
Міхайлаўская вайсковая артылерыйская акадэмія (г. Санкт-Пецярбург, РФ) арганізоўвае курсы падвышэньня кваліфікацыі для баявікоў з 7-й АМСБр 2-га акупацыйнага армейскага корпусу (Луганск) у сваім навучальным цэнтры, што месьціцца ў вайсковым гарадку Луга-3 (Ленінградзкая вобласьць, РФ). Такую выснову зрабілі расьледвальнікі міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm на падставе выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі.
Паводле фатаздымкаў, выкладзеных у расейскім сацыяльным сеціве “VK” данецкім баявіком Андрэем Грынчанкам, пазыўны “Зверь” (рас.) (занесены ў базу дадзеных “Міратворац”), валянтэры InformNapalm змаглі выявіць наўпроставыя доказы.
На момант пачатку акупацыі Андрэй Грынчанка (17.07.1986 г.н.) пражываў у г. Данецку на вул. Паветранай, кв.8. Да расейскіх акупацыйных войскаў далучыўся практычна адразу ж. Улетку 2014 году ўдзельнічаў у баёх за Шахтарск, узімку 2015 году ваяваў супроць ЗСУ ў Дэбальцаве.
15 чэрвеня 2015 г. Грынчанка быў узнагароджаны ордэнам “За воінскую доблесьць III ступеню”:
Увосень 2015 году ў адным з баёў Андрэй Грынчанка быў паранены. Пасьля параненьня ў яго выдалілі нырку й выцягнулі аськепак з нагі, але яму была неабходная яшчэ адная сур’ёзная апэрацыя, якую вырашылі зрабіць лекары ў Санкт-Пецярбургу. Для Грынчанкі пачалі актыўна зьбіраць на апэрацыю грошы.
14 сьнежня 2015 г. Віктар Пяшкоў, каардынатар арганізацыі “Фенікс Данбаса”, што займаецца зборам сродкаў на лекаваньне баявікоў, выкладвае ў сваім канале YouTube відэа, у якім Андрэй Грынчанка дзякуе донарам за зьдзейсьненую дапамогу.
Пасьля апэрацыі Грынчанка вырашае павярнуцца да ўдзелу ў баявых дзеяньнях супроць Украіны. Ён вяртаецца на Данбас, але ўжо празь некаторы у ягоным фотаальбоме зьяўляюцца вельмі цікавыя здымкі. У адным зь іх ён зафіксаваны ў лятаку з групай людзей у вайсковай форме без знакаў адрозьненьня. На двух чальцах групы, разам з Грынчанкам, можна разгледзець пятлічныя эмблемы роду войскаў “Артылерыя”:
Фатаздымак, зроблены на аэрадроме:
А таксама на якойсьці вайсковай базе, дзе Грынчанка сфатаграфаваўся ля 152-мм гаўбіцы “Мста-Б”:
Характэрна, што ў апошнім фота на заднім тле можна пабачыць вайсковы трэнажэр, над якім усталяваны гэлікоптэр Мі-2.
Куды ж езьдзіў, ці больш дакладна лятаў, Грынчанка? Адказ на гэтае пытаньне мы знайшлі акурат з дапамогаю гэтага трэнажэру. Паводле тыпу расьліннасьці на заднім тле мы выказалі здагадку, што вайсковая база знаходзіцца далёка за межамі Данбасу – у паўночнай частцы Расеі. У выніку пошукаў гэтай мясцовасьці, мы выявілі ейныя дакладныя каардынаты.
Гэлікоптэр выкарыстоўваюць для навучаньня курсантаў карэгаваньню стральбы, ён усталяваны на тэрыторыі навучальнага цэнтру Міхайлаўскае вайсковае артылерыйскае акадэміі (МВАА) ў Ленінградзкай вобласьці ў г. Луга-3. Каардынаты аб’екту: 58 ° 45’48 “N 29 ° 47’58” E.
Для большай нагляднасьці мы зьдзейсьнілі гэалякацыю фатаздымку з мясцовасьцю, у выніку якой пацьвердзілі, што Грынчанка сфатаграфаваўся менавіта ў гэтым мейсцы:
Яшчэ адным фота, якое сьведчыць, што баявік знаходзіўся на базе МВАА (в/ч 34035), зьяўляецца, як ні дзіўна, фота з страўні.
У сеціве мы выявілі адразу два відэа, у якіх можна добра разгледзець страўню навучальнага цэнтру МВАА – з 2016 і 2017 году. Праз аналіз гэтых відэа вынікае, што Грынчанка быў сфатаграфаваны менавіта ў ёй. Гэта можна дадаткова пацьвердзіць з дапамогаю фота (архіў), выкладзенага на старонцы ггрупы МВАА ў сацсеціве “VK”. Ніжэй мы падаем гэты фатаздымак для параўнаўчага аналізу:
Зьвярніце ўвагу, што падносы й талеркі ва ўсіх фота й відэа ідэнтычныя:
Навучаньне баявіка Грынчанкі ў МВАА ў складзе групы можа сьведчыць пра тое, што расейская вайсковая акадэмія зьдзяйсьняе адмысловую падрыхтоўку іншаземцаў у вайсковай частцы, што знаходзіцца на тэрыторыі Расеі й падпарадкоўваецца Міністэрству абароны РФ. Наколькі гэта наагул законна?
У п. 23 пастановы ўраду Расейскай Фэдэрацыі з 29 кастрычнiка 2015 г. №1164 “Пра наданьне Міністэрствам абароны Расейскай Фэдэрацыі паслугаў у падрыхтоўцы й навучаньні вайсковых і вайскова-тэхнічных кадраў замежных дзяржаваў” выразна пазначанае (пакідаем у арыгінале):
Порядок подготовки и обучения военных и военно-технических кадров иностранных государств на территории иностранного государства и условия пребывания на территории иностранного государства специалистов Вооруженных Сил Российской Федерации устанавливаются в контрактах, заключаемых Министерством обороны Российской Федерации с министерствами обороны и иными ведомствами иностранных государств, а также в договорах, заключаемых Министерством обороны Российской Федерации с субъектами военно-технического сотрудничества, организациями-производителями и (или) организациями-разработчиками продукции военного назначения.
Вядома ж, Міністэрства абароны Украіны й наагул ўрад Украіны аніякіх падобных дамоваў зь дзяржавай-агрэсарам – Расейскай Фэдэрацыяй – не падпісвалі. Тады на якой падставе Міхайлаўская вайсковая артылерыйская акадэмія зьдзяйсьняе падрыхтоўку ўкраінскіх грамадзянаў? Няўжо начальнік акадэміі генэрал-лейтэнант Баканееў наўпрост парушае заканадаўства РФ і не ўзгадняе свае дзеяньні зь міністрам абароны Расеі Шайгу?
Зрэшты адной пастановай ураду РФ справа не абмяжоўваецца. У Расеі існуе загад Мінабароны, які рэгулюе парадак навучаньня іншаземцаў на базе расейскіх вайсковых частак. Называецца ён “Пра падрыхтоўку й навучаньне вайсковых і вайскова-тэхнічных кадраў замежных дзяржаваў у вайсковых частках і вайсковых адукацыйных арганізацыях вышэйшай адукацыі Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі”. Аднак зь ім ёсьць адзін нюанс. Рэч у тым, што гэты загад з 10 сьнежня 2000 г. з наступнымі зьменамі ў 2001 і 2009 годзе страціў чыннасьць на прыканцы жніўня 2016 году.
У лютым таго ж 2016 году Міністэрства абароны РФ падрыхтавала новы праэкт загаду “Пра падрыхтоўку й навучаньне вайсковых і вайскова-тэхнічных кадраў замежных дзяржаваў у вайсковых частках і вайсковых адукацыйных арганізацыях вышэйшай адукацыі Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі”. Найбольш цікавымі ў гэтым праэкце ёсьць п.19-22:
Увагу асабліва прыцягвае пункт 22, які сьведчыць пра тое, што вайсковае навучаньне замежных грамадзянаў на бязвыплатнай і ільготнай аснове зьдзяйсьняецца на падставе рашэньня прэзыдэнта РФ, то бок асабіста Пуціна.
Зрэшты, на афіцыйным сайце Міністэрства абароны РФ адсутнічае якая-кольвек інфармацыя пра тое, ці быў падпісаны гэты праэкт загаду й калі так, то калі. На іншых урадавых сайтах і ў дзяржаўнай сыстэме прававой інфармацыі РФ гэтых дадзеных таксама няма.
Стары загад ужо ня дзейнічае, а новы ці то ўхвалены, ці то не, але замежнікаў працягваюць навучаць. Аднак апошнім часам Масква надае рэжым сакрэтнасьці літаральна ўсяму, таму не выклікае асаблівага зьдзіўленьня, што нават рашэньні вышэйшага кіраўніцтва РФ існуюць у гібрыдным рэжыме “ихтамнет”.
Варта заўважыць, што сувязі Міхайлаўскай акадэміі з акупацыйнай адміністрацыяй захопленых Расеяй раёнаў Данбасу значна больш глыбейшыя, чымся навучаньне баявікоў у навучальным цэнтры на тэрыторыі Расеі. Курсанты МВАА актыўна езьдзяць на Данбас “на вытворчую практыку”.
Гэтак, напрыклад, вядомы ўкраінскі валянтэр Раман Донік яшчэ ў траўні 2015 году паведамляў, што выпускнікі МВАА прыязджалі на Данбас практыкавацца ў стральбе:
З падобнымі заявамі, але ўжо ў красавіку 2016 году выступіла прэс-служба Галоўнага кіраваньня выведкі Мінабароны Украіны: “27 красавіка бягучага году да колшіняга Данецкага вайсковага ліцэю (вул. Купрына 1) прыбыла група слухачоў (каля 50 афіцэраў) Міхайлаўскай вайсковай артылерыйскай акадэміі (Санкт-Пецярбург) ЗС РФ”.
У 2017 годзе слухачы МВАА працягнулі традыцыю стральбы па жывых мішэнях. Пра гэта 26 ліпеня 2017 г. паведаміў у сваім акаўнце Facebook каардынатар групы “Інфармацыйны супраціў” Дмытро Тымчук: “З 17 ліпеня працягваюцца месячныя лягерныя зборы артылерыйскіх падразьдзяленьняў” 1-ы АК “ДНР”, для ўдзелу ў якіх прыбылі групы слухачоў Міхайлаўскай вайсковай артылерыйскай акадэміі (Санкт Пецярбург, РФ). Усяго зафіксаванае ня менш за 30 чал. Згодна з існуючай практыкай, апроч удзелу ў лягерных зборах, слухачы расейскай вайсковай акадэміі ўдзельнічаюць у “практычных занятках” – арганізацыі й зьдзяйсьненьні артылерыйскіх удараў па пазыцыях падразьдзяленьняў украінскіх войскаў і населеных пунктах на падкантрольнай ім тэрыторыі».
МВАА таксама зьдзяйсьняе адмысловыя дасьледаваньні пра выкарыстаньне новага выведвальна-вагнявога комплексу з БПЛА на Данбасе. Пра гэта мы ўжо падрабязна пісалі ў адным з нашых артыкулаў у 2016 годзе.
Як бачым, абмен досьведам адбываецца няспынна. Дзіўна толькі, што з наяўнасьцю такой колькасьці наўпроставых сьведчанньяў і доказаў, Крэмль і расейскае вайсковае камандаваньне працягваюць сьцьвярджаць, што рэгулярныя расейскія падразьдзяленьні ня маюць аніякага дачыненьня да баявых дзеяньняў на Данбасе. Аднак, насуперак мітам расейскай прапаганды, вайна паміж Расеяй і Украінай трывае ўжо больш за чатыры гады. Увесь гэты час Расея працягвае перакідваць на Данбас свае рэгулярныя войскі й трэнуе атрады наймітаў, перадае ўзбраеньне й грошы на ўтрыманьне акупацыйнай арміі. Мінуў час даўжынёй у 2/3 Другой усясьветнай вайны, але сусьветная супольнасьць да гэтага часу не знайшла спосаб прымусіць Маскву вярнуць свае войскі дадому й пакінуць Украіну ў спакоі.
Post Scriptum: На момант публікацыі расьледаваньня Андрэй Грынчанка пасьпеў выдаліць абодва сваі профілі ў сацсеціве “VK”, пакінуў толькі акаўнт “OK”. Але зрэшты ўсё гэта марна, бо пакінутыя ў Інтэрнэце сьляды, як і рукапісы, не гараць.
Каманда InformNapalm зьздяйсьняе збор сродкаў на лекаваньне аднаго з заснавальнікаў нашага праэкту, у якога нядаўна была выяўленая пухліна. Дапамажыце Валодзю перамагчы рак! Вашае ахвяраваньне наблізіць дзень ягонага адужаньня!
Карта Прыватбанку:
5169 3600 0268 7493 — Колесников Володимир Борисович
Матар’ял падрыхтавалі Міхаіл Кузьняцоў і Christina Dobrovolska адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа