Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm у адказ на грубыя парушэньні расейскімі акупацыйнымі войскамі ўмоваў допуску міжнародных назіральнікаў на вызначаныя аб’екты на Данбасе публікуе новыя эксклюзіўныя фатаздымкі з наўпроставымі доказамі прысутнасьці ў асобных раёнах Данецкае й Луганскае абласьцей (АРДЛА) найноўшае расейскае вайсковае тэхнікі.
Мы зьвяртаем увагу журналістаў, палітыкаў і дыпляматаў на неабходнасьць кансалідаванага ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расейскую Фэдэрацыю, каб агрэсар пачаў выконваць свае абавязальніцтвы што да поўнага вывядзеньня сваіх вайскоўцаў, наймітаў, узбраеньня й вайсковае тэхнікі з тэрыторыі Украіны. Гэта самыя важныя ўмовы для дасягненьня сапраўднага, але не ўяўнага міру. Ніякія іншыя “плятформы замірэньня”, “выбары ў АРДЛА” або спробы наданьня суб’ектнасьці расейскім марыянэткавым тэрарыстычным утварэньням “Л/ДНР” ня толькі не скіраваныя на дасягненьне сапраўднага міру, але значна паглыбляюць і павялічваюць пагрозы сувэрэнітэту й тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны.
Наконадні міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm апублікавала аналіз перашкодаў дзейнасьці СММ АБСЭ з боку РФ на Данбасе за першы квартал 2020 году. У публікацыі былі разгледжаныя шматлікія выпадкі нядопуску міжнародных назіральнікаў на акупаваную тэрыторыю АРДЛА. Гэты матар’ял таксама прадэманстраваў сыстэматычныя парушэньні з боку падкантрольных Расейскай Фэдэрацыі збройных фармаваньняў, якія намагаліся схаваць ад назіральнікаў адзінкі расейскага ўзбраеньня й вайсковай тэхнікі. У выніку гэтага аналізу валянтэры прыйшлі да высновы, што найбольш эфэктыўнай крыніцай дадзеных пра парушэньні на акупаванай тэрыторыі зьяўляюцца не патрулі, але бесьпілётныя лятальныя апараты (БпЛА) СММ АБСЭ. Нягледзячы на застасаваньне супроць іх ўсяго патэнцыялу найноўшых расейскіх сыстэмаў радыёэлектроннае барацьбы (РЭБ), яны ўсё часьцей выяўляюць унікальныя адзінкі расейскае вайсковае тэхнікі, кіраваць якімі могуць выключна расейскія кадравыя вайскоўцы Збройных сілаў РФ.
22 сакавіка была апублікаваная новая апэратыўная справаздча Спэцыяльнай маніторынгавай місіі (СММ) АБСЭ №2/2020, у якой назіральнікі зазначылі, што 21 і 22 сакавіка чальцы прарасейскіх збройных фармаваньняў у Данецкай вобласьці не прапусьцілі аніводнага патруля Місіі. У выніку гэтых парушэньняў свабода перасоўваньня Місіі празь лінію разьмежаваньня ў Данецкай вобласьці была цалкам абмежаваная, што зашкодзіла выкананьню мандату Місіі.
Гэта чарговага разу дэманструе агрэсіўныя намеры Расейскае Фэдэрацыі, якая намагаецца схаваць перасоўваньне ўзбраеньня й вайсковае тэхнікі на акупаванай тэрыторыі АРДЛА.
Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm атрымала праз свае каналы новае візуальнае пацьверджаньне прысутнасьці на Данбасе найноўшых расейскіх сыстэмаў РЭБ. Сёньня мы экслюзіўна публікуем аэрафатаздымак, які дапаўняе тэкставыя дадзеныя справаздачы СММ АБСЭ №60/20 з 12 сакавіка 2020 г. што да выяўленьня 3 сучасных расейскіх комплексаў РЭБ: РБ-341В “Леер-3”, Р-934Б “Сініца” і РБ-636 “Свет-КУ”.
Аналіз фота
Валянтэры InformNapalm зьдзейсьнілі ўласны аналіз атрыманага аэрафатаздымку: вызначылі дакладную геалякацыю зафіксаванай вайсковай тэхнікі й зрабілі параўнаўчы аналіз з даступнымі фатаздымкамі дзеля ідэнтыфікацыі адзінак РЭБ. Усе станцыі РЭБ, зафіксаваныя ў фота, знаходзяцца ў паходным стане (не разгорнутыя).
З дапамогаю наяўных у фота будынкаў вызначанае, што найноўшая вайсковая тэхніка РФ зафіксаваная ў Луганску ў раёне гаражных боксаў паміж вуліцамі Уладзімерскай і Вядзеніна, дакладныя каардынаты мейсца дысьлякацыі: 48°31’41.2″N 39°21’24.2″E. Для параўнання падаем ніжэй скрыншот з сэрвісу Google Earth.
Ніжэй дэталізацыя кадру для параўнаньня элемэнтаў комплексу РБ-636 “Свет-КУ”. Леваруч: элемэнт кадру з БпЛА. Праваруч: фота для параўнаньня.
Фота фікасацыі гэтага комплексу ў Луганску ў 2016 годзе. Падрабязнасьці ў расьледаваньні InformNapalm: “Расея перакінула ў Луганск комплекс “Свет-КУ”.
Дэталізацыя кадру для параўнаньня элемэнтаў комплексу, які ў справаздачы СММ АБСЭ пазначаны як Р-934Б “Сініца”. На падставе параўнаньня элемэнтаў можна меркаваць, што гэта мадыфікацыя станцыі перашкодаў Р-934БМВ з складу комплексу “Барысаглебск-2”, які таксама неаднаразова быў зафіксаваны на Данбасе.
Праваруч: элемэнт аэрафотаздымка. Леваруч: фота для параўнаньня.
Пра азнакі дзейнасьці расейскага комплексу РБ-341В “Леер-3” у Луганскай вобласьці мы дэталёва распавядалі ў нашай папярэдняй публікацыі. Валянтэры InformNapalm таксама неаднаразова фіксавалі гэты комплекс на Данбасе пачынаючы з 2015 году.
Праваруч у верхнім куце фатаздымку на даху будынку можна пабачыць разьмешчаную антэну радыёпэленгацыі. Дакладную мадыфікацыю антэны пакуль вызначыць не ўдалося, але яна вельмі падобная на расейскую антэнную сыстэму “АРК-ПП4”, якая мае поўны спэктар функцыяў.
Леваруч: элемэнт фота БпЛА (выгляд зьверху). Праваруч: фота для параўнаньня (выгляд збоку).
Праз параўнаньне розных спадарожнікавых здымкаў гэтага мейсца валянтэры InformNapalm заўважылі, што гэтая антэна зьявілася на даху будынку не пазьней за 2016 год. Час ад часу менавіта побач з гэтым будынкам у спадарожнікавыя здымкі патрапляе скопішча вайсковых грузавікоў “КамАЗ”.
У новым фатаздымку БпЛА можна таксама пабачыць групу людзей у вайсковай форме й тры легкавыя аўтамабілі. Ня выключанае, што БпЛА зафіксаваў расейскіх вайсковых кіраўнікоў, якія прыбылі ў гэты раён для пераверкі вайсковае тэхнікі альбо наданьня загадаў экіпажам.
Зьвяртаемся да відавочцаў, якія маглі выпадкова зафіксаваць нумары гэтых аўтамабіляў 10 сакавіка 2020 году ў вызначаным раёне або маюць іншую інфармацыю, якая можа дапамагчы ідэнтыфікаваць расейскіх вайскоўцаў. Дасылайце зьвесткі на старонку InformNapalm у Facebook альбо пішэце у Twitter.
Высновы
Нагадаем, што раней найноўшая расейская вайсковая тэхніка на Данбасе таксама неаднаразова была зафіксаваная з дапамогаю аэрафатаздымкі БпЛА. Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm зьвяртаецца да ўкраінскіх і міжнародных дыпляматаў, журналістаў і палітыкаў з просьбаю надаваць большую ўвагу фактам выяўленьня сталай вайсковай прысутнасьці Расейскае Фэдэрацыі на Данбасе. Гэтыя матар’ялы неабходна выкарыстоўваць для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расейскую Фэдэрацыю, для ўвядзеньня дадатковых эканамічных санкцыяў дзеля прымушэньня вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ і асабіста Уладзімера Пуціна да выкананьня абавязальніцтваў у межах падпісаных у Менску дамоўленасьцей што да вывядзеньня расейскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Украіны.
Матар’ял падрыхтаваны адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
InformNapalm – гэта вядомы й цалкам незалежны міжнародны валянтэрскі праэкт, які працуе цягам ужо больш за 6 гадоў.
Мы ня маем аніякай фінансавай падтрымкі ад ураду якой-кольвек краіны ці донараў, адзінымі мэцэнатамі інфармацыйнага праэкту зьяўляюцца ягоныя валянтэры й чытачы, якія ангажуюць свае сілы, час і сродкі для супрацьдзеяньня расейскай інфармацыйнай агрэсіі. Вы таксама можаце падтрымаць InformNapalm або сваімі ведамі й навыкамі, або ахвяраваньнем на ўтрыманьне сайту й разьвіцьцё праэкту. Фінансава нас можна падтрымаць або дабрачынным унёскам праз LiqPay, або стаць «патронам» і падпісацца на штомесячныя мініўнёскі праз сеціва Patreon.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа