
У беларускую службу міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm зьвярнуліся нашыя чытачы, якія апазналі ўладальніка аўтамабіля, зафіксаванага ў жніўні на вуліцах Горадні з сымболікай тэрарыстычнага расейскага ўтварэньня «ДНР». Гэтае расьледаваньне ёсьць яскравым прыкладам аднога з эфэктыўных відаў выведкі – HUMINT (human intelligence) – зваротнае сувязі і супрацы з нашай супольнасьцю грамадзкіх актывістаў, людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, якім баліць за Беларусь і якія шчыра прагнуць спыніць на нашай зямлі любыя праявы «русского мира» і пазьбегнуць лёсу шматпакутнага Данбасу. Хочам падзякаваць чытачам, якія адгукнуліся і надалі нам усю неабходную інфармацыю для зьдзяйсьненьня далейшай выведкі адкрытых крыніцаў што да выяўленьня й ідэнтыфікацыі прыхільнікаў прарасейскіх бандфармаваньняў.
Выяўленьне аб’екту пошуку
Паводле сьведчаньняў нашых інфарматараў аўтамабіль Mazda 626 з рэгістрацыйным нумарам 6319 KX-5 быў зафіксаваны ў Стаўпецкім раёне Менскае вобласьці. Было вызначанае патэнцыйнае кола падазраваных, у якое патрапілі актывісты прарасейскіх арганізацыяў, казачых парамілітарных фармаваньняў і арганізатары вайскова-патрыятычных клюбаў. Падчас выведкі адкрытых крыніцаў (OSINT) мы атрымалі інфармацыю, што на тэрыторыі Стаўпецкага раёну зь вясны 2014 году досыць актыўна пачалі сяліцца перасяленцы з Данбаса, якім мясцовыя ўлады надаюць жыльлё, забясьпечваюць працай і нават фінансавай дапамогай.
Машына зь беларускімі нумарамі можа належаць як грамадзянам Беларусі, гэтак і асобам, якія маюць від на жыхарства ў нашай краіне, таму было вырашанае ўключыць у кола падазраваных таксама і гэтых данбаскіх уцекачоў – патэнцыйных прыхільнікаў расейскіх тэрарыстычных груповак, якім улады Беларусі досыць актыўна выдаюць дакуманты на пражываньне.
Адною з цэнтральных крыніцаў для пошуку сталася мясцовая «раёнка» – Стаўпецкая раённая газэта «Прамень» – якая, праз прапагандысцкае выхваленьне і параўнаньне з вайной ва Украіне цуду беларускага «дабрабыту» й «росквіту», падала масу інфармацыі пра сем’і данбаскіх перасяленцаў. Нашую ўвагу прыцягнула сям’я Ганны Шарамет, 1955 г.н., якая неаднойчы ўзгадваецца ў публікацыях (1, 2, 3, 4, 5, 6) і нават патрапіла ў сюжэты цэнтральных тэлеканалаў «БТ» і «СТВ». Было выяўленае, што яна разам з сям’ёй свайго сына, Захара Шарамета, і сям’ёй дачкі, Натальлі Вазьнюк (Шарамет), улетку 2014 году, падчас актыўнае фазы вызваленьня ЗСУ акупаваных тэрыторыяў ад расейска-тэрарыстычных войскаў, перабраліся ў Беларусь зь Ясінавацкага раёну і г. Канстантынаўка Данецкае вобласьці Украіны.
У выніку вывучэньня сваяцкіх сувязей, вызначэньня шэрагу асобаў, якія пераехалі ў Беларусь, было выяўленае, што аб’ект пошукаў – аўтамабіль з тэрарыстычнай сымболікай «ДНР» – належыць сям’і Андрэя й Натальлі Вазьнюк (дачка Ганны Шарамет) (архіў на фота).
Паводле паведамленьняў раённай газэты, яны працуюць у сельскагаспадарчым прадпрыемстве ААТ «Каганец», вытворчыя магутнасьці якога знаходзяцца ў вёсцы Засульле й Зарэчча Стаўпецкага раёну. Варта нагадаць, што ў гэтых мясьцінах першыя гады свайго жыцьця бавіла будучая старшынька Рады БНР Івонка Сурвілла.
На фота ніжэй гэтая ж машына з нумарам 6319 KX-5 зафіксаваная на падворку, меркавана ў вёсцы Зарэчча Стаўпецкага раёну, побач з Захарам і Нінай Шарамет падчас сьвежыны (архіў):
На прыкладзе вывучэньня шматлікіх профіляў сацсетак данбаскіх перасяленцаў, якія прыязджаюць у Стаўпецкі раён Менскае вобласьці, можна зрабіць выснову, што збольшага гэта людзі, якія цалкам падтрымліваюць дзеяньні тэрарыстычных утварэньняў «Л/ДНР», віталі прыход новага дзівоснага «русского мира» у свой уласны дом, а зараз вымушаныя бадзяцца і любіць яго на адлегласьці. Ня ёсьць выключэньнем і сама Ганна Шарамет і ейныя сваякі, якія самааддана рэтрансьлююць у навакольнае асяродзьдзе, толькі цяпер Беларусі, увесь свой звычайны прапагандысцкі набор.
Ніжэй падаем тыповы анамнэз сярэднестатыстычнай сям’і данбаскіх перасяленцаў, якія мігруюць у Беларусь:
Сын Натальлі Вазьнюк – Арцём Шарамет (архіў на профіль, кантакты) – не саступае сваёй маці і родным у праявах нянавісьці і нават пераўзыходзіць іх праз свае абсурдысцкія вершаваныя радкі, якія нават выкарыстоўваюць некаторыя тэрарыстычныя паблікі расейскіх сацсетак (архіў):
Неабходна таксама зазначыць і гэтае ўпадабаньне непрыхаванага зьдзеку данбаскіх мігрантаў над назовам нашае краіны, улады якой бяздумна прымаюць прыхільнікаў тэрарыстычных груповак і заўтрашніх магчымых баявікоў на нашай зямлі:
Выяўленьне баявіка на тэрыторыі Беларусі
Падчас выяўленьня аб’екту пошукаў быў ідэнтыфікаваны баявік расейска-тэрарыстычных сілаў Максім Мандрыкін, імя якога таксама падала ў адным з рэпартажаў стаўпецкая раёнка. Баявік, які яшчэ не фігуруе ў базе дадзеных цэнтра «Міратворац», пераехаў у 2014 г. разам з сваёй сям’ёй на Стаўпеччыну. Як і ў выпадку з Шараметамі і Вазьнюкамі, мясцовыя ўлады апэратыўна надалі ягонай сям’і жытло ў н.п. Новая Вёска Стаўпецкага раёну і знайшлі працу ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве ААТ «Вялікі Двор». Варта зазначыць, што ў беларускіх рэгіёнах пануе досыць вялікі ўзровень безпрацоўя, не кажучы ўжо і пра тое, што маладыя сем’і вымушаныя шмат гадоў жыць у інтэрнатах, чакаючы ў чарзе на ўласнае жыльлё.
Ідэнтыфікацыйныя дадзеныя:
Максім Алегавіч Мандрыкін, 03.02.1986 г.н., родам зь сяла Раскошнага Лутугінскага раёну Луганскае вобласьці (архіў на профіль «ОК», профіль «VK» (неактыўны), кантакты).
Зьяўляецца баявіком так званага асобнага батальёну матар’яльнага забесьпячэньня (АБМЗ, в/ч Л-14941) у складзе 2-го Армейскага корпусу (Луганск) расейска-тэрарыстычных войскаў. Нягледзячы на тое, што ў большасьці выпадкаў баявікі робяць свае профілі прыватнымі і падаюць мінімум якіх-кольвек сьведчаньняў, дадзеныя пра іхную прыналежнасьць да незаконных збройных фармаваньняў усё адно трапляюць у адкрыты доступ. Не апошнюю ролю ў гэтым граюць перадусім сваякі й блізкія злачынца, якія выкладваюць дастаткова шмат неабходнай для выяўленьня інфармацыі ў Сеціва. Ня ёсьць выключэньнем і наш фігурант, жонка якога, Ірына Мандрыкіна, выклала ў сваім профілі фатаздымкі з сваім мужам у параднай форме, зробленыя ў луганскім Сквэры “Жаўнерскай славы“.
У фатаздымках «лейтэнант» Мандрыкін зафіксаваны ня толькі з шаўронам так званага “АБМЗ 2-га АК”, але й нават з мэдалькамі, якія, цалкам магчыма, атрымаў за забойствы ўкраінцаў (архіў: 1, 2).
Профіль Ірыны Мандрыкінай значна больш інфарматыўны за профіль ейнага мужу. У фотаальбомах (1, 2) адлюстраваныя і асаблівасьці пэрыяду беларускага аграрнага жыцьця сям’і баявіка і нават уласныя вырабы хэндмэйд з “патрыятычнай” сымболікай тэрарыстычнага ўтварэньня «ЛНР».
Маецца нават супольны фатаздымак з адным з самых адыёзных расейскіх прапагандыстаў, з правакатарам і наўпрост поскудзьдзю Грэмам Філіпсам.
Паводле нашай інфармацыі сям’я Мандрыкіных, пасьля практычна году пражываньня ў Беларусі, вярнулася ў Луганск. Цалкам мажліва, гэта толькі часовае вяртаньне.
Рэальныя лічбы данбаскіх “уцекачоў”
Дзеля ўсьведамленьня ўзроўню небясьпекі сьлед ведаць і апэраваць лічбамі рэальнае колькасьці данбаскіх перасяленцаў у Беларусі. На жаль, вымушаны канстатаваць, што дадзеныя пра 160 тысячаў уцекачоў з Украіны, якія агучыў 30 сакавіка 2016 году Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам і паўтарыў 26 верасьня 2016 году кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімер Макей у інтэрвію Радыё ААН, абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці. Цалкам магчыма, вядзецца пра спробу маніпуляцыі лічбамі перад сусьветнай супольнасьцю й выкарыстаньне сумнеўнага статусу Беларусі як краіны-міратворца і пляцоўкі для перамоваў дзеля атрыманьня пэўных фінансавых і палітычных прэфэрэнцыяў. Паводле фактычных дадзеных Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ на працягу 2014-2015 гадоў наконт статусу ўцекача або дадатковай абароны зьвярнуліся 1.642 грамадзяніна Украіны, зь якіх станам на 2015 год дадатковую абарону атрымалі 1.089 чалавек і толькі 1 (адзін!) прасьбіт атрымаў афіцыйны статус уцекача. Абсалютная большасьць данбаскіх перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ў статусе працоўных мігрантаў, якім улады акурат і выдаюць часовае (на год) ці сталае права на жыхарства. Такіх мігрантаў на працягу з 1 студзеня 2014 па 1 ліпеня 2016 году зарэгістраванае агулам 35.157 чалавек (паводле статыстычных дадзеных ДГМ МУС РБ: 1, 2, 3), сярод іх шмат працоўных мігрантаў з усяе тэрыторыі Украіны, ня толькі з Данбаса. Апроч гэтага пэўная колькасьць зьяўляецца сэзоннымі мігрантамі, якія потым вяртаюцца ва Украіну. То бок паводле самых аптымістычных падлікаў у Беларусі знаходзіцца прыблізна 25-30 тысячаў данбаскіх мігрантаў. Аднак і гэтая колькасьць вельмі значная і істотная, бо вядзецца не пра звычайных перасяленцаў – мірных шахтароў і трактарыстаў – але прыхільнікаў і памагатых расейска-тэрарыстычных войскаў, якія сьведама ці нясьведама зьяўляюцца носьбітамі агрэсіўнай вайсковай прапаганды, а таксама баявікоў з значным баявым досьведам, для якіх вартасьць чалавечага жыцьця істотна зьніжаная.
Выснова
Усе выкладзеныя ў гэтым расьледаваньні сьведчаньні на прыкладзе толькі аднаго з 118 адміністрацыйна-тэрытарыяльных раёнаў Беларусі сьведчаць пра істотную праблему насычэньня краіны баявікамі бандфармаваньняў тэрарыстычных утварэньняў «Л/ДНР», а таксама іхнымі прыхільнікамі й памагатымі. Мясцовыя ўлады ня толькі не ўсьведамляць рэальную пагрозу, якая сыходзіць ад гэтых зьвястуноў і носьбітаў «русского мира», але, дзеля сваіх уяўных прапагандысцкіх мэтаў, надаюць ім жыльлё й працаўладкоўваюць. Уладныя мужы не разумеюць, што тыя, хто аднойчы праз свае словы й дзеяньні зьнішчыў мір і спакой у сваім уласным доме, могуць паноўна зрабіць гэта з лёгкасьцю і ў чужым. Сваімі ўласнымі рукамі яны ствараюць па ўсёй Беларусі смуродны расаднік прарасейскіх і антызаходніх настрояў, які гадуецца на папярэдне добра ўгноенай крамлёўскаю прапагандаю глебе.
Праз непазьбежную актывізацыю баявых дзеяньняў і вызваленьне Збройнымі Сіламі Украіны пазасталых акупаваных раёнаў Данбасу, у Беларусь прагназавана хлынуць дзясяткі і, мажліва, сотні тысячаў уцекачоў, пагатоў глеба для іх прыёму ў выглядзе першай хвалі перасяленцаў ужо падрыхтаваная. Зь вялікай доляй верагоднасьці ўсе яны будуць актыўна падтрымліваць спробы рэалізацыі любога з заплянаваных Расейскай Фэдэрацыяй сцэнароў дэстабілізацыі нашай дзяржавы з наступнай непазьбежнай анэксіяй і ператварэньнем яе на суцэльны вайсковы пляцдарм.
Сьлед тэрмінова й неадкладна зьдзяйсьняць захады для ўзмацненьня ўсяе сыстэмы нацыянальнае бясьпекі Беларусі. Патрэбна ўводзіць паўнавартасны памежны кантроль на мяжы з Расеяй, які сьлед было застасаваць яшчэ ў 2014 годзе: дзеля дэмаркацыі і абсталяваньня яе сродкамі кантролю патрэбныя грошы і, галоўнае, час. Жыцьцёва неабходна спыніць ня толькі некантраляваныя патокі мігрантаў, але й насычэньне Беларусі зброяй з акупаванай часткі Украіны, а таксама наркатрафіку з РФ. Неабходна скасаваць папулісцкую заканадаўчую базу, якая надае прэфэрэнцыі данбаскім “перасяленцам” у атрыманьні жыльля, працы, адукацыі і дае ім роўныя правы зь беларусамі. Усім гэтым з першага дня вайны займаецца ўкраінская дзяржава, якая зьдзяйсьняе ўсю належную, забясьпечаную заканадаўствам дапамогу вымушаным перасяленцам. Неабходна таксама задзейнічаць захады прафіляктычнага нагляду за мігрантамі з Данбаса дзеля папярэджаньня правапарушэньняў і кантролю за сытуацыяй; спыніць любыя ідэалягічныя мерапрыемствы з заангажаваньнем данбаскіх мігрантаў.
Заклікаем чытачоў апэратыўна надаваць інфармацыю нашай супольнасьці пра ўсе заўважаныя выпадкі выкарыстаньня ў Беларусі сымболікі, атрыбутыкі прарасейскіх тэрарыстычных утварэньняў дзеля выяўленьня й ідэнтыфікацыі патэнцыйных тэрарыстаў і іхных прыхільнікаў і памагатых. Дадзеныя можна дасылаць праз форму зваротнае сувязі або наўпрост аўтару гэтага расьледаваньня.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
Загалоўнае фота (с) Хартыя ’97
![]()
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.
































Прочитайте нову книгу "Донбас у вогні". Це керівництво буде корисно для журналістів, дослідників, військових експертів, дипломатів та всіх, хто збирає інформацію про війну на Донбасі.

Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа