньня рэакцыі украінскага й польскага грамадзтва. Гэта таксама магла быць праверка рэакцыі спэцслужбаў абедзьвюх краінаў.
Новы віток канфлікту на Азоўскім моры (першы сур’ёзны канфлікт у гэтай зоне адбыўся ў 2003 годзе) зьяўляецца адной з граняў расейска-ўкраінскае вайны ў шырокім сэньсе, ён цалкам ўпісваецца ў кантэкст расейскіх гібрыдных дзеяньняў. Блякада Керчанскае пратокі й захоп расейскімі спэцслужбамі ўкраінскіх караблёў – гэта адзін з рычагоў, якія выкарыстоўвае Крэмль для рэалізацыі сваіх галоўных мэтаў. Адной зь іх можа быць паступовая дэзынтэграцыя Украіны, якой спрыяе сыстэматычная дэзынфармацыя.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў Michał Marek адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа