Споўнілася чвэрць стагодзьдзя з моманту публікацыі аднае з самых важных і значных працаў легендарнае постаці Беларускага Адраджэньня, кіраўніка КХП БНФ Зянона Пазьняка. 15 студзеня 1994 году парляманцкае выданьне «Народная газэта» надрукавала на расейскай мове ягоны артыкул “О русском империализме и его опасности”. З таго часу прамінула цэлая гістарычная эпоха, але актуальнасьць і значнасьць для беларускай нацыі гэтага артыкулу ня толькі не зьмянілася, але драматычна ўзрасла, а слушнасьць фундамэнтальна пацьвердзілася. Беларуская служба InformNapalm на дваццаць пятую гадавіну публікацыі гэтай выбітнай аналітычнай працы зрабіла яе ўласны пераклад і рэдагаваньне. Інфармацыйнае полымя гэтай публікацыі мае гарэць ярчэй і запальваць надалей ачышчальным агнём сэрцы тысячаў патрыётаў беларускай нацыі.
Палітыка Народнага Фронту ў дачыненні да Расеі й ўсяго, што там адбываецца скарэктаваная дакладна й даўно, і пакуль нашая карэкцыя спраўджваецца. Аднак ёсьць сэнс паўтарыць некаторыя ацэнкі.
11 сьнежня 1991 году газэта «Звязда» зьмясціла мой артыкул “Сьнежань. Палітычнае становішча на Беларусі”. Я сьпяшаўся даць ацэнку падзеям у Віскулях, сутнасьць якіх для БНФ была цалкам яснай. «Позна ўначы 8 сьнежня, – вядзецца ў артыкуле, – стала вядома пра палітычную згоду двух паўнамоцных прэзыдэнтаў і Старшыні Вярхоўнае Рады Беларусі пра «садружнасьць» Украіны, Беларусі й РСФСР… Цэнтрам заплянаванай садружнасьці хочуць зрабіць Менск. (Каб мацней трымаць Беларусь.) Зразумела, што такое пагадненьне выгоднае найбольш Расеі». Далей пагадненьне разгледжанае як «маніпуляцыя» з канчатковай мэтай “зноў загнаць наш народ у імпэрыю”. Ніякіх «садружнасьцяў» з Расеяй не павінна было быць. Гэта пагібель беларускае эканомікі й беларускае незалежнае дзяржавы. Наш шлях – гэта шлях Балтыі, шлях вяртаньня ў Эўропу.
Ухваленьне Белавежскага пагадненьня, Віскулі, 08.12.1991 г.
Прайшлі два гады. Цяпер паглядзіце на краіны Балтыі й на Беларусь. Ці можа ёсьць нейкія пытаньні? Няма. Але ж яны былі, і вельмі выразныя. 13 лістапада 1991 году (яшчэ перад Віскулямі) «Советская Белоруссия» (рас.) апублікавала мае інтэрвію. Супрацоўніца рэдакцыі Ірына Гурыновіч пыталася: «Дзьве вашыя палітычныя пазыцыі выклікаюць у многіх людзей засьцярогі. Перш за ўсё цалкам адназначнае, скрайне нэгатыўнае стаўленьне да Расеі. Ёсьць лёгіка ў вашых развагах пра імпэрскую палітыку царызму, пра жорсткую русіфікацыю беларускага народу ў пэрыяд так званага сацыялістычнага будаўніцтва, пра небясьпеку сёньня не захаваць раўнавагу ва ўзаемінах дзьвюх сувэрэнных рэспублік. Але калі палітык безапэляцыйна заяўляе: «Беларусаў выратуе толькі вяртаньне ў Эўропу,… арыентацыя на культурны Захад, а не на разбэшчаны, разбуральны, імпэрскі Усход» або «Справу расейскіх цароў працягнула расейская чэрнь – ленінскія бальшавікі. Праз акупацыю Беларускае Народнае Рэспублікі, яны прынесьлі з сабой ня толькі забойствы й «чрэзвычайкі», ня толькі антычалавечую ленінскую ідэю, але й антыкультуру, хамства, распусту й п’янства, расейскае брыдкаслоўе, ляноту, нянавісьць і хлусьню».
Няўжо Расея ня дала беларускаму народу нічога іншага?..
З.Пазьняк: Вашыя развагі пра Расею аналягічныя паводле структуры пярэчаньняў развагам пра абарону камунізму й КПСС, якія вымаўлялі два-тры гады таму ўсе, хто жадаў. Цяпер яны забыліся на свае пярэчаньні й кажуць іншае. Гэтак і пра палітыку Расеі. Вы можаце абараняць гэтую варожую Беларусі імпэрскую палітыку пераканаўча й горача. Нічога, я пачакаю, пакуль вы будзеце казаць інакш. І, паверце, чакаць засталося няшмат. Некаторым не спадабалася мая прамова ў Вярхоўнай Радзе 25 жніўня (1991 г.) пра імпэрыалізацыю палітыкі Расеі, пра авантурызм памкненьняў Ельцына. Чакаць зноў жа давялося зусім няшмат – два дні. І прагучэла напрыканцы жніўня з боку Расеі, вы ведаеце, заява пра межы. Ці тое яшчэ будзе». («Советская Белоруссия», 13.11.1991).
«Ці тое» ўжо адбылося, паважаныя апанэнты, ажно да стральбы адзін у аднаго. Але й гэта яшчэ ня ўсё, на што варта чакаць. Былі заявы пра Сэвастопаль, пра Чарнаморскі флёт, была найгрубейшая заява пра паволжскіх немцаў, у якой адмоўленае вызнаньне іхных нацыянальных і чалавечых правоў, і якая напалохала ўсю Эўропу, былі крывавыя правакацыі, былі распачатыя з удзелам расейскіх войскаў брудныя імпэрскія войны ў Малдове, Таджыкістане, у Абхазіі й Цхінвальскім рэгіёне Грузіі, Чачэніі, падрыхтаваны праімпэрскі прарасейскі пераварот у Азэрбайджане, разарваная, патрушчаная, патопленая ў крыві Грузія й сілай узагнаная ў СНД. Пры гэтым новыя расейскія кіраўнікі застасоўвалі старую імпэрскую палітыку – падзяляць народы й групы насельніцтва, нацкоўваць іх міжсобку, зьнішчаць адных, выязджаць на сьпінах іншых (як у Абхазіі), захопліваць тэрыторыі, кіраваньне, маёмасьць і панаваць праз залежных і падстаўных.
Падразьдзяленьні Збройных сілаў РФ ва акупаваным грузінскім партовым горадзе Поці, 1993 г. / kchf.ru
Ідэалёгія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, запазычаная ў Гітлера: абараняць у сумежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расеі й правы расейцаў (узгадайце «правы немцаў», гітлераўскія «аншлюсы» і іншыя зьявы, засуджаныя сусьветнай супольнасьцю). Больш за тое, яны збіраюцца «абараняць» правы нават не расейцаў, але «расейскамоўных», то бок савецкай папуляцыі ў іншых краінах. Ня будзе прызнанае аніякае нацыянальна-культурнае адраджэньне й дэмакратыя ў гэтых краінах (бо нацыянальна-культурнае адраджэньне, выхад зь імпэрыі – зьяўляюцца дэмакратычнымі працэсамі). Будзе ціск і ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сумежных краінаў. Гэтую цынічную брудную палітыку зьдзяйсьнялі й прыхільнікі Хасбулатава-Руцкога, і яшчэ ў большай ступені праводзілі й праводзяць людзі Ельцына. Мы маем мажлівасьць слухаць і чытаць іхныя выказваньні. Вось, напрыклад, намесьнік міністра замежных справаў Расеі А.Адамішын кажа карэспандэнту «Комсомольской правды» (рас.) (12 жніўня 1993 г., тут і далей пакідаем у арыгінале): «В Таджикистане у нас серьезные интересы так же, как и в целом в Средней Азии… В том же Таджикистане у нас серьезнейшие экономические интересы. Мы вкладывали средства в эти края. Там редкоземельные металлы, уран, хлопок, значительный экономический потенциал, в котором мы заинтересованы. С какой стати бросаться этим?» І далей дэмагагічна гідка й фальшыва: «Общность наших народов, заинтересованность друг в друге – это одна из главных причин наших стратегических интересов в регионе. Кроме того, нельзя оставлять сотни тысяч русскоязычного населения».
Ну як? А гэта, між іншым, не 1938-ы, але 1993-ці, ня гітлераўская Нямеччына, але «дэмакратычная» Расея й кажа не супрацоўнік райхсканцылярыі, але намесьнік міністра замежных справаў Расейскае Фэдэрацыі. А што ж міністар Козыраў? (міністар замежных справаў РФ Андрэй Козыраў, зараз жыве ў Маямі, ЗША, крытыкуе палітычную сыстэму ў Расеі і дзейнасьць Пуціна – заўв. рэд.) Можа, ён думае інакш?
Аналіз «нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў Расеі ў Таджыкістане» Козыраў даў 4 жніўня 1993 году ў газэце «Известия» (рас.). Ён дыпляматычна нічога не сказаў пра бавоўну, уран і рэдказямельныя мэталы. «Первое и главное в ряду этих интересов, – кажа Козыраў, – солидарность с многонациональным народом этой страны, связанной с Россией вековыми узами истории, культуры, традиций. Здесь же – обеспечение безопасности и законных прав 200-тысячной российской общины… Россию и Таджикистан связывает Договор о дружбе, сотрудничестве и взаимной помощи, подписанный 25 мая 1993 года». Вось такая «дружба».
Вайскоўцы 15-й асобнай брыгады СпН ГРУ ў Таджыкістане, 1992
«Верховный Совет (той стары. – З.П.), – наракае далей Козыраў, «буквально с боем» «дает согласие на лежащие месяцами запросы исполнительной власти о выделении дополнительных контингентов пограничных и миротворческих сил или о ратификации Договора о коллективной безопасности». Цікава, праўда? Што ж прапануе ельцынскі міністар для рэалізацыі «інтарэсаў Расеі ў Таджыкістане»? – «Первое. Мобилизуем наших партнеров по СНГ…» і г.д.
ЗС РФ з складу міратворчага кантынгенту ў Таджыкістане
Прайшоў час. Расейскія намэнклятурныя «дэмакраты» асабіста знаходзяцца ва ўладзе. 18 сьнежня 1993 году газэта «Известия» (рас.) паведамляе, што Козыраў гатовы «сам поставить вопрос о приостановке вывода войск из Латвии и Эстонии». «Правительства трех балтийских республик должны бы не требовать от России каких-то уступок, а вместе с Россией заняться улучшением положения русскоязычного населения и таким путем лишить Жириновского социальной базы. – Если этого не произойдет, позиция Москвы ужесточится». Ну, як вам? Ці знаёмая, панове, вам гэтая «палітыка»? Аналягічныя погляды й выказваньні расейскіх афіцыйных асобаў – норма. Я ўжо не кажу пра генэралаў.
Зараз давайце пагледзім, як паводзіць сябе расейскі «дэмакратычны» інтэлект, не той, што супроць Ельцына (там усё зразумела), а той, які за, які з Козыравым, Гайдарам, Чарнамырдзіным, Шумейкам, Лобавым, Сабчаком і іншымі.
Спынімся на цалкам дэмакратычным і цалкам прафэсійным палітычным часопісе «Новое время» (рас.). У No. 47 за 1992 г., с. 22, адзін з аўтараў, у пазначэньні нацыянальных інтарэсаў Расеі, піша: «Беларусь должна рассматриваться Россией как одна из основных несущих конструкций СНГ; координационный центр СНГ должен образоваться именно здесь, как это и предусматривэлось изначально». У 16-м нумары за 1993 год (с. 14-15) падаздены шырокі агляд варыянтаў расейскае палітыкі ў «блізкім замежжы». Тут і інтарэсы Расеі ў Абхазіі, і «русскоязычное население», і ўвесь набор. «Можно попробовать осуществлять и политику «разделяй и властвуй», которая в состоянии обретать самые изощренные формы, – вядзецца ў аглядзе. – Каковы ее возможные слагаемые? Показное миротворчество, сопряженное с тайной поддержкой одной из противоборствующих сил. Нагляднейший пример – Приднестровье, где Россия (будем откровенны) не вполне беспристрастна, или Абхазия. Далее – передача военной техники сопредельным странам (скажем, Азербайджану и Армении), втянутым в разрушительное противоборство. Третья составляющая этого старого имперского правила – создание особых преимуществ для государств, идущих на наиболее тесные связи с Россией (скажем, для Беларуси или Казахстана), и, напротив, жесткое отношение к не вполне вписывающимся в такие рамки странам…, раздувание изначально существующих противоречий между сопредельными с Россией странами (скажем, пограничных споров между Литвой и Беларусью)… Стравливание соседних государств позволило бы воспрепятствовать созданию на наших рубежах союзов стран с ясно выраженной антироссийской направленностью. Следовательно, любые политики, сидящие в Кремле, независимо от их личных взглядов, будут испытывать – пусть в разной мере – тягу к такого рода действиям».
Вайскоўцы арміі Азэрбайджана абстрэльваюць пазыцыі падразьдзяленьняў ЗС Арменіі, пач. 1990-х / itv.com
Далей разгледжаныя новыя варыянты палітыкі Расеі, «постоянная подпитка пророссийских сил в политических и военных кругах сопредельных стран…, жесткие и вызывающие действия российских вооруженных сил, все еще находящихся во многих сопредельных странах…, целенаправленное экономическое давление.
Все эти действия уже осуществляются… (!) Экономический рычаг пускается в дело в увязке с политическими требованиями…. Конечная цель подобной политики – создание пояса зависимых от России государств, а при удачном стечении обстоятельств и воссоединение их с ее «материнским телом».
Камэнтары, мяркую, наўрад ці патрэбныя. Вядома, як гэтая палітыка рэалізуецца насамрэч. Але калі на экране тэлевізару зьяўляецца хто-кольвек зь ельцынскіх «дэмакратычных» правадыроў гэтае імпэрскае палітыкі, скажам, Козыраў, і, цалкам пустым абыякавым позіркам гледзячы на суразмоўцу, пачынае гэтак ціха-ціха, млява-млява, што здаецца, зараз засьне наўпрост у экране, цадзіць у гадзіну па чайнай лыжцы ўсё тое, што вышэй працытаванае, ды яшчэ й перасыпаючы нудную гаворку цяжкімі для народу слоўцамі тыпу «геастратэгія», «дэфініцыя» і г.д., – зразумець яго складана, але ўсім здаецца: які голуб, які дэмакрат, ніякай агрэсіўнасьці, хоць да раны прыкладзі, і – нічога не зразумела.
Але вось зьяўляецца Жырыноўскі. Кажа тое ж самае, нават мякчэй па сутнасьці, але іншай мовай і ў іншай форме: груба, коратка й прымітыўна. Замест мудрагелістай «геастратэгіі» – «возвратим Финляндию и Польшу», замест «дэфініцыі» – «закатаем под асфальт» і г.д. Зразумела і шавіністу-акадэміку, і расейскаму жабраку.
Ніякай прынцыповай розьніцы паміж Жырыноўскім і Козыравым, Гайдарам, Чарнамырдзіным, Шумейкам, Сабчаком, Яўлінскім і іншымі ў палітычным сэньсе, я лічу, няма. Ёсьць адрозненьне толькі ў тэмпэрамэнце, узроўні культуры і ў паводзінах. Жырыноўскі ў блазнаватай форме кажа тое ж самае, што кажуць і робяць ягоныя намэнклятурна-дэмакратычныя апанэнты.Фота:
Фота: interfax.ru
У Расеі блазенства заўжды было свайго роду містыкай, сьвятым абрадам, там прыслухоўваліся да такіх людзей. Журналіст П.Васілеўскі мае рацыю, калі адзначае, што посьпех Жырыноўскага на выбарах у Расеі – «сьведчаньне глыбокага маральнага падзеньня расейскага грамадзтва». Але ў Расеі так было заўсёды. Карэньне гэтай сэрвільнасьці цягнецца яшчэ з Залатой Арды й мангольскага іга. Зь ідэалёгіі й вучэньня цэзарапапізма (падпарадкаванасьць царкоўнай улады дзяржаве), перайнятага ў Бізантыі разам з усходнім хрыстыянствам і якое найлепей адпавядае дэспатычнаму кшталту мысьленьня. Напрыканцы XV стагодзьдзя з прычыны дынастычнага шлюбу Расеяй былі запазычаныя ня толькі бізантыйскія сымбалі, але й асноўныя прынцыпы бізантыйскае імпэрскае палітыкі. (У адрозненьне ад рымскай яна зьдзяйсьнялася «чужымі рукамі» – нацкоўваньнем суседзяў адзін на аднаго, расколам іхнага грамадзтва й г.д., гл. пададзеныя вышэй цытаты «сучаснасьці».) У гістарычным разьвіцьці злучэньне гэтых прынцыпаў з жорсткасьцю мангола-ардынскіх традыцыяў спрычынілася да жахлівых вынікаў: апрычніна, пятроўшчына, аракчэеўшчына, мураўёўшчына, сталіншчына, ленінізм, бясконцыя войны, але галоўнае ня ў гэтым. Утварыўся асаблівы тып жорсткага імпэрскага грамадзтва зь неабмежаванай сэрвільнай сьвядомасьцю, дзе асоба ні чым не абароненая ані перад кім і ані перад чым. Асоба – нішто перад дзяржавай. Дзяржава, ейныя інтарэсы, імпэрыя – усё. Прыніжэньне чалавечае асобы сталася спосабам самасьцьверджаньня ў гэтым грамадзтве, набыла агідныя, звыродныя формы.
Імпэрская дзяржава зь імпэрскай грамадзкай сьвядомасьцю, імпэрскай экстэнсіўнай палітыкай, з шматнацыянальнай структурай ня можа быць дэмакратычнай. Гэта аксіёма, пра якую даводзіцца нагадваць. Ня будзе дэмакратычнай Расеі, пакуль будзе гэтая старая Расея. Дэмакратыя і імпэрыялізм несумяшчальныя. Гэта антыподы. Існаваньне гэтай дзяржавы драматычна для самога ж расейскага грамадзтва перадусім праз тое, што ў ім празь ейную імпэрскую сутнасьць не сфармаваліся паўнавартасная эўрапейская расейская нацыя й паўнавартасная эўрапейская нацыянальная сьвядомасьць. Гэта стракаты народ без акрэсьленай нацыянальнай тэрыторыі, зьмяшаны з фіна-вугорскімі, цюркскімі, мангольскімі й іншымі анклавамі, распылены ў сыбірскіх і азіяцкіх калёніях. Сьвядомасьць, якая ў ім дамінуе, ёсьць не нацыянальнай, але імпэрскай паводле сваёй сутнасьці. На імпэрскай сьвядомасьці пабудаваная ідэалёгія й заснаваная мэнтальнасьць пераважнай большасьці расейцаў. Калі нацыянальная сьвядомасьць і дзейнасьць нацыі скіраваныя на ўнутранае творчае самаразьвіцьцё грамадзтва, на адасабленьне й аддзяленьне ад чужога, то імпэрская сьвядомасьць і дзейнасьць скіраваныя на экстэнсіўнае разьвіцьцё, на вонкавае пашырэньне, на паглынаньне й разбурэньне чужога. Гэтая сьвядомасьць дэструктыўная. Яна вядома і стаіць у баку (у адхіленьні) ад няспынага магістральнага й эвалюцыйнага шляху разьвіцьця культуры. Імпэрыя, якая паразытуе на нацыянальных (народных, этнічных) культурах, руйнуе іх, спараджае хімэры. Імпэрыя ёсць усясьветным злом.
“Зялёныя чалавечкі” у Крыме, вясна 2014 г.
Імпэрскае грамадзтва антыдэмакратычнае, у ім няма талерантнасьці. Ня дзіўна, што на прамінулых расейскіх выбарах не было аніводнай дэмакратычнай партыі. Усе яны стаялі на імпэрскіх пазыцыях. Прагноз вынікаў выбараў у такой сытуацыі быў ясны й просты. У Расеі адбываецца чарговая палітычная й эканамічная перабудова імпэрскае ўлады. Спачатку раскалолася КПСС паводле лініі Гарбачоў-Ельцын. Перамагла ельцынская частка, якая ўзяла ва ўзбраеньне антыкамунізм, асобныя прынцыпы дэмакратыі й эканамічныя рэформы ліберальнага капіталізму. Перамога Ельцына ў 1991 г. спрычынілася да поўнага зьнішчэньня маладой, палітычна яшчэ нясьпелай, свабоднай рускай дэмакратыі. Усе расейскія дэмакратычныя арганізацыі, якія толькі што ўзьніклі й цалкам дарэчна падтрымалі Ельцына, пайшлі, аднак, на поўную супрацу зь ельцынскай «дэмакратычнай намэнклятурай» і распусьціліся ў ёй. На мейсца свабодных дэмакратаў прыйшла чырвона-карычневая апазыцыя.
Напрыканцы 1991 г. стала ясна, што прымітыўная імпэрская палітыка Гарбачова можа прывесьці да выбуху. Імпэрыя магла абрынуцца з грукатам і пахаваньнем. У гэты час ва ўрад Расеі прыйшлі Гайдар і іншыя пасьлядоўнікі чыкагскай школы эканамічнага лібэралізму. Зьявіўся плян выратаваньня імпэрыі праз стварэньне СНД і правядзеньне выпераджальнай лібэральнай палітыкі эканамічнага ціску на сумежныя краіны з боку Расеі праз выкарыстаньне рублёвай зоны, палітыкі коштаў, інфляцыі, газава-нафтавай манаполіі, паліўна-энэргетычнага шантажу й палітычнай працы расейскіх спэцслужбаў. Збольшага плян гэты зьдзяйсьняецца досыць пасьпяхова. На поўдні і ўсходзе гарыць полымя вайны. Украіна й Беларусь за два гады абрабаваныя і выцырканыя да крыві, рынкавыя эканамічныя рэформы тут запаволеныя, фінансава-крэдытная сыстэма разладжаная, увядзеньне нацыянальнай валюты ня зьдзейсьненае. Яшчэ некалькі высілкаў, і, калі наша краіна будзе канчаткова эканамічна разбураная, застанецца толькі «добраахвотна» загнаць яе паноўна ў расейскую імпэрыю.
За гэты час асабліва ў Беларусі ўмацаваліся расейскія спэцслужбы, створаныя іхныя структуры ва ўрадзе, у войску, у бізнэсе, лёбі ў Вярхоўнай Радзе; на базе камуністычных арганізацыях створаны прарасейскі інтэрфронт («Народное движение Беларуси», рас.), арганізаванае й зарэгістраванае мноства арганізацыяў-фантомаў (накшталт разнастайных «сабораў») і іншых структураў, якія займаюцца антыдзяржаўнай антыбеларускай дзейнасьцю. Гэтая сыстэма сфармавалася ўлетку 1992 году. Менавіта ў гэты час узьнікаюць і штучна разьдзьмуваюць ідэі «дзьвюхмоўя», ліквідацыі дзяржаўных нацыянальных сымбаляў, так званай «калектыўнай бясьпекі», «канфэдэрацыі з Расеяй», «эканамічнага саюза», «рублёвай зоны», аб’яднаньня грашовых сыстэмаў Расеі й Беларусі, адмовы ад нэйтралітэту і г.д.
Мы сталі сьведкамі рэдкай зьявы, калі існы ўрад Беларусі праводзіць фактычна акупацыйную прарасейскую палітыку супроць сваёй дзяржавы, скіраваную на разбурэньне эканомікі й ліквідацыю незалежнасьці. Зразумела, што старая антынацыянальная намэнклятурная ўлада, што ацалела ў Беларусі й засяроджаная на «прыватызацыі», і не магла паводзіць сябе інакш, гэтаксама, як не магла сябе павоздіць па-іншаму Расея, якая засталася імпэрыяй.
Што ж будзе зь Беларусьсю? Што ж рабіць, дзе ж выйсьце? І хто яго прапануе? Адкажу адназначна. Апроч Народнага фронту, гэтага выхаду не прапаноўвае, не прапаноўваў і не бачыць аніхто. Пра гэта проста ня думаюць. Паглядзіце, што казалі й рабілі 2-3 гады таму й што гавораць і робяць зараз усе гэтыя дзіўныя асобы, якія знаходзяцца ва ўладзе. Яны ня маюць ані самастойнай палітыкі, ані эканамічнай канцэпцыі, ані пэрспэктывы дзяржаўнага разьвіцьця Беларусі, ані сэнсу дзяржаўнага існаваньня. Яны павольна тонуць і спрабуюць толькі расьцягнуць гэта падзеньне, каб пасьпець узбагаціцца й адтэрмінаваць канец.
Мы паўтараем ўжо некалькі гадоў элемэнтарнае, палітычную азбуку: у сытуацыі, якая склалася, выйсьця з крызы няма, пакуль да ўлады ня прыйдуць іншыя людзі, ненамэнклятура, то бок неабходныя новыя выбары новай народнай улады. Усе ілюзіі пра ўтрыманьне старых структураў могуць прывесьці толькі да жабрацтва людзей, разбурэньня эканомікі й страты дзяржаўнай незалежнасьці. Аднак нашае грамадзтва змусілі ўсё ж выпрабаваць лёс. Ну і як вам зараз жывецца, паважаныя суайчыньнікі, у сьвеце ілюзіяў?
Нашыя законапраэкты, праграмы, канцэпцыі, прапановы што да разьвіцьця эканомікі, грамадзтва й дзяржавы найбольш блізкія да таго шляху, паводле якога разьвіваецца Эстонія. Амаль усе нашыя падыходы былі адрынутыя гэтай Вярхоўнай Радай і ўрадам, хаця час пацьвердзіў і даказаў нашую праўду. Мы не сумняемся ў перамозе БНФ на надыходных выбарах, аднак шкада згубленага часу, нашай разрабаванай краіны. Таму першай задачай новага нармальнага парляманту й ураду, калі яго сфармуе БНФ, будзе ўсталяваньне элемэнтарнага парадку: будуць ухваленыя асаблівыя законы й загады, выдаткаваныя сродкі й нададзеныя правы для барацьбы з крымінальнай злачыннасьцю. Для краінаў, што ваююць, будуць вызначаны візавы рэжым і асаблівыя правілы ўезду ў Беларусь, гандаль зброяй будзе забаронены, гэтак жа, як і дзейнасьць усялякіх дэструктыўных культаў, дэманічных сэктаў ашуканцаў і афэрыстаў, якія зьдзяйсьняюць гвалт над свядомасьцю асобы. Нарабаванае й скрадзенае ў дзяржавы намэнклятурай будзе вернутае праз суд. Бандыты й злодзеі маюць сядзець у турме, а не займаць дзяржаўныя пасады.
Будзе ўведзены закон пра люстрацыю. Кіраўнікі КПСС-КПБ, якiя займалі свае пасады станам на 19 жнiўня 1991 г., не атрымаюць права на дзяржаўныя прызначэньні.
Будуць аддзеленыя функцыі дзяржаўнай улады, уласнасьці й кіраваньня эканомікай праз разьдзяржаўленьне прадпрыемстваў. Гэта падарве галоўную ўмову карупцыі. Будзе ўхвалены новы антыкарупцыйны закон пра дзяржаўную службу.
Другім крокам стане ўвядзеньне нацыянальнай валюты й упарадкаваньне нацыянальнай фінансава-крэдытнае й банкаўскае сыстэмы; будзе ўхвалены новы закон пра зямлю (праэкт распрацаваны ў апазыцыі БНФ яшчэ два гады таму), упарадкаванае ўсё заканадаўства пра ўласнасьць (папраўкі й прапановы распрацаваныя намі паўтары гады таму), пра прыватызацыю. Пачнуцца рынкавыя рэформы. Спыніцца інфляцыя.
Трэцім крокам стане ліквідацыя разбуральнае бальшавіцкае сыстэмы Саветаў – прыстанку карупцыі й колішняй камуністычнай намэнклятуры і ўвядзеньне муніцыпальнай сыстэмы мясцовае ўлады, правядзеньне выбараў кіраўнікоў мясцовых выканаўчых ворганаў.
Чацьверты крок – будзе ўхваленая гарантаваная сыстэма сацыяльнае абароны насельніцтва. Камуністычная ўлада не стварыла пэнсійнага фонду; дзяржава камуністычнай намэнклятуры прысабечыла сабе ўсе вынікі працы людзей і права разьмеркаваньня (у тым ліку і пэнсійнага). У выніку зараз нашае старое пакаленьне знаходзіцца практычна на ўтрыманьні цяперашніх працоўных (бо тое, што яно на сваю пэнсію зарабіла, былая дзяржава ў іх забрала). Новы ж паўнавартасны пэнсійны фонд цалкам можа быць створаны толькі гадоў праз 20-30. Таму выйсьце адное – дзяржава мае падзяліцца зь сёньняшнімі пэнсіянерамі за кошт сродкаў бюджэту, а таксама праз продаж часткі сваёй маёмасьці для насычэньня пэнсійнага фонду. Гэта й будзе зробленае. (Балюча ў зьвязку з гэтым ўсведамляць, як разрабавалі Беларусь за тры гады кіраваньня гэтай старой улады. Згубленыя вялізарныя сродкі.)
Асаблівая ўвага будзе зьвернутая на моладзевую палітыку, на сацыяльны прыярытэт і стымуляваньне разьвіцьця маладой сям’і. Неабходна тэрмінова спыніць фізічнае выраджэньне нацыі. Прэстыж, уладкаваньне й дабрабыт сям’і стане найважнейшай дзяржаўнай справай. На гэта будуць выдаткаваныя сродкі, створаныя ўмовы, зьмененыя й распрацаваныя адрасныя сацыяльныя падыходы. Дзяржава трывала стаіць на базе маладога, энэргічнага, здаровага грамадзтва. Дзяржава ж мае й стварыць умовы для такога грамадзтва, для рэалізацыі свабоды, энэргіі й правоў чалавека.
Будзе ўхвалены закон пра выкарыстаньне замежнае працоўнае сілы. Грамадзяне Беларусі атрымаюць прыярытэтнае права на вакантныя працоўныя мейсцы. Працадаўцы будуць сплочваць мыта за прыём на працу замежных грамадзянаў і г.д., як гэта адбываецца ў іншых краінах і плянуецца ў Расеі. Грамадзянін Беларусі ня мае стаяць беспрацоўным каля брамы праз тое, што ягонае мейсца заняў «танны» працаўнік з Віетнама альбо хабарнік з поўдня.
Адзначу таксама, што БНФ як адраджэнска-народніцкі рух, блізкі да хрыстыянскае дэмакратыі й ідэалёгіі кансэрватыўных партыяў цэнтру, цалкам адмаўляе сацыялізм і ня прымае многія каштоўнасьці й мэтоды лібэральнага капіталізму. Мы выступаем за парытэт правоў чалавека, нацыі й дзяржавы, за сацыяльна-рынкавую эканоміку, сутнасьць якой найлепшым чынам ўвасобленая ў сучаснай Нямеччыне дзякуючы прадуманым дзеяньням хрыстыянска-дэмакратычных урадаў.
У працэсе рэформаў будуць ухваленыя неабходныя палітычныя крокі й рашэньні. Першае й найважнейшае. Беларусь выйдзе з СНД. Наш шлях – гэта шлях балтыйскіх краінаў, шлях вяртаньня ў эўрапейскую цывілізацыю. Нельга нават фармальна быць з Расеяй у якіх-кольвек хаўрусах або садружнасьцях (гэта ня тычыцца двухбаковых сувязяў і гандлю), каб не надаваць падставы для застасаваньня ў адносінах да Беларусі імпэрскае палітыкі. Будзе пастаўленае пытаньне пра найхутчэйшы вывад з нашай тэрыторыі расейскіх войскаў. Ніводнае рашэньне, ніводная ратыфікацыя, ніводная дамова ані пастанова, ухваленая гэтай нелегітымнай Вярхоўнай Радай пасьля 29 кастрычніка 1992 г. (незаконная забарона рэфэрэндуму) і скіраваныя супроць дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў Беларусі, ня будуць прызнаныя. Такія рашэньні, дамовы будуць абвешчаныя несапраўднымі, дэнансаваныя й скасаваныя; скрадзеная й незаконна перададзеная ва ўласнасьць іншым дзяржавам і іхным суб’ектам дзяржаўная маёмасьць Беларусі будзе нацыяналізаваная й вернутая. Расейскім дзялкам і карпарацыям мы б не раілі праз выкарыстаньне здрады й адпаведнага моманту для рабаваньня раскрываць рот на нашы нафтавыя заводы й іншае. Можаце трагічна памыліцца…
Будуць забароненыя ўсе камуністычныя арганізацыі ў Беларусі, якія выступаюць супроць незалежнае беларускае дзяржавы, ейнай Канстытуцыі, сымбаляў, мовы й якія займаюцца падрыўной антынацыянальнай дзейнасьцю. Дэмакратычная ўлада ў Беларусі будзе намагацца арганізаваць міжнародны суд над ідэалёгіяй і злачынствамі камунізму ў нашай краіне.
Фота: tsn.ua
Мы ня маем забываць, што ў выніку расейскай камуністычнай палітыкі (Пакту Молатава-Рыбэнтропа, сталінска-ленінскіх рашэньняў і г.д.) Беларусь (Беларуская Народная Рэспубліка) страціла траціну сваіх спрадвечных тэрыторыяў з аўтахтонным беларускім насельніцтвам, у тым ліку сваю сталіцу Вільню, гарады Беласток, Смаленск, Бранск, Лепель, Себеж, Навазыбкаў, Дарагабуж, вялізныя землі на ўсходзе ажно да Вязьмы. Расейскія камуністычныя палітыкі гаспадарылі на нашых землях, раздалі й забралі нашыя тэрыторыі.
г. Смаленск
У 1990 годзе дэпутацкая дэлегацыя БНФ зьдзяйсьняла папярэднія неафіцыйныя перамовы з расейцамі на парляманцкім узроўні пра мажлівасьць вяртаньня Беларусі ўсходніх земляў – Смаленшчыны, Пскоўшчыны й Браншчыны. Было паразуменьне й нават жаданне нашых смаленскіх калегаў далучыцца да Беларусі.
Пытаньне пра вяртаньне ўсходнебеларускіх земляў будзе паноўна пастаўленае (пра гэта вялося ў 20-х і 30-х гадох). Гэтак жа, як і пытаньне пра кампэнсацыю за чарнобыльскую катастрофу, пра залаты запас СССР, пра маёмасьць за мяжой і інш.
Будуць зьдзяйсьняцца намаганьні што да ўмацаваньня нашага нэйтралітэту й стварэньня Балта-Чарнаморскай асацыяцыі дзяржаваў, а ў пэрспэктыве і ўсіх дзяржаваў Усходняе й Цэнтральнае Эўропы (былы «сацлягер», апроч Расеі).
На шляху да свабоды й нацыянальна-культурнага адраджэньня народ мае разьлічваць на свае сілы. У гэтай справе ніхто не дапаможа, калі самое грамадзтва ня высьпела да волі й свабоды.
Наша нацыя глыбака й цяжка хворая. Працэс адужаньня йдзе павольна й цяжка, з спазьненьнем ва ўсведамленьні таго, што адбываецца. Але гэты працэс незваротны, бо няма іншага шляху разьвіцьця нацыі зь гістарычнага нябыту, як адраджэньне. Адраджэньне або паміраньне. Трэцяга няма. Час жа працуе на адраджэньне. Сьпяшайцеся усьвядоміць гэта, хто яшчэ не зразумеў.
Калі гаворка йдзе пра існаваньне народу, пра лёс нацыі – трэцяга шляху няма, панове. І не шукайце яго. І ня цешце сябе ілюзіямі пра няўдзел у драме, бо гэта ёсьць неўсвядомленая падтрымка зла. Гэтая ісьціна духоўная й гістарычная, старажытная як блуканьне маладушных.
Зянон Пазьняк, «Народная газэта», 15-17.01.1994 г.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа