Рэдактар беларускай службы InformNapalm Дзяніс Івашын апублікаваў на сайце рэспубліканскай агульнапалітычнай газэты «Новы Час» уласны артыкул пра пятую гадавіну з моманту акупацыі Славянска і Краматорска і пачатак актыўных баявых дзеяньняў на Данбасе. Расскрыў інфармацыю пра пэрыяд акупацыі й працэс вызваленьня ўкраінскіх гарадоў. Ён асабіста наведаў вызваленыя ўкраінскімі вайскоўцамі гарады Данбасу, зьбіраў сьведчаньні й успаміны наўпроставых удзельнікаў баявых дзеяньняў. Апроч гэтага, з дапамогаю параўнаньня перадумоваў ваеннай агрэсіі РФ у Крыме й Данбасе акцэнтаваў увагу на ідэнтычных пагрозах для нацыянальнай бясьпекі Беларусі. Падаем гэты шмат у чым знакавы матар’ял.
Роўна пяць гадоў таму пад камандаваньнем расейскіх вайскоўцаў былі акупаваныя ўкраінскія гарады – Славянск і Краматорск. У адказ на гэтыя дзеяньні вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Украіны распачало правядзеньне Антытэрарыстычнае апэрацыі, якая перарасла ў паўнавартаснае ваеннае супрацьстаяньне з Расейскай Фэдэрацыяй.
Гібрыдная ваенная агрэсія РФ цалкам перафарматавала геапалітычную прастору, у якой знаходзіцца і Беларусь.
Пэўныя элемэнты гэтай нэаімпэрскай расейскай зьнешнепалітычнай праграмы, аўтарам якой ёсьць начальнік Генштабу Збройных сілаў РФ Валеры Герасімаў, досыць актыўна задзейнічаныя і ў адносінах нашай краіны. Крытычна важна на прыкладзе рэалізацыі гэтай праграмы ў Крыме й на Данбасе разумець і ўсьведамляць усе пагрозы для нацыянальнай бясьпекі Беларусі.
Падчас майго апошняга падарожжа на Данбас я ў гэтым ня толькі дадаткова пераканаўся, але фізычна адчуў жахлівыя наступствы «русского мира», якім атручаная ўся нашая постсавецкая прастора. Падарожжа я зьдзейсьніў некалькі месяцаў таму дзякуючы сяброўскай падтрымцы грамадзкага аналітычнага цэнтру «Рада зьнешняй палітыкі «Украінская прызма».
Славянск і Краматорск – магутны машынабудаўнічы клястэр украінскай прамысловасьці. Абодва гарады, адлегласьць паміж якімі менш за 10 кілямэтраў, уваходзяць у склад аглямэрацыі з цэнтрам у Краматорску. У яе таксама ўваходзяць Ліман, Дружкаўка і Канстантынаўка, агульная колькасьць насельніцтва складае прыблізна 600 тысячаў чалавек. Гэта важны цэнтар машынабудаўніцтва ўкраінскага Данбасу, а таксама раён зь вельмі разьвітой сельскай гаспадаркай.
Ён выразна адрозьніваецца ад шахтарскіх гарадоў і вельмі падобны, напрыклад, да беларускага Гомелю, у якім жыве параўнальна столькі ж насельніцтва і які ёсьць адным з цэнтраў машпраму Беларусі. Шмат у чым гэтая ўкраінская і беларуская мясьціны ў візуальным пляне ўспрымаюцца ідэнтычна. Гэта асэнсоўваеш адразу, як толькі прыязджаеш у гэты рэгіён Данбасу. Аднатыпная гарадзкая забудова, наяўнасьць вялікіх раёнаў прыватнага сэктару й прамзонаў. Падобныя гандлёвыя й забаўляльныя цэнтры, аўтасалоны, аб’екты адпачынку практычна нівэлюць якія-кольвек адрозьненьні.
Аднак амаль адразу прыходзіць і шокавае ўсьведамленьне ад таго, зь якой лёгкасьцю была захопленая гэтая аглямэрацыя расейскімі акупацыйнымі войскамі. Пры практычна поўным бязьдзеяньні мясцовых сілавых ведамстваў.
Баявыя дзеяньні, якія Расея пачала праводзіць увесну 2014 году на Данбасе, сталіся працягам ваеннай агрэсіі супроць Украіны, распачатай з акупацыі Крыму. Расея намагалася рэалізаваць «крымскі сцэнар» у шэрагу рэгіёнаў кантынэнтальнае Украіны. Для дэстабілізацыі сытуацыі ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны РФ пачала перакідваць праз расейска-ўкраінскую мяжу вялікую колькасьць выведвальна-дывэрсійных групаў (ДВГ).
Баявікі расейскіх акупацыйных сілаў, dw.com
Паводле задумы вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцітва РФ, апэрацыя «Русская Весна» (рас.) мелася стварыць падставы для дэстабілізацыі й адасабленьня ўкраінскіх тэрыторыяў, правядзеньня на іх так званых рэфэрэндумаў і мажлівага далучэньня да Расеі. Славянск быў абраны ў якасьці фарпосту для пашырэньня гібрыднай агрэсіі й рэалізацыі плянаў захопу ўсяе леваўзьбярэжнае Украіны з стварэньнем сухапутнага калідору да Крыму, захопу Мікалаеўскае й Адэскай абласьцей і выхаду да Прыднястроўя. Для гэтых мэтаў ва Украіне былі максымальна задзейнічаныя агенты ўплыву РФ, мясцовы крыміналітэт і калябаранты, мабілізаваныя ў разнастайныя струтуры прарасейскіх арганізацыяў.
Баявікі расейскіх акупацыйных сілаў
6 красавіка 2014 г. паводле каманды расейскіх куратараў баявікі пачалі захоп будынкаў абласной дзяржадміністрацыі ў Данецку і абласнога ўпраўленьня СБУ ў Луганску. На наступны дзень, 7 красавіка, у Данецку абвясьцілі стварэньне так званай «ДНР», зьвярнуліся наўпрост да Пуціна з просьбай увесьці “міратворчыя” расейскія войскі. Характэрна, што ў Данецку да гэтага праходзілі праўкраінскія мітынгі з агульнай колькасьцю ўдзельнікаў ад 5 да 10 тысячаў чалавек. Данецкі інстытут сацыяльных дасьледаваньняў і палітычнага аналізу з 26 па 29 сакавіка 2014 г. праводзіў апытаньне, вынікі якога засьведчылі, што 40,8% жыхароў Данецку падтрымлівалі акцыі за адзінства Украіны і толькі 26,5% – дзеяньні прарасейскіх сілаў, пры гэтым 77% жыхароў гораду засуджалі захоп адмінбудынкаў.
12 красавіка 2014 году, роўна праз 6 дзён пасьля захопу Данецкае абласное дзяржадміністрацыі, расейскія сілы ўварваньня, якія складаліся пераважна з вайскоўцаў дывэрсійна-выведвальных групаў ЗС РФ зьяўляюцца ў Славянску, Краматорску й Дружкаўцы. Дзейнічаюць яны ў складзе зводнага атраду ФСБ «Крым», які ў колькасьці 52 чалавек быў перакінуты з акупаванае ўкраінскае паўвыспы. Разам зь імі дзейнічаюць байцы расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў, найміты, прадстаўнікі расейскіх «казачых» фармаваньняў і мясцовыя калябаранты – байцы разфармаванага спэцпадразьдзяленьня МУС «Бэркут», крыміналітэт і іншыя баявікі з тэрарыстычнага ўтварэньня «ДНР». Ачольвае групоўку ўварваньня з Крыму палкоўнік запасу Ігар Гіркін (псэўд. «Ігар Стралкоў», далей «Стралкоў-Гіркін»), які паводле ягоных словаў, крыху больш за год да гэтых падзеяў быў палкоўнікам ФСБ РФ.
Пад агульным контролем і каардынацыяй дзеяньняў расейскімі спэцслужбамі ў 116-тысячным Славянску адбываецца захоп дзяржаўных адміністратыўных установаў, упраўленьня СБУ й аддзяленьняў міліцыі. Захопленая зброя раздаецца баявікам. Адбываецца гэта на фоне практычна поўнай адсутнасьці супраціву мясцовых сілавых ведамстваў, шматлікія прадстаўнікі якіх адкрыта супрацоўнічаюць з акупацыйнымі сіламі. Ключавыя аб’екты ў Краматорску захопліваюць некалькі дзясяткаў чалавек пры адсутнасьці супрацьдзеяньня асабовага складу гарадзкога аддзяленьня міліцыі, які налічваў 380 чалавек. Паводле аналягічнага сцэнару адбываецца захоп Горлаўкі і іншых гарадоў Данбасу.
Непасрэдна саўдзельнічае й зьдзяйсьняе дапамогу расейскім акупантам у тэрарыстычнай дзейнасьці ў Славянску пратаярэй Віталій, сьвятар Сьвята-Уваскрасенскай царквы, які перадае адзін з падкантрольных будынкаў Маскоўскага патрыярхату для арганізацыі базы баявікоў. Апроч духавенства дзеяньням акупантаў у Славянску наўпрост спрыяе мэр гораду і чалец «Партыі Рэгіёнаў» Нэля Штэпа. Яна ня толькі зьдзяйсьняе значную падтрымку расейскім акупантам, але й удзельнічае ў правядзеньні так званага рэфэрэндуму 11 траўня 2014 г. што да «самавызначэньня «ДНР».
13 красавіка 2014 г. паводле заявы Аляксандра Турчынава, які на той момант часова выконваў абавязкі прэзыдэнта Украіны, Рада нацыянальнае бясьпекі й абароны пачынае поўнамаштабную антытэрарыстычную апэрацыю (АТА) з застасаваньнем сілаў і сродкаў Збройных Сілаў Украіны (ЗСУ) і Нацыянальнай Гвардыі Украіны (НГУ).
Першы бой АТА адбыўся 13 красавіка 2014 г. непадалёк аднаго з раёну Славянску – Сямёнаўкі. Да акупаванага гораду на гэлікоптэрах меліся перакінуць спэцпадразьдзяленьне «Амэга» НГУ, а яму для ўзмацненьня была вылучаная рота дэсантнікаў 80-й аэрамабільнай брыгады разам з шасьцю БТРамі. Празь зьбег абставінаў рота не прыбывае да «Амэгі» й знаходзіцца непадалёк магістралі пад Сямёнаўкаю. Падразьдзяленьне расейка-акупацыйных войскаў арганізоўвае ў лесапасадцы засаду й чакае на далейшыя дзеяньні. Неўзабаве да дэсантнікаў пад’язджае група з шасьці байцоў Цэнтру спэцапэрацыяў «А» («Альфа») Упраўленьня СБУ ў Палтаўскай вобласьці. Разам з дэсантнікамі ўжо знаходзяцца камандуючы ПДВ Аляксандр Швец і два намесьнікі старшыні СБУ – Віктар Ягун і Віталь Цыганюк. Празь некаторы час з дарогі раптоўна зьязджаюць тры аўтамабілі з баявікамі, якія адразу адкрываюць агонь па супрацоўніках СБУ. Другая група баявікоў, што сядзела ў лесападцы, таксама пачынае страляць.
Характэрна, што дэсантнікам, якія пагрузіліся ў БТРы, быў дадзены загад не адчыняць агонь. Аднак яго сьвядома парушае камандыр 3-й роты 80-й брыгады старэйшы лейтэнант Вадзім Сухарэўскі, які вагнём з буйнакалібэрнага кулямёту БТРу падтрымаў байцоў «Альфы». Агонь баявікоў быў падаўлены і яны былі вымушаныя адступіць. У баі загінуў капітан спэцпадразьдзяленьня «Альфа» СБУ Генадзь Білічэнка. Ён стаўся першым вайскоўцам, які аддаў свае жыцьцё за Бацькаўшчыну ў вайне на Данбасе. Зь ягонай біяграфіі вядома, што пэўная частка ягонага жыцьця была зьвязаная й зь Беларусьсю.
Генадзь Білічэнка – першы загінулы ўкраінскі вайсковец у вайне на Данбасе / censor.net
Ён нарадзіўся ў Казахстане, а ў 1984 годзе разам з бацькамі пераехаў у Беларусь. У 1994 годзе скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум. У тым жа годзе пераехаў да бацькоў, якія жылі на той час у Палтаўскай вобласьці. Служыць у СБУ пачаў у чэрвені 1995 году. Падчас бою з расейскімі падразьдзяленьнямі, нягледзячы на параненьне, працягваў весьці вагонь, прыкрываючы сваіх пабрацімаў. Загінуў на мейсцы бою праз шматлікія параненьні. У яго засталіся жонка й сын.
Вядома, што нападам на «альфаўцаў» кіраваў намесьнік Стралкова-Гіркіна, камандыр ударнай групы атраду ФСБ «Крым» Сяргей Журыкаў (снайпэр, пазыўны «Ромашка», рас.), па сумяшцальніцтве – служыцель РПЦ Маскоўскага патрыярхату, панамар Кіева-Пячэрскае Лаўры. Быў выхаднем з Крыму, меў расейскае грамадзянства. Апроч яго яшчэ чацьвёра баявікоў атраду ўваходзілі ў структуру Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Украіны.
Помнік загінулым украінскім вайскоўцам на ўездзе ў Славянск / Фота аўтара
У першы дзень АТА байцы «Амэгі» зьнішчылі адзін блёкпост расейскіх сілаў з боку Краматорску і яшчэ адзін з харкаўскага напрамку. Аднак на гэтым першы штурм Славянска скончыўся, украінскія сілавікі адмовіліся ўваходзіць у горад без прыкрыцьця бронетэхнікі.
15 красавіка 2014 г. паразьдзяленьні ўкраінскага спэцназу вызваляюць вайсковы аэрадром у Краматорску, які ёсьць вельмі важным аб’етам: ён дазваляе прыймаць вайскова-транспартную авіяцыю, а таксама прыкрывае падыходы да Славянска й Краматорска.
У гэты ж дзень да Славянска выпраўляецца 1-ы рэзэрвовы батальён апэратыўнага прызначэньня НГУ з асабовым складам да 350 чалавек. Характэрна, што гэты батальён быў цалкам сфармаваны з дабраахвотнікаў – сябраў сотняў Самаабароны Майдану, якія папярэдне прайшлі спэцпадрыхтоўку на палігоне Нацгвардыі ў сяле Новыя Пятроўцы пад Кіевам. Баявой падрыхтоўкай і зладжваньнем байцоў дабрабату займаўся Герой Украіны генэрал-маёр Сяргей Кульчыцкі, які больш за месяц да сваёй трагічнай гібелі на гары Карачун пад Славянскам знаходзіўся разам з дабраахвотнікамі.
Герой Украіны генэрал-маёр Сяргей Кульчыцкі / morpeh.com.ua
Пасьля гібелі Сяргея Кульчыцкага ягонае імя сталася пачэсным найменьнем 1-га рэзэрвовага батальёну НГУ.
Згаданая гара Карачун зьяўляецца пануючай вышынёй над усёй прылеглай мясцовасьцю, на ёй месьціцца тэлерадыёперадавальны цэнтар разам з тэлевежай. 17 красавіка 2014 г. дывэрсійна-выведвальныя групы Галоўнага ўпраўленьня (колішняе «ГРУ») Генштабу ЗС РФ захопліваюць гэты стратэгічны аб’ект, пасьля чаго адразу замяняюць трансьляцыю ўкраінскіх тэлерадыёканалаў на тэлевізію Расейскае Фэдэрацыі.
Гара Карачун / Фота аўтара
У той жа дзень кіраўнік РФ Пуцін робіць заяву пра тое, што паўднёвы ўсход Украіны гэта – «Новороссия», а Харкаў, Данецк, Луганск, Хэрсон, Мікалаеў і Адэса былі перададзеныя ў склад Украіны савецкім урадам. Менш чымся праз год, аналягічныя заявы пра незаконную перадачу Гомеля, Магілева й Віцебска Беларусі робяць і іншыя рэалізатары неаімпэрскага курсу Расеі.
Каб спыніць распаўсюд на тэрыторыі Данбасу расейскай прапаганды Дмытро Яраш разам з фармаваньнем «Правы Сэктар» вырашаюць правесьці адную з першых контратак украінскіх дабраахвотнікаў у вайне на Данбасе. Правядзеньне апэрацыі паводле словаў Яраша, папярэдне ўзгадняюць з Аляксандрам Турчынавым, які на той час працягваў выконваць абавязкі прэзыдэнта.
Удзельнікі наступальнага рэйду, які пачаўся 20 красавіка 2014 г., меліся зьнішчыць трансфарматар тэлевізійнай вежы на гары Карачун. Яны мелі абмежаваны боекамплект, большасьць байцоў «Правага Сэктару» ня мелі ані бронекамізэлек, ані шаломаў. Падчас правядзеньня апэрацыі яны цалкам зьнішчылі блёкпост баявікоў на заходнім уедзе у Славянск. Аднак дабраахвотнікі былі вымушаныя адступіць, бо падчас бою зазналі істотныя страты.
Выгляд з гары Карачун на Славянск / Фота аўтара
24 красавіка 2014 г. адбываецца другая спроба штурму Славянска. Украінскія вайскоўцы зьнішчаюць некалькі блёкпастоў расейскае гібрыднае арміі, аднак наступ спыняецца й баявікі аднаўляюць кантроль над некаторымі страчанымі пазыцыямі. Паводле словаў першага віцэ-прэм’ера Украіны Віталя Ярэмы, у Славянску і Краматорску ў гэты час дысьлякуюцца байцы 45-га палку ПДВ ЗС РФ.
Да 25 красавіка фармаваньне ўкраінскай вайсковай групоўкі вакол Славянска завяршаецца, горад апынаецца ў закрытым нутраным коле. Баявікі патрапляюць у апэратыўнае атачэньне з поўнай ізаляцыяй, аднак працягваюць значны супраціў. Расейскае камандаваньне арганізоўвае вельмі добрую абарону гораду. Зробленыя капаніры пад бронетэхніку, маецца вялікая колькасьць добра абсталяваных агнявых пунктаў, зьдзейсьненая адпаведная інжынэрная падрыхтоўка мясцовасьці. Апроч гэтага баявікі маюць пераносныя зэнітныя ракетныя комплексы. 2 траўня 2014 г. з дапамогаю ПЗРК яны зьбіваюць у небе над Славянскам два вайсковыя штурмавыя гэлікоптэры Мі-24 16-й брыгады армейскай авіяцыі ЗСУ.
Фота аўтара
Ключавым аб’еткам для дэакупацыі Славянска й Краматорска зьяўлялася стратэгічная вышыня – гара Карачун. Кантроль над ёй украінская армія вяртае 3 траўня 2014 г. Пазыцыі на працягу двух месяцаў утрымлівае рота ўкраінскіх вайскоўцаў 95-й асобнай аэрамабільнай брыгады. Баявікі не пакідаюць спробаў адбіць гэты стратэгічны аб’ект і праводзяць шматлікія штурмавыя атакі й артылейскія абстрэлы.
Літаральна праз пару дзён, 5 траўня 2014 г., падразьдяленьне НГУ разам з дэсантнікамі ЗСУ і байцамі «Альфы» СБУ патрапляе ў засаду ў раёне Славянску – Сямёнаўцы. Супраціўнік абсталяваў пазыцыі ў жылых будынках і адкрыў інтэнсіўны вагонь па ўкраінскіх вайскоўцаў з буйнакалібэрных кулямётаў, снайпэрскіх вінтовак і іншай стралковай зброі, а таксама з гранатамётаў.
Зруйнаваныя гарадскія кварталы Сямёнаўкі / Фота аўтара
Бой трывае больш за гадзіну. Дзякуючы прафэсійным дзеяньням украінскіх вайскоўцаў, а таксама своечасоваму падмацаваньню атака баявікоў была адбітая.
Зруйнаваныя гарадскія кварталы Сямёнаўкі / Фота аўтара
Вораг зазнаў досыць вялікія страты – больш за 40 забітых – і адступіў да прамзоны Славянску. Шматлікія жыцьці мясцовых жыхароў удаецца ўратаваць. На вялікі жаль у гэтым баі загінулі палкоўнік СБУ Аляксандар Анішчанка, маёр СБУ Руслан Лужэўскі, прапаршчык НГУ Віктар Далінскі.
Зруйнаваныя гарадскія кварталы Сямёнаўкі / Фота аўтара
Характэрна, што Аляксандар Анішчанка быў сярод тых афіцэраў, хто афіцыйна адмовіўся страляць у пратэстоўцаў і ўдзельнічаць у спэцапэрацыі штурму Майдану ў лютым 2014 году.
Афіцэры СБУ Аляксандар Анішчанка і Руслан Лужэўскі, прапаршчык НГУ Віктар Далінскі
У сярэдзіне траўня 2014 году падразьдзяленьні ўкраінскае арміі зьнішчаюць умацаваньне расейскіх акупацыйных войскаў у 5-кілямэтровай зоне вокал гары Карчун. Паводле сьведчаньняў украінскіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях супроць іх ўдзельнічае значная колькасьць “кадыраўскіх” баявікоў.
Атакі на ўкраінскія блёкпасты вакол Славянска не спыняюцца. 24 траўня 2014 году ля села Карлаўка, што на паўноўчным ускрайку Славянска ў раёне скрыжаваньня аўтадарогаў падчас атакі занігуў баец НГУ, чацьвёра былі параненыя. Былі пашкоджаныя жылыя будынкі і псыхіятрычная лякарня, якая загарэлася. 28 чэрвэня па гэтым жа блёкпосьце баявікі зьдзейсьнілі мінамётны абстрэл, у выніку якога загінулі тры вайскоўцы 95-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ.
29 траўня расейскія баявікі зьбіваюць гэлікоптэр Мі-8МТ НГУ, з дапамогаю якога была праведзеная ратацыя асабовага складу на пазыцыях гары Карачун й зьдзейсьненая дастаўка прадуктаў харчаваньня. У выніку зьбіцьця гэлікоптэра загінулі 12 чалавек, сярод іх – генэрал-маёр Сяргей Кульчыцкі.
На абарончых пазыцыях на гары Карачун ужо валадарыць расьлінасьць / Фота аўтара
Напачатку чэрвеня 2014 году для ўмацаваньня кола атачэньня вакол Славянска выпраўляецца другі батальён НГУ, таксама сфармаваны з удзельнікаў «Самаабароны Майдану». Ужо на наступны дзень украінскія вайскоўцы зьнішчаюць умацаваны раён у Сямёнаўцы. Баявікі зазнаюць маштабныя страты. Аднак страты маюцца і ва ўкраінскага боку: падчас апэрацыі загінулі тры і былі параненыя 50 вайскоўцаў.
24 чэрвеня пасьля ўзьлёту з гары Карачун з ПЗРК баявікі зьбіваюць чарговы гэлікоптэр – шматмэтавы Мі-8, у якім загінулі 9 чалавек. Сярод загінулых знаходзіліся адмыслоўцы, якія ўсталёўвалі абсталяваньне для правядзеньня маніторынгу тэрыторыі й фіксацыі парушэньняў перамір’я ў зоне правядзеньня АТА, якое было абвешчанае з 20 чэрвеня 2014 г. Праз тыдзень, 1 ліпеня, у выніку мінамётнага абстрэлу пазыцыяў баявікі зьнішчаюць і тэлерадыёвежу, 222-мэтровая мэталічная канструкцыя якой падае на зямлю.
Новая пабудаваная тэлерадыёвежа, побач ляжаць сэкцыі старой, зьнішчанай баявікамі / Фота аўтара
Пасьля аднаўленьня антытэрарыстычнае апэрацыі 1 ліпеня 2014 г. кола атачэньня вакол Славянска істотна звужаецца. На той момант акупацыйны гарнізон у Славянску налічваў звыш за 1800 чалавек, меў ва ўзбраеньні 5 танкаў, перакінутых з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Таксама расейскія баявікі мелі 120-мм самаходныя артылерыйска-мінамётныя ўстаноўкі «Нона». Зафіксаванае, што яны адкрывалі вагонь зь іх па ўкраінскіх пазыцыях наўпрост зь дзіцячай пляцоўцы ля захопленага хрыстыянскага цэнтру ў Славянску.
На фота Дзяніс Івашын
Напрацягу ўсяго нелакіх наступных дзён, 3 і 4 ліпеня 2014 году супольныя сілы ЗСУ, НГУ, батальёну МУС Кіеў-1» ліквідуюць да 200 баявікоў, зьнішчаюць апорныя пункты й склады боепрыпасаў ў п. Мікалаеўка і вызваляюць гэты населены пункт. Склады БК украінскія сілавікі зьнішчаюць таксама і ў раёне Сямёнаўкі. Баявікі пачынаюць масава дэзэртаваць у напрамку Данецка, пэўная іх частка працягвае трымаць арганізаваную абарону ў цэнтры Славянска. Аднак панічныя настроі цалкам апаноўваць групоўку Стралкова-Гіркіна, якая 5 ліпеня бяжыць з Славянска некалькімі калёнамі праз 5-ы блёкпост і абыходным шляхам праз 4-ы блёкпост у накірунку Краматорска. Асноўны ўдар прыймае на сябе пяты блёкпост, які абараняе рота 25-й паветрана-дэсантнай брыгады, падразьдзяленьне МУС з Запарожскай вобласьці і ўзвод НГУ з батальёну імя Кульчыцкага. Падчас спробы прарыву групоўкі Гіркіна вайскоўцы зьнішчаюць усё бранекалёну супраціўніка.
Пяты блёкпост украінскіх вайскоўцаў знаходзіўся паміж Славянскам і Краматорскам
Фарпост «русского мира» быў разгромлены. Праз Краматорск, Дружкаўку і Канстантынаўку баявікі адступаюць у Данецк, пры гэтым, відавочна прыкрываюцца цывільнымі, каб пазьбегнуць авіяцыйнага ўдару. Украінскія вайскоўцы пачынаюць апэрацыю зачысткі Славянска й аднаўленьня кантролю ўкраінскай дзяржавы над горадам. Штурмавыя групы ліквідуюць агнявыя пункты, падаўляюць агонь снайпэраў і раззбройваюць мясцовую міліцыю, якая супрацоўнічала з акупантамі. Адразу разгортваецца місія што да наданьня гуманітарнай дапамогі жыхарам гораду.
Помнік пра бой на 5 блёкпосьце 4 ліпеня 2014 г. і помны знак загінулым вайскоўцам / Фота аўтара
Цягам 5-6 ліпеня 2014 г. аднаўляецца кантроль над гарадамі Краматорск, Бахмут (да 2016 г. Арцёмаўск), Дружкаўка і Канстантынаўка. Над гарадамі паноўна лунае ўкраінскі сьцяг. Дзяржава, валянтэрскі рух, дабрачынныя арганізацыі пачынаюць аднаўленьне інфрастуктуры й жылога фонду вызваленых гарадоў.
Украінскія вайскоўцы вярнулі дзяржаўны сьцяг на будынак гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Славянска / censor.net
Мір быў адноўлены коштам жыцьця прыблізна 70 украінскіх вайскоўцаў і 100 мірных жыхароў.
«Русский мир» пакінуў пасьля сябе вельмі глыбокія крывавыя раны.
Пасьля вызваленьня Славянску ў горадзе знайшлі тры мейсцы масавых пахаваньняў людзей, забітых расейскімі акупацыйнымі войскамі. Быў жорстка забіты Уладзімер Рыбак – дэпутат Горлаўскае гарадзкое рады. 17 красавіка 2014 г. ён намагаўся зьняць атрыбутыку тэрарыстычнага ўтварэньня «ДНР» з флагштоку гарадзкое дзяржаўнае адміністрацыі ў Горлаўцы і вярнуць на яго ўкраінскі сьцяг. За гэта яго выкралі, жорстка катавалі й забілі. Паводле вэрсіі СБУ, выкраданьне Уладзімера Рыбака было зьдзейсьненае паводле загаду падпалкоўніка ГУ Генштабу ЗС РФ Ігара Безьлера (пазыўны «Бес»). На загад Стралкова-Гіркіна ўкраінскага патрыёта даставілі ў Славянск, дзе пасьля страшэнных катаваньняў забілі. Ягонае цела зь сьледамі тартураў знайшлі 22 красавіка ў рэчцы Казённы Тарэц непадалёк Славянска.
Разам зь ім было знойдзенае і цела Юрыя Папраўкі – ўдзельніка Рэвалюцыі Годнасьці, сябра 23-й сотні Самаабароны Майдану. На абодвух целах меліся апёкі, сьляды ад нажавых параненьняў. Вызначанае, што яшчэ жывым ім успаролі жываты й кінулі ў Казённы Тарэц. У гэтай жа рэчцы непадалёк Славянска амаль праз тыдзень знайшлі зь следамі катаваньняў і цела Юрыя Дзякоўскага – паплечніка Юрыя Папраўкі і таксама ўдзельніка Рэвалюцыі Годнасьці.
Закатаваныя ўкраінскія патрыёты – Уладзімер Рыбак, Юры Папраўка і Юры Дзякоўскі
У лютым 2015 году Прэзыдэнт Украіны ўзнагародзіў Уладзімера Рыбака, Юрыя Папраўку і Юрыя Дзякоўскага званьнем Героя Украіны пасьмяротна.
На акупаваных тэрыторыях расейская акупацыйная адміністрацыя зьдзяйсьняла актыўны рэлігійны перасьлед сьватарства й вернікаў пратэстанцкіх цэркваў, грэка-каталіцкай і ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і іншых канфэсіяў. 8 чэрвеня 2014 году баявікі расейскага тэрарыстычнага фармаваньня «Русская православаная армия» выкралі ў Славянску чатырох хрыстыянаў веры эвангельскай – дыяканаў Уладзімера Вялічку і Віктара Брадарскага, а таксама двух дарослых сыноў старэйшага пастара – Рувіма й Альбэрта Павенкаў. Пасьля жорсткіх катаваньняў усіх выкрадзеных расстралялі.
Забітыя вернікі царквы «Прэабражэньне Гасподняе» / sprotyv.info
З пачаткам акупацыі ў Славянску была забароненая праўкраінская палітычная дзейнасьць, усе палітычныя партыі з патрыятычнай скіраванасьцю былі закрытыя. Паводле загаду камэнданта акупацыйнай адміністрацыі Славянска грамадзяніна Расеі Вячаслава Панамарова, жыхары захопленага гораду меліся інфармаваць пра падазроных асобаў і асабліва пра тых, хто размаўляў на ўкраінскай мове.
Славянск стаўся сапраўдным сымбалем жорсткасьці й трагізму. Людзей катавалі й забівалі ў адміністратыўных будынках, у падвале СБУ. Тыя, хто апынуўся пад акупацыяй, перажылі канфіскацыі, марадзёрства, бясчынства й гвалт, а таксама абстрэлы жылых будынкаў баявікамі, якія імітавалі дзеяньне нібыта ўкраінскай артылерыі.
Пакінутыя рэчы баявікоў расейскіх акупацыйных падразьдзяленьняў / Фота аўтара
Усе, хто выжыў, ведаюць зараз, як выглядае сапраўднае аблічча «русского мира» і якія “цывілізацыйныя каштоўнасьці” прыносяць з сабою расейскія акупанты.
Украінская дзяржава адраджае інфраструктуру й сацыяльную сфэру вызваленых гарадоў, актыўна аднаўляе аб’екты жыльлёва-камунальнае гаспадаркі, з дапамогаю рэзэрвовага фонду дапамагае адрамантаваць прыватны жылы фонд.
Пабудаваны новы жылы дом у н.п. Мікалаеўка замест зьнішчанага на гэтым жа мейсцы / Фота аўтара
Будуе новыя жылыя дамы, больніцы, аднаўляе дарожную інфраструктуру, арганізуе працу цэнтраў псыхалягічнай рэабілітацыі. Пры падтрымцы Эўразьвязу адчыняе цэнтры наданьня адміністрыўных паслугаў.
Будаўніцтва новага будынка мэдычнай установы ў Сямёнаўцы / Фота аўтара
Ніхто не жадае, каб вайна вярнулася на гэтую зямлю, таму Украіна грунтоўна ўзмацняе абаронназдатнасьць сваёй арміі, рэфармуе эканоміку, фундамэнтальным чынам разьвівае нацыяльную ідэнтычнасьць. Выстаўляе магутны бар’ер на мяжы з Расеяй і акупаванымі тэрыторыямі. Украінскі народ канстытуцыйным шляхам замацаваў свой курс на эўраатлянтычную інтэграцыю, уступ у Эўразьвяз і NATO. Гэтыя міжнародныя інстытуцыі будуць спрыяць ня толькі эканамічнаму й гуманітарнаму разьвіцьцю Украіны, але й надзейнай абароне ейнага эўрапейскага цывілізацыйнага выбару.
Фота аўтара
Беларусь таксама, як і Украіна знаходзіцца на лініі геапалітычнага цывілізацыйнага разлому. Гэтая тэрыторыя заўжды знаходзілася і будзе перабываць у сфэры жыцьцёвых інтарэсаў Расеі. Пануючы прарасейскі рэжым у Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя спрыяе актыўнаму размываньню нацыянальнай беларускай ідэнтычнасьці ў адзіным сацыякультурным асяродзьдзі з Расеяй. Праводзіць вайсковую, палітычную, эканамічную й гуманітарную інтэграцыю зь дзяржавай-агрэсарам. Пры гэтым нацыянальны палітычны рух у Беларусі разгромлены й пераведзены ў дэсыдэнцкае становішча, а для расейскіх прапагандысцкіх СМІ ў беларускай інфапрасторы створаныя ўсе ўмовы для дамінаваньня.
Дэмантаж помніка Леніну ў Славянску / 24tv.ua
Усё гэта значна абвастрае пагрозы для нацыянальнай бясьпекі нашай краіны, бо «крымскі» ці «данбаскі» сцэнар дэстабілізацыі сытуацыі Беларусі, пэўна, выглядае для Расейскай Фэдэрацыі звышвыканальнай задачай. Праз чвэрць стагодзьдзя “падрыхтоўчай дзейнасьці”, з улікам празьмернай насычанасьці наўпроставымі агентамі ўплыву Расеі ўсяе сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, адсутнасьці фармаваньняў Збройных сілаў Беларусі, выстаўленых насупраць ударнай наступальнай лініі РФ, створаныя ідэальныя ўмовы для канчатковага разьвязаньня “беларускага пытаньня”. Дзеля гэтага падрыхтаваны й мэханізм рэалізацыі – так званае «Союзное государство» (рас.).
Усім жывым і цьвярозым сілам беларускага грамадзтва сьлед кансалідавацца й аб’яднаць свае высілкі дзеля абароны Беларусі. Каб не даць ператварыць яе на выпаленую тэрыторыю, растаптаную й панявечаную акупантамі. Незагоеныя крывавыя раны Данбасу маюць быць нам усім напамінам.
Дзяніс Івашын, «Новы Час»
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа