Артылерысты 3-й мотастралковай дывізіі ЗС РФ актыўна ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях у Сірыі. Вядома, як мінімум, пра аднаго загінулага расейскага афіцэра, сьлед ад якога прывёў да дзясяткаў іншых жаўнераў, якія таемна ўдзельнічалі ў сухапутнай апэрацыі. Міжнародная выведвальная супольнасьць InformNapalm паводле фота й камэнтароў у фотаальбомах расейскіх жаўнераў вызначыла храналёгію перакідваньня падразьдзяленьня ў Сірыю, мейсцы дысьлякацыі й пазыцыі, зь якіх яны маглі зьдзяйсьняць правакацыі, імітуючы ўдары па сірыйскіх паўстанцах з тэрыторыі Турэччыны. Напрыканцы гэтага расьледаваньня вы знойдзеце крэатыўны відэакліп, створаны валянтэрамі InformNapalm паводле тэксту рукапісу расейскага кантрактніка.
Папярэдні пошук паводле «груз-200»
31 студзеня 2017 году валянтэры InformNapalm апублікавалі OSINT-расьледаваньне пра забітага ў чэрвені 2016 году пад Пальмірай расейскага капітана артылерыі Марата Ахметшына. Толькі пасьля апублікаваньня нашае публікацыі гэтую інфармацыю падхапілі расейскія СМІ й фатаздымак Марата з значкам Героя Расеі патрапіў у паблікі сацсетак.
Празь некалькі месяцаў была вызначаная прычына стараннае спробы расейскага камандаваньня схаваць інфармацыю пра свой «груз 200». Толькі пасьля разгалошваньня расейскія прапагандысты хутка прыдумалі гісторыю пра тое, што нібыта Марат як начальнік выведкі штабу гаўбічнага самаходна-артылерыйскага дывізыёну «сам асабіста адбіў атаку двухсот баявікоў ІДІЛ». Гэтую спробу гераізацыі забітага артылерыста мы ацэньваем досыць скептычна. Нас зацікавіла, хто ж быў побач з забітым? Бо у таемнай сухапутнай апэрацыі расейскія «ваенныя дарадцы» у Сірыі занадта часта гінуць на перадавой, часам нават кідаючы склады з зброяй.
Чытайце таксама: Расейскія падарункі для ІДІЛ: што засталося на пакінутай вайсковай базе ў Пальміры.
У тэксьце на мэмар’яльнай дошцы, прысьвечанай Марату, пазначанае, што з 2015 году ён праходзіў службу ў 9-й асобнай мотастралковай брыгадзе ЗС РФ (в/ч 54046, г.Богучар), якая потым, у 2016 годзе, увайшла ў склад 3-й мотастралковай дывізіі. Яна дысьлякуецца ў гэты момант непасрэдна ля мяжы з Украінай.
Падчас аналізу профіляў сацсетак таварышаў у службе Ахметшына было выяўленае шмат фактаў удзелу артылерыйскага падразьдзяленьня з Багучара ў непасрэдных баявых дзеяньнях у Сірыі. Знойдзенае й супольнае фота, у якім зафіксаваныя 65 расейскіх вайскоўцаў у Сірыі. У фота ёсьць і забіты Марат Ахметшын.
Досыць красамоўна пра сірыйскую камандыроўку сьведчаць ня толькі фатаздымкі, але й вершы аднаго з кантрактнікаў, які падрабязна апісаў мэты й задачы знаходжаньня ягонага падразьдзяленьня ў Сірыі. Паводле гэтых дакумантаў і фота валянтэры InformNapalm вызначылі храналёгію й нават страварылі музычны відэакліп у стылістыцы хіп-хоп з словамі, напісанымі расейскім жаўнерам (глядзіце напрыканцы артыкулу).
Што было вызначанае
Па-першае, камандыроўка расейскіх артылерыстаў пачалася пасьля 3-х месяцовай падрыхтоўкі на палігоне ў Маскоўскай вобласьці напачатку 2016 году. Спачатку яны былі перакінутыя на лятаку на авіябазу Хмэймім. Затым базай дысьлякацыі багучарскіх артылерыстаў стаўся будынак у населеным пункце Бэйт Аван правінцыі Алепа (фота).
Фота з пазначэньнем мінарэту маецца ў фотаальбоме аднаго з вайскоўцаў (1, 2).
Мясцовыя каардынацыйныя камітэты Сірыі пэрыядычна паведамлялі пра атрады «баявікоў-ісламістаў», якія нібыта заселі ў гарох на поўначы правінцыі і зьдзяйсьнялі сэрыю мінамётных удараў па пазыцыях урадавае арміі Сірыйскае Арабскае Рэспублікі на ўскрайку населенага пункту Бэйт Аван.
Як расейскія артылерысты падстаўляюць Турэччыну
Гарматы “Мста-Б”, на тле якіх сфатаграфаваліся вайскоўцы 3-й мотастралковай дывізіі, знаходзіліся тут жа непадалёк. Фота атрымалася прывязаць да мясьцовасьці й зьдзейсьніць ейную геалякацыю.
Напрамак стрэлкі на мапе пазначанае кірунак ствала гарматы, памер стрэлкі – максымальная далёкасьць стральбы аскепкава-фугасным знарадам (24700 мэтраў). Гэта сьведчыць пра тое, што расейскія вайскоўцы з гэтае пазыцыі маглі абстрэльваць сірыйскіх паўстанцаў, імітуючы пры гэтым абстрэлы з тэрыторыі Турэччыны (на мапе: чырвоным пазначаная тэрыторыя, падкантрольная рэжыму Башара Асада, зялёным – сірыйскім паўстанцам, белым – тэрыторыя Турэччыны).
Расейскія артылерысты былі зафіксаваныя й на турэцка-сірыйскай мяжы на вышыні 745, больш вядомай як «45» альбо «Пагорак Шахідаў». Пра гэтую вышыню як стратэгічную быў зроблены адмысловы рэпартаж. У спадарожнікавым здымку з 16 красавіка 2016 году можна выразна пабачыць вайсковыя грузавікі й гаўбіцы “Мста-Б” расейцаў (фота).
Менавіта вайскоўцы артылерыйскага падразьдзяленьня сфатаграфаваліся на аўтамабілі КаМАЗ-53501 з усталяваным малагабаратным перадатчыкам перашкодаў РП-377ВМ1.
Пальміра
Канчатковым пунктам сталася Пальміра, дзе й быў забіты Марат Ахметшын. Актыўная фаза баёў адбылася напачатку траўня. «Першамайскі Вялікдзень», як пазначылі самі вайскоўцы ў сваім вершы, яны запомняць надоўга. Мінамётныя разьлікі баявікоў працавалі напрацягу содняў. Паступова артылерысты занялі пазыцыі аэрадрому, прасоўваліся ўглыб Пальміры.
Забыцьцё
Столькі сьведкаў, але ніводзін з вайскоўцаў у стужцы свайго сацыяльнага профілю не згадаў пра тое, як загінуў Марат Ахметшын. Толькі з моманту публікацыі й разгалошваньня навіны ў расейскіх СМІ пачалі зьяўляцца пасты з спачуваньнем. За маўчаньне кантрактнікам выдалі на грудзі мэталічныя цацкі й пасьведчаньні ветэранаў баявых дзеяньняў. Распавесьці яны, цалкам мажліва, могуць вельмі шмат. Якім чынам, улічваюцы досыць вялікую колькасьць вайскоўцаў падразьдзяленьня, Марат раптам стаўся “адным супроць двухсот баявікоў ІДІЛ”? Ці яго ўсё ж кінулі падчас сваіх учёкаў ягоныя таварышы ў службе.
Усе кантактныя дадзеныя выяўленых намі расейскіх вайскоўцаў, мы гатовыя надаць журналістам паводле асобнага звароту на афіцыйную старонку Facebook супольнасьці InformNapalm, калі яны гатовыя паглыблена дасьледаваць гэтую гісторыю і паспрабаваць пагутарыць зь непасрэднымі ўдзельнікамі падзеяў.
Падаем чытачам відэакліп-«дзёньнік сірыйскае камандыроўкі» артылерыстаў 3-й мотастралковай дывізіі з выкарыстаньнем іхных асабістых фатаздымкаў і адноўленай храналёгіяй падзеяў паводле вершу, знойдзенага ў профілі сацсеткі расейскага вайскоўца Ігара Вадап’янава.
Матар’ял да публікацыі падрыхтавалі Victory Krm і Міхаіл Кузьняцоў адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Падчас выкарыстаньня інфармацыі актыўная спасылка на крыніцу абавязковая.
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа