
Міжнародная валянтэрская супольнасьць InformNapalm ў межах публікацыі спэцтэмы #EgorovaLeaks (аналіз зьліву службовае інфармацыі тэрарыстаў «ДНР» што да вярбоўкі, а таксама каардынацыі дзеяньняў замежных журналістаў) разьмяшчае на сваёй плятформе матар’ялы й пераклады ўласных расьледаваньняў, а таксама цікавых расьледаваньняў нашых калегаў і партнэраў. Гэтае расьледаваньне падрыхтаваў рэдактар інфармацыйнае службы «Радио Свобода» Марк Крутаў пры садзейнічаньні InformNapalm.
«Русафоб, прыбраць з Данецка!»
У Інтэрнэт патрапіла электроннае ліставаньне супрацоўніцы «Міністэрства інфармацыі ДНР» Тацьцяны Ягоравай, зь якой відаць, як у «народнай рэспубліцы» фільтравалі журналістаў, якія жадалі працаваць на ейнай тэрыторыі. Для гэтага ў жніўні 2015 году была распрацаваная цэлая сыстэма, якая кіравалася з Масквы. Зараз ейныя распрацоўшчыкі просяць кіраўніцтва «ДНР» грошай дзеля таго, каб працягнуць працу ўжо непасрэдна на падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі. Маюцца ў лістах Ягоравай і іншыя цікавыя дакуманты – напрыклад пра тое, як украінскага журналіста адправілі «на падвал» за «візытоўку Яраша».
У чэрвені 2015 году журналіст расейскага выданьня «Новая газета» Павал Каныгін быў затрыманы ў Данецку, зьбіты й выправаджаны з тэрыторыі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі». Пазьней Каныгін распавядаў, як незадоўга да гэтага бяз вынікаў спрабаваў атрымаць акрэдытацыю для працы ў «ДНР» у так званым «Міністэрстве інфармацыі» рэспублікі, у ягонай супрацоўніцы Тацьцяны Ягоравай. 3 жніўня 2016 году, праз год і два месяцы пасьля гісторыі зь зьбіццём і выгнаньнем Каныгіна, у твітэр-акаўнце Ягоравай зьявіўся такі твіт:
У файле (у спасылцы з твітэра зараз недаступны, копію для «Радио Свобода» надалі актывісты міжнароднае супольнасьці дасьледнікаў InformNapalm. – РС) маецца электроннае ліставаньне Ягоравай за 2015-2016 гады. Цалкам мажліва, твітэр Ягоравай быў узламаны, як і ейная паштовая скрыня. Лісты, якія невядомыя хакеры апублікавалі й перадалі украінскім СМІ (калі гэта й насамрэч быў узлом, але не «самалюстрацыя»), сьведчаць пра мэханізм фільтрацыі журналістаў, якім улады «ДНР» дазвалялі або забаранялі асьвятляць падзеі ў «народнай рэспубліцы». У прыватнасьці, у ліставаньні ёсьць excel-файл, цалкам прысьвечаны супрацоўнікам замежных выданьняў і тэлеканалаў.
Гэта ня першы ўзлом электроннай пошты супрацоўнікаў так званага «Міністэрства інфармацыі ДНР». Увесну гэтага году ўкраінскі сайт «Міратворац», які фіксуе на падставе дадзеных з сацыяльных сетак людзей, што ваююць у шэрагах «ДНР» і «ЛНР» або якія супрацоўнічаюць зь іхнымі ўладамі, апублікаваў сьпісы журналістаў, акрэдытаваных у «Данецкай народнай рэспубліцы». Гэтая публікацыя выклікала вялікія абурэньні фігурантаў сьпісу і вострыя дыскусіі ў сацыяльных сетках. Шмат хто меркаваў, што акрэдытацыя ва ўладаў непрызнанае дзяржавы зьяўляецца цалкам звычайнай і дапушчальнай практыкай. Пасьля скандалу «Міратворац» абвесьціў пра свае закрыцьцё, аднак потым стваральнікі сайту перадумалі.
Публікацыя на «Міратворцы» была зробленая з мэтай дыскрэдытаваць журналістаў, якія не цураюцца працаваць у Данецку паводле «афіцыйнай акрэдытацыі» ад уладаў «ДНР». Аднак атрымаць гэтую акрэдытацыю вельмі складана – ня толькі журналістам расейскіх апазыцыйных выданьняў, такіх як «Новая газета», але й замежным карэспандэнтам – калі яны толькі ня ёсьць радыкальнымі правымі эўрапейскімі СМІ, якія спачуваюць сэпаратыстам.
У файле з апублікаваных у сераду «лістоў Ягоравай» сымпатызанты «ДНР» пазначаныя зялёным колерам. У іх ліку, напрыклад, нямецкі фатограф і журналіст Мёбіус Мірко (псэўданім – Марк Барталамай), якія адкрыта сымпатызуе сэпаратыстам і які нават зрабіў фільм з красамоўным назовам «Украінская агонія». Насупраць ягонага прозьвішча буйнымі літарамі напісанае «GOOD FRIEND» – «добры сябар»:
Зрэшты, такіх, як Мірко, у гэтай базе меншасьць. Табліца збольшага размаляваныя чырвоным і жоўтым колерамі. Чырвоны – гэта журналісты, якіх ні ў якім разе нельга дапускаць на тэрыторыю «ДНР», а калі яны ўжо там апынуліся, іх трэба адтуль тэрмінова «прыбраць». Жоўтым – пазначыя тыя, допуск якіх у «ДНР» застаецца пад пытаньнем.
Фармуляваньні безапэляцыйныя (пакідаем у арыгінале, – заўв. рэд.): «Русофобы, работают четко на ВСУ, убрать из Донецка срочно». «Работает на ВСУ и АТО, срочно убрать из Донецка». «Работает на Украинские СМИ». Насупраць прозьвішча карэспандэнта агенцыі Associated Press крыху больш разгорнуты камэнтар: «НАТОвский пропагандист. Очень грамотный. Рейтерс и АП – основные идеологические враги России в информационной войне». У асобным слупку – спасылкі на матар’ялы, якія маюць пацьвердзіць гэтыя ацэнкі.
Пры гэтым з допускам у «ДНР» журналістаў аўстралійскага тэлеканалу ABC сэпаратысты гатовыя «паэкспэрымэнтаваць», хаця і называюць канал «русафобскім»:
Насупраць некаторых прозьвішчаў (як у верхнім радку на фота вышэй) маецца пазначэньне – «спытайце яго, каб паказаў свае артыкулы». Насупраць іншых, напрыклад карэспандэнта італійскае газэты La Repubblica, пазначэньне «ёсьць рызыка» і тлумачэньне: маўляў, журналіст, які запытвае акрэдытацыю, рабіў інтэрвію зь міністрам нутраных справаў Украіны Арсенам Авакавым. Сярод вядомых заходніх журналістаў, якім катэгарычна забаронена зьяўляцца ў Данецку, – Олівер Кэрол (у той час – супрацоўнік брытанскай The Independent), Роланд Оліфант (Daily Telegraph), Ганна Нямцова (The Daily Beast). Усе яны неаднойчы рабілі рэпартажы з Данецка з самага пачатку падзеяў «Рускай вясны» 2014 году – захопу адміністрацыйных будынкаў прыхільнікамі незалежнасьці Данецкае й Луганскае абласьцей ад Украіны. У «чорных сьпісах» фігуруюць таксама прадстаўнікі такіх СМІ, як Reuters, BBC, Al Jazeera.
Усё гэта, паводле іншага выяўленага ў пошце лісту, вынік працы «Сыстэмы маніторынгу СМІ і журналістаў у ДНР». Сыстэма базавалася ў Маскве на базе англамоўнае «Інфармацыйнае агенцыі DONi» (Donbass International News Agency). Сыстэма пачала сваю працу ў жніўні 2015 году, але зараз кіраўніцтва «ДНР» не жадае далей фінансаваць ейную працу.
У лісьце з 5 лiпеня 2016 г. дырэктар агенцыі, фінскі журналіст Янус Путконен (расейскія СМІ называюць яго «заходнім журналістам-энтузіястам, які спрабуе прарваць інфармблякаду вакол «ДНР» і «ЛНР») піша Ягоравай (з копіямі ў «МГБ ДНР» і «Адміністрацыю ДНР»):
«Мы вымушаныя паведаміць службе нацыянальнае бясьпекі ДНР (МГБ), дзяржаўнаму кіраваньню й прэс-цэнтру Данецкае Народнае Рэспублікі, што Сыстэма інфармацыйнае абароны, якой кіруе Інфармацыйная агенцыя Данбаса DONi для наданьня надзейных паслугаў у акрэдытацыі замежных журналістаў, зачыненая й знаходзіцца ў рэжыме чаканьня з 1.7.2016. Прычынай закрыцьця сыстэмных службаў сталася даўгачасная няўпэўненасьць у працягу дзейнасьці Інфармацыйнае агенцыі й Міжнароднага прэс-цэнтра Данбаса DONi. DONi Group некалькі месяцаў чакала пацьверджаньня наяўнасьці афіцыйнай падтрымкі й фактычнага рашэньня пра працяг дзяржаўнага партнэрства ў якасьці афіцыйнага канала сродкаў масавай інфармацыі ДНР. Неабходныя рашэньні прымае А. Захарчанка, Кіраўнік Народнай Рэспублікі».
Янус Путконен (леваруч) і “намесьнік начальніка апэратыўнага камандаваньня ДНР” Эдуард Басурын
Путконен дае справаздачу пра зьздейсьненую працу й даказвае незаменнасьць «сыстэмы» для кіраўніцтва сэпаратыстаў:
«Сыстэма DONi служыла Данецкай Народнай Рэспубліцы з моманту свайго заснаваньня ў жніўні 2015 году, і была скіраваная на працу пры ўзаемадзеяньні з высокапастаўленымі асобамі ДНР. Дакладнасьць прапановаў у выдачы акрэдытацыяў ад сыстэмы была вельмі надзейная безь якіх-кольвек памылак, няўдачы або ўцечак інфармацыі падчас абслугоўваньня інтарэсаў ДНР. DONi ніводнага разу не была абвінавачаная ў наданьні высокапастаўленым асобам ДНР ілжывай, прадузятай або неабгрунтаванай інфармацыі пра акрэдытацыю. Уся інфармацыя падавалася празь некалькі гадзінаў або максымум на працягу содняў».
Абзац, прысьвечаны арганізацыі супрацы з «патрэбнымі» і «слушнымі» журналістамі і СМІ:
«Практычна штодня былі аб’ектыўныя прапановы для магчымага супрацоўніцтва з замежнымі крыніцамі СМІ і журналістамі пры шчыльным узаемадзеяньні з МГБ, Міністэрствам абароны, Данецкім Прэс-цэнтрам, а таксама з адміністрацыяй або іншымі міністэрствамі ДНР, а таксама асобнымі афіцыйнымі высокапастаўленымі асобамі. Уся апрацаваная інфармацыя, якая прайшла праз сыстэму, зьяўляецца пытаньнем нацыянальнае бясьпекі і праходзіць з грыфам «вышэйшы ўзровень сакрэтнасьці». Службовыя сьпісы некаторых замежных журналістаў вывучаліся таксама ў межах непасрэдных вайсковых мэтаў ДНР».
Але ў выніку Путконен просіць грошы – агенцтва DONi дзеля гэтага гатовае зьмяніць маскоўскую прапіску на данецкую й скараціць выдаткі:
«Умовы, неабходныя для працягу працы:
- Сыстэма інфармацыйнае абароны DONi базавалася ў Маскве, скуль і зьдзяйсьнялася падтрымка базы дадзеных і апрацаваньне інфармацыі. Сыстэма можа працягнуць функцыянаваць у той жа форме, як і з моманту заснаваньня й пачатку свайго разьвіцьця каля года таму назад, але для падтрымкі функцыяналу штомесяц патрэбныя 50000 рублёў, які прызначаныя, збольшага, для заработнай платы сыстэмнага апэратара. (45000 зарплата + 5000 выдаткі для працы сыстэмы)
- Сыстэма абароны можа быць перавезеная ў сталіцу ДНР горад Данецк для непасрэднага кіраўніцтва дырэктара DONi ў ягоны офіс, што дазволіць зьнізіць выдаткі на штомесячную заработную плату апэратара базы дадзеных прыблізна да 30000, але ў такім разе для вяртаньня сыстэмы ў стан поўнага функцыянаваньня спатрэбіцца прыблізна месяц. (15000 зарплата + 5000 выдаткі на працу)
- Інфармацыйная агенцыя DONi гатовая працягнуць зьдзяйсьняць абавязкі выкананьня задачаў у межах інфармацыйнае абароны, але пасьля году прыватнага фінансаваньня і няўдачу разьвіцьця агенцыі і празь некалькі месяцаў вялізарнай няўпэўненасьці ў атрыманні дзяржаўнае падтрымкі, фармат і функцыянаваньне канцэпту Сыстэмы інфармацыйнае абароны маюць быць паноўна перагледжаныя ў працэсе перамоваў».
Калі верыць лістам з паштовае скрыні Тацьцяны Ягоравай, фінансаваньне сыстэмы фільтрацыі замежных журналістаў зьдзяйсьнялася паводле асабістай санкцыі лідэра сэпаратыстаў “ДНР” Аляксандра Захарчанкі.
Выкладзенае ў Сеціва ліставаньне Тацьцяны Ягоравай налічвае тысячы лістоў – яны прысьвечаныя ня толькі акрэдытацыі журналістаў, але й сьведчаць пра дапамогу прыезду на тэрыторыю «ДНР» замежных «актывістаў», якія падтрымліваюць «народныя рэспублікі». У лістах – дзесяткі копіяў пашпартоў грамадзянаў Італіі, Францыі, Фінляндыі і іншых краінаў і абмеркаваньне таго, як лепей арганізаваць іхны прыезд у «ДНР» (як правіла – праз тэрыторыю Расеі, на аўтобусах з Масквы). Але ўсё ж такі большасьць лістоў прысьвечаныя працы СМІ.
У адным зь іх, напрыклад, вядзецца пра тое, што ў сяле Зайцава (адзін з самых гарачых пунктаў на лініі разьмежаваньня між сэпаратыстамі і ўкраінскай арміяй; зараз сяло – пад фармальным кантролем ЗСУ. – РС) заўважаная журналістка французскага тэлеканала France 24 – яна нібы (цытуем) «задавала проукропские вопросы» камандыру аднаго з атрадаў сэпаратыстаў.
Іншы ліст сьведчыць, як украінскага журналіста і блёгера Назарыя Наджогу выправілі ў «фільтрацыйны пункт МГБ ДНР» за тое, што ў ягоным кейсе для ноўтбуку знайшлі «візытоўку Яраша». Гэтае словазлучэньне сталася інтэрнэт-мемам увесну 2014 году, калі расейскія СМІ пасьля адной з перастрэлак у раёне тады яшчэ занятага сэпаратыстамі Славянска паведамілі пра тое, што на мейсцы падзеяў была знойдзеная візытная картка лідэру «Правага Сэктара» (арганізацыя забароненая ў Расеі. – РС) і «амэрыканскія даляры». З тых часоў была арганізаваная вытворчасьць сувэнірных «візытовак Яраша», магніцікі ў выглядзе гэтай візытоўкі можна набыць у любога гандляра сувэнірамі ў Кіеве. Цяжка сказаць, ці быў сувэнір у кейсе ўкраінскага журналіста, затрыманага на адным з блёкпастоў «ДНР», але выяўленьне візытоўкі сталася для яго прычынай сур’ёзных непрыемнасьцяў:
«Раніцой 10 траўня 2015 г. падчас зьдзяйсьненьня дагляду асабістых рэчаў Наджогі Н.М. супрацоўнікі памежнай службы МГБ ДНР у кішэні кейса для транспартаваньня асабістага ноўтбука выяўленая візытная картка зь імем Яраша Дзьмітрыя Анатолевіча, які зьяўляецца лідэрам нефармальнай праваэкстрэмісцкай групоўкі «Правы Сэктар» з пазначанымі нумарамі абласной суполкі гэтай арганізацыі ў горадзе Цярнопалі, у выніку чаго азначаная асоба затрыманая й дастаўленая ў Пункт фільтрацыі МГБ ДНР у горадзе Данецк».
Для Наджогі гэтая гісторыя скончылася добра. Зь ліста вынікае, што зь ім «быў усталяваны псыхалягічны кантакт», пасьля чаго журналісту было рэкамэндаванае выдаць акрэдытацыю, але пры гэтым трымаць яго пад пільным кантролем. Ва Украіне ж у зьвязку з публікацыяй «лістоў Ягоравай» больш за ўсё абмяркоўваюць не праблемы замежных карэспандэнтаў, але тэлеканал «Інтэр». У адным зь лістоў нейкі Леанід Мураўёў апраўдваецца перад Ягоравай за слова «тэрарысты», выкарыстанае ў адным з рэпартажаў журналістам «Інтэра» Раманам Бачкалай у бок сэпаратыстаў, і запэўнівае яе, што Бачкала за гэтае слова быў (цытуем) «адски наказан». Сам Бачкала ўжо заявіў, што аніякіх пакараньняў з боку кіраўніцтва тэлеканалу да яго не было, і прыгадаў, што аднойчы на «Інтэры» сапраўды быў чалавек з прозьвішчам “Мураўёў” – Бачкала намякае, што ён мог быць куратарам, якога пад выглядам стажора спрабавалі інфільтраваць для працы на тэлеканале расейскія спэцслужбы. Мураўёў фігураваў ва ўкраінскай мэдыяпрасторы як загадкавы «рэдактар» адной з праграм «Інтэра», аднак у сакавіку 2015 году кіраўніцтва тэлеканалу абвергла гэтую інфармацыю. Афіцыйна вядомае толькі пра тое, што тады ж увесну Леанід Мураўёў быў дэпартаваны з Украіны супрацоўнікамі СБУ «праз прапагандысцкія матар’ялы пра канфлікт на Данбасе», уезд на Украіну яму забаронены на бліжэйшыя 5 гадоў.
На беларускую мову пераклаў Дзяніс Івашын.
Падчас вышкалаў «Захад-2017» расейскі Ка-52 выпусьціў тры ракеты і пашкодзіў машыну кіраваньня комплексу «Леер-3»
Дзяніс Івашын: Беларусь – гэта лайт-вэрсія ДНР. Гарачы камэнтар тэлеканалу Белсат
Кантракт у баявікі “наваросіі” аформлены ў Валгаградзкім ваенкамаце
Усход – справа тонкая: 29 вайскоўцаў з 291-й артбрыгады ЗС РФ у Сірыі
22-я брыгада СпН ГРУ РФ. Два мэдалі за Данбас і адпачынак у Нікарагуа