
Рэдактар беларускае службы міжнароднае валянтэрскае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын зрабіў афіцыйную заяву ў зьвязку зь няспыннай інфармацыйнай агрэсіяй супроць яго расейскіх мэдыя-рэсурсаў.
“Расейская прапаганда разгарнула супраць маёй асобы паўнамаштабную інфармацыйную кампанію з мэтай ачарненьня й дыскрэдытацыі майго імя. Доўжыцца яна няспынна ўжо на працягу цэлага месяцу, пачынаючы зь сярэдзіны красавіка 2019 г. Сымптаматычна, што ў яе ўцягнутыя і некаторыя беларускія актары, што непасрэдна сьведчыць пра іхную падкантрольнасьць расейскім куратарам.
Франтмэнамі інфармацыйнай вайны супроць мяне выступаюць расейскія прапагандысцкія рупары: antimaydan.info, news-front.info, novorosinform.org, politnavigator.net, тэлеграм-каналы «338», «Трыкатаж» і шэраг іншых.
Калаж крыніцаў дэзынфармацыі й некаторых цытатаў (клікабельна)
Характар, спосаб падачы й каналы распаўсюду дэзынфармацыі сьведчаць пра тое, што за гэтым меркавана стаяць сілавыя ведамствы Расейскае Фэдэрацыі. Цалкам мажліва, да яе мае дачыненьне Галоўнае ўпраўленьне Генштабу ЗС РФ, пра гэта ўскосна сьведчаць суцэльная нязграбнасьць і некампэтэнтнасьць правядзеньня інфармацыйна-псыхалягічнай спэцапэрацыі.
Каб зьменшыць апэратыўны прастор для “канчатковага вырашэньня” майго пытаньня й выкарыстаньня мажлівых сцэнараў што да выкраданьня мяне на тэрыторыі Беларусі й перадачы расейскім сілавікам альбо інсцэнаваньня суіцыду, заяўляю наступнае:
У Расеі апошняга разу я быў у першай палове 2008 году. Пасьля пачатку ваенных дзеяньняў РФ супроць Украіны й майго наўпроставага заангажаваньня ў супрацьдзеяньне расейскай інфармацыйнай агрэсіі, лічу наведваньне Расеі для сябе сьмяротна небясьпечным. Перакананы, што дзяржава-агрэсар Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца як для мяне асабіста, гэтак і для Беларусі наўпроставым ворагам. Не пляную й не зьбіраюся ехаць на тэрыторыю РФ ажно да поўнай ліквідацыі пуцінскага рэжыму. Адзіная мажлівасьць туды патрапіць для мяне застаецца толькі ў статусе вайсковага карэспандэнту ў складзе экспэдыцыйных сілаў краінаў антыпуцінскае кааліцыі.
Ня маю аніякіх суіцыдальных ідэацыяў. Фізычна й псыхічна здаровы. Свае жыцьцё вельмі люблю й шаную, значную частку якога прысьвячаю менавіта ўзмацненьню нацыянальнае бясьпекі Беларусі, бачу ў гэтым сваю ролю як журналіста і жыцьцёвую місію як патрыёта.
Расейская інфармацыйная спэцапэрацыя супраць мяне адбываецца на фоне значнага абвастрэньня расейска-беларускіх адносінаў, адкліканьня амбасадара РФ Бабіча, гандлёва-эканамічнай вайны, непрыхаваных памкненьняў Расеі канчаткова паглынуць Беларусь пад прыкрыцьцём паўнавартаснага разгортваньня праэкту так званага “Союзного государства”. Маем наўпроставую пагрозу страты сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі. Агрэсіўныя дзеяньні РФ супраць маёй асобы – толькі адзін з мноства крокаў рэалізацыі гэтай пагрозы.
Мэтаскіраваная інфармацыйная кампанія расейскіх сродкаў масавай дэзынфармацыі ў дачыненьні да мяне – найлепшы паказьнік маёй эфэктыўнаўсьці й пасьпяховасьці. Таму сваю журналісцкую дзейнасьць я буду працягваць зь яшчэ большым энтузіазмам.
Рэдактар беларускае службы міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.
Ignis vincit tenebris!
Жыве Беларусь! Слава Україні!
Горадня, 16 траўня 2019 г.“
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа