![](https://informnapalm.org/by/wp-content/uploads/sites/6/2019/02/braty03-1-642x336.jpg)
Сёньня, 22 лютага, пятая гадавіна падзеньня рэжыму Януковіча. Рэвалюцыя Годнасьці, якая зьмяніла ня толькі Украіну, але ўсё навакольную геапалітычную прастору, кардынальна паўплывала на зьмяненьне канфігурацыі пост-ялцінскага сьвету. Аўтар гэтых радкоў зьяўляецца непасрэдным удзельнікам гістарычных падзеяў, якія адбываліся пяць гадоў таму. На знак ушанаваньня пятай гадавіны я вырашыў апублікаваць кампіляцыю сваіх найлепшых фатаздымкаў, зробленых мною падчас рэвалюцыі. У іх адлюстраваныя людзі Майдану, іхны побыт, сьвяткаваньне Раства Хрыстова, баі на вуліцы Грушэўскага, акцыі Аўтамайдану, актывістам якога я таксама быў, і шмат іншага.
Рашэньне паехаць на Майдан не было спантанным. Яго абумовіла тое, што Украіна для мяне ёсьць такой жа роднай, як і Беларусь: мой род паходзіць з старажытнага казацкага роду Івашына. Бацька – Яўген Мікалаевіч – родам зь Дняпра, дзед – Мікалай Дарафеевіч Івашына – нарадзіўся за 70 км ад гэтага вялікага гораду ў сяле Вольныя Хутары Верхнедняпроўcкага раёну, якое мае продкі заснавалі ў сярэдзіне XVIII ст.
Я нарадзіўся ў Беларусі, у Горадні, дзе й жыву, таму яшчэ адной ключавой прычынай паехаць на Майдан было абсалютна выразнае бачаньне наўпроставай пагрозы для беларускага народу апынуцца ў жорнавах новага нэаімпэрскага геапалітычнага ўтварэньня, якім без сумневу зьяўляўся б Эўразійскій саюз з Украінай у сваім складзе.
Я ўваходзіў у 1-ю львоўскую сотню самаабароны, якая дысьлякавалася ў Кастрычніцкім палацы, які ягоныя абаронцы перайменавалі на Палац Свабоды. У функцыі нашага падразьдзяленьня ўваходзіла абарона й пабудова новых барыкадаў, патруляваньне пэрымэтру, зьдзяйсьненьне рэйдаў па-за тэрыторыю, кантраляваную Майданам, напрыклад для дэблякады аўтамабіляў і грузавікоў з харчамі й дровамі. Гэты аўтатранспарт, які дастаўляў крытычныя рэсурсы для падтрыманьня жыцьцядзейнасьці нашай сапраўднай выспы свабоды, досыць часта блякавалі супрацоўнікі сілавых ведамстваў.
Разам з сваім пабрацімам Багданам Шкодынам (леваруч)
Свой уклад у Рэвалюцыю я зьдзейсьніў на працягу 24 содняў, якія быў на Майдане, – з 4 па 28 студзеня 2014 г. Гэта быў час насычаны драматызмам, ахвярным гераізмам, узаемадапамогай і неймавернай салідарнасьцю й пакліканьнем людзей добрай волі. Дзеля атрыманага падобнага жыцьцёвага досьведу й варта жыць. Бо гэта кшталцуе й загартоўвае цябе, надае жалезабэтонную веру ў зьмены да лепшага й абумоўлівае твае далейшыя дзеяньні.
Масавае яднаньне пасіянарыяў на Майдане з усяе Украіны, а таксама зь іншых дзяржаваў запусьціла ланцуговую рэакцыю перафарматаваньня постсавецкае прасторы, наступствы якога будуць бачныя толькі ў межах маштабнай гістарычнай пэрспэктывы. Толькі яна зможа даць адказ на пытаньне пра мейсца й ролю гэтага перыяду ў гісторыі. Але ўжо зараз можна з ўпэўненасьцю казаць, што бяз гэтых падзеяў мы зараз зь вялікай верагоднасьцю жылі б у рэаліях адноўленага расейскага імпэрскага ўтварэньня і былі б выразьнікамі волі й інтарэсаў расейскай дзяржавы. Неўзабаве, як Віктар Януковіч пасьля таемнай сустрэчы з Пуціным у Сочы здрадзіў свайму народу і зьмяніў вэктар разьвіцьця краіны, быў акрэсьлены час паўнавартаснага запуску імпэрскага ўтварэньня “Эўразійскій саюз” з Украінай у складзе – студзень 2015 году. Сьвятло для Беларусі й Украіны на прыканцы тунэлю згасла б на вельмі вялікі прамежак часу, мажліва, большы за жыцьцё аднаго пакаленьня. Аднак чалавечая воля, вера й прага дзеяньняў не далі гэтаму спраўдзіцца.
Расея распачала ваенную агрэсію супроць Украіны менавіта празь немажлівасьць суцішыць свой фантомны боль у выніку “найвялікшай геапалітычнай кастрофы ХХ стагодзьзя”. Вайна супроць украінскага народу мае для яе выключна імпэрскае вымярэньне, у той час як для Украіны і лепшых прадстаўнікоў іншых краінаў, што супольна з украінцамі супрацьстаяць агрэсіі, – нацыянальна-вызвольнае. За свабоду і свой уласны цывілізацыйны выбар трэба змагацца, але з палымянай верай і шчырымі дзеяньнямі, з гонарам і годнасьцю!
Анлайн-фотавыстава пачынаецца з сэрыі фатаздымкаў, зробленых мною ў пэрыяд калядных сьвятаў, калі падзеі на Майдане мелі яшчэ адносна мірны характар.
У Палацы Свабоды дысьлякавалася цэлая сотня самаабароны з Крыму.
Фатаздымак ніжэй зроблены з тэрыторыі Марыінскага парку, калі ў ім яшчэ не знаходзіўся лягер Антымайдану. Беларускі сьцяг падсьвятляюць пражэктарам з вайсковага аўтамабалю жаўнеры нутраных войскаў.
Блёк-пост сілавых ведамстваў на вул. Грушэўскага. Праз дванаццаць дзён усе гэтыя аўтамашыны будуць спаленыя падчас вулічных баёў.
Калядоўнікі дораць вясёлы й бадзёры настрой абаронцам Палацу прафсаюзаў.
Адная з галоўных палявых кухняў з гучнай назвай “Эўраборшч”. Пэўна, без ладных пасілкаў не было б і гаворкі пра добры стан маральна-баявога духу абаронцаў Майдану.
Камэндант палявой кухні “Эўраборшч” Аляксандар з Магілева (у фота праваруч).
Да пачатку баёў на Грушэўскага гэтая барыкада, што выходзіла ў бок Эўрапейскай плошчы, была апошняй. Тэрыторыя, падкантрольная Майдану, за ёй сканчвалася.
Надпіс над уваходам на Майдан побач з Палацам Прафсаюзаў. Правісеў ён досыць працяглы час ажно да штурму гэтай барыкады спэцпадразьдзяленьнямі 18 лютага 2014 году. Праз два дні пасьля гэтага расейцы распачнуць апэрацыю захопу Крыму.
У фатаздымку ніжэй побач з ІТ-намётам можна пабачыць расейскі сьцяг. Падчас рэвалюцыі мы зь вялікай засьцярогай ставіліся да ўсяго расейскага, асабліва да прадстаўнікоў мэдыя з РФ. Аднак адносная цярпімасьць да расейцаў тады яшчэ была.
Анклаў Майдану на Міхайлаўскай плошчы (адлегласьць – паўкілямэтру). Я яго асабіста называў “Гайдамацкі хутар”. Выконваў функцыі практычна ўзводнага апорнага пункту.
Дэкамунізацыя, якая абавязкова прыйдзе і ў Беларусь, пачалася менавіта адсюль.
Славутая Львоўская брама, што выходзіла на вуліцу Інстытуцкую. На барыкадзе можна пабачыць прымацаваны надпіс на знак падтрымкі Майдану патрыётамі Беларусі.
На тэрыторыі, падкантрольнай Майдану, практычна ніколі не было супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, прынамсі ў форме. Ахову парадку зьдзяйсьнялі сваімі сіламі падразьдзяленьні добраахвотнікаў. Фота, пададзенае ніжэй, зьяўляецца ў пэўным сэньсе ўнікальным.
Добрай традыцый сталася пакідаць драўляны брусок з назовам населенага пункту свайго жыхарства. У фота можна пабачыць назвы гарадоў, якія сёньня знаходзяцца пад кантролем расейскіх акупацыйных войскаў.
Шчыры клопат што да абаронцаў Палаца Свабоды. У кадар патрапіла таксама частка кухні на другім паверсе нашага сталага мейсца дысьлякацыі.
Гэты фатаздымак з мной быў апублікаваны ў студзені 2014 году на сайце Эўрапейскага радыё для Беларусі. Яно сталася загалоўным для вялікага інтэрвію, якое я надаў тады журналісту гэтага радыё Зьмітру Лукашуку. У фота ўдалечыні можна пабачыць рэзыдэнцыю прэзыдэнта Украіны, на той момант Віктара Януковіча.
Увечары 10 студзеня 2014 году актывісты Аўтамайдану заблякавалі два аўтобусы з амаль ротай “Бэркуту” непадалёк Сьвятошынскага РУУС Кіева. Байцы спэцпадразьдзяленьня раней зьздейсьнілі гвалтоўнае зьбіцьцё актывістаў, якія прыйшлі да будынку суду Святошынскага раёну на знак падтрымкі засуджаным у справе “Васількоўскіх тэрарыстаў”. Пасьля жорсткага сутыкненьня “бэркутаўцаў” прапусьцілі праз калідор ганьбы, пры гэтым зьдзяйсьняючы фота- й відэафіксацыю іхных абліччаў.
Падчас аднаго з рэйдаў Аўтамайдану ў рэзыдэнцыю Януковіча Межыгор’е” дарогу нам зьнянацку заблякавала групоўка так званых “цітушак”. Нашая перадавая група ўзяла ўсю атаку на сябе, каб забясьпечыць выезд з Кіева асноўнай калёне.
Штурм і узяцьце першага блёк-пасту ля ўезду ў Межыгор’е.
Рэзыдэнцыя Януковіча ўвесь час сустракала нас глыбака эшалянавай лініяй абароны спэцпадразьдзяленьняў.
Шторанкавае шыхтаваньне асабовага складу сотняў самаабароны Палацу Свабоды.
Адзін з пабрацімаў рыхтуецца да газавай атакі.
Мірны візыт да Адміністрацыі прэзыдэнта на вул. Банкавай.
Мне вельмі пашчасьціла зрабіць супольнае фота зь легендарнай постацю Украіны – Ляўком Лук’яненкам – дысідэнтам, адным зь лідэраў украінскага нацыянальнага змаганьня. Савецкая сыстэма напоўніцу прапусьціла яго праз молах рэпрэсіяў. За антысавецкую дзейнасьць і думкі пра вольную Украіну ён быў прысуджаны да расстрэлу, замененаму на 15 гадоў лягероў. Агулам яго ўтрымлівалі ў зьняволеньні 26 (!) гадоў. Ён зьяўляецца аўтарам “Акту абвяшчэньня незалежнасьці Украіны” з 24 жніўня 1991 г., дэпутатам чатырох скліканьняў Вярхоўнае Рады. На жаль, 7 ліпеня 2018 году ён пайшоў з жыцьця.
У фатаздымку ніжэй можна пабачыць, як сотні самабароны выйшлі сустракаць харкаўскае бандфармаваньне “Аплот” Яўгена Жыліна. За некалькі дзён да гэтага байцы бандфармаваньня абвесьцілі пра намер зьдзейсьніць зачыстку Майдана.
19 студзеня 2014 году. Нядзельнае веча. Экспрэсія людзей, адлюстраваная ў фота, выразна перадае гістарычнасьць моманту і той настрой, які панаваў напярэдадні лёсавызначальных падзеяў, што адбыліся ў гэты дзень.
19 студзеня 2014 году. Хрышчэньне вагнём
Мая асабістая спраўджаная вэрсія “guerrilla urbana”.
Уваход у мэдычны пункт на вул. Грушэўскага, які ўдзень 22 студзеня 2014 г. будзе цалкам зьнішчаны “бэркутаўцамі”.
22 студзеня 2014 г. Адзін з самых трагічных дзён Майдану. Першыя забойствы ўдзельнікаў Рэвалюцыі. Безьліч параненых.
Падчас аднаго з кантрнаступаў і адбіцьця атакі сілавых ведамстваў абаронцы Майдану арганізуюць адмысловую вагнявую заслону, каб спыніць іхны тэрор супроць бяззбройных людзей.
24 студзеня 2014 г. Часовае перамір’е.
26 студзеня 2014 году. На адпяваньне Міхася Жызьнеўскага ў Міхайлаўскім саборы прыйшла вельмі вялікая колькасьць людзей. Пасьля адбыліся ўрачыстыя провады з шматтысячнай хадой да Майдану.
Вечная і сьветлая памяць загінулым у барацьбе за свабоду й чалавечую годнасьць. Яны пайшлі ў бой і адстаялі сьвятыя ідэалы Свабоды й Дэмакратыі. Іхны непераможны дух мае жыць у нашых учынках і справах, у сталёвай волі і ахвярных дзеяньнях.
Рэдактар беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm
Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа