• Languages
Language (Беларуская)
  • Українська (UA)
  • Русский (RU)
  • English (EN)
  • Deutsch (DE)
  • Français (FR)
  • Español (ES)
  • Беларуская (BY)
  • Български (BG)
  • Polska (PL)
  • Čeština (CZ)
  • Slovenský (SK)
  • Lietuvių (LT)
  • Latvijas (LV)
  • Nederlands (NL)
  • Português (PT)
  • Italiano (IT)
  • Svenska (SV)
  • Norsk (NO)
  • Dansk (DK)
  • ქართული (GE)
  • Română (RO)
  • Magyar (HU)
  • Ελληνικά (EL)
  • Deutsch (AT)
  • العربية (AR)
  • Türkçe (TR)
  • Azərbaycan (AZ)
  • Татарча (TAT)
  • 日本語 (JP)
  • 中文 (CN)
  • 한국어 (KR)

    Logo

    support informnapalm
    Navigation
    • Галоўная
    • Навіны
      • Беларусь
      • Данбас
      • Крым
      • Сірыя
      • Сьвет
      • Аналітыка
      • Іншае
    • Пра нас

    Палітычныя спэкуляцыі на тэме ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі

    on 2016-12-02 | 0 Comment | Актуальна | Аналітыка | Беларусь | Данбас | Падзеі | Палітыка Print This Post Print This Post
    • ru
    • de
    • by
    • cz
    • ua
    • en
    • bg

    Напрыканцы лістапада валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm адзначылі значны інфармацыйны сполах, дзеяньне якога працяглы час падтрымлівалася ў расейскіх, беларускіх і ўкраінскіх СМІ. Нагодай, якая справакавала штучны ажыятаж, сталася тэма ўкраінскіх уцекачоў і фантастычная лічба – 160 000 – агучаная прадстаўніком Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў у Менску. Падчас пэрыядычнага маніторынгу справаздачаў і статыстыкі афіцыйных дзяржструктураў, які зьдзяйсьняюць валянтэры InformNapalm, былі выяўленыя непраўдзівыя дадзеныя, якія будуць абвергнутыя ў гэтым матар’яле.

    Афіцыйныя дадзеныя, з дапамогаю якіх будзе выкрытая непраўдзівая інфармацыя

    Паводле зьвестак Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ, на працягу 2014-2015 гадоў для  атрыманьня статусу ўцекача або дадатковай абароны зьвярнуліся 1642 грамадзяніны Украіны, зь якіх станам на 2015 год дадатковую абарону атрымалі 1089 чалавек і толькі 1 (адзін!) грамадзянін Украіны атрымаў афіцыйны статус уцекача. Абсалютная бальшыня перасяленцаў з Данбаса на тэрыторыі Беларусі маюць статус працоўных мігрантаў, якім улады выдаюць часовы (на год) або сталы від на жыхарства. Падобных мігрантаў з 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016 году было зарэгістраванае 35157 чалавек (паводле статыстычных дадзеных ДГМ МУС РБ: 1, 2, 3), сярод іх шмат працоўных мігрантаў з усяе Украіны, ня толькі з Данбаса. Таксама неабходна ўлічваць, што некаторыя зь іх зьяўляюцца сэзоннымі мігрантамі, якія затым вяртаюцца ва Украіну. Паводле пададзенае афіцыйнае інфармацыі ў Беларусі на гэты момант знаходзяцца прыблізна 25-30 тысячаў данбаскіх мігрантаў, але й гэтая колькасьць зьяўляецца вельмі значнай, бо сьлед разумець, што гэта не звычайныя перасяленцы – мірныя шахтары й трактарысты, але шмат хто зь іх ёсьць шчырымі прыхільнікамі й памагатымі расейска-тэрарыстычных войскаў, носьбітамі агрэсіўнай вайсковай прапаганды. Ёсьць сярод іх і баявікі з значным баявым досьведам, для якіх каштоўнасьць чалавечага жыцьця й маральныя прынцыпы зьяўляюцца рудымэнтамі. Больш падрабязна пра гэта ў расьледаваньні:

    «Працоўная» міграцыя баявікоў тэрарыстычных бандфармаваньняў “Л/ДНР”, іхных прыхільнікаў і памагатых у Беларусь

    Запамятаем колькасьць украінскіх мігрантаў у Беларусі паводле афіцыйных дадзеных – 25-30 тысячаў – і пяройдзем непасрэдна да далейшага разгляду інфармацыйнага сполаху і ягонай храналёгіі.

    Храналёгія разьдзіманьня «мыльнае бурбалкі»

    Першыя факты завышэньня дадзеных статыстыкі былі ўжо ў верасні 2014 году, калі прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН у справе ўчекачоў (УВКУ ААН, UNHCR) Олдрых Андрысек (Oldrych Andrysek) падчас візіту ў Гомельскую вобласьць заявіў пра наяўнасьць у Беларусі больш за 25 тысячаў украінскіх перасяленцаў. Гэтую інфармацыю тады не пацьвердзіў начальнік Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун, які паведаміў рэальныя дадзеныя:

    Ёсьць 250 зваротаў для атрыманьня статусу ўцекача – гэтыя лічбы ёсьць. Ну, а астатнія… Напрыклад, больш за 7 тысячаў атрымалі дазвол на працу. Хаця зразумела, што хтосьці яшчэ зь мінулага году працуе.

    Далей УВКУ ААН працягнула актыўна «разьдзімаць мыльную бурбалку», якую вельмі добра відаць з аналізу тае вялікае розьніцы між дадзенымі Упраўленьня і афіцыйнымі зьвесткамі дзяржаўных ворганаў Беларусі. Гэтак, у апублікаваным апэратыўным аглядзе УВКУ з 2 сьнежня 2014 году маецца інфармацыя ўжо пра 59 600 украінскіх перасяленцаў, пры гэтым Упраўленьне спасылаецца на дадзеныя, атрыманыя нібыта «ад уладаў». Паводле інфармацыі ж афіцыйных беларускіх крыніцаў, пададзенай у гадавой статыстыцы ДГМ МУС РБ, за 2014 год у Беларусь з Украіны прыехалі 17 778 мігрантаў, 664 украінцы зьвярнуліся для наданьня ім статусу ўцекача або дадатковай абароны.

    Вельмі значнае скажэньне інфармацыі адбылося ў 2015 годзе, калі ў апэратыўным аглядзе УВКУ ААН з 21 сакавіка  – 10 красавіка ў Беларусі фігуравалі ўжо 80 900 украінскіх мігрантаў, інфармацыя пра якіх была зноў пададзеная з спасылкай на нейкія таямнічыя “ўрадавыя крыніцы” Беларусі. Апагей інфармацыйнай спэкуляцыі быў дасягнуты ўвосень 2015 году, калі колькасьць з значэньня, якое заставалася ўвесь гэты час нязьменным зь невялікім прыростам у жніўні да 81 600 украінскіх грамадзянаў, раптоўна павялічылася ў аглядзе, пададзеным УКВУ ААН 7 верасьня 2015 году, да 126 450 (!) чалавек. Спасылка на гэтую фантастычную ў кантэксьце статыстыкі лічбу зноў пададзеная на «крыніцы ва ўрадзе» і «адпаведныя нацыянальныя ворганы ў справе ўцекачоў».

    27-2

    У кастрычніку 2015 году прадстаўнік УВКУ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі (Jean-Yves Bouchardy) «налічыў» ужо 150 000, нягледзячы нават на тое, што ў афіцыйных дадзеных ягонага ж Упраўленьня пададзеная значна меншая лічба. Аднак, ён на гэтым не спыніўся і нават пачаў займацца арытмэтычнымі апэрацыямі:

    Я лічу, што 150 тысячаў чалавек – гэта істотная лічба, і калі параўнаць з агульным насельніцтвам Беларусі, атрымаецца каля 1,7% (архіў).

    01

    На фота: Прадстаўнік УВКУ ААН у справе ўцекачоў у Беларусі Жан-Іў Бушардзі | Белсат

    Увесну 2016 году, цалкам мажліва, пад узьдзеяньнем скасаваньня санкцыяў, вышэйшыя дзяржаўныя чыны Беларусі таксама ўцягнуліся ў працэс статыстычных маніпуляцыяў. Гэта ўпершыню выразна праявілася падчас сустрэчы Лукашэнкі з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам 30 сакавіка 2016 году, калі пра прысутнасьць у краіне 160 тысячаў уцекачоў з Украіны заявіў ужо непасрэдна кіраўнік Беларусі.

    31

    Фота сустрэчы з афіцыйнага сайту president.gov.by

    І ўжо 26 верасьня 2016 году ў інтэрвію Радыё ААН кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімер Макей дзіўным чынам паўтарае тыя ж самыя словы пра 160 тысячаў «украінскіх уцекачоў».

    34

    Фота: unmultimedia.org

     

    Празь дзесяць дзён, 6 кастрычніка 2016 году, на 67-й сэсіі выканаўчага камітэта УВКУ ААН, якая адбывалася ў Жэнэве, інфармацыйныя маніпуляцыі працягнуў ужо сталы прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Юры Амбразевіч (пакідаем у арыгінале):

    Беларусь в последние годы столкнулась с волной переселения граждан Украины, покинувших свои дома в связи с кризисом на юго-востоке этой страны. Приняв за это время «без лишнего шума и гама» более 160 тысяч человек из Украины, Беларусь в расчете на душу населения входит в число мировых лидеров (!) по принятым вынужденным мигрантам (архіў).

    29

    Фота: Юры Амбразевіч | mfa.gov.by

    8 лістапада 2016 году аналягічную заяву ў Кіеве зрабіў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар РБ ва Украіне Ігар Сокал на канфэрэнцыі «25 гадоў украінска-беларускага дыялёгу: пэрспэктывы двухбаковых адносінаў падчас глябальных выклікаў», спаслаўся ён пры гэтым на дадзеныя УКВУ ААН (кола замкнулася!). А ўжо 20 лістапада 2016 году ў этэры беларускага тэлеканалу “АНТ” згаданы вышэй прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў у РБ Жан-Іў Бушардзі цьвёрда замацоўвае непраўдзівую інфармацыю пра наяўнасьць на тэрыторыі Беларусі 160 тысячаў украінскіх грамадзянаў:

    Вядома, што Беларусь традыцыйна прыймае на сваёй тэрыторыі ўцекачоў з розных краінаў. Да нядаўняга часу іхная колькасьць на тэрыторыі вашай дзяржавы была нязначнай, аднак у зьвязку з канфліктам на Усходзе Украіны каля 160 тысячаў грамадзянаў гэтай краіны прыехалі ў Беларусь. Зь іх прыблізна 2 тысячы зьвярнуліся з просьбаю надаць прытулак.

    Характэрна, што гэты прадстаўнік Вярхоўнага камісара неаднаразова сустракаўся зь міністрам МУС Беларусі Ігарам Шуневічам і ягонымі намесьнікамі (1, 2, 3), ад якіх ён пэўна меўся атрымаць усю наяўную інфармацыю пра рэальную колькасьць уцекачоў і мігрантаў у Беларусі паводле афіцыйных дадзеных Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ. Аднак, як ўсе добра ведаюць, шмат хто верыць, што кажа праўду, або робіць выгляд, што верыць.

    Зазначым асаблівую ролю ў разьдзіманьні гэтае «мыльнае бурбалкі» і з боку сродкаў масавай інфармацыі. У гэтым выпадку СМІ праявілі празьмерны давер да словаў высокіх прадстаўнікоў Беларусі і чыноўнікаў міжнародных арганізацыяў, і практычна сталіся рэтрансьлятарамі ілжывых зьвестак.

    Мажлівыя мэты маніпуляцыяў статыстыкай што да ўцекачоў

    На прыкладзе гэтага расьледаваньня мы паказалі, якія маштабы можа мець ілжывая інфармацыя, у якую сьведама ці нясьведама былі ўцягнутыя высокія дзяржаўныя прадстаўнікі і чыноўнікі міжнародных арганізацыяў. Мажліва, падобныя маніпуляцыі дадзенымі былі выкліканыя праз жаданьне паказаць вялікую значнасьць Беларусі на міжнароднай арэне што да пытаньня «прыняцьця ўцекачоў» або ж праз банальны фінансавы інтарэс пэўных асобаў і чыноўнікаў. Адной з вэрсіяў можа быць тое, што празьмерна завышаныя лічбы патрэбныя для таго, каб матываваць міжнародную супольнасьць зьдзяйсьняць мэтавую донарскую дапамогу. Гэтак, станам на 2015 год УВКУ ААН мела патрэбу ў фінансаваньні сваёй праграмы дапамогі перасунутым асобам ва Украіне, Беларусі і Малдове ў памеры $41,5 млн, зь якіх былі атрыманыя $28,8 млн.

    35-3

    Скрыншот дадзеных з афіцыйнага сайту unhcr.org

     

    Паводле апошняга апэратыўнага агляду зь верасьня, агульная патрэба фінансаваньня на 2016 год сягнула $42,3 млн, частку зь іх – 17,1 млн – ужо ўнеслі донарскія арганізацыі. Агульная сума патрэбаў за 2015-2016 гады сягнула $83,8 млн без уліку дадатковых запытаў фінансаваньня дзейнасьці, зь іх, станам на верасень 2016 году, атрыманая $45,9 млн, плюс да гэтага таксама сьлед дадаць $11,3 млн, атрыманых УВКУ для рэалізацыі праграмы для нутраных перасунутых асобаў ва Украіне ў 2014 годзе. Агульная атрыманая сума – $57,2 млн – вельмі ўражвае. З гэтай сумы пэўная частка была прызначаная і беларускаму прадстаўніцтву УВКУ, якое зрабіла запыт толькі ў 2015 годзе на суму больш чымся $2 млн.

    Таксама ня сьлед выключаць і тое, што адной з мэтаў УВКУ ААН можа зьяўляцца і спрыяньне прыняцьцю беларускім бокам пэўнай колькасьці сірыйскіх уцекачоў з Эўрапейскага Зьвяза, колькасьць якіх нават некалькі тысячаў на фоне «160 тысячаў» мігрантаў з Украіны будзе выглядаць вельмі нязначнаю. Падобнае меркаваньне ўжо выказваў прадстаўнік УВКУ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі.

    Матывы выкарыстаньня непраўдзівай інфармацыі дзяржаўнымі беларускімі дзеячамі што да ўцекачоў можна прасачыць і ў іхных заявах, у якіх яны імкнуцца даказаць значнасьць Беларусі на міжнароднай арэне з дапамогай замацаваньня для яе новага статусу – аднаго з сусьветных лідэраў паводле колькасьці вымушаных мігрантаў. У прынцыпе, іхная тактыка зразумелая: на фоне «посьпеху» у атрыманьні статусу дзяржавы, якая абслугоўвае «мірныя перамоўныя працэсы» як па Карабаху, гэтак і Данбасу, лінія выхаду ва ўмоўныя лідэры што да ўцекачоў выглядае цалкам лягічнай.

    Для калегаў з StopFake, міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm у гэтым расьледаваньні выканала выкрыцьцё доўгатэрміновага й пралянгаванага высокаўзроўневага фэйку  што да спэкуляцыяў на тэме ўкраінскіх мігрантаў у Беларусі. Працягваем сачыць за афіцыйнай статыстыкай і «гульнёй у напарсткі» палітыкаў на фоне глябальных інфармацыйных маніпуляцыяў.


    Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.

    (CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.

    Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.

    Tags: UNHCRДГМ МУС РБУВКУ ААН у справе ўцекачоў

    Recent Posts

    • РФ стварае гібрыдныя вайсковыя базы ў Беларусі пад выглядам “навучальна-баявых цэнтраў”

      2022-02-14 - 0 Comment
    • “Беларускія міратворцы” у Казахстане: хто прыляцеў назад?

      2022-01-24 - 0 Comment
    • Зьмены ў складзе амбасады РФ падчас ўзмацненьня ціску на Беларусь

      2021-12-31 - 0 Comment

    Related Posts

    • Фэйкі й дэзынфармацыя: ўкраінскія ўцекачы ў Рэспубліцы Беларусь

      2019-02-01 - 0 Comment
    Comments are closed.

    Прочитайте нову книгу "Донбас у вогні". Це керівництво буде корисно для журналістів, дослідників, військових експертів, дипломатів та всіх, хто збирає інформацію про війну на Донбасі.

    Download free PDF

    Падпісвайцеся на абнаўленьні InformNapalm

    Атрымлівайце самую важную інфармацыю InformNapalm наўпрост на Вашую паштовую скрыню. Абяцаем не спаміць :)

    RSSSubscribe 0 Followers
    Inform Napalm Беларусь on FB
    • Popular
    • Recent
    • Comments
    • Беларусь: пратэктарат Расеі ці сувэрэннае дзяржаўнае ўтварэньне?

      2015-09-09 - 14 Comments
    • Прафэсыйная расейская армія ва Украіне. Дасьледаваньне і інфаграфіка

      2015-09-09 - 6 Comments
    • Апошні рэйс расейскага жаўнера для MH17

      2015-04-28 - 5 Comments
    • РФ стварае гібрыдныя вайсковыя базы ў Беларусі пад выглядам “навучальна-баявых цэнтраў”

      2022-02-14 - 0 Comment
    • “Беларускія міратворцы” у Казахстане: хто прыляцеў назад?

      2022-01-24 - 0 Comment
    • Зьмены ў складзе амбасады РФ падчас ўзмацненьня ціску на Беларусь

      2021-12-31 - 0 Comment
    • Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»

      […] Больш падрабязна пра гэта...
      2017-09-19 - Маніторынг стратэгічных вышкалаў «Запад-2017»: актыўная фаза (АБНАЎЛЯЕЦЦА)
    • Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат

      […] Паводле сайта InformNapalm […]
      2016-05-10 - Партыя БНФ » Дзяніс Івашын – пра дзейнасьць прарасейскіх баевікоў на тэрыторыі Беларусі
    • Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце

      […] Кантракт у баявікі...
      2016-03-29 - Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ - InformNapalm.org (Беларуская)
    • Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі

      […] з моманту публікацыі...
      2016-03-29 - Сірыйскія дывідэнды вайскоўцаў 291-й артбрыгады ЗС РФ - InformNapalm.org (Беларуская)
    • 22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа

      […] зазначаў і раней, што шматлікія...
      2016-01-25 - Мэдаль «За адвагу» вайскоўца Саенкі з падмаскоўнага 606-га ЗРП - InformNapalm.org (Беларуская)

    Attribution CC BY

    88x31

    This license lets others distribute, remix, tweak, and build upon your work, even commercially, as long as they credit you for the original creation. This is the most accommodating of licenses offered. Recommended for maximum dissemination and use of licensed materials.

    Каляндар

    December 2023
    MTWTFSS
     123
    45678910
    11121314151617
    18192021222324
    25262728293031
    « Feb    

    Tags

    АТА ВС РФ ва Украіне Данбас ПКС РФ РФ Расея Россия Сірыя Украіна антытэрарыстычныя аперацыя расейская агрэсія тэрарысты

    Flickr Галерия

    • Галоўная
    • Палітыка прыватнасьці
    • Кантакты
    • Languages
    • Уваход
    © 2014-2015. «InformNapalm». All Rights Reserved.