Прапануем вашай увазе беларускую рэдакцыю артыкулу, падрыхтаванага валянтэрам ангельскамоўнае рэдакцыі InformNapalm для заходняй аўдыторыі. Матар’ял значна дапоўнены новымі фактамі й сьведчаньнямі. У публікацыі растлумачанае значэньне эпахальных падзеяў, якія адбываюцца зараз ва Украіне ў праваслаўным асяродзьдзі, і якія непасрэдным чынам закранаюць Беларусь. Апроч гэтага разьвенчаныя самыя пашыраныя фэйкі й маніпуляцыі расейскае прапаганды, якія служаць умацаваньню міталягемы “русскаго міра”.
Кожны прэзыдэнт незалежнае Украіны, апроч Віктара Януковіча, намагаўся зрабіць Украінскую праваслаўную царкву незалежнай ад расейскай і, праз усуненьне гэтай перашкоды, аб’яднаць тры асобныя праваслаўныя царквы Украіны. Аднак толькі ў мінулым годзе Прэзыдэнт Парашэнка сапраўды зьдзейсьніў шмат высілкаў і быў падтрыманы Усясьветным Патрыярхам. Разгледзім асноўныя факты працэсу, гісторыю й лёгіку, а таксама інфармацыйную вайну што да паўстаньня незалежнае й аб’яднанае памеснае Праваслаўнае царквы Украіны.
Апошнія факты
На пачатку красавіка 2018 году Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў перамовы што да пэрспэктывы ўкраінскага праваслаўя з Усясьветным Патрыярхам Барталамеем I, прадстаяцелем Канстантынопальскага Патрыярхату й духоўным лідэрам праваслаўных хрыстыянаў ва ўсім сьвеце. Пасьля, 17 красавіка, быў зроблены афіцыйны запыт на царкоўную незалежнасьць (або аўтакефалію) Праваслаўнае царквы Украіны (ПЦУ) ад Расеі й Расейскае праваслаўнае царквы (РПЦ).
Фанар (афіцыйная рэзыдэнцыя Усясьветнага Патрыярха) пачаў вывучаць гэтае пытаньне разам з правядзеньнем кансультацыяў пра аб’яднаньне трох асобных праваслаўных цэркваў ва Украіне: Украінскае праваслаўнае царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), Украінскае праваслаўнае царквы Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) і Украінскае аўтакефальнае праваслаўнае царквы (УАПЦ) у аб’яднаньне ПЦУ для разьвязаньня праблемы шматгадовага расколу ўкраінскага праваслаўя.
10 верасьня 2018 году ва Украіну выправіліся два экзархі Усясьветнага Патрыярхату для падрыхтоўкі глебы для стварэньня аўтакефальнае царквы.
11 кастрычніка 2018 году Фанар афіцыйна пацьвердзіў свае папярэдняе рашэньне пра наданьне аўтакефаліі ўкраінскай царкве. У гэты ж дзень Сьвяты Сынод Канстантынопальскае царквы скасаваў юрыдычную моц сынадальнае ўхвалы з 1686 году пра перадачу Кіеўскае мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. На той момант у склад Кіеўскае мітраполіі ўваходзіла і беларуская тэрыторыя: з 1620 году існавала Магілеўская эпархія, а царкоўныя прыходы на Віленшчыне, Наваградчыне й Піншчыне ўваходзілі наўпрост у склад мітрапалічае Кіеўскае эпархіі. Праз скасаваньне сынадальнае ўхвалы створаныя абсалютна законныя падставы для наданьня аўтакефаліі й беларускаму праваслаўю. Прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярхату пры Усясьветнай радзе цэркваў архіэпіскап Іоў (Геча) заявіў, што мажлівасьць разгляду пытаньня пра наданьне аўтакефаліі залежыць зараз наўпрост ад звароту беларускае дзяржавы й царквы.
У адказ на гэтыя дзеяньні РПЦ пасьля свайго сыноду (сходу эпіскапаў), які адбыўся 15 кастрычніка менавіта на беларускай зямлі, у Менску, абвесьціла пра разрыў усіх сувязяў з Канстантынопалем, што спрычынілася да масавага расколу ў праваслаўным сьвеце (так званая “Менская Схізма” – заўв. рэд.).
29 лістапада 2018 году падрыхтоўка Томасу пра аўтакефалію ПЦУ была завершаная.
15 сьнежня 2018 году пасьпяхова адбыўся аб’яднаўчы сабор Украінскіх праваслаўных цэркваў, пасьля чаго была сфармаваная адзіная Праваслаўная царква Украіны й абраны ейны кіраўнік, а УПЦ КП і УАПЦ спынілі свае існаваньне. У Радзе ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх трох украінскіх праваслаўных цэркваў, якія абралі мітрапаліта Эпіфанія (Думэнка) прадстаяцелем ПЦУ.
Сафійская плошча, Кіеў, 15.11.2018
5 студзеня 2019 г. у храме сьвятога Георгія на Фанары адбылася працэдура ўхваленьня дакуманту пра аўтакефалію ПЦУ.
6 студзеня 2019 г. Усясьветны патрыярх Барталамей перадаў прадстаяцелю ПЦУ Эпіфанію жазло мітрапаліта й пэргамін з тэкстам Томасу.
tsn.ua
9 студзеня 2019 г. Томас пра аўтакефалію Праваслаўнай царквы Украіны падпісалі ўсе чальцы Сыноду Усясьветнага патрыярхату.
Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла закон, які забараняе УПЦ МП выкарыстоўваць назву “Украінская”, замест якой з гэтага часу яна мае называць сябе “Расейская праваслаўная царква ва Украіне”.
Гэта адносна кароткі пералік асноўных падзеяў вакол украінскага праваслаўя за апошні час. Насамрэч, працэс аўтакефалізацыі быў насычаны драматызмам, а таксама жорстім супрацівам і лябізмам з боку РПЦ і Расейскае Фэдэрацыі.
СМІ і інфармацыйная вайна
На нашае зьдзіўленьне, асьвятленьне працэсу аўтакефаліі для ўкраінскага праваслаўя й аналіз падзеяў у асноўных заходніх СМІ быў больш-менш карэктным як на ўзроўні фактаў, гэтак і на ўзроўні разуменьня. Падаваліся такія фактары, як расейская агрэсія, падтрымка гібрыднае вайны на Усходзе Украіны з боку РПЦ, і як вынік – падзеньне папулярнасьці УПЦ МП.
- Незалежнасьць царквы Украіны павялічвае ізаляцыю Расеі (Financial Times)
- Украінска-расейскі кнфлікт спрычыняецца да гістарычнага рэлігійнага расколу (The Guardian)
- Пуцін губляе ўплыў, бо ўкраінская праваслаўная царква прагне незалежнасьці (Bloomberg)
Была невялікая колькасьць і відавочных ляпаў, як, напрыклад, тўіт Reuters “Пасьля 1000 гадоў Украіна адколваецца ад расейскае царквы”. Тўіт быў хутка прыбраны пасьля таго, як на яго відавочную абсурднасьць адрэагавала праўкраінская грамада.
Зь іншага боку, падкантрольныя расейскім уладам сродкі масавай інфармацыі рэагавалі й рэагуюць рэзка нэгатыўна, цытуюць і паўтараюць рыторыку РПЦ, называюць працэс ва Украіне “расколам”. Асьвятленьне працэсу аўтакефаліі з боку “RT” і інфармацыйнае агенцыі “ТАСС” зьяўляецца, па сутнасьці, прапагандысцкай кампаніяй з загалоўкамі накшталт “киевское вмешательство в религию”, “идолопоклонники с кровью на руках” і нават суворымі папярэджаньнямі ад патрыярху Кірыла (Гундзяева), што “раскольники” приведут Украину к духовной смерти”. Адміністрацыя прэзыдэнта Расеі, якая вядомая сваёй схільнасьцю зьвяртацца да міжнароднае супольнасьці з дапамогаю “сыгналаў”, таксама намякнула на мажлівы крывавы вынік падзеяў ва Украіне на рэлігійнай глебе.
Вось некаторыя з загалоўкаў расейскіх СМІ (падаем у арыгінале):
- “Раскол узаконен и углублён»: как православный мир отреагировал на автокефалию новой религиозной структуры на Украине” (RT)
- “Никто не думает о реальных последствиях”: что ждёт Украину после объявления автокефалии новой церкви” (RT)
- “Эксперт: создание новой церковной структуры Украины будет сопряжено с ограблением УПЦ” (ТАСС)
- “Патриарх Кирилл назвал преступными действия Константинополя на Украине” (ТАСС)
Адзін з назоваў артыкулу прапагандысцкага расейскага выданьня RT
У наступнай частцы мы абмяркуем улюбёныя пастуляты расейскае прапаганды пра аўтакефалію Украінскае праваслаўнае царквы. Зараз разгледзім прычыны, зь якіх пытаньне пра незалежнасьць ПЦУ ад РПЦ стала такім важным. Нагэтулькі, што Прэзыдэнт Украіны задзейнічаў усе свае дыпляматычныя рычагі ў гэтым працэсе. Чаму Парашэнка называе гэта пытаньнем нацыянальнае бясьпекі для Украіны й ставіцца да яго належным чынам?
Хаця заходнія СМІ шырока прызнаюць “няздольнасьць расейскага праваслаўя засудзіць крывавы канфлікт на Усходзе Украіны, які забраў жыцьці 10 тысячаў чалавек”, і пагаджаюцца, што “сапраўды, праваслаўныя расейскія бізнэсмэны й чыноўнікі згулялі пэўную ролю ў распальваньні канфлікту” (FT), яны ўсё яшчэ настойваюць на тым, каб называць РПЦ “царквой” і разглядаць яе як такую. Аднак гэтая арганізацыя насамрэч не зьяўляецца царквою, але ёсьць працягам расейскае дзяржавы, структурным зьвяном ФСБ (а да гэтага КДБ) і Адміністрацыі прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі. Яна выкарыстоўваецца як прапагандысцкае й агентурнае сеціва, а таксама ў якасьці бізнэсовага прыкрыцьця.
Трохі гісторыі
Ключ да гэтага разуменьня ляжыць у гісторыі жорсткага перасьледу праваслаўнае веры ў першыя дзесяцігодзьдзі існаваньня савецкага рэжыму й наступнага “прыручэньня” царквы.
Крывавыя напады на Праваслаўную царкву з масавымі забойствамі духавенства ў Расеі й на іншых тэрыторыях, акупаваных бальшавікамі, пачаліся яшчэ ў 1917 годзе. Яны трывалі з рознай ступеньню жорсткасьці да 1943 году. У 1917-1935 гадох былі арыштаваныя больш за 130 тысячаў расейскіх праваслаўных сьвятароў; 95 тысячаў былі забітыя. У першыя гады кіраваньня бальшавікі часта публічна катавалі сьвятароў з паказальнай жорсткасьцю. Затым, толькі падчас чыстак 1937 і 1938 гадоў, паводле царкоўных дакумантаў зафіксаваныя арышты 168 300 чальцоў расейскага праваслаўнага духавенства, зь іх больш за 100 тысячаў былі расстраляныя. Рэпрэсіі 1917-1943 гг. фізічна зьнішчылі пераважную большасьць традыцыйнага праваслаўнага духавенства й запалохалі пазасталых да поўнай пакоры.
Падчас Другой усясьветнай вайны Іосіф Сталін вырашыў адрадзіць Расейскую праваслаўную царкву, каб выкарыстоўваць яе як палітычны і ідэалягічны інструмант. Сталін выклікаў трох мітрапалітаў Расейскае царквы 4 верасьня 1943 году і запрапанаваў стварыць Маскоўскі патрыярхат.
Паведамленьне газэты “Правда”, 5 верасьня 1943 г.
Яны ўхвалілі прапанову й атрымалі дазвол склікаць Памесны сабор. Адзін з трох, Аляксій (Сіманскі), быў абраны Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі ў 1945 годзе (да 1943 г. тытул меў назву “Патрыярх Маскоўскі й усяе Расеі” – заўв. рэд.). Архіў Мітрохіна й архівы КДБ, апублікаваныя СБУ ў снежні 2017 года, пацьверджваюць, што дэлегатаў таго Памеснага сабору РПЦ старанна адбіралі й перавяралі мясцовыя кіраваньні НКДБ (папярэднік КДБ). Гэта спрычынілася да таго, што ўсе дэлегаты былі або агентамі, або афіцэрамі НКДБ.
Адная з старонак загаду начальніка 2-га Кіраваньня НКДБ П.В.Фядотава што да арганізацыі правядзеньня памеснага сабору РПЦ
Гэтае пагадненьне з Сталінам прывяло да спыненьня сыстэмнага крывавага перасьледу Праваслаўнае царквы ў Расеі й сталася пачаткам пэрыяду супрацы й прыручэньня РПЦ савецкай дзяржавай. У прамежку з 1945 па 1959 год афіцыйная арганізацыя царквы была значна пашыраная, хаця асобных чальцоў духавенства часам усё яшчэ арыштоўвалі й высылалі. Колькасьць адкрытых цэркваў у СССР дасягнула 25 тысячаў. Да 1957 г. адкрыліся прыблізна 22 тысячы расейскіх праваслаўных цэркваў. Але ў 1959 годзе Мікіта Хрушчоў распачаў сваю кампанію супроць РПЦ і змусіў закрыць каля 12 тысячаў цэркваў. Да 1965 году заставаліся актыўнымі менш за 7 тысячаў цэркваў. Чальцы царкоўнае герархіі былі ўвязьненыя або выціснутыя, іхнае мейсца занялі паслухмяныя клірыкі, многія зь якіх мелі сувязі з КДБ.
У 1965 годзе дзяржаўны кантроль над Праваслаўнай царквой у Савецкім Саюзе, і ў першую чаргу ў Расеі, Беларусі й Украіне, быў умацаваны аб’яднаньнем двух урадавых наглядных ворганаў у рэлігійных справах у адзіную Раду ў справах рэлігіяў (РСР). Дыктатарскія паўнамоцтвы кіраваньня рэлігійнымі арганізацыямі ў СССР былі замацаваныя за гэтым ворганам афіцыйна згодна з дзейным заканадаўствам. Празь некалькі гадоў пасьля гэтага Васіль Фураў, намесьнік старшыні РСР, напісаў у справаздачы для ЦК КПСС (падаем у арыгінале паводле першакрыніцы “Из отчета Совета по делам религий – членам ЦК КПСС”, Вестник РХД, Парыж, 1979, № 130, с. 277):
«Синод находится под контролем Совета. Вопрос подбора и расстановки его постоянных членов был и остается всецело в руках Совета, кандидатуры непостоянных членов также предварительно согласуются с ответственными работниками Совета. Все вопросы, которые предстоит обсуждать на Синоде, патриарх Пимен и постоянные члены Синода заранее обговаривают у руководства Совета и в его отделах, согласовывают и окончательные «Определения Священного Синода». Осуществляя постоянный и неослабный контроль за деятельностью Синода, ответственные сотрудники Совета проводят систематическую воспитательно-разъяснительную работу с членами Синода, устанавливают с ними доверительные контакты, формируют патриотические взгляды и настроения, а через них и с их помощью оказывают необходимое влияние на весь епископат….».
У 1975 годзе РСР атрымаў поўны афіцыйны кантроль над справамі царквы з самага ніжэйшага ўзроўню з дапамогаю права вырашаць пытаньні рэгістрацыі рэлігійных суполак альбо прыходаў і выдаваць дазвол на набажэнства. РСР ва Украіне нават крытыкавалі за празьмерна жорсткую пазыцыю. Рада ў справах рэлігіяў дакладвала ідэалягічным аддзелам ЦК КПСС і перадавала інфармацыю ў КДБ.
Ідэалягічныя аддзелы КПСС і КДБ ухвалялі ўсе ключавыя пасады ў Царкве, у тым ліку і эпіскапаў. Сьвятароў выкарыстоўвалі як агентаў уплыву ва Усясьветнай радзе цэркваў і такіх арганізацыяў прыкрыцьця, як Усясьветная рада міру, Хрыстыянская мірная канфэрэнцыя й Таварыства «Родина» (рас.), заснаванае КДБ у 1975 годзе. У 1989 годзе старшыня Рады ў справах рэлігіяў Канстантын Харчаў пацьвердзіў, што Расейская праваслаўная царква строга кантралявалася з боку ЦК КПСС, асабліва яе ідэалягічнага аддзелу. Пазьней у інтэрвію з 8 чэрвеня 2015 году ён сказаў пра царкоўных герархаў (падаем у арыгінале):
“Они ведь были плоть от плоти советской власти. Посмотришь их биографии – они все одинаковые. Некоторые из них в молодости были даже секретарями первичных комсомольских организаций. Потом для них создавали «биографии». Потихоньку протаскивали через основные этапы церковной карьеры. Обязательно должны были пройти через должность ректора академии, потом правящим епископом. Их просвечивали, как на рентгене”.
У 5-ым Кіраваньні (контрвыведка) КДБ існаваў 4-ты аддзел, прысьвечаны царкоўным справам. Гэта акурат тое кіраваньне, дзе Уладзімер Пуцін пачаў сваю кар’еру афіцэра КДБ. Там перавяралі прызначаных сьвятароў і “ставаралі біяграфіі”. Гэты аддзел каваў агентурныя кадры для 1-га Кіраваньня, якое адпраўляла герархаў царквы за мяжу – фармаваць спрыяльнае ўспрыманьне пазыцыі й палітыкі Савецкага Саюзу на міжнародным узроўні й зьбіраць выведвальныя дадзеныя.
У студзені 1992 году ў Расеі была створаная парляманцкая камісія для расьледаваньня прычынаў і абставінаў путчу 1991 году. У справаздачы Камісія падала шакавальныя выкрыцьці:
“Так, по линии Отдела внешних церковных сношений выезжали за рубеж и выполняли задания руководства КГБ агенты, обозначенные кличками «Святослав», «Адамант», «Михайлов», «Топаз», «Нестерович», «Кузнецов», «Огнев», «Есауленко» и другие. Характер исполняемых ими поручений свидетельствует о неотделенности указанного Отдела от государства, о его трансформации в скрытый центр агентуры КГБ среди верующих”.
Характэрна, што пазначаны апэратыўны агентурны псэўданім «Михайлов» належаў сёньняшняму партыярху РПЦ Кірылу (Гундзяеву), які ў 1989 годзе ачоліў Аддзел зьнешніх царкоўных зносінаў (1, 2).
З улікам усіх гэтых фактаў можна зрабіць выснову, што напярэдадні распаду СССР у РПЦ была створаная эфэктыўная двухузроўневая сыстэма кіраваньня з боку савецкае дзяржавы: на нізавым прыходзкім узроўні царкву больш-менш адкрыта кантраляваў ўрад праз Раду ў справах рэлігіяў, а царкоўная герархія ажно да самага вышэйшага ўзроўню была пад негалосным кантролем КДБ. Рада ў справах рэлігіяў была скасаваная ў 1991 годзе, але існуюць важкія доказы таго, што Фэдэральная служба бясьпекі (ФСБ) і Адміністрацыя прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі атрымалі ў спадчыну й захавалі значную частку ўплыву на справы РПЦ.
Падрыўная дзейнасьць РПЦ у сучаснай Украіне
Герархі РПЦ, якія згадваюцца як у архіве Мітрохіна, гэтак і ў архівах КДБ, адкрытых СБУ, як крыніцы выведвальнай інфармацыі й агенты ўплыву КДБ, працягнулі служыць у царкве й прасоўваць сваю кар’еру. Некаторыя зь іх адкрыта прызналі сваю супрацу з КДБ і пакаяліся, а таксама патлумачылі, што гэта быў вымушаны крок для абароны вернікаў. Аднак большасьць прамаўчала разам з патрыярхам Кірылам (Гундзяевым).
Паноўна падаем словы Канстантына Харчава зь ягонага інтэрвію ў чэрвені 2015 году:
“После 1991 года РПЦ действительно оказалась вписана во власть. Получилось примерно то же самое, что и при царе. Церковь – государственный департамент. Теперь она напрямую контактирует со всеми министерствами и ведомствами, заключает договоры, указывает, как нам жить. Конечно, Совет по делам религий с его контролем за действиями руководства Церкви в таких условиях им не нужен”.
Апроч гэтага, РПЦ атрымлівала шчодрае фінансаваньне й падатковыя ільготы ад дзяржавы, якая дапамагала ёй прасоўваць свае бізнэс-інтарэсы, пры тым пад вельмі паблажлівым дзяржаўным наглядам. РПЦ атачала сябе цэлай экасыстэмай “праваслаўных бізнэсмэнаў” з чарнасоценным мэнталітэтам. Адзін зь іх, Канстантын Малафееў, ФСБ наўпрост прыцягнула да фінансаваньня й падтрымкі гібрыднае агрэсіі Расейскае Фэдэрацыі на Данбасе. Паводле “дзіўнага супадзеньня” Малафееў меў у сваім падпарадкаваньні Ігара Гіркіна (Стралкова) і Аляксандра Барадая – афіцэраў ФСБ, якія згулялі падставовую ролю падчас першай стадыі вайны на Данбасе. СБУ перахапіла тэлефонную размову Малафеева, у якой ён дае падрабязныя інструкцыі й тактычныя ўказаньні Гіркіну й Барадаю. Гэта, а таксама іншыя вядомыя факты сьведчаць пра непасрэдную сувязь Малафеева з ФСБ. Ён фігуруе ў шматлікіх расьледаваньнях InformNapalm, зьвязаных ня толькі з падрыўной і тэрарыстычнай дзейнасьцю ва Украіне, але й зь фінансаваньнем правых і ультраправых палітычных партыяў і групаў у Эўрапейскім Зьвязе.
РПЦ стала магнітам і цэнтрам для іншых групаў праваслаўных фанатыкаў і цемрашалаў, як данскія казакі, манархісты й нават праваслаўныя фашысты ў Расеі. Гэтыя групы сталіся асноўнай крыніцай “добраахвотнікаў” для незаконных збройных фармаваньняў (НЗФ) на Данбасе з выразнай “праваслаўнай” афарбоўкаю, для разнастайных “казачых войскаў”, якія тэрарызавалі Луганскую вобласьць, альбо для Рускай праваслаўнай арміі (РПА), незаконнай збройнай групы, якую бласлаўляла й падтрымлівала як РПЦ, гэтак і УПЦ МП.
Баявікі “Рускай праваслаўнай арміі” / stopterror.in.ua
РПА датычная да рабаваньняў, выкраданьняў, катаваньняў і забойстваў пратэстанцкіх сьвятароў. УПЦ МП таксама сталася цэнтрам праваслаўных джыхадыстаў па ўсёй тэрыторыі Украіны.
Тацьцяна Дзяркач, журналістка сайту petrimazepa.com, зьдзейсьніла комплекснае дасьледаваньне сувязяў УПЦ МП з “казачымі” арганізацыямі ва Украіне й паказала сувязь пятнаццаці буйных эпархіяў УПЦ МП у розных рэгіёнах краіны з НЗФ, якія актыўна ўдзельнічалі ў расейскай агрэсіі супроць Украіны. У прыватнасьці, у ейных матар’ялах пададзеныя фатаздымкі сходаў гэтых “казакоў” зь сьцягамі Расейскае імпэрыі, сьцягамі зь абразамі Хрыста, такімі ж сьцягамі, якімі размахвалі НЗФ расейскай гібрыднай арміі ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе. Сэрыя артыкулаў сьведчыць пра сыстэмнае прыцягненьне УПЦ МП да падрыўной дзейнасьці РПЦ на тэрыторыі Украіны.
Сьлед асабліва зазначыць, што беларуская служба InformNapalm таксама зьдзейсьніла шэраг рэзанасных расьледаваньняў пра актыўную ролю Маскоўскага патрыярхату што да падрыхтоўкі мажлівых баявікоў “русскаго міра” непасрэдна на тэрыторыі Беларусі.
Чытайце таксама: Спэцрасьледаваньне: ваяры “русскаго міра” ў Беларусі чакаюць на свой час
Спэцрасьледаваньне: Актыўная падрыхтоўка праваслаўнага Талібана ў Беларусі
Ідэалягічная сувязь РПЦ з Адміністрацыяй прэзыдэнта Расеі, а таксама сыстэмнае умяшальніцтва ва ўнутраную палітыку Украіны праз РПЦ і УПЦ МП валянтэры InformNapalm прадэманстравалі ў сэрыі расьледаванняў #FrolovLeaks. Нашая каманда прааналізавала электронную пошту “ўцаркоўленага экспэрта” Кірылы Фралова з 2004 па 2016 год. З аднаго боку, ён супрацоўнічаў з такімі палітычнымі фігурамі РФ як Канстантын Затулін, Уладзіслаў Суркоў, Сяргей Глазьеў, зь іншага – з разнастайнымі “праваслаўнымі актывістамі” ва Украіне й герархамі УПЦ МП. Сэрыя расьледаваньняў дэманструе працяглую гісторыю ўмяшальніцтва ў справы ўкраінскіх цэркваў і палітычных колаў, канфлікты ўнутры РПЦ, гучныя скандалы ў Расеі й Украіне. Кульмінацыяй сагі зьяўляецца выкрыцьцё ў частцы VII непасрэднай супрацы паміж сакратаром Адэскае эпархіі й ФСБ для фінансаваньня «Антимайдана» й сэпаратысцкага руху ў Адэсе, што спрычынілася да трагедыі ў гэтым горадзе, якая адбылася 2 траўня 2014 году.
Характэрна, што зараз Кірыл Фралоў разам зь вядомым расейскім палітыкам Сяргеем Бабурыным, прыхільнікам нэаімпэрскага палітычнага курсу РФ, зьдзяйсьняюць актыўную дзейнасьць і ў Беларусі (1, 2, 3).
Створаны імі рух «Гражданская инициатива «Союз» актыўна прасоўвае праэкт паўнамаштабнага разгортваньня так званага «Союзного государства».
Сход «Гражданской инициативы «Союз», Горадня, Кронан Парк Гатэль, 17.09.2018
Праз непараўнальныя эканамічныя, палітычныя, вайсковыя, гуманітарныя й сацыяльныя патэнцыялы Расеі й Беларусі, паўнавартасная рэалізацыя гэтага праэкту будзе азначаць поўную інкарпарацыю нашай краіны ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Паказальна, што ў сваёй падрыўнай дзейнасьці супроць Беларусі яны выкарыстоўваюць тыя ж прапагандыцскія штампы, якія расейскія СМІ й РПЦ застасоўваюць супроць Украіны:
«Наши стремления понятны и искренни. Мы хотим содействовать дальнейшему укреплению Союзного государства России и Белоруссии. Запад предпринимает титанические усилия по расколу восточных славян, натравливанию их друг на друга. Пример Украины тут самый яркий и трагический. Западу выгодно ослабление славянства и разрушение православных основ нашего общего пространства».
УПЦ МП, даччыная структура РПЦ ва Украіне, таксама служыла й працягвае служыць сецівам прарасейскае прапаганды, моліцца за армію і Пуціна й адначасова адмаўляецца ўшаноўваць загінулых украінскіх вайскоўцаў, прапагандуе ўспрыманьне расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў як «один народ» і г.д., то бок паўтарае асноўныя прапагандысцкія штампы расейскіх дзяржаўных СМІ.
Ня ёсьць сакрэтам Полішынэля, што герархі РПЦ і шматлікія іхныя калегі ва Украіне вядуць разгульнае жыцьцё й маюць вялікую любоў да раскошы.
Фота: ТАСС
Паводле праваслаўных канонаў яны даюць манаскія клятвы бескарысьлівасьці. Любоў да швайцарскіх гадзіньнікаў, хуткасных нямецкіх аўтамабіляў, яхтаў і сядзібаў паказвае, кім яны ёсьць насамрэч – блазнамі ў расах.
Высновы
Мы ўсьведамляем, што ў РПЦ былі і ёсьць праведныя сьвятары сапраўднага ўзьлёту духу, такія як Глеб Якунін або Аляксандар Мень. Аднак яны былі, па сутнасьці, маргіналамі, якія, нягледзячы на свой высокі маральны аўтарытэт, ніколі не былі на любым якім-кольвек важным ўзроўні царкоўнае герархіі. Падобныя сьвятары й сьвецкія асобы захавалі царкву ў самыя змрочныя часіны сталінскіх рэпрэсіяў. Яны таксама зьяўляюцца сілай, якая заўжды прагне самаачышчэньня царквы.
Аднак герархія Маскоўскага патрыярхату, як ў Расеі, гэтак і ва Украіне й Беларусі, была глыбока й сыстэмна працятая савецкімі спэцслужбамі. Маюцца сур’ёзныя падставы меркаваць, што ў сучаснай Расеі ФСБ (правапераемнік КДБ) у значнай ступені захавала ўладу над герархічнай структурай РПЦ і, як сьледзтва, УПЦ МП і Беларускага экзархату МП. Ступень такога пранікненьня ставіць пад сумнеў правамернасьць выкарыстаньня тэрміну “царква” ў РПЦ. Таму аб’яднаньне трох праваслаўных цэркваў ва Украіне й выхаду ўкраінскага праваслаўя з сфэры наўпроставага ўплыву РПЦ даўно насьпелі й маюць першаснае значэньне для дзяржаўнай бясьпекі Украіны. Стварэньне адзінай Праваслаўнай Цаквы Украіны й наданьне ёй Томасу стварае глебу й спрыяльныя ўмовы для атрыманьня аўтакефаліі беларускаму праваслаўю й наступнага вывядзеньня Беларусі з-пад геапалітычнага кантролю Расейскае Фэдэрацыі.
У наступнай частцы каманда InformNapalm абмяркуе й абвергне некаторыя зь улюбёных пастулятаў расейскае прапаганды што да працэсу аб’яднаньня Праваслаўнае царквы Украіны й яе аўтакефаліі.
Арцём Вялічка адмыслова для сайту міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm.
Рэдагаваў і пераклаў на беларускую мову Дзяніс Івашын.
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
(Creative Commons — Attribution 4.0 International — CC BY 4.0 )
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа