Рэдактар беларускае службы міжнароднае валянтэрскае супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын апублікаваў новае рэзананснае расьледаваньне ў беларускай агульнапалітычнай газэце «Новы Час» пра дзейнасьць санаторыя “Белоруссия” Кіраваньня справамі прэзыдэнта РБ на тэрыторыі акупаванага Крыму. Расьледаваньне ўжо перакладзенае на ўкраінскую мову. Гэты матар’ял мае прыцягнуць увагу праваахоўных органаў Украіны, украінскае й беларускае грамадзянскіх супольнасьцяў. Высновы пададзеныя напрыканцы артыкулу.
Ужо больш за пяць гадоў на тэрыторыі акупаванага Расеяй Крыму дзейнічае санаторый «Белоруссия» Кіраваньня справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, выкарыстоўвае захопленыя Расейскай Фэдэрацыяй украінскія рэсурсы, фінансуе бюджэт дзяржавы-агрэсара, а таксама лякуе расейскіх дзяржслужбоўцаў і, меркавана, надае паслугі для прадстаўнікоў вайскова-прамысловага комплексу РФ.
Адбываецца гэта на фоне падкрэсьлена цёплых сустрэчаў кіраўнікоў Украіны й Беларусі, падтрымкі добрасуседзкіх адносінаў і задэкляраванага Менскам нэйтральнага статусу ў расейска-ўкраінскім ваенным канфлікце.
Кіраваньню справамі прэзыдэнта (КСП) падначаленыя шматлікія гатэлі й санаторыі, нацыянальныя паркі, транспартныя, лягістычныя, будаўнічыя й гандлёвыя кампаніі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы й прадпрыемствы мясамалочнае вытворчасьці, друкарні, фабрыкі мастацкіх вырабаў, сеціва крамаў для рэалізацыі канфіскату, лятарэі й безьліч іншых актываў.
Санаторый «Белоруссия» знаходзіцца на маляўнічым узьбярэжжы Крымскае паўвыспы пад гарой Ай-Пэтры, за 10 кілямэтраў ад Ялты. Юрыдычна ён месьціцца на Місхорскім спуску мястэчка Карэіз, якое адміністрацыйна зьяўляецца часткаю Ялты. Гісторыя санаторыя пачалася ў 1916 годзе, калі Міністэрства земляробства Расейскае імпэрыі на зямлі, набытай у княгіні Даўгарукай, збудавала паводле праэкту маскоўскага архітэктара Пятра Шчокатава трохпавярховы будынак з ратондаю ў архітэктурным стылі класыцызаванага італійскага мадэрну.
Фота корпусу №1 санаторыя «Белоруссия» КСП РБ у Крыме / cctr.ru
Гэты помнік архітэктуры мясцовага значэньня сёньня зьяўляецца першым корпусам санаторыя. У 1950-х гадох яго перадалі ва ўласнасоць БССР, а ў 1999 годзе Ялцінскае гарадзкое кіраваньне юстыцыі Аўтаномнае Рэспублікі Крым зарэестравала Дзяржаўную мэдычную ўстанову «Санаторій Білорусія», заснавальнікам і адзіным уласьнікам якой зьяўляецца Кіраваньне справамі прэзыдэнта РБ.
Вытрымка дадзеных з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў, фізічных асобаў-прадпрымальнікаў і грамадзкіх фармаваньняў Міністэрства юстыцыі Украіны
У склад санаторыя сёньня ўваходзяць 5 спальных карпусоў (разам 130 нумароў), лекавальны й забаўляльны цэнтры разам з кавярняй, канфэрэнц-залай і 3D-кінатэатрам. Адпачынак у санаторыі далёка ня танны: у залежнасьці ад корпусу, двухмясцовы нумар каштуе ад 3400 да 5200 расейскіх рублёў за содні (прыблізна ад 50 да 80 даляраў ЗША).
У лютым-сакавіку 2014 году ў выніку гібрыднае ваеннай агрэсіі Расейская Фэдэрацыя акупавала тэрыторыю ўкраінскага Крыму. Гвалтоўнае ваеннае зьмяненьне межаў у Эўропе спрычынілася да сканчэньня 70-гадовае эпохі постялцінскага сьвету. Расея ня толькі акупавала Крым, але распачала агрэсію на Данбасе, у выніку якой на гэты момант загінулі ўжо больш за 10 тысячаў чалавек цывільнага насельніцтва й каля 3 тысячаў украінскіх вайскоўцаў.
Афіцыйна Беларусь не вызнала прыналежнасьць Крымскае паўвыспы да Расіі. Відавочна гэта ёсьць неабходнаю ўмоваю для наданьня перамоўнай менскай пляцоўкі што да ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Аднак гэтае непрызнаньне не зашкодзіла ў сьнежні 2014 году, праз тры месяцы пасля ўхваленьня першых менскіх дамоўленасьцей, падаць Кіраваньню справамі прэзыдэнта Беларусі заяву на рэгістрацыю ў ворганы акупацыйнае адміністрацыі Крыму падкантрольнага санаторыя «Белоруссия». 22 студзеня 2015 году гэтую мэдычную ўстанову зарэгістравалі ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў РФ (рас. — ЕГРЮЛ).
Вытрымка з ЕГРЮЛ
З гэтага моманту санаторый «Белоруссия» афіцыйна пачаў сплочваць падаткі ў дзяржбюджэт і зьдзяйсьняць плацяжы ў Фонд сацыяльнага страхаваньня й Пэнсійны фонд Расейскае Фэдэрацыі. Паводле дадзеных Фэдэральнае службы дзяржаўнае статыстыкі РФ (рас. — Росстат), за пэрыяд з 2014 па 2017 год крымскі санаторый Кіраваньня справамі Лукашэнкі сплаціў у расейскі бюджэт падатак на прыбытак у памеры 3,454 мільёна расейскіх рублёў. З улікам сярэднегадавых валютных курсаў за азначаны пэрыяд гэтая сума эквівалентная прыблізна 76 тысячам даляраў ЗША. Можа, камусьці яна будзе падавацца малой, аднак гэтых грошай, напрыклад, дастаткова, каб абмундзіраваць летняй вайсковай формай цэлую брыгаду Збройных сілаў РФ. Меркавана, значна большыя сумы санаторый пералічвае ў расейскі Фонд сацстрахаваньня.
Паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі Украіны, санаторый КСП не знаходзіцца ў працэсе спыненьня дзейнасьці. З 2014 году ў адносінах да яго дзейнічае закон «Пра стварэньне вольнай эканамічнай зоны Крым», згодна зь якім яго падатковая рэгістрацыя была скасаваная. Тым ня менш, станам на 01.08.2019 году санаторый мае ўжо працяглы час падатковую пазыку перад дзяржаўным і мясцовым бюджэтам Украіны на агульную суму 838 тысячаў 968 грыўняў (1, 2, 3) (прыблізна 33 тысячы даляраў ЗША).
Статус санаторыя «Белоруссия» ўжо разглядаўся падчас паседжаньняў міжурадавае щкраінска-беларускае зьмяшанае камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнае супрацы, апошняе зь якіх адбылося ў Гомлі ў кастрычніку 2018 году на чале з віцэ-прэм’ерам Украіны, міністрам рэгіянальнага разьвіцьця, будаўніцтва й ЖКГ Генадзем Зубком і намесьнікам прэм’ер-міністра РБ Ігарам Ляшэнкам.
Паседжаньне міжурадавае ўкраінска-беларускае зьмяшанае камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнае супрацы, Гомель, 11.10.2018 г. / belarus.mfa.gov.ua
Для знаходжаньня кампрамісу, неабходнага для ўхваленьня пагадненьня што да статусу санаторыя, была створаная нават адпаведная працоўная група, якая правяла тры сустрэчы. Аднак, паводле афіцыйнае інфармацыі Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Украіны, у 2017 годзе праз прынцыповую пазыцыю беларускага боку гэтая група ўжо не працавала.
Характэрна, што ў тым жа 2017 годзе санаторый «Белоруссия» ачольваў Барыс Мікалаевіч Андрасюк, які быў прызначаны ягогым дырэктарам яшчэ да расейскае акупацыі, у ліпені 2010 году.
Барыс Андрасюк / minzdrav.gov.by
Ён займеў досыць добрыя адносіны з акупацыйнай адміністрацыяй Крыму, якая ў асобе кіраўніка так званай Рэспублікі Крым Сяргея Аксёнава нават абвесьціла яму афіцыйную падзяку за «добрасумленную працу». Не засталася ў баку й акупацыйная адміністрацыя Ялты, якая ўзнагародзіла Андрасюка ганаровай граматай за «значны ўнёсак у разьвіцьцё курортна-турыстычнай галіны» (архіў). Усё гэта ня мог не заўважыць Цэнтар «Міратворац», які ўнёс Барыса Андрасюка ў базу дадзеных «Чысьцец» з азначэньнем «памагаты расейскіх акупантаў і асоба, якая сьвядома парушыла дзяржаўную мяжу Украіны з мэтай пранікненьня ва акупаваны Расеяй Крым».
Вытрымка з прафайлу Барыса Андрасюка на партале «Міратворац»
Апроч гэтага, «Міратворац» падаў інфармацыю і пра ягоны ўдзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах дзяржавы-агрэсара, і ў спробах легалізацыі анэксіі Крыму.
У верасні 2018 году Барыс Андрасюк пайшоў на падвышэньне — яго прызначылі намесьнікам міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. На сваёй новай пасадзе ён зьмяніў затрыманага КДБ у ліпені гэтага ж году Ігара Ласіцкага — фігуранта гучнай «справы мэдычных функцыянэраў», якога ў лютым 2019 году засудзілі да 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Некаторы час пасьля Андрасюка санаторый «Белоруссия» ачольвала ягоная намесьніца ў мэдычнай частцы — Аксана Уладзімераўна Кудзенка. На гэтай пасадзе яна працавала літаральна некалькі месяцаў.
Аксана Кудзенка / крымздоровье.рф
22 студзеня 2019 году дырэктарам санаторыя паводле дадзеных ЕГРЮЛ прызначаны Андрэй Міхайлавіч Філон. Да нядаўняга часу — загадчык сэктару мэтадалёгіі й плянаваньня гандлёвае й інвэстыцыйнае дзейнасьці Кіраваньня справамі прэзыдэнта РБ. Вядома, што ён скончыў Факультэт бізнэсу й права Беларускае дзяржаўнае сельскагаспадарчае акадэміі і, меркавана, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце РБ.
У Сеціве практычна адсутнічаюць фатаздымкі з Андрэем Філонам, супольнасьць InformNapalm выявіла толькі адное фота, зробленае ў 2014 годзе.
Паводле ўказу Лукашэнкі ад 11 лютага 2016 году №52, Андрэй Філон уключаны ў склад калегіі Кіраваньня справамі прэзыдэнта РБ. Калегія зьяўляецца своеасаблівым кіроўным органам Кіраваньня, у склад якой уваходзяць старшыня КСП, ягоныя намесьнікі й іншыя працаўнікі й кіраўнікі падначаленых арганізацыяў. У красавіку 2018 году Лукашэнка яшчэ адным сваім указам канчаткова ўхваліў штат калегіі КСП у складзе 10 чалавек на чале зь Віктарам Шэйманам. Сярод чальцоў калегіі ў тэксьце ўказу фігуруе й Андрэй Філон.
Характэрна, што дагэтуль у Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ адсутнічае інфармацыя пра ягонае выключэньне з складу калегіі: гэта можа сьведчыць пра тое, што ён да гэтага часу зьяўляецца чальцом калегіі КСП. Такім чынам, можна з усёй адказнасьцю сьцьвярджаць, што мэдычную ўстанову Кіраваньня справамі прэзыдэнта Беларусі на акупаванай тэрыторыі Украіны ачольвае дзяржаўны службоўца РБ. Паўстае заканамернае пытаньне, ці законна патрапляе Андрэй Філон — дзяржслужбоўца з кіроўнага апарату КСП Лукашэнкі — на часова акупаваную тэрыторыю Украіны? Калі не, то гэта дадатковае парушэньне законаў Украіны й дадатковы каменьчык у беларуска-ўкраінскіх адносінах.
Мы вырашылі спраўдзіць гэта ў Службы бясьпекі Украіны, дзеля чаго зрабілі адпаведныя запыты наконт сёньняшняга дырэктара санаторыя «Белоруссия», а таксама яго папярэднікаў — Барыса Андрасюка й Аксаны Кудзенка. Згодна з адказам, атрыманым ад СБУ, дадзеныя пра легальнае знаходжаньне зазначаных асобаў на тэрыторыі акупаванага Крыму пакуль адсутнічаюць.
Згаданы ў адказе Закон, а таксама зацьверджаны Кабмінам Украіны Парадак уезду і выезду на часова акупаваную тэрыторыю цалкам рэгулююць рэжым перасячэньня адміністратыўнае мяжы з Крымам. Згодна з украінскім заканадаўствам, іншаземцы могуць патрапіць на тэрыторыю акупаванае паўвыспы толькі пры наяўнасьці ў іх спэцыяльнага дазволу, выдадзенага Дзяржаўнай міграцыйнай службай Украіны, праз КПП на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. Парадак уезду і выезду рэглямэнтуе 12 умоваў, наяўнасьць якіх неабходная для атрыманьня спэцдазволу.
Аналізуючы выкладзенае вышэй, можна прыйсьці да высновы, што і Андрасюк, і Філон, цалкам мажліва, ня мелі і ня маюць законных падставаў для знаходжаньня на тэрыторыі Крыму. Яны могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнае адказнасьці й нават да крымінальнае ў выпадку, калі сілавыя ведамствы Украіны атрымаюць дастатковыя дадзеныя, якія будуць сьведчыць пра іхную дзейнасьць на шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны.
Паказальна, што Кіраваньне справамі Лукашэнкі на сваім інфармацыйным сайце ажно да 2017 году пазначала прыналежнасьць Крыму да Расейскае Фэдэрацыі. Пасьля грамадзкага абурэньня згадку пра Расею й афіцыйнае акупацыйнае найменьне ўкраінскае паўвыспы прыбралі, пакінуўшы нэйтральную геаграфічную назву. Аднак у рэквізітах дамоваў, нягледзячы на адсутнасьць афіцыйнага прызнаньня Беларусьсю Крыму расейскім, адміністрацыя санаторыя працягвае пазначаць ягоную прыналежнасьць да Расеі (архіў). Цікава, што іншае структурнае падразьдзяленьне КСП — ДУ «Цэнтр па санаторна-курортнай працы Цэнтркурорт» — таксама працягвае пазначаць украінскі Крым як тэрыторыю Расейскае Фэдэрацыі (1, 2).
Больш за тое, установа адкрыта прапануе замовіць турыстычныя туры ў Крым з датамі заезду й зьніжкамі на пэрыяд «аксамітнага» сэзону 2019 году. Пры гэтым на інфармацыйных рэсурсах Кіраваньня справамі прэзыдэнта цалкам адсутнічае інфармацыя пра законны парадак уезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны. Непасрэдна на сайце санаторыя КСП адкрыта пазначаныя варыянты, з дапамогаю якіх можна патрапіць у яго з тэрыторыі Беларусі, аднак усе яны — з грубейшымі парушэньнямі законаў Украіны. Найбольш абуральна тое, што сайт санаторыя КСП наўпрост прапануе скарыстацца паслугамі ТАА «БелЭкспрэс Бай» — кампаніі, якая арганізуе аўтобуснае злучэньне Беларусі з Крымам у абыход Украіны.
Паводле інфармацыі Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі РБ, ТАА «БелЭкспрэс Бай» зарэестраваная Гомельскім гарвыканкамам адносна нядаўна — у лютым 2017 году.
Вытрымка з выпісу АДР Мінюста РБ адносна ТАА «БелЭкспрэс Бай»
Асноўны від дзейнасьці — перавозка аўтобусамі рэгулярнага спалучэньня, апроч гарадзкіх і прыгарадных. Аднаасобным уласьнікам кампаніі зьяўляецца Дзяніс Пятровіч Папкоў.
Заснавальнік і ўласьнік ТАА «БелЭкспрэс Бай» Дзяніс Папкоў
Апроч зьдзяйсненьня функцыяў перавозьніка кампанія Папкова прапануе таксама турыстычныя паслугі з адпачынкам у Алушце, Еўпаторыі, Сімфэропалі, Судаку, Фэадосіі і іншых украінскіх гарадох на ўзьбярэжжы Крыму. Гомельская кампанія, рэкляму якой робіць сайт санаторыя Кіраваньня справамі Лукашэнкі, настолькі ўпэўнена й беспаракана сябе адчувае, што цалкам адкрыта пазначае маршрут аўтобуснага злучэньня зь Менска ў Фэадосію ў абыход Украіны.
Кампаніяй арганізаваны выезд у акупаваны Крым ня толькі з сталіцы Беларусі, але й зь іншых буйных беларускіх гарадоў — з Бабруйска, Жлобіна ды Гомлі. Менавіта праз гэтыя гарады пралягае аўтобусны маршрут дастаўкі кліентаў кампаніі на часова акупаваную тэрыторыю Украіны. З Гомлі аўтобус накіроўваецца ў расейскі Бранск, затым выпраўляецца ў Арол, адтуль у Варонеж, Растоў-на-Доне й Краснадар. З Краснадару адбываецца больш за 200-кілямэтровы пераход да Керчанскага мосту. Далей маршрут ідзе праз Керч, Фэадосію, Грушаўку, Сімфэропаль, Алушту, Ялту і Карэіз, канцавым пунктам ёсьць ДМУ «Санаторий «Белоруссия». Першы рэйс да гэтага санаторыя зь Беларусі кампанія «БелЭкспрэс Бай» зьдзейсьніла ў чэрвені 2017 году.
Цікава, што кантактныя тэлефоны «БелЭкспрэс Бай» выкарыстоўваліся ў рэкляме незаконных паездак у Крым яшчэ да стварэньня самой кампаніі. Гэта можна пабачыць у матар’ялах пабліку кампаніі ў сацсеціве «OK», да якога праваахоўныя ворганы Украіны, цалкам мажліва, праявяць інтарэс.
Аўтобусныя перавозкі ва акупаваны Крым кампанія зьдзяйсьняе разам з партнэрскімі арганізацыямі з Бранску — ТАА «Евробус» і «Русалка-Тур» (апошняя зьяўляецца агентам яшчэ аднаго перавозьніка — ТАА «Клен 2»). Квіток да санаторыя зь Менска каштуе ад 5400 да 6000 расейскіх рублёў. Паездка ў дзьве тысячы кілямэтраў у адзін бок займае каля 40–42 гадзінаў. Варта асабліва зазначыць, што адсутнасьць прыбіральні ў аўтобусах, спазьнеьнні й іншыя нэгатыўныя фактары сталіся прычынай вельмі адмоўных водгукаў пра ТАА «БелЭкспрэс Бай» на партале onliner.by.
Характэрна, што «БелЭкспрэс Бай» прадугледзела мажлівасьць для незаконнага наведваньня Крыму й для замежнікаў, у тым ліку і для грамадзянаў Украіны. Дзеля гэтага арганізаванае праходжаньне міжнароднага памежнага пункту пропуску «Тры сястры», які легалізуе знаходжаньне замежных грамадзянаў на тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі. Пры гэтым кампанія, як і інфармацыйныя рэсурсы КСП, абсалютна не папярэджвае сваіх кліентаў пра незаконнасьць падобных паездак на часова акупаваную тэрыторыю Украіны. Не паведамляе кампанія й пра адказнасьць, у тым ліку крымінальную, і пра судовы перасьлед, пад які можа патрапіць кожны, хто незаконна перасякае ўкраінскую дзяржаўную мяжу.
Незаконны крымскі экспрэс забясьпечвае санаторый «Белоруссия» пэўнай колькасьцю беларускіх кліентаў, аднак значная частка спажыўцоў ягоных курортна-санаторых паслугаў усё ж паходзіць з тэрыторыі Расеі. Гэтаму спрыяе ўключэньне санаторыя ў рэкамэндацыйныя сьпісы лекавальна-прафіляктычных установаў у межах дамоваў мэдычнага страхаваньня РФ. Санаторый «Белоруссия» падобным чынам занесены ў сьпіс рэабілітацыйна-аднаўляльнага лекаваньня працаўнікоў АТ «Улан-Удэнский авиационный завод», які вырабляе, напрыклад, вайскова-транспартныя гэлікоптэры Мі-8АМТШ.
Апроч гэтага санаторый КСП удзельнічаў і перамагаў у ня менш чымся сямі тэндэрах. Адным з асноўных ягоных замоўнікаў зьяўляецца АТ «Транснефть — Центральная Сибирь» — даччыная структура кантраляванай расейскай дзяржавай адной з найбуйнейшых нафтаправодных кампаніяў у сьвеце — ПАТ «Транснефть». Надаваў свае паслугі санаторый і для арбітражнага суду Сэвастопаля, і для Дэпартаменту працы й сацабароны насельніцтва Масквы.
Падсумоўваючы ўвесь масыў пададзенага матар’ялу, можна канстатаваць, што на тэрыторыі акупаванага Крыму ўжо больш за пяць гадоў зьдзяйсьняе камэрцыйную дзейнасьць санаторый Кіраваньня справамі прэзыдэнта Беларусі з эксплюатацыяй украінскіх рэсурсаў, выкарыстаньнем амаль 12 гектараў тэрыторыі, у тым ліку 8,5 гектараў — ўнікальнага помніка садова-паркавага мастацтва пачатку ХХ стагодзьдзя, — а таксама прычалу для стаянкі малых суднаў, пры гэтым пералічвае падаткі й іншыя плацяжы непасрэдна дзяржаве-агрэсару — Расейскай Фэдэрацыі. У той жа час санаторый мае падатковую пазыку перад Украінай, сплочваць якую не сьпяшаецца. Апроч гэтага, інфармацыйны рэсурс санаторыя прапануе зьдзяйсьняць парушэньне рэжыму перасячэньня ўкраінскае дзяржаўнае мяжы, ангажуе й рэклямуе кампанію, што зьдзяйсьняе незаконнае транспартнае злучэньне Беларусі з Крымам у абыход Украіны. Дзяржслужбоўцы Беларусі, меркавана, незаконна трапляюць і знаходзяцца на тэрыторыі акупаванага Крыму.
Усё зазначанае вышэй мае стаць прадметам пільнага разбіральніцтва перадусім зьнешнепалітычнага ведамства, а таксама сьледчых органаў Украіны. Беларуская ж і ўкраінская грамадзянскія супольнасьці маюць зьдзяйсьняць належны кантроль над аднаўленьнем і захаваньнем законнасьці, бо гэта ёсьць адным з ключавых фактараў існаваньня цывілізаванага грамадзтва.
Дзяніс Івашын, «Новы Час»
Пашырэньне й перадрук з спасылкаю на крыніцу вітаюцца!
Рабіце рэпост і дзяліцеся зь сябрамі.
Падпісвайцеся на старонкі супольнасьці InformNapalm у Фэйсбук / Твітэр / Telegram
і апэратыўна атрымлівайце інфармацыю пра новыя матар’ялы.
Вы можаце падтрымаць нас дабрачынным ахвяраваньнем, каб дапамагчы кампэнсаваць выдаткі на ўтрыманьне сайту й спрыяць разьвіцьцю нашага валянтэрскага праэкту.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа