
Напрыканцы лістапада валянтэры міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm адзначылі значны інфармацыйны сполах, дзеяньне якога працяглы час падтрымлівалася ў расейскіх, беларускіх і ўкраінскіх СМІ. Нагодай, якая справакавала штучны ажыятаж, сталася тэма ўкраінскіх уцекачоў і фантастычная лічба – 160 000 – агучаная прадстаўніком Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў у Менску. Падчас пэрыядычнага маніторынгу справаздачаў і статыстыкі афіцыйных дзяржструктураў, які зьдзяйсьняюць валянтэры InformNapalm, былі выяўленыя непраўдзівыя дадзеныя, якія будуць абвергнутыя ў гэтым матар’яле.
Афіцыйныя дадзеныя, з дапамогаю якіх будзе выкрытая непраўдзівая інфармацыя
Паводле зьвестак Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ, на працягу 2014-2015 гадоў для атрыманьня статусу ўцекача або дадатковай абароны зьвярнуліся 1642 грамадзяніны Украіны, зь якіх станам на 2015 год дадатковую абарону атрымалі 1089 чалавек і толькі 1 (адзін!) грамадзянін Украіны атрымаў афіцыйны статус уцекача. Абсалютная бальшыня перасяленцаў з Данбаса на тэрыторыі Беларусі маюць статус працоўных мігрантаў, якім улады выдаюць часовы (на год) або сталы від на жыхарства. Падобных мігрантаў з 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016 году было зарэгістраванае 35157 чалавек (паводле статыстычных дадзеных ДГМ МУС РБ: 1, 2, 3), сярод іх шмат працоўных мігрантаў з усяе Украіны, ня толькі з Данбаса. Таксама неабходна ўлічваць, што некаторыя зь іх зьяўляюцца сэзоннымі мігрантамі, якія затым вяртаюцца ва Украіну. Паводле пададзенае афіцыйнае інфармацыі ў Беларусі на гэты момант знаходзяцца прыблізна 25-30 тысячаў данбаскіх мігрантаў, але й гэтая колькасьць зьяўляецца вельмі значнай, бо сьлед разумець, што гэта не звычайныя перасяленцы – мірныя шахтары й трактарысты, але шмат хто зь іх ёсьць шчырымі прыхільнікамі й памагатымі расейска-тэрарыстычных войскаў, носьбітамі агрэсіўнай вайсковай прапаганды. Ёсьць сярод іх і баявікі з значным баявым досьведам, для якіх каштоўнасьць чалавечага жыцьця й маральныя прынцыпы зьяўляюцца рудымэнтамі. Больш падрабязна пра гэта ў расьледаваньні:
Запамятаем колькасьць украінскіх мігрантаў у Беларусі паводле афіцыйных дадзеных – 25-30 тысячаў – і пяройдзем непасрэдна да далейшага разгляду інфармацыйнага сполаху і ягонай храналёгіі.
Храналёгія разьдзіманьня «мыльнае бурбалкі»
Першыя факты завышэньня дадзеных статыстыкі былі ўжо ў верасні 2014 году, калі прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН у справе ўчекачоў (УВКУ ААН, UNHCR) Олдрых Андрысек (Oldrych Andrysek) падчас візіту ў Гомельскую вобласьць заявіў пра наяўнасьць у Беларусі больш за 25 тысячаў украінскіх перасяленцаў. Гэтую інфармацыю тады не пацьвердзіў начальнік Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун, які паведаміў рэальныя дадзеныя:
Ёсьць 250 зваротаў для атрыманьня статусу ўцекача – гэтыя лічбы ёсьць. Ну, а астатнія… Напрыклад, больш за 7 тысячаў атрымалі дазвол на працу. Хаця зразумела, што хтосьці яшчэ зь мінулага году працуе.
Далей УВКУ ААН працягнула актыўна «разьдзімаць мыльную бурбалку», якую вельмі добра відаць з аналізу тае вялікае розьніцы між дадзенымі Упраўленьня і афіцыйнымі зьвесткамі дзяржаўных ворганаў Беларусі. Гэтак, у апублікаваным апэратыўным аглядзе УВКУ з 2 сьнежня 2014 году маецца інфармацыя ўжо пра 59 600 украінскіх перасяленцаў, пры гэтым Упраўленьне спасылаецца на дадзеныя, атрыманыя нібыта «ад уладаў». Паводле інфармацыі ж афіцыйных беларускіх крыніцаў, пададзенай у гадавой статыстыцы ДГМ МУС РБ, за 2014 год у Беларусь з Украіны прыехалі 17 778 мігрантаў, 664 украінцы зьвярнуліся для наданьня ім статусу ўцекача або дадатковай абароны.
Вельмі значнае скажэньне інфармацыі адбылося ў 2015 годзе, калі ў апэратыўным аглядзе УВКУ ААН з 21 сакавіка – 10 красавіка ў Беларусі фігуравалі ўжо 80 900 украінскіх мігрантаў, інфармацыя пра якіх была зноў пададзеная з спасылкай на нейкія таямнічыя “ўрадавыя крыніцы” Беларусі. Апагей інфармацыйнай спэкуляцыі быў дасягнуты ўвосень 2015 году, калі колькасьць з значэньня, якое заставалася ўвесь гэты час нязьменным зь невялікім прыростам у жніўні да 81 600 украінскіх грамадзянаў, раптоўна павялічылася ў аглядзе, пададзеным УКВУ ААН 7 верасьня 2015 году, да 126 450 (!) чалавек. Спасылка на гэтую фантастычную ў кантэксьце статыстыкі лічбу зноў пададзеная на «крыніцы ва ўрадзе» і «адпаведныя нацыянальныя ворганы ў справе ўцекачоў».
У кастрычніку 2015 году прадстаўнік УВКУ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі (Jean-Yves Bouchardy) «налічыў» ужо 150 000, нягледзячы нават на тое, што ў афіцыйных дадзеных ягонага ж Упраўленьня пададзеная значна меншая лічба. Аднак, ён на гэтым не спыніўся і нават пачаў займацца арытмэтычнымі апэрацыямі:
Я лічу, што 150 тысячаў чалавек – гэта істотная лічба, і калі параўнаць з агульным насельніцтвам Беларусі, атрымаецца каля 1,7% (архіў).
Увесну 2016 году, цалкам мажліва, пад узьдзеяньнем скасаваньня санкцыяў, вышэйшыя дзяржаўныя чыны Беларусі таксама ўцягнуліся ў працэс статыстычных маніпуляцыяў. Гэта ўпершыню выразна праявілася падчас сустрэчы Лукашэнкі з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам 30 сакавіка 2016 году, калі пра прысутнасьць у краіне 160 тысячаў уцекачоў з Украіны заявіў ужо непасрэдна кіраўнік Беларусі.
І ўжо 26 верасьня 2016 году ў інтэрвію Радыё ААН кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімер Макей дзіўным чынам паўтарае тыя ж самыя словы пра 160 тысячаў «украінскіх уцекачоў».
Празь дзесяць дзён, 6 кастрычніка 2016 году, на 67-й сэсіі выканаўчага камітэта УВКУ ААН, якая адбывалася ў Жэнэве, інфармацыйныя маніпуляцыі працягнуў ужо сталы прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Юры Амбразевіч (пакідаем у арыгінале):
Беларусь в последние годы столкнулась с волной переселения граждан Украины, покинувших свои дома в связи с кризисом на юго-востоке этой страны. Приняв за это время «без лишнего шума и гама» более 160 тысяч человек из Украины, Беларусь в расчете на душу населения входит в число мировых лидеров (!) по принятым вынужденным мигрантам (архіў).
8 лістапада 2016 году аналягічную заяву ў Кіеве зрабіў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар РБ ва Украіне Ігар Сокал на канфэрэнцыі «25 гадоў украінска-беларускага дыялёгу: пэрспэктывы двухбаковых адносінаў падчас глябальных выклікаў», спаслаўся ён пры гэтым на дадзеныя УКВУ ААН (кола замкнулася!). А ўжо 20 лістапада 2016 году ў этэры беларускага тэлеканалу “АНТ” згаданы вышэй прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў у РБ Жан-Іў Бушардзі цьвёрда замацоўвае непраўдзівую інфармацыю пра наяўнасьць на тэрыторыі Беларусі 160 тысячаў украінскіх грамадзянаў:
Вядома, што Беларусь традыцыйна прыймае на сваёй тэрыторыі ўцекачоў з розных краінаў. Да нядаўняга часу іхная колькасьць на тэрыторыі вашай дзяржавы была нязначнай, аднак у зьвязку з канфліктам на Усходзе Украіны каля 160 тысячаў грамадзянаў гэтай краіны прыехалі ў Беларусь. Зь іх прыблізна 2 тысячы зьвярнуліся з просьбаю надаць прытулак.
Характэрна, што гэты прадстаўнік Вярхоўнага камісара неаднаразова сустракаўся зь міністрам МУС Беларусі Ігарам Шуневічам і ягонымі намесьнікамі (1, 2, 3), ад якіх ён пэўна меўся атрымаць усю наяўную інфармацыю пра рэальную колькасьць уцекачоў і мігрантаў у Беларусі паводле афіцыйных дадзеных Дэпартамэнта грамадзянства й міграцыі МУС РБ. Аднак, як ўсе добра ведаюць, шмат хто верыць, што кажа праўду, або робіць выгляд, што верыць.
Зазначым асаблівую ролю ў разьдзіманьні гэтае «мыльнае бурбалкі» і з боку сродкаў масавай інфармацыі. У гэтым выпадку СМІ праявілі празьмерны давер да словаў высокіх прадстаўнікоў Беларусі і чыноўнікаў міжнародных арганізацыяў, і практычна сталіся рэтрансьлятарамі ілжывых зьвестак.
Мажлівыя мэты маніпуляцыяў статыстыкай што да ўцекачоў
На прыкладзе гэтага расьледаваньня мы паказалі, якія маштабы можа мець ілжывая інфармацыя, у якую сьведама ці нясьведама былі ўцягнутыя высокія дзяржаўныя прадстаўнікі і чыноўнікі міжнародных арганізацыяў. Мажліва, падобныя маніпуляцыі дадзенымі былі выкліканыя праз жаданьне паказаць вялікую значнасьць Беларусі на міжнароднай арэне што да пытаньня «прыняцьця ўцекачоў» або ж праз банальны фінансавы інтарэс пэўных асобаў і чыноўнікаў. Адной з вэрсіяў можа быць тое, што празьмерна завышаныя лічбы патрэбныя для таго, каб матываваць міжнародную супольнасьць зьдзяйсьняць мэтавую донарскую дапамогу. Гэтак, станам на 2015 год УВКУ ААН мела патрэбу ў фінансаваньні сваёй праграмы дапамогі перасунутым асобам ва Украіне, Беларусі і Малдове ў памеры $41,5 млн, зь якіх былі атрыманыя $28,8 млн.
Паводле апошняга апэратыўнага агляду зь верасьня, агульная патрэба фінансаваньня на 2016 год сягнула $42,3 млн, частку зь іх – 17,1 млн – ужо ўнеслі донарскія арганізацыі. Агульная сума патрэбаў за 2015-2016 гады сягнула $83,8 млн без уліку дадатковых запытаў фінансаваньня дзейнасьці, зь іх, станам на верасень 2016 году, атрыманая $45,9 млн, плюс да гэтага таксама сьлед дадаць $11,3 млн, атрыманых УВКУ для рэалізацыі праграмы для нутраных перасунутых асобаў ва Украіне ў 2014 годзе. Агульная атрыманая сума – $57,2 млн – вельмі ўражвае. З гэтай сумы пэўная частка была прызначаная і беларускаму прадстаўніцтву УВКУ, якое зрабіла запыт толькі ў 2015 годзе на суму больш чымся $2 млн.
Таксама ня сьлед выключаць і тое, што адной з мэтаў УВКУ ААН можа зьяўляцца і спрыяньне прыняцьцю беларускім бокам пэўнай колькасьці сірыйскіх уцекачоў з Эўрапейскага Зьвяза, колькасьць якіх нават некалькі тысячаў на фоне «160 тысячаў» мігрантаў з Украіны будзе выглядаць вельмі нязначнаю. Падобнае меркаваньне ўжо выказваў прадстаўнік УВКУ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі.
Матывы выкарыстаньня непраўдзівай інфармацыі дзяржаўнымі беларускімі дзеячамі што да ўцекачоў можна прасачыць і ў іхных заявах, у якіх яны імкнуцца даказаць значнасьць Беларусі на міжнароднай арэне з дапамогай замацаваньня для яе новага статусу – аднаго з сусьветных лідэраў паводле колькасьці вымушаных мігрантаў. У прынцыпе, іхная тактыка зразумелая: на фоне «посьпеху» у атрыманьні статусу дзяржавы, якая абслугоўвае «мірныя перамоўныя працэсы» як па Карабаху, гэтак і Данбасу, лінія выхаду ва ўмоўныя лідэры што да ўцекачоў выглядае цалкам лягічнай.
Для калегаў з StopFake, міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm у гэтым расьледаваньні выканала выкрыцьцё доўгатэрміновага й пралянгаванага высокаўзроўневага фэйку што да спэкуляцыяў на тэме ўкраінскіх мігрантаў у Беларусі. Працягваем сачыць за афіцыйнай статыстыкай і «гульнёй у напарсткі» палітыкаў на фоне глябальных інфармацыйных маніпуляцыяў.
Матар’ял да публікацыі падрыхтаваў рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
![]()
(CC BY 4.0) Інфармацыя падрыхтаваная адмыслова для сайту InformNapalm.org, падчас поўнага або частковага перадруку й выкарыстаньня матар’ялу наўпроставая спасылка на аўтара і наш праэкт абавязковая.
Заклікаем чытачоў актыўна пашыраць нашыя публікацыі ў сацыяльных сетках, на форумах і СМІ. Наданьне матар’ялам расьледаваньняў шырокае агалоскі здатнае зьмяніць хаду інфармацыйнага і баявога супрацьстаяньня з Крамлём.














Прочитайте нову книгу "Донбас у вогні". Це керівництво буде корисно для журналістів, дослідників, військових експертів, дипломатів та всіх, хто збирає інформацію про війну на Донбасі.

Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа