Пра факты маніпуляцыяў і дэзынфармацыі пра колькасьць вымушаных украінскіх перасяленцаў у Беларусі валянтэры InformNapalm упершыню паведамлялі ва ўласным расьледаваньні на прыканцы 2016 году. Цягам апошніх гадоў рыторыка вышэйшых службовых асобаў Рэспублікі Беларусь у гэтай тэме ня толькі не зьмянілася, але й набыла выразны прапагандысцкі характар. Спрыяюць гэтаму й заявы прадстаўнікоў найбуйнейшых міжнародных арганізацыяў. У гэтым расьледаваньні з выкарыстаньнем афіцыйных дадзеных дзяржаўных ведамстваў Беларусі мы раскрыем спэкуляцыі й адкрытыя маніпуляцыі на тэме ўкраінскіх уцекачоў і перасяленцаў ў Беларусі.
Афіцыйныя дадзеныя дзяржаўных ведамстваў Беларусі, што абвяргаюць дэзынфармацыю
Паводле зьвестак Дэпартамэнту грамадзянства й міграцыі (ДГіМ) МУС РБ, з 2014 па канец першага паўгодзьдзя 2018 году для атрыманьня статусу ўцекача альбо дадатковай абароны зьвярнуліся 3 318 украінскіх грамадзянаў, зь якіх дадатковую абарону атрымалі 2 690 чалавек. За ўвесь гэты час толькі 4 грамадзяніны Украіны атрымалі афіцыйны статус уцекача. Адным з апошніх стаўся колішні міністар абароны Украіны й экс-амбасадар Міхаіл Ежэль, які атрымаў статус уцекача ў 2017 годзе. Ва Украіне супроць яго распачатыя адразу некалькі крымінальных справаў, адная зь якіх датычная зьнішчэньня тылавога забесьпячэньня ўкраінскае арміі.
Крыніца: mvd.gov.by
Збольшага жыхары Данецкае й Луганскае абласьцей фігуруюць як працоўныя мігранты. Гэта абумоўленае ў першую чаргу адным з асноўных патрабаваньняў для атрыманьня дазволу на часовае пражываньне ў Беларусі. Паводле аднаго з пунктаў артыкулу 48 Закону «Пра прававое становішча замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў РБ» дазвол на часовае пражываньне надаецца замежнікам, калі яны прыбылі ў Беларусь для зьдзяйсьненьня альбо зьдзяйсьняюць працоўнаю дзейнасьць паводле працоўных дамоваў, рэлігійнай, прадпрымальніцкай ці іншай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублiкi Беларусь вызначаным заканадаўствам РБ чынам, – на тэрмін знаходжаньня, але ня больш за адзін год.
Для атрыманьня замежнаму грамадзяніну дазволу на сталае пражываньне ў адпаведнасьці з артыкулам 53 пазначанага Закону, яму неабходна пражыць у Рэспубліцы Беларусь пасьля атрыманьня дазволу на часовае пражываньне на працягу апошніх сямі гадоў бязупынна. Выключэньне паводле Закону зробленае толькі для тых, хто зьяўляецца блізкім сваяком беларускіх грамадзянаў, раней меў грамадзянства РБ, мае ўнікальны талент, выбітныя заслугі й дасягненьні перад Беларусьсю, а таксама ідэнтыфікуе сябе беларусам. То бок на цалкам законнай падставе можна зрабіць здагадку, што на гэты момант большасьць данбаскіх перасяленцаў у Беларусі маюць дазвол менавіта на часовае пражываньне.
Паводле статыстычных дадзеных ДГіМ (1, 2, 3, 4, 5), з 1 студзеня 2014 году па 30 верасьня 2018 году зарэгістраванае агулам 45 831 працоўных мігрантаў з Украіны. Сярод іх вялікая колькасьць працоўных мігрантаў з усяе Украіны, а ня толькі з Данбасу. Пэўная частка зьяўляецца сэзоннымі мігрантамі, якія прыязджаюць на працу ў Беларусь штогод, а потым вяртаюцца ва Украіну. Характэрна, што ў 2014 годзе ўкраінцам было выдадзенае 20 086 спэцыяльных дазволаў на права займацца працоўнай дзейнасьцю. З гэтае колькасьці паводле зьвесткак ДГіМ толькi 5 446 атрымалі жыхары Данецкае й Луганскае абласьцей Украіны (архіў). Фактычная ж колькасьць працоўных мігрантаў з Украіны, якія ў 2014 годзе прыехалі на тэрыторыю Беларусі, склала 17 778 чалавек. Гэтыя дадзеныя шмат у чым карэлююць зь лічбамі ДГіМ за пэрыяд з красавіка па сьнежань 2014 году што да прынятых хадайніцтваў ад грамадзянаў Украіны для атрыманьня дазволу на часовае й сталае пражываньне. Гэтак, у пазначаны пэрыяд для атрыманьня дазволу на часовае пражываньне зьвярнуліся 5 165 грамадзянаў Украіны. Для атрыманьня дазволу на сталае пражываньне хадайнічалі толькі 3 355 украінскіх грамадзянаў, большая частка зь якіх, відавочна пражывала на тэрыторыі Беларусі да 2014 г.
Паказьнік міграцыі ўкраінскіх працоўных у Беларусь меў пікавае значэньне і ў 2015 годзе (14 045 чал.), а з 2016 году пачаў вяртацца да сярэднестатыстычнага ўзроўню (прыблізна 4400 чал.) пэрыяду да пачатку ваенных дзеяньняў на Данбасе. Гэта можа сьведчыць пра тое, што сем’і ўкраінскіх перасяленцаў пасьля сканчэньня актыўнае фазы баявых дзеяньняў пачалі масава зьяжджаць у родныя мясьціны, а таксама пра страту Беларусьсю прывабнасьці ў якасьці крыніцы для заробку працоўных мігрантаў і пра іхную пераарыентацыю на іншыя геаграфічныя напрамкі.
Яшчэ больш сьціплыя лічбы падае Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (Белстат). Агульны сумарны паказьнік усіх, хто прыбыў у Беларусь з 2014 па 2017 год у якасьці мігрантаў зь дзяржаваў-удзельніцаў СНД складае 51 425 чалавек (архіў).
Крыніца: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Гэта пераважна ня толькі ўкраінцы, але й грамадзяне Расейскае Фэдэрацыі, Туркмэністану й Казахстану. Сярэднегадавое значэньне міграцыі ўкраінскіх грамадзянаў у Беларусь за дзесяць гадоў (з 2004 2013 гг.), што папярэднічаюць ваеннаму канфлікту ва Украіне, складае 2 346 чалавек (1, 2, 3). Раптоўнае перавышэньне гэтага паказьніка ў 2014 годзе дае нам лічбу ў 3 965 чалавек. Гэта збольшага адпавядае дадзеным ДГіМ МУС што да колькасьці выдадзеных у 2014 годзе спэцдазволаў на працу жыхарам Данецкае й Луганскае абласьцей і атрыманых хадайніцтваў ад грамадзянаў Украіны для ўхваленьня дазволаў на часовае пражываньне (гл. вышэй). У 2015 годзе паводле дадзеных Белстата ў Беларусь прыехала за апошні час найбольшая колькасьць украінскіх мігрантаў – 10 571 чалавек – што перавысіла сярэднегадавое значэньне міграцыі на 8 225 чалавек
Крыніца: Белстат, Дэмаграфічны штогоднік Рэспублікі Беларусь, 2018
Агульнае перавышэньне за 2014-2016 гг. складае 15 336 чалавек. Зробім вельмі асьцярожную здагадку, што гэтая лічба можа сьведчыць пра прыблізную колькасьць у Беларусі перасяленцаў з Данбасу на той час.
Паводле дадзеных Статыстычнага камітэту, з 2016 году паказьнікі пачынаюць вяртацца да звычайнага сярэднегадавога значэньня. Адметна, што на працягу 2016 і 2017 гадоў назіралася значнае выбыцьцё мігрантаў з Рэспублікі Беларусь ва Украіну. Гэтыя паказьнікі, 1809 і 1781 чалавек адпаведна, зьяўляюцца максымальным значэньнем за ўвесь папярэдні 15-гадовы пэрыяд статыстычнага маніторынгу, пачынаючы з 2003 г.
Крыніца: Белстат, Дэмаграфічны штогоднік Рэспублікі Беларусь, 2018
Як ужо было зазначанае вышэй, меркавана, у гэтыя гады значная колькасьць сем’яў украінскіх перасяленцаў вярталася дадому, што й адбілася ў статыстычных дадзеных.
З улікам усяго масыву афіцыйнае інфармацыі, пададзенага вышэй, у Беларусі можа знаходзіцца максымум да 25-30 тысячаў данбаскіх мігрантаў. Аднак і гэтая лічба зьяўляецца вельмі значнай, бо многія зь іх зьяўляюцца памагатымі расейскіх акупацыйных войскаў, носьбітамі дэструктыўнай ідэалёгіі «русскаго міра» і агрэсіўнае ваеннае прапаганды. Некаторыя зьяўляюцца баявікамі з значным досьведам удзелу ў баявых дзеяньнях. Пра істотную небясьпеку гэтага можна падрабязна даведацца ў расьледаваньні:
Запамятаем максымальную колькасьць украінскіх мігрантаў у Беларусі, вызначаную на падставе аналізу афіцыйных дадзеных – 25-30 тысячаў – і пяройдзем непасрэдна да разгляду новых фактаў маніпуляваньня й спэкуляцыяў у тэме ўкраінскіх уцекачоў. Пры гэтым будзем зважаць на тое, што толькі нязначная частка перасяленцаў з Украіны мае афіцыйна пацьверджаны статус вымушанага мігранту (2 694 чал.).
Храналёгія працягу разьдзіманьня «мыльнае бурбалкі»
Пасьля апублікаваньня папярэдняга расьледаваньня ў лістападзе 2016 году было зробленае мноства афіцыйных заяваў і публікацыяў, у якіх празьмерна павялічаная колькасьць украінскіх перасяленцаў у Беларусі працягвала расьці й дасягнула адзнаку – чвэрць мільёна (!) чалавек. Аднак празь непрацяглы час рыторыка вярнулася ў свае «звыклае» рэчышча трохгадовае даўніны з заявамі пра 160 тысячах украінцаў.
Кіраваньне Вярхоўнага камісару ААН у справах учекачоў (КВКУ) у сваіх апэратыўных аглядах працягнула пазначаць няспыннае павялічэньне ўкраінскіх грамадзянаў, якія запытвалі пра наданьне статусу ўцекача альбо шукалі іншыя формы законнага перабываньня ў Беларусі. Калі гэтая лічба ў справаздачы за сьнежань 2016 году складала 148 549 чалавек, то ў студзені 2017 году «прырасла» на 318 чалавек і склала 148 867 чалавек. Аднак ужо ў лютым 2017 году пазначаны проста неверагодны прырост – 244 621 (!) чалавек (архіў).
Адным росчыркам пяра колькасьць насельніцтва Беларусі была павялічаная больш чымся на 2,5 адсоткі, апроч гэтага значна зьменшаны ягоны этнічны склад.
У лютым 2017 году вайна на Усходзе Украіны мела, як і зараз, пераважна пазыцыйны характар. Сур’ёзнае абвастрэньне баявых дзеяньняў адбылося ў раёне Аўдзееўкі, апроч гэтага йшлі баі ў раёне шахты Бутаўка, на Сьветладарскай дузе, каля Бахмуцкай трасы, у раёне Шырокіна й на іншых дзялянках фронту. Абмяжоўваліся яны захопам «шэрых» зонаў і спробамі ўмацаваньня на пэўных напрамках. Аніякіх поўнамаштабных баёў, якія маглі спрычыніцца да наплыву ў Беларусь ўсяго толькі за адзін месяц больш за 95 тысячаў уцекачоў, не было.
3 лютага 2017 г. падчас размовы з прадстаўнікамі грамадзкасьці й СМІ кіраўнік Беларусі А.Г. Лукашэнка эмацыйна заявіў пра 170 тысячаў украінскіх грамадзянаў у Беларусі (тут і далей пакідаем у арыгінале):
«Я иногда смотрю на Европу, и мне больно становится из-за того, что там происходит, и за тех руководителей. Стенают, плачут, делят этих беглецов по 500 человек, по тысяче человек… Хотя Прибалтика, страны Восточной Европы упираются: нет, мы не пустим тысячу человек. А я сижу и думаю: боже мой, мы за два года из Украины приняли 170 тысяч! Я мгновенно подписал указ, и мы им предоставили все условия, как белорусам. 170 тысяч. Господь увидит, где-то, может быть, и нам поможет. А они там за тысячу спорят».
Аднак ужо 21 красавіка 2017 г. у пасланьні беларускаму народу й так званаму Нацыянальнаму сходу Лукашэнка заяўляе пра знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі 160 тысячаў украінскіх перасяленцаў (архіў):
«Украина — не просто наш сосед, это братская нам страна, братский народ. Мы приняли у себя более 160 тысяч переселенцев.”
Фота: president.gov.by
20 чэрвеня 2017 г. прадстаўнік КВКУ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі (Jean-Yves Bouchardy) як і раней зноў згадаў пра 160 тысячаў грамадзянаў Украіны, якія пераехалі з пачаткам канфлікту ў Беларусь, пры гэтым дадаў, што гэта, маўляў, ужо агульнавядомы факт, практычна труізм. Аднак гэтыя дадзеныя кардынальным чынам розьняцца ад афіцыйных дадзеных ягонага ж Кіраваньня пра нібыта чвэрць мільёну ўкраінцаў у Беларусі (архіў):
«Границы для лиц, иностранцев, ищущих убежище, должны быть открыты. Это соблюдение международных стандартов, и мы, как агентство ООН по делам беженцев, благодарны усилиям Беларуси. То, что предпринимает страна в этом направлении: и как в плане практических аспектов, приёма иностранцев, ходатайствующих, и как площадка для урегулирования ситуации в Украине. Не секрет, что чуть более 160 тысяч граждан этой страны в целом въехали с началом конфликта на территорию Беларуси».
Прадстаўнік КВКУ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі | Белсат
Характэрна, што ўжо літаральна праз паўгоду, у студзені 2018 у інтэрвію выданьню «Заўтра тваёй краіны» ён робіць калясальны разрыў у лічбах (архіў):
«Беларусь провела достаточно хорошую работу в отношении принятия большого количества граждан Украины. Но число обратившихся за защитой значительно меньше тех, кто переезжал из Украины в Беларусь — чуть больше 2 тысяч человек. Всего в Беларусь въехало около 100-150 тысяч украинцев».
Да распаўсюду інфармацыі што да празьмернай колькасьці ўкраінскіх перасяленцаў у Беларусі падключылася таксама й Беларускае таварыства Чырвонага Крыжу, якое непасрэдна кантактуе з вымушанымі мігрантамі. Генэральны сакратар гэтае арганізацыі Вольга Мычко на прыканцы ліпеня 2018 году таксама заявіла пра 160 тысячаў украінскіх перасяленцаў, праўда, зь невялікім удакладненьнем, што ня ўсе ўкраінцы з гэтае колькасьці засталіся на тэрыторыі Беларусі (цытуем дзяржаўнае выданьне «Звязда»):
«Як адзначыла Вольга Мычко, большасьць пытаньняў, зьвязаных зь міграцыяй, і адпаведны ўнёсак Чырвонага Крыжа сфармаваліся ў 2014 годзе, калі павялічыўся паток вымушаных перасяленцаў з Украіны. Каля 160 тысячаў украінцаў былі перамешчаныя на тэрыторыю Беларусі – але гэтя ня азначае, што ўсе яны засталіся, многія прыязджалі й пакідалі нашую краіну, растлумачыла генэральны сакратар».
25 кастрычніка 2018 г. прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз на брыфінгу ў Менску ў камэнтары на заяву кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Украіны Паўла Клімкіна пра небясьпеку наведваньня ўкраінцамі Беларусі, заяўляе наступнае (архіў):
«Нет смысла комментировать эту, мягко говоря, небылицу. Давайте спросим у 160 тысяч украинских беженцев, которые в разное время прибыли в нашу страну, — где им безопаснее жить, учиться и работать.»
Прэс-сакратар МЗС РБ Анатоль Глаз / Белапан
Асобна варта зазначыць, што кожны супрацоўнік дыпляматычнае службы, а тым больш кіраўнік прэс-службы, у зносінах з прадстаўнікамі СМІ абавязаны не прадузята паведамляць фактычную, дакладную, поўную й аб’ектыўную інфармацыю, бо адной з задачаў зьяўляецца інфармацыйнае забесьпячэньне зьнешнепалітычнага курсу й фармаваньне з дапамогаю мэдыя грамадзкае думкі. Ці адпавядае ўсім пералічаным крытэрам Анатоль Глаз, прызначаны на гэтую пасаду 11 чэрвеня 2018 году? – На гэтае пытаньне чытач цалкам можа адказаць сам.
На наступны дзень, 26 кастрычніка 2018 году, на сустрэчы з Прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў Гомлі падчас правядзеньня Форуму рэгіёнаў Беларусі й Украіны Лукашэнка падае дадзеныя ўжо пра 150 тысячаў украінцаў (архіў).
Фота: president.gov.by
Інфармацыйныя маніпуляцыі працягваюцца і ў 2019 годзе. 14 студзеня падчас сустрэчы зь Віктарам Медведчуком – палітыкам з выразнымі прарасейскімі поглядамі й інтарэсамі – Лукашэнка сьведама заяўляе наступнае (архіў):
«И в начале этого конфликта по нашим данным, а мы четко вели учет, до 150 тыс. человек хлынул поток из Украины. И мы предоставили им равные условия и права с нашими белорусами. Хотя тогда было непросто. Но, слава богу, все обошлось. Кто-то назад вернулся, кто-то ездит туда-сюда, а кто-то обосновался, живет и работает здесь как наши близкие, родные люди. Есть и негативные факторы событий, которые там происходят. Я об этом публично всегда говорю».
Фота: БелТА
18 студзеня 2019 г. у відэарэпартажы на тэлеканале «Беларусь 1» дзяржаўнае Белтэлерадыёкампаніі, прысьвечанаму сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі беларускага зьнешнепалітычнага ведамства розных гадоў, паноўна заяўленае пра каля 150 тысячаў украінцаў, якія абралі Беларусь у якасьці прытулку ад вайны.
Скрыншот відэа тэлеканалу «Беларусь 1»
Паказальна, што апроч пашырэньня гэтай інфармацыі, ягоныя аўтары як у відэа, гэтак і ў тэкставай вэрсіі чамусьці пазначаюць дату пачатку ваеннага канфлікту ва Украіне ў 2009 годзе, то бок яшчэ за прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам. Відавочна, гэта ёсьць наўпроставымі азнакамі суцэльнага зношваньня дзяржаўнае інфармацыйна-прапагандысцкае машыны.
Мажлівыя мэты маніпуляцыяў на тэме ўкраінскіх уцекачоў
Зьдзейсьненае расьледаваньне сьведчыць пра тое, што раней выяўленая дэзынфармацыя нягледзячы на грамадзкі рэзананс працягвае актыўна цыркуляваць у заявах дзяржаўных чыноўнікаў і функцыянэраў найбуйнейшых міжнародных арганізацыяў. Цалкам мажліва, што гэта, шмат у чым узгодненая палітыка супольных дзеяньняў, абумоўленая, як намерамі паказаць вялікую значнасьць Беларусі на міжнароднай арэне, гэтак і матывавананьнем міжнароднае супольнасьці да зьдзяйсьненьня мэтавай донарскай дапамогі. Гэтак, напрыклад, у 2017-2018 гадох КВКУ ААН мела патрэбу ў фінансаваньні сваёй праграмы дапамогі вымушаным мігрантам з Украіны ў памеры $68, 8 млн, зь якіх паводле наяўных дадзеных атрыманыя блізу $31,2 млн (1, 2).
Фінансаваньне праграмы што да вымушаных мігрантаў з Украіны станам на 07.11.2017 г. і 13.12.2018 г. / Крыніца: refworld.org
Безумоўна, гэта вельмі значныя фінансавыя сродкі, пэўная частка якіх меркавана была прызначаная й беларускаму прадстаўніцтву КВКУ, якое, напрыклад, толькі на 2015 год запытвала звыш за $2 млн.
Выкарыстаньне недакладнай інфармацыі дзяржаўнымі дзяячамі Беларусі можа мець некалькі геастратэгічных мэтаў. Адной зь іх безумоўна зьяўляецца замацаванне на міжнародным узроўні фармальнага статусу дзяржавы — аднаго з сусьветных лідэраў па колькасьці вымушаных мігрантаў. Усё гэта разам з пазыцыянаваньнем Беларусі ў якасьці донара рэгіянальнае бясьпекі на фоне абслугоўваньня «перамоўных працэсаў» па Карабаху й па Данбасу надае дзяржаве дадатковыя прэфэрэнцыі на міжнароднай арэне.
Кейс з празьмернай колькасьцю ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі, вядома ж, разьлічаны й на ўнутранае спажываньне. Дзяржаўная прапаганда вельмі актыўна выкарыстоўвае міт пра Беларусь як пра так званую выспу стабільнасьці й дабрабыту ў неспакойным сьвеце, што віруе разнастайнымі крызамі й канфліктамі, і ў якую нібыта скіроўваюцца грамадзяне зь няшчасных краінаў.
Беларуская служба InformNapalm працягвае сачыць за афіцыйнай статыстыкай і выкарыстаньнем дзяржаўнымі палітыкамі й функцыянэрамі міжнародных арганізацыяў маніпулятыўных практыкаў і дэзынфармацыі, а таксама інфармаваць пра гэта грамадзкасьць.
Упэўненыя, нашыя калегі з StopFake таксама праяўляюць цікавасьць да фактаў з працягам спэкуляцыяў, фэйкаў і адкрытай дэзынфармацыі на тэме ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі.
Рэдактар беларускае службы
міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm
Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа